Замест крывавых войнаў — верацярпімасць. Колькі слоў пра Рэфармацыю ў Рэчы Паспалітай

31 кастрычніка 1517 года Марцін Лютэр вынес на свет свае славутыя 95 тэзаў. Гэтая падзея стала пачаткам глыбокіх і ўсебаковых пераўтварэнняў у Еўропе, вядомых як Рэфармацыя. Рэфармацыя дайшла і да Рэчы Паспалітай, дзе яна адрознівалася кардынальна.

00_vokladka_ljuter_i_jaho_95_tezisau.jpg

Хоць і са спазненнем, але царкоўныя перамены XVI стагоддзя дайшлі і да зямель Вялікага Княства Літоўскага і Кароны Польскай. Рэфармацыя ў Еўропе выклікала шэраг зацяжных і крывавых канфліктаў паміж прыхільнікамі каталіцызму і новых хрысціянскіх плыняў. Гэта былі сапраўдныя рэлігійныя войны. Але Рэфармацыя стала чыннікам, які паўплываў на неверагодныя змены ва ўсіх сферах жыцця Еўропы. Жыццё ўжо не было такім, як раней. У адрозненні ад усёй Еўропы, у нас Рэфармацыя праходзіла параўнальна спакойна, без праліцця крыві… Замест вайны — дыскусіі.

Багаслоўскі дыспут

Багаслоўскі дыспут

31 кастрычніка традыцыйна адзначаецца пратэстанцкімі цэрквамі — а гэта мільёны вернікаў па ўсім свеце — як Дзень Рэфармацыі. У тым ліку і ў Беларусі. Наогул, Рэфармацыя — гэта пачатак «залатога веку» Вялікага Княства Літоўскага… Дзень, які ўзрушыў свет, добрая нагода азірнуцца на 500 год назад і разабрацца: якой была наша Рэфармацыя?

Пытанне падзелу Еўропы

У навуковай літаратуры можна сустрэць тэзіс, што Рэфармацыя ва Усходняй Еўропе была сапраўды фенаменальнай. Але што варта разумець пад «Усходняй Еўропай» у рэаліях XVI стагоддзя?

Еўропа ў XVI стагоддзі

Еўропа ў XVI стагоддзі

Сапраўды падзел паміж Заходняй і Усходняй Еўропай, які традыцыйны для нас, у XVI стагоддзі фактычна не існаваў. У тую эпоху Еўропа была падзеленая на Поўнач і Поўдзень. Бясспрэчнымі цэнтрамі мастацтва, навукі і культуры былі італьянскія гарады-дзяржавы. Мясцовыя гуманісты з вышыні Пізанскай вежы глядзелі на паўночных варвараў. Як жа балюча ім было ўсведамляць, што паўночныя варвары ўварваліся ў Італію. Кульмінацыяй уварвання стала аблога Рыма арміяй Карла V у 1527 годзе. Тут лёгка правесці паралелі паміж гэтай падзеяй і тым, што адбылося ў 476 годзе, калі Рым быў захоплены іншымі варварамі — готамі.

На хвалях Рэфармацыі, калі ўжо пачалася эпоха Асветніцтва, адрозненні паміж Паўднёвай і Паўночнай Еўропай страцілі сваю актуальнасць. Фінансавыя і культурныя цэнтры, якія знаходзіліся раней у Рыме, Фларэнцыі і Венецыі, перамясціліся ў Парыж, Лондан і Амстэрдам. Інтэлектуалы і філосафы цяпер глядзелі звысоку не з Поўдня на Поўнач, а з Захаду на Усход. Канцэпцыя «Заходняй» і «Усходняй» Еўропы была створаная філасофскай думкай Асветніцтва. І мы перанялі ў спадчыну гэта канцэптуальнае раздзяленне, якое захоўваецца ў нашай свядомасці. 

Фларэнцыя, XVI стагоддзе

Фларэнцыя, XVI стагоддзе

Дзіўная верацярпімасць у нас, а што ў іх?

Хоць у Еўропе ўзору XVI стагоддзя ніхто і не думаў пра раздзяленне паміж Захадам і Усходам, Усходняя Еўропа таго часу сапраўды адрознівалася пэўнымі ўнікальнымі асаблівасцямі, нават вылучалася каласальнымі перавагамі. На іх фоне ўся Заходняя Еўропа выглядае варварамі і цемрашаламі.

У такіх краінах, як Рэч Паспалітая, Трансільванія і Венгрыя, назіралася дзіўная для Старога Свету цярпімасць да рэлігійных адрозненняў. Для большасці заходніх еўрапейцаў сітуацыю, пры якой у адным рэгіёне існуюць розныя рэлігіі, немагчыма было дапусціць нават у думках. Гэта тлумачылася не толькі багаслоўскімі асновамі, але і палітычна. Для краін Заходняй Еўропы адсутнасць адзінай рэлігіі азначаў падзел грамадства, а падзел — гэта пагроза для палітычнай улады.

Рэлігійныя войны ў Еўропе

Рэлігійныя войны ў Еўропе

Падобны падыход да рэлігійнай разнастайнасці ўрэшце выбухнуў. У канцы першай паловы XVI стагоддзя наступіла эпоха рэлігійных войнаў, якія атрымалі міжнародны характар — эпоха, якая ахоплівае сабой цэлае стагоддзе. Нават Аўгсбургскі рэлігійны мір гэта не змог спыніць. Але спроба была. Аўгсбургскі мір — гэта пагадненне, заключанае 25 верасня 1555 года ў рэйхстагу ў Аўгсбургу паміж лютэранскімі і каталіцкімі магнатамі Святой Рымскай імперыі. Па Аўгсбургскім міры нароўні з каталіцызмам было ўзаконенае лютэранства. Але ўсё роўна дзейнічаў прынцып cuius regio, eius religio — чыя ўлада, таго і рэлігія. Так, лютэранства было «легалізавана», але дзве канфесіі на тэрыторыі аднаго кіраўніка па-ранейшаму былі немагчымыя.

Аўгсбургскі мір

Аўгсбургскі мір

Сітуацыя ў Рэчы Паспалітай

На землях Вялікага Княства Літоўскага і Кароны Польскай — дарэчы, на найбуйнейшай тэрыторыі ў Еўропе XVI стагоддзя — сітуацыя была цалкам іншай. Наша дзяржава спрадвеку знаходзілася паміж заходнім лацінскім і ўсходнім праваслаўным хрысціянствам. Акрамя таго, габрэі і татары мелі тут унікальныя прывілеі. Нямецкім ці французскім вяльможам такое і не снілася. Без перабольшання!

Шляхта Рэчы Паспалітай

Шляхта Рэчы Паспалітай

Па-гэтаму манархі ВКЛ і Польшчы, асабліва з дынастыі Ягелонаў, прывыклі да таго, што сярод іх падданых былі прадстаўнікі трох розных рэлігій і, што яшчэ важней, двух розных хрысціянскіх канфесій. Гаспадарам дзяржавы тут было не прывыкаць да рэлігійнага разнастайнасці. Гэта, бадай, ключавое.

Але не менш важным фактарам, які вызначаў цярпімасць да іншых, быў фактар шляхты. Варта ўлічваць, што менавіта шляхта складала значную частку насельніцтва Рэчы Паспалітай, якому належала прыкладна 60% зямлі. Акрамя таго, шляхта мела адметны прывілей: выбіраць наступнага манарха. У такіх варунках, калі шляхта прытрымлівалася свайго меркавання, каралю было складана насаджаць тую ці іншую рэлігію.

Элекцыйны сойм, на якім шляхта выбірала караля

Элекцыйны сойм, на якім шляхта выбірала караля

 «Дазвольце ж мне быць каралём і ягнят і казлоў», — казаў кароль Жыгімонт Стары, «Кароль над людзьмі, а не над іх сумленнем», — вяшчаў яго сын Жыгімонт ІІ Аўгуст. Відавочна, што ніякага жадання насаджаць пэўную рэлігію тут не было. Да пэўнага часу, канешне ж…

Кароткі агляд нашай Рэфармацыі

Акрэсленыя ўмовы — прыдатная глеба для Рэфармацыі. З улікам гэтага кантэксту зразумела, чаму некалькі розных канфесій, нават тых, якія лічыліся небяспечнымі ў іншых краінах Еўропы, змаглі замацавацца ў Рэчы Паспалітай, і чаму на працягу доўгага часу гэтыя канфесіі мірна суіснавалі і ніводная не дамініравала. 

Марцін Лютэр

Марцін Лютэр

Побач з афіцыйнай Рымска-Каталіцкай Царквой, якую, хоць і пасіўна, але ўсё ж падтрымлівала манархія, першым з’явілася лютэранства. Лютэране жылі пераважна ў нямецкамоўных гарадах Кароны Польскай, і да 1540-х гадоў яны атрымалі афіцыйнае прызнанне. З 1546 года пачаў праяўляцца ўплыў ідэй рэфармацыі, асабліва сярод шляхты. Новыя ідэі падхапіў і падтрымаў магутны род Радзівілаў. Пачынаючы з 1556 года, яны ўзбагачаліся досведам Яна Ласкага — рэфарматара, які да гэтага карыстаўся папулярнасцю і ў Лондане, і ў Эмдэне.

Ян Ласкі

Ян Ласкі

Асаблівай канфесійнай групай на польска-літоўскім ландшафце канфесій была антытрынітарная (якая адмаўляла догму аб Святой Тройцы) супольнасць. Паходжанне гэтай групы выводзіцца да Італіі, але паступова носьбіты ідэі сышлі з італьянскіх гандлёвых шляхоў на тэрыторыі менш да сябе варожыя. Канешне, першай у спісе была талерантная Рэч Паспалітая.

На раннім этапе антытрынітарыі не сфармавалі ўласнай царквы. Ян Ласкі прыклаў нямала намаганняў для таго, каб аб’яднаць розныя кірункі ў айчынным евангельскім руху, выкарыстоўваючы ў якасці агульнага асновы Аўгсбургскае выкладанне Сімвала Веры. Што праўда, цярпімасць да антытрынітарнай групы не ўсім была зразумелая. Напрыклад, Жан Кальвін некалькі разоў пісаў пра гэта прыхільнікам рэфармацыі ў Вялікім Княстве Літоўскім.

Жан Кальвін

Жан Кальвін

Так, у 1560 годзе, прысвячаючы свой каментарый на Дзеянні Апосталаў Мікалаю Радзівілу, ён заклікаў яго клапаціцца аб чысціні дактрыны — душы царквы — і абараняць яе ад небяспечных людзей. Найперш, багаслоў меў на ўвазе антытрынітарыяў.

Казанне Жана Кальвіна

Казанне Жана Кальвіна

Аднак намаганні, прыкладзеныя да дасягнення адзінства, у канчатковым рахунку апынуліся марнымі. Пасля сустрэчы ўсіх нелютэранскіх груп, трынітарная большасць вырашыла адкінуць антытырынітарыяў, якія пасля сфармавалі «Малую рэфармацкую царкву». Адбыўся раскол, які прывёў у перспектыве да сумных вынікаў: канчатковую перамогу ў Рэчы Паспалітай атрымала каталіцкая Контррэфармацыя. 

Мікалай Радзівіл Чорны

Мікалай Радзівіл Чорны

У чым прычына заняпаду?

Рэфармацыя ў Вялікім Княстве Літоўскім заняла трывалыя пазіцыі, быў трыумф і несумненны поспех. Але ж чаму Рэфармацыя, так жа імкліва пачала губляць пазіцыі?

Па-першае, войны з Маскоўскай дзяржавай аслабілі Вялікае Княства і прымусілі да цеснага саюзу з Польскім Каралеўствам. Перамога контррэфармацыі ў Польшчы прадвызначыла падобныя працэсы і ў Вялікім Княстве. 

Другая, не менш важная прычына адступлення Рэфармацыі — разлад рэфарматараў. Багаслоўскія канфлікты раздзялялі евангельскіх хрысціян, якія часта лічылі больш важным давесці, што іншыя рэфарматары памыляюцца, чым у адзінстве выступаць супраць агульных выклікаў.

Акрамя таго ў грамадскіх і палітычных пытаннях евангельскія хрысціяне, у адрозненне ад іхніх братоў па веры ў іншых краінах Еўропы, не выступалі адзіным фронтам, і таму часта не маглі абараніць свае правы або дамагчыся выгаднага для сябе палітычнага рашэння. Такая нязгода між прыхільнікамі Рэфармацыі кантраставала з багаслоўскім і арганізацыйным адзінствам, якое дэманстравала Каталіцкая Царква і якое імпанавала шляхце.

Канешне, паспаліты народ схіліўся туды, дзе быў парадак, а не хаос.  

След Рэфармацыі

Перамога была за Контррэфармацыяй. Але Рэфармацыя пакінула свой значны след: з пратэстантызмам звязана развіццё ў Вялікім Княстве Літоўскім адукацыі, кнігадрукавання, рэлігійна-філасофскай і грамадска-палітычнай думкі, літаратуры, першых школьных падручнікаў…

Менавіта інтарэсы распаўсюджання рэфармацыйных ідэй выклікалі ўзнікненне першых твораў на народнай старабеларускай мове. З Рэфармацыяй знітавана фармаванне нацыянальнай свядомасці. Яна стварыла перадумовы для ўзнікнення нацыянальнай царквы з пропаведдзю і навучаннем на роднай мове. Рэфарматары, як вядома, першымі перакладалі Біблію на родную мову, што адыграла вялікую ролю ў развіцці нацыянальнай культуры і самасвядомасці.

Глядзіце таксама

Эканамічныя, сацыяльна-палітычныя і духоўна-культурныя вынікі Рэфармацыі так або інакш захаваліся ў грамадскім жыцці і менталітэце нашага народу, што пацвердзіла эпоха Асветніцтва і наогул наступная гісторыя. Гэта — ідэя эфектыўнай гаспадаркі, свабоды, добрасумленнай працы, сваёй зямлі, верацярпімасці, вяршэнства законаў, правоў і годнасці чалавека, каштоўнасці адукацыі, культуры, роднай мовы, ведаў, філасофіі. Ідэі гэтыя натхнялі і натхняюць… Ніхто ж не скажа, што свабода — гэта кепска? А гэта — плён Рэфармацыі.