Аляксандр Пашкевіч: «Літвінства» аб’ектыўна процістаіць «рускаму свету»

Мы не можам сказаць літоўцам: давайце мы будзем лічыць Вялікае Княства вашай дзяржавай, а мы сабе знойдзем нейкую іншую слаўную гісторыю. Іншай гісторыі ў нас няма. Пра Беларусь і «літвінства» разважае гісторык Аляксандар Пашкевіч на Свабодзе.

Помнік Гедыміну ў Лідзе

Помнік Гедыміну ў Лідзе

Наколькі сур’ёзна стаіць праблема «літвінства»? Ці сапраўды пад тэорыямі «літвінаў» няма гістарычных падстаў? Як і чым прафэсійныя беларускія гісторыкі могуць адказаць на выклікі з боку «літвінаў»? І як праблема «літвінства» можа быць вырашаная ў будучай вольнай Беларусі?

Пра гэта і пра іншае разважае намесьнік рэдактара часопіса «Наша гісторыя», кандыдат гістарычных навук Аляксандар Пашкевіч у размове з вядоўцам Свабоды 

Сяргеем Абламейкам.

— Я б не насьмеліўся сьцьвярджаць, што «літвінства» цалкам пазбаўленае гістарычных падставаў. Калі ня браць зусім ненавуковыя цьверджаньні пра першапачатковую славянскасьць племені Літва, то ўсё ж трэба сказаць, што тэрмін «літвін» стагодзьдзямі быў адным з палітонімаў продкаў сучасных беларусаў, а ў ХІХ стагодзьдзі для шмат каго на беларускіх землях ён быў ужо і этнонімам, гэта значыць саманазвай. А ў якасьці экзоніму, гэта значыць назвы беларусаў з боку ўкраінскіх і расейскіх суседзяў, а таксама з боку палешукоў, захаваўся практычна да нашых дзён. Ці разумеюць гэта ў Літве?

— Так, тут вы, безумоўна, маеце рацыю. Гэта ўсё ўзьнікла не на пустым месцы. Тое, што і папулярнасьць у гэтых ідэяў ёсьць, і тэрмін гэты займеў сваіх прыхільнікаў, і нават зьявіліся розныя плыні «літвінізму», — усё гэта вынік таго, што беларусы прэтэндуюць на спадчыну Вялікага Княства Літоўскага, на тое, што яно было старажытнай беларускай дзяржавай. І з гэтым нельга спрачацца, гэта мае пад сабой надзейны грунт. Безумоўна, нашы продкі жылі ў Вялікім Княстве Літоўскім, зьяўляліся яго грамадзянамі, падданымі, незалежна ад канфэсійнага і этнічнага паходжаньня. Так ці іначай, гэтая спадчына вельмі цесна з намі сплеценая, і іншай у нас няма.

Мы ня можам сказаць літоўцам: давайце мы будзем лічыць Вялікае Княства вашай дзяржавай, а мы сабе знойдзем нейкую іншую слаўную гісторыю. Іншай гісторыі ў нас няма. Іншую «слаўную» гісторыю мы можам знайсьці, толькі калі прывяжамся да Расеі, прызнаем, што былі вечна паняволеныя, што імкнуліся аб’яднацца з Расеяй у адну дзяржаву. А гэта тое, што нам цяпер прапануюць расейскія імпэрскія шавіністы. Але я ня думаю, што такі падыход быў бы на карысьць ня толькі нам, але і нашым суседзям, тым жа літоўцам.

І таму, безумоўна, трэба сказаць, што мы маем права на спадчыну Вялікага Княства Літоўскага. І гэта ня толькі сьцьвярджаюць зацятыя «літвіністы», але не аспрэчваюць і прафэсійныя беларускія гісторыкі. Пытаньне толькі ў тым, у якой ступені мы маем права на гэтую гісторыю?

Ці гэта права манапольнае і Вялікае Княства Літоўскае — цалкам беларуская дзяржава, а тыя самыя літоўцы знаходзіліся недзе на маргінальных ролях і ня могуць ні на што прэтэндаваць, ці мы прызнаем, што гэта наша агульная спадчына і што Вялікае Княства Літоўскае — гэта беларуска-літоўская ці літоўска-беларуская старадаўняя дзяржава, што абодва народы зьяўляюцца яе спадчыньнікамі. І вельмі часта немагчыма нават аб’ектыўна падзяліць, што там было літоўскага, а што беларускага, што вось гэта продкі беларусаў, а там продкі літоўцаў, таму што на гэтай тэрыторыі ішлі розныя этнічныя і канфэсійныя працэсы, мянялася моўная сытуацыя, што спрыяла таму, што гэтыя тоеснасьці перасякаліся і пераходзілі адна ў адну. Асабліва гэта відаць на такіх тэрыторыях, як, напрыклад, тэрыторыя Віленшчыны.

Таму погляд, што Вялікае Княства Літоўскае, безумоўна, наша, але сумесна зь літоўцамі, — гэта агульнапрынятае і пашыранае ўяўленьне ў беларускіх навуковых і грамадзкіх колах. І гэта праяўляецца, у прыватнасьці, у тым, што такіх агрэсіўных «літвіністаў», якія прэтэндуюць на манапольнае валоданьне гэтай спадчынай, сярод уплывовых людзей, лідэраў думак, вобмаль.

Адносна Літвы. Мне здаецца, што ў навуковых колах на права беларусаў на спадчыну Вялікага Княства Літоўскага глядзяць з разуменьнем. Сярод літоўскіх дасьледчыкаў, зь якімі мы, уласна, у Сейме і вялі дыскусію, ёсьць разуменьне гэтага. Там разумеюць, што для таго, каб беларусы былі эўрапейскім народам, каб былі сяброўскім народам і каб не належалі да «рускага сьвету», яны павінны абапірацца на спадчыну Вялікага Княства Літоўскага. І, у прынцыпе, яны гатовыя гэтым дзяліцца, скажам так.