Хваробы, служба магнатам, сны аб Італіі: як жылі на схіле «залатога веку» ў Вялікім Княстве Літоўскім

Сапраўдным росквітам Вялікага Княства Літоўскага справядліва лічыцца XVI стагоддзе. Развівалася тады ўсё, а найперш квітнела буйнымі краскамі культура. Як жылі людзі ў лепшыя часы нашай гісторыі? Аб гэтым у сваіх мемуарах піша Фёдар Еўлашоўскі.

 Так мог выглядаць Фёдар Еўлашоўскі (Dail. Janina Malinauskaitė)

 Так мог выглядаць Фёдар Еўлашоўскі (Dail. Janina Malinauskaitė)

Пра «залаты век» у нашай гісторыі напісана сапраўды шмат. Кожны народ меў такі метафарычны час у далёкім мінулым, калі людзі не ведалі ні гора, ні цяжкасцей, атрымлівалі асалоду ад лёгка здабытага багацця. Дзяржава квітнела, дабрабыт памнажаўся, войны былі толькі паспяховымі, панавала гармонія і парадак.

«Залатым векам» у нашай гісторыі лічыцца перыяд з 1500-х па 1570-я гады эпохі існавання Вялікага Княства Літоўскага. Тады і было добра жыць, як аказалася. А вось як жылі ў тыя лепшыя за астатнія часы — пытанне цікавае. Ці сапраўды той час — час «малочных рэк» і ўсеагульнай згоды, дабрабыту, павагі? Распавесці пра гэта можа чалавек з той эпохі, чалавек — «прадукт эпохі», які адзін з першых узяўся ў Вялікім Княстве Літоўскім за пяро і напісаў свае ўспаміны, зафіксаваў на паперы адчуванні і, што называецца, выказаўся па ўсіх пытаннях. Гэта Фёдар Еўлашоўскі.

Фрагмент дзённіка Фёдара Еўлашоўскага

Фрагмент дзённіка Фёдара Еўлашоўскага

Хто прыдумаў «залаты век»?

Не толькі тытул першага мемуарыста мае Фёдар Еўлашоўскі, але і аўтарства канцэпцыі пра наш «залаты век» належыць яго пісарскай руцэ. Але аб усім па чарзе. Спачатку разбяромся, хто ж такі гэты пан Еўлашоўскі, які мае столькі пачэсных тытулаў.

Фёдар Еўлашоўскі — сын праваслаўнага святара з Ляхавічаў. Сям’я паходзіла з дробнай шляхты, якая не мела ўласнай зямлі. Займець яе — мэта жыцця Еўлашоўскага. 

Самаадукацыяй ён набыў значныя веды ў матэматыцы, справаводстве і юрыспрудэнцыі, дзякуючы чаму карыстаўся павагай у сучаснікаў. На ўсеагульнай хвалі стаў прыхільнікам пратэстантызму. Еўлашоўскі меў добрыя здольнасці, па працы служыў пры дварах магнатаў: яму даручалі весці важныя судовыя справы. Акрамя таго, за жыццё ён змог паўдзельнічаць у некалькіх соймах, сустрэцца з манархамі, займаў пасаду мастаўнічага і падсудка. Карацей, тыповае жыццё годнага шляхціца сваёй эпохі.

Залаты век літаратуры (Ян Матэйка)

Залаты век літаратуры (Ян Матэйка)

На фоне сучаснікаў Еўлашоўскі вылучыўся сваімі запісамі,  дзякуючы ім і стаў вядомы як аўтар першых мемуараў на старабеларускай мове. Свой дзённік Еўлашоўскі пачаў ў 1603 годзе, магчыма, пад уплывам дыярыушу Мікалая Радзівіла Сіроткі. Дзённік Еўлашоўскага — гэта класічны мемуарны твор з элементамі мастацка-літаратурнага вымыслу. Мемуары носяць аўтабіяграфічны характар, факты пададзены ў строгай храналагічнай паслядоўнасці. Пераважна аўтар запісваў звесткі пра сваё жыццё, пра асабістыя ўражанні і, канешне ж, пра жыццё людзей. Твор Фёдара Еўлашоўскага — люстэрка часу, як бы банальна не гучала.

Глядзіце таксама

І вось на старонках гэтых сваіх успамінаў Еўлашоўскі напісаў пра «залаты век». Што ж, слова аўтару: 

«На той час розніца ў веры не рабіла ніякай рознасці ў міласці прыяцельскай, з-за чаго той век залатым мне бачыцца ў адрозненне ад цяперашняга веку, дзе ўжо і між адной веры людзьмі двудушнасць усё замяніла, а пагатоў між рознымі верамі ані пытайся пра міласць, шчырасць, сапраўдную добрую павагу». 

Вось у гэтым і сэнс сапраўдных залатых часоў. 

На якія хваробы хварэлі ў «лепшыя часы»?

У тыя часы спакою не даваў хантавірус. XVI стагоддзе — усё яшчэ час хвароб і эпідэмій. І пошасці ў гарадах рэдкасцю не былі, эпідэміі рабіліся часткаю жыцця. З імі змагаліся, як маглі. Хварэў і Еўлашоўскі, пра што пісаў у мемуарах.

Медыцына XVI стагоддзя

Медыцына XVI стагоддзя

У 1566 годзе, калі была пошасць у Княстве, Еўлашоўскі быў у Вільні. Там яна якраз бушавала. Хоць мемуарыст і перасцерагаўся, усё ж нешта падхапіў і апісаў усё тое, што з ім адбывалася:

«Начуючы ў стадоле, ужо на світанні, убачыў у хаце агністага чалавека: ён ішоў да мяне, я да яго кінуўся, і, сышоўшыся з ім сярод хаты, схапіў у запале нож і ўдарыў яго. А ён, знікнуўшы, у тым жа куце паказаўся і зноў ішоў да мяне. А я кінуў у яго шапкай і адчыніў акно, бо ўжо віднела. А тое згінула. А там, у хаце, быў гаспадар з жонкай і слуга дарожны. Але таго не чулі».

Зараз пры такіх галюцынацыях і сімптомах Еўлашоўскага праверылі б на ўжыванне якіх рэчываў, але ж у тыя часы гэта была эпідэмія, сапраўдная хвароба. Яна пакінула след Еўлашоўскаму на ўсё жыццё: не адпускала ўдушша.

Хваробы і эпідэміі, XVI стагоддзе

Хваробы і эпідэміі, XVI стагоддзе

Хутчэй за ўсё, гэта была так званая англійская гарачка. Хвароба, якая бушавала ў ВКЛ у XVI стагоддзі. Гэта інфекцыйнае захворванне з надзвычай высокім смяротным канцом. Хвароба пачыналася з дрыжыкаў, галаўнога болю, болю ў суставах і канечнасцях, праз пару гадзін тэмпература станавілася вельмі высокай і пачыналася моцнае выдзяленне поту, якое суправаджалася пачашчаным сэрцабіццём. Адным з самых характэрных сімптомаў, акрамя поту, была дрымотнасць. Пры правільным падыходзе, калі атрымлівалася падтрымліваць невысокую тэмпературу, пры гэтым не астуджаючы празмерна цела, шанцы на выздараўленне былі нядрэннымі.

Еўлашоўскаму пашчасціла.

«Служы пану верне, а ён табе перне»

Але ж гэтая народная прыказка не пра наш «залаты век»! У сярэдзіне XVI стагоддзя служба пры двары магната — звычайная і пачэсная справа. Служыць пры двары — мець магчымасць зрабіць кар’еру і ўладкаваць жыццё, заняць пасаду, займець уласны маёнтак.

Магнаты ВКЛ

Магнаты ВКЛ

Служба для шляхціца не лічылася ганьбаю. У службе шляхціца меўся складнік узаемавыгадных сацыяльных адносін паміж ім і магнатам. Як бы дзіўна не гучала, але дробная шляхта была крэдыторам буйной шляхты: «крэдыторы», якія пазычалі наяўныя грошы пад заруку зямель, уваходзілі ў блізкае кола магната. Аказваючы паслугі па крэдытаванні патронаў, кліенты, апроч атрымання грошаў, маглі разлічваць на забеспячэнне пасадамі і землямі, атрыманне адукацыі і выхаванне пры магнацкім двары. Акрамя грашовых паслуг магнатам шляхта несла вайсковую службу, падтрымлівала іх на сойміках і соймах, прадстаўляла інтарэсы ў судах… Спраў, карацей, хапала. 

Строі шляхты ВКЛ

Строі шляхты ВКЛ

Служыў і Еўлашоўскі. Большую частку жыцця правёў ён пры двары магнатаў Хадкевічаў, але меў службовыя адносіны і з князем Мікалаем Радзівілам Сіроткам. І дзецям сваім такі запавет мемуарыст складаў: «каб пры мне і пасля мяне яго княжацкай міласці, і дзеткам, і сям’і яго княжацкай міласці па прыкладу майму служыць не адмаўляліся».

Наложніцы для манарха

Бывала, Еўлашоўскі выконваў распараджэнні і самаго манарха — знакамітага Жыгімонта ІІ Аўгуста. Але паслугі гэта былі досыць «пікантныя».

Спачатку крыху перадгісторыі, каб разумець караля, яго стан і навошта яму былі такія паслугі. Каханнем жыцця манарха была знакамітая Барбара Радзівіл, якая памерла неўзабаве пасля заключэння шлюбу. Нешчаслівы ў сямейным жыцці, страціўшы надзею пакінуць пасля сябе законнага спадчынніка, кароль аддаўся бязладнаму жыццю…

Удавец Жыгімонт Аўгуст

Удавец Жыгімонт Аўгуст

У 1570 годзе Еўлашоўскі пісаў: «Я быў вярнуўся ненадоўга з Варшавы дадому летам і на пачатку восені зноў жа ехаў да Варшавы і жыў там усю восень, дзе пастаўляў наложніц на патрэбу караля яго міласці». Як прызнаецца Еўлашоўскі, гэтая паслуга манарху яму брыдзіла.

Усё ж, скон лепшых часоў адчуваецца.

Чаму было шкада караля?

А праз два гады кароль памёр! Смерць караля не ўтойвалі, адразу аб ёй аб’явілі і назаўтра ў адзенне каралеўскае цела прыбралі. А потым яшчэ без труны на стале пры сцяне ўсім людзям, хто хацеў бачыць, цела караля было паказана.  

Смерць Жыгімонта Аўгуста

Смерць Жыгімонта Аўгуста

Канешне, па-чалавечы манарха, мабыць, было шкада, але больш Еўлашоўскаму было шкада іншага: «А з-за той смерці караля яго міласці засталіся лісты мае непадпісаныя, якія мне кароль яго міласць на маёнткі мне дадзеныя хацеў загадаць напісаць».

Смерць смерцю, а нявырашаныя справы засмуцілі сур’ёзна. Напэўна, з гэтай прычыны смуткаваў далёка не адзін Еўлашоўскі. 

Не толькі палітыка: што здзіўляла людзей

Істотную частку мемуараў Еўлашоўскага займаюць звесткі пра асобныя гістарычныя падзеі: бітвы Лівонскай вайны, прыёмы каралямі Рэчы Паспалітай замежных паслоў, заключэнне Люблінскай уніі (1569), выбары каралёў, соймы, паўстанні… Але ў гэтым усім ёсць і жыццё штодзённае, звычайныя падзеі, якія маглі ўразіць чалавека. Напрыклад, здарэнне падчас вялікай паводкі.

1576 год… У той год была гвалтоўная і вялікая паводка. Еўлашоўскі быў якраз дома, у Ляхавічах, калі мясцовыя перашкаджалі ільдзінам, каб не сарвала новы мост каля млына.

Было гэта так: Януш-млынар стаяў на крайняй бэльцы і адбіваў пешняю ледзяную крыгу. А за ім — два хлопцы паленам вялікім з моста таксама таўклі лёд. І ўпусцілі тое палена, якое, выпаўшы ў іх з рук, ударыла Януша-млынара ў патыліцу. А ён упаў у ваду ў стаў. І адразу праз шлюз пранесены ўніз у глыбіню вялікую, і не хутка з яе паказаўся, несены далёка вадою, а пешню перад сабой трымаў у руках сваіх. Аж так і выйшаў з вады і неспадзявана для ўсіх прысутных людзей, што былі там, жывым застаўся.

Такімі здарэннямі поўнілася жыццё ва ўсе часы. Бо гэта і ёсць само жыццё.    

Водны млын

Водны млын

«Меў я добрую жонку»: ідэал жанчыны

У «залаты век» і шлюбам браліся, і дзяцей нараджалі. Усё як ва ўсе часы. Але якім быў ідэал жанчыны ў лепшыя часы нашай гісторыі?

Ажаніўся Еўлашоўскі досыць позна. Быў яму амаль 31 год, што для XVI стагоддзя ўжо ледзь не старасць. «А стомлены ўжо будучы працамі і цяганнямі пастаяннымі, памятаючы таксама пра волю і загад Бога ўсемагутнага, уступіў у шлюб святы», — піша мемуарыст.

Глядзіце таксама

Яго жонку звалі Ганна Балатоўна з роду баяр Балатовічаў, якія яшчэ за часамі князя Казіміра аселі ў Вялікім Княстве Літоўскім з Маскоўскай дзяржавы. «Меў з яе я добрую жонку. Не напрыкралі мне для яе дні жыцця майго, бо была ў прыгодах і хваробах сэрца мужнага, ноты вялікай, пыхі і злыя думкі, відаць, ніколі да сэрца не ўступалі. Да ўбогіх, хворых, засмучаных людзей любага міласэрдзя была, так, што і ўночы спаць не могучы, аб такім ратунку мысліла і старалася».

Такія ідэалы «залатога веку». Сапраўды, шлюб для Еўлашоўскага быў шчаслівы і дабраслаўлёны. Ён у шлюбе знайшоў шчасце — спакойнае, ціхае і вясёлае жыццё. І з жонкай былі яны ў добрых адносінах: нарадзілася за жыццё ў іх 9 сыноў і 5 дачок. 

Снілася Італія

А што ж снілася людзям у «залаты век»? Пра гэта Еўлашоўскі таксама піша.

У 1587 годзе, 9 студзеня прысніўся мемуарысту сон, што ён знаходзіцца ў месцы, у якім ніколі не быў — Італія, горад Мантуі. Бачыў Еўлашоўскі ў сне замак, горад, воды, мураваныя масты… І князёў Мантуйскіх таксама прысніў. Сваім сном мемуарыст падзяліўся з сябрам панам Скарульскім, які там бываў. Напэўна, для «залатога веку» звычайнай справай было пабываць у Італіі… І Скарульскі пацвердзіў, што ў Мантуі ўсё так, як прыснілася мемуарысту.    

Мантуя, XVII стагоддзе

Мантуя, XVII стагоддзе

Дарэчы, у тым жа італьянскім горадзе вучыўся і жыў сын Фёдара Еўлашоўскага Яўхім. Напэўна, і гэта звычайная для «залатога веку» справа  навучанне і жыццё дзяцей звычайных шляхціцаў за мяжой.

Войны — непатрэбныя

Хоць век і быў залатым, і культура буяла. Але ж войны вяліся… Як чалавек сваёй эпохі, удзельнік лівонскай вайны Еўлашоўскі самі войны катэгарычна асуджае:

«А потым былі ў мяне аж да прыкрасці частыя паездкі на тыя войны, а як цяпер бачу, малапатрэбныя, бо і Рэчы Паспалітай карысці няшмат тыя войны прынеслі».

Добрыя ж словы, адгукаюцца і амаль праз 500 гадоў. 

І пра надвор’е

А вось надвор’е ў «залаты век» было непрадказальным, як і ў наш час — век глабальнага пацяплення і змянення клімату.

У 1592 годзе з восені і да самага лета не дакучаў холад і снегу зусім не было. Усе ездзілі на колах. А вось 20 мая 1594-га прыйшла снежная хмара, пайшоў снег з яе вялікі, які трымаўся тры дні. Ад снежнай буры і холаду памерла шмат людзей і птушак. Як пісаў Еўлашоўскі, аж страшна было пад дахам сядзець.