У Польшчу і Літву за суткі не пусцілі 338 мігрантаў з Беларусі

Памежнікі Літвы і Польшчы за мінулыя суткі не пусцілі ў свае краіны 338 мігрантаў. Пра гэта паведамілі памежныя ведамствы гэтых краін.

granica_migranty_nelegalnye_polsha_10.jpg


Польская памежная служба зафіксавала 240 чалавек, якія спрабавалі нелегальна трапіць на тэрыторыю краіны з Беларусі. 13 чалавек былі затрыманыя. Літоўцы распавялі пра 98 мігрантаў, якіх разгарнулі на мяжы.

Суткамі раней іх было нашмат больш — 570 і 126 (у Польшчы і Літве адпаведна).

Палякі таксама паведамілі, што прынялі рашэнне аб высылцы з краіны 93 чалавек і затрымалі траіх чалавек — дваіх з Сірыі і аднаго з Грузіі — за садзейнічанне мігрантам.

Літоўцы дадалі, што за мінулыя суткі не ўжывалі службовую зброю. Кантроль на літоўскім баку мяжы ажыццяўляецца ва ўзмоцненым рэжыме.

Нагадаем, на гэтым тыдні адносіны Польшчы і Беларусі з-за інцыдэнтаў на мяжы яшчэ больш абвастрыліся.

Часовы павераны ў справах Беларусі ў Польшчы Аляксандр Часноўскі 2 лістапада быў выкліканы ў польскае МЗС. Прычынай стаў інцыдэнт са з'яўленнем на тэрыторыі краіны людзей у форме і са зброяй, якія затым пайшлі ў Беларусь. Аб гэтым здарэнні, якое здарылася ў ноч з 1 на 2 лістапада, распавядаў міністр-каардынатар спецслужб Польшчы Станіслаў Жарын.

МЗС Беларусі ў сваю чаргу назвала хлуснёй заяву Польшчы аб перасячэнні яе мяжы з беларускага боку. І заявіла, што такім чынам Варшава спрабуе «павысіць градус напружанасці» паміж краінамі.

У чацвер, 4 лістапада, у МЗС Беларусі быў выкліканы Часовы Павераны ў справах Рэспублікі Польшча ў Беларусі Марцін Вайцяхоўскі. Польскаму дыпламату быў заяўлены рашучы пратэст у сувязі з распаўсюджанай напярэдадні заявай аб парушэнні польскай мяжы з беларускага боку.