Франклін Рузвэльт: Як інвалід аб'яднаў нацыю і перамог на выбарах і ў вайне
У 1921 годзе, ва ўзросьце 39 гадоў, здарылася асабістая трагедыя ў выглядзе поліяміэліту, хваробы, якая спустошыла яго цела і пазбавіла магчымасьці выкарыстоўваць ногі. Але Франклін Дэлана Рузвэльт кінуў выклік сабе і лёсу. Чаму гэты амэрыканец стаў вялікім прэзыдэнтам, узгадаем у гадавіну з дня ягоных народзінаў.
Франклін нарадзіўся ў сьвеце прывілеяванага амэрыканскага грамадзтва 30 студзеня 1882 году. Рузвэльт, здавалася, быў народжаны для камфортнага і лёгкага жыцьця. Радавод Рузвэльтаў узыходзіць да раньніх галяндзкіх пасяленцаў Нью-Ёрку. Ягоны дзядзька Тэадор Рузвэльт у пачатку ХХ стагодзьдзя стаў прэзыдэнтам ЗША ад Рэспубліканскай партыі і па сёньняшні дзень лічыцца адным з лепшых прэзыдэнтаў. Выбіцца зь ценю такіх сваякоў — справа няпростая, калі нават і немагчымая. Франклін змог.
Хвароба
Летам 1921 году падчас адпачынку ў сваім летнім доме на выспе Кампабэла ён захварэў. Спачатку гэта лічылася цяжкім выпадкам грыпу. Аднак сымптомы хутка ўзмацніліся, у выніку чаго ніжняя частка цела Рузвэльта была спаралізаваная. Дыягназам быў поліяміэліт, страшэнная хвароба, якую ў той час мала разумелі і баяліся.
Фізычныя выпрабаваньні, якія наступілі, былі катастрафічнымі. Рузвэльт раптам апынуўся выкінутым са сьвету моцных і з палітычнай кар’еры ў каралеўства слабасьці і няўпэўненасьці. Франклін сутыкнуўся з гэтай новай рэальнасьцю ў адчаі.
Але, як кажуць, досьвед поліяміэліту са спадарожнымі фізычнымі і псіхалягічнымі пакутамі прывіў яму спагаду да пакутаў іншых людзей. Гучыць як пачатак перадвыбарнага роліку, але ў нашым выпадку ў гэта цалкам можна паверыць. Чалавек, які мала ведаў пра цяжкасьці, цяпер быў блізка знаёмы з болем і абмежаваньнямі.
У наступныя гады Рузвэльт змагаўся за тое, каб аднавіць свае сілы і вярнуцца да грамадзкага жыцьця.
Шлях да ўлады
Палітычны шлях Франкліна Дэлана Рузвэльта пачаўся задоўга да ягонай бітвы з поліяміэлітам, а менавіта зь яго абраньня ў Сэнат штату Нью-Ёрк у 1910 годзе. Перамога Рузвэльта, які быў дэмакратам, у пераважна рэспубліканскай акрузе стала нечаканасьцю. А нагадаем, яго дзядзька-прэзыдэнт быў ад партыі-канкурэнта, рэспубліканцам.
Палітычная кар'ера Рузвэльта працягнула ўздым і разьвіцьцё з прызначэньнем Франкліна памочнікам міністра ваенна-марскога флёту пры прэзыдэнце Вудра Вільсане. Гэта дазволіла яму прысутнічаць ва ўрадзе і наўпрост сутыкнуцца з выпрацоўкай палітыкі цэлай краіны, няхай і ў адмысловай сфэры.
Пасьля аднаўленьня духоўнай моцы, ужо ў якасьці інваліда, адбылося ягонае абраньне губэрнатарам Нью-Ёрку ў 1928 годзе. Яго губэрнатарства, якое супала з пачаткам Вялікай дэпрэсіі, спрыяла шэрагу прагрэсіўных рэформаў, скіраваных на барацьбу з эканамічным крызісам. Гэтыя ініцыятывы, якія ўключалі дапамогу беспрацоўным і рэформы камунальных службаў, былі раньнімі прадвесьнікамі палітыкі Новага курсу, якую ён пазьней ажыцьцявіў у якасьці прэзыдэнта.
У час, калі інваліднасьць магла быць з лёгкасьцю вытлумачаная як прыкмета слабасьці, Рузвэльт востра ўсьведамляў істотнасьць грамадзкага ўспрыманьня.
Каб кіраваць гэтым успрыманьнем, Франклін і ягоныя дарадцы выкарыстоўвалі розныя стратэгіі. Ён прыкладаў рашучыя намаганьні, каб стаяць або нават ісьці на публіцы, выкарыстоўваючы шлейкі для ног і падтрымку асістэнтаў або чальцоў сям'і. Ягоная інваліднасьць рэдка згадвалася ў прэсе.
Неад'емнай часткай палітычнага і жыцьцёвага шляху Рузвэльта была ягоная жонка Элеанора Рузвэльт. Ейная роля перавышала традыцыйную ролю жонкі палітыка. Яна была ключавым дарадцам, а ейная актыўнасьць і ўзаемадзеяньне з грамадзкасьцю сыгралі надзвычай істотную ролю ў падтрымцы палітыкі Рузвэльта. І нават значна больш — менавіта ёй належыць галоўная роля ў фармаваньні погляду Франкліна на пытаньні сацыяльнай справядлівасьці.
Акрамя таго, Рузвэльта падтрымлівала група дарадцаў і давераных асобаў, вядомая як «Мазгавы трэст». Гэтая група інтэлектуалаў і палітычных экспертаў дапамагла яму ў распрацоўцы палітыкі Новага курсу.
Прэзыдэнт
Калі 4 сакавіка 1933 году Франклін Рузвэльт быў інаўгураваны ў якасьці 32-га прэзыдэнта Злучаных Штатаў, ён атрымаў у спадчыну нацыю, якая перажывала фантастычны крызіс. Вялікая дэпрэсія, якая пачалася з абвалу фондавага рынку ў 1929 годзе, пагрузіла амэрыканскую эканоміку ў беспрацоўе і адчай.
Банкі развальваліся, зьберажэньні зьнішчаліся, а кожны чацьверты амэрыканец застаўся бяз працы. Мільёны людзей сутыкнуліся з галечай і голадам. Менавіта ў гэты жудасны час Рузвэльт абвесьціў амэрыканскаму народу «Новы курс» — шэраг праграмаў, рэформаў і правілаў, скіраваных на аднаўленьне эканамічнай стабільнасьці.
Адной з самых папулярных праграмаў быў Грамадзянскі корпус захаваньня, які забясьпечваў працу ў праэктах аховы навакольнага асяродзьдзя для мільёнаў маладых людзей. Гэтая праграма вырашыла надзённую праблему беспрацоўя і прывяла да значнага ўкладу ў дзяржаўныя землі і інфраструктуру дзяржавы.
Яшчэ адным значным пунктам Новага курсу стаў Закон аб сацыяльным забесьпячэньні 1935 году. Гэты закон заснаваў сістэму пэнсій па старасьці і страхаваньня па беспрацоўі, што карэнным чынам зьмяніла ролю федэральнага ўраду ў забесьпячэньні фінансавай бясьпекі для сталых, бедных і беспрацоўных.
Значная ўвага надавалася таксама фінансавым рэформам. Закон Гласа-Стыгала, напрыклад, рэфармаваў банкаўскую галіну. Стварэньне Федэральнай карпарацыі страхаваньня ўкладаў дапамагло аднавіць давер насельніцтва да фінансавай сістэмы. Уявіце: банкі адзін за адным зачыняюцца, вы губляеце грошы, і тут прэзыдэнт кажа: калі ласка, прынясіце, што ў вас ёсьць у банкі, каб разам выбрацца зь ямы. І людзі паверылі, і людзі панеслі. І людзі такім чынам забясьпечылі дабрабыт ЗША.
У часы паўсюднага расчараваньня палітыка Рузвэльта і ягоны нечаканы спосаб данясеньня сваіх ідэяў, у прыватнасьці праз «Размовы ля коміну», далі амэрыканскаму народу пачуцьцё надзеі і мэты. Яго абнадзейлівы голас і наўпроставы зварот да грамадзтва праз радыёперадачы мелі вырашальнае значэньне для выхаваньня пачуцьця нацыянальнага адзінства.
Вайна
Для Франкліна Рузвэльта вайна, якая пачыналася ў Эўропе і ў Ціхаакіянскім рэгіёне, стала новай і страшэннай праблемай. Злучаныя Штаты, якія ўсё яшчэ змагаліся з рэшткамі Вялікай дэпрэсіі, апынуліся на парозе Сусьветнай вайны.
Адным з галоўных элемэнтаў ваеннага кіраўніцтва Рузвэльта быў пераход Злучаных Штатаў ад пазіцыі ізаляцыянізму да актыўнага ўдзелу. Закон аб лэнд-лізе 1941 году стаў рашучым крокам у гэтым кірунку. Гэта дазволіла ЗША пастаўляць хаўрусьнікам ваенныя матэрыялы, афіцыйна застаючыся па-за канфліктам.
Такім чынам атрымалася абыйсьці ізаляцыянісцкія настроі і адначасова аказаць такую неабходную дапамогу хаўрусьнікам, якія змагаліся з нацыстамі.
Яшчэ адным знакавым момантам у намаганьнях Рузвэльта па мабілізацыі людзей была ягоная прамова «Чатыры свабоды» ў студзені 1941 году. Кажучы пра фундамэнтальныя свабоды — свабоду слова, свабоду веравызнаньня, свабоду ад нястачы і свабоду ад страху — Рузвэльт аформіў канфлікт у катэгорыях унівэрсальных правоў чалавека. Ён рыхтаваў і падрыхтаваў амэрыканцаў да неабходнасьці змагацца з ворагамі чалавецтва.
Адносіны з прэм'ер-міністрам Вялікай Брытаніі Ўінстанам Чэрчылем і камуністычным правадыром Сталіным былі акрэсьленыя спалучэньнем прагматызму і прадбачлівасьці. Праз сэрыю канфэрэнцыяў Рузвэльт дапамог сфармаваць стратэгію хаўрусьнікаў на пасьляваенны сьвет.
Марай Рузвэльта была будучая Арганізацыя Аб'яднаных Нацыяў. Нават калі вакол была вайна, Франклін думаў аб тым, што будзе пасьля. Ён уяўляў сьвет такім, які мог бы прадухіліць будучыя канфлікты. Арганізацыя Аб'яднаных Нацыяў была рэалізацыяй гэтага бачаньня. Шкада, што ідэалы засталіся толькі ў ідэалістаў, а само існаваньне ААН, з сёньняшняга пункту гледжаньня, можна назваць правалам.
Чацьверты, рэкордны тэрмін на пасадзе прэзыдэнта ЗША, быў трагічна спынены ў красавіку 1945 году. Франклін Дэлана Рузвэльт не дажыў меньш за месяц да дня перамогі.
Але сучасныя Злучаныя Штаты Амэрыкі, як і ўвесь сьвет, абавязаныя яму сваім існаваньнем не ў нацысцкім ці камуністычным канцлягеры.