Амерыканец, які ўдзельнічаў у штурме Капітолія, папрасіў прыстанішча ў Беларусі

У ЗША на мужчыну заведзены крымінальныя справы. Ён просіць у Лукашэнкі заступніцтва, піша Радыё Свабода.

05e00000_0a00_0242_3eee_08d9a284b181_w1597_n_r1_st.jpg

Дзяржаўны тэлеканал «Беларусь 1» паказаў у эфіры размову з грамадзянінам ЗША Эванам Ньюманам, на якога на радзіме заведзены крымінальныя справы.
Мужчына з Каліфорніі займаецца бізнесам па вытворчасьці сумак, мае дваіх дзяцей. Паводле яго словаў, у ЗША на яго завялі адразу шэсць крымінальных справаў, і ён пасля парады адваката вылецеў у Еўропу, дзе спачатку быў у Італіі і Швейцарыі, а затым 4 месяцы жыў ва Украіне.
15 жніўня Ньюмана затрымалі беларускія памежнікі пасля нелегальнага пераходу мяжы. Ён сцвярджае, што ва Украіне за ім цікавала СБУ, і ад пераследу ўкраінскіх спецслужбаў ён вырашыў схавацца ў Беларусі і прасіць палітычнага прыстанішча.
Спроба захопу Капітолія адбылася ў Вашынгтоне 6 студзеня 2021 года. Прыхільнікі тагачаснага прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, які ўжо саступіў на выбарах Джо Байдэну, паспрабавалі штурмам узяць Капітолій і сарваць сумесную сесію Кангрэсу. Эван Ньюман быў зафіксаваны як адзін з удзельнікаў штурму, трапіў на камеры.
Паводле інфармацыі California News Times, Ньюмана падазраюць у нападзе, супраціве або перашкодах супрацоўнікам паліцыі, перашкодах праваахоўным органам падчас грамадзянскіх хваляванняў, а таксама гвалтоўным уварванні і незаконных дзеяннях на тэрыторыі Капітолія.