Краіна для жыцця? Амерыканец, які ўцёк у Беларусь, спадзяецца на памілаванне Трампа і вяртанне ў ЗША
Удзельнік штурму Капітолія Эван Ньюман, які атрымаў палітычны прытулак у Беларусі, спадзяецца на перамогу Дональда Трампа і на памілаванне, напісала амерыканскае выданне «Press Democrat».
Пра тое, што амерыканец папрасіў палітычны прытулак у Беларусі, у лістападзе 2021 года паведаміла дзяржаўнае тэлебачанне «Беларусь-1». У траўні 2023 года «Новы Час» пісаў, што Ньюман атабарыўся ў Брэсце і выкладае ў прыватнай школе замежных моў.
51-гадоваму Ньюману выстаўлена абвінавачванне ў 14 злачынствах, уключаючы «напад, супраціў або перашкоду афіцэрам». Згодна з абвінаваўчым заключэннем, Ньюман на працягу дня напаў на чатырох паліцэйскіх, ужыўшы кулакі, а таксама схапіў металічную барыкаду і пратараніў ёю ланцуг паліцэйскіх.
Ён з'ехаў з ЗША праз месяц пасля беспарадкаў у Італію «ў камандзіроўку». У артыкуле сцвярджаецца, што адтуль ён перабраўся ва Украіну. Вядома, што паміж Італіяй і Украінай ён паспеў пабываў у Швейцарыі, Германіі і Польшчы.
«Press Democrat» піша, што ва Украіне ён працаваў на шахце ў Жытоміры, займаючыся продажамі на амерыканскі рынак. У жніўні 2021 года ён збег з гэтай краіны пешшу, баючыся маючага адбыцца арышту перад самітам украінскіх і амерыканскіх афіцыйных асоб. Ньюман сцвярджае, што яго нібыта пераследавалі, ён ледзь пазбег арышту і баяўся стаць разменнай манетай у спробах Украіны атрымаць амерыканскую зброю.
Журналіст выдання «Press Democrat» Эндру Грэм пагаварыў з уцекачом і высветліў новыя падрабязнасці гэтай гісторыі, перадае Reform.by.
Эван Ньюман пацвердзіў, што сумняваецца ў справядлівасці падліку вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, але цяпер не стаў бы ўдзельнічаць у штурме Капітолія 6 студзеня 2021 года. Ён сумуе па сваіх дзецях, двух падлетках, якія ўсё яшчэ знаходзяцца ў Каліфорніі, і цяпер не ведае, як прывезці іх у госці.
Цяпер ён жыве ў Брэсце, імкнецца не думаць пра мінулае і плануе адкрыць рэстаран амерыканскай кухні. Гэта будуць не гамбургеры. «Я думаю пра сваю будучыню, свой бізнес... Мне падабаецца ідэя падарыць жыхарам Беларусі смачную ежу», — прызнаўся ён журналісту.
Цяпер, калі ў яго ёсць дакументы ўцекача, ён можа свабодна перасоўвацца па краіне і за мяжой, хоць ён не пакідаў Беларусь з-за боязі, што яго арыштуюць і экстрадзіруюць. Яму падабаецца Брэст: у гэтым горадзе ён чакаў, пакуль разглядалася яго заява аб прадастаўленні прытулку, і вырашыў застацца там.
Ньюман распавёў журналісту, што Брэсцкі рэгіён вырабляе прадукты харчавання, тут развіта мясная жывёлагадоўля і лясы поўныя дзікіх ягад і грыбоў, напрыклад, чарніц і лісічак. У Брэсцкай вобласці няма вінаграднікаў, але з яе прыроднымі і сельскагаспадарчымі багаццямі «гэта крыху падобна на акругу Санома».
І ўсё ж Ньюман спадзяецца вярнуцца на радзіму.
«Сумаваць па падлеткавым узросце маіх дзяцей вельмі цяжка», — прызнаецца ён.
Ён мяркуе, што яго найлепшая надзея палягае ў тым, што Дональд Трамп будзе абраны прэзідэнтам на выбарах у лістападзе і пасля сваёй інаўгурацыі ўвасобіць у жыццё свае прапановы аб памілаванні ўсіх, хто абвінавачваецца ў злачынствах, звязаных са штурмам Капітолія.
Але вялікай надзеі на гэта, улічваючы асобу Трампа, ён не мае. «Трамп ёсць Трамп, — сказаў Ньюман. — Ён можа сказаць нешта сёння, а заўтра вырашыць, што гэта нязручна».
Ньюман ацэньвае верагоднасць зняцця з яго абвінавачванняў прыкладна ў 25%. «50 на 50 за тое, што Трамп можа быць абраны, а затым 50 на 50 за тое, што ён можа абвесціць амністыю», — патлумачыў ён.
Выданне «Press Democrat» пагаварыла з амерыканскімі экспертамі па экстрэмізме. Яны мяркуюць, што на радзіме Ньюману пагражае ў сярэднім ад 2,5 да 5 гадоў турмы, бо сярэдні тэрмін пакарання для людзей, якія прызналі сябе вінаватымі ва ўчыненні цяжкіх злачынстваў падчас паўстання 2021 года, склаў блізу 2,5 гадоў, а сярэдні тэрмін пакарання для асуджаных падчас судовага разбору — блізу пяці гадоў.
Адзначым, што Ньюман да гэтага часу знаходзіцца ў вышуку ФБР. Там пазначана, што, паводле падазрэнняў, Ньюман біўся з паліцыяй Капітолія ЗША і супрацоўнікамі гарадской управы паліцыі Вашынгтона як унутры, так і за межамі Капітолія. Яго варта лічыць узброеным і небяспечным.