Ад адной да пяці тысяч мігрантаў на мяжы Беларусі з Польшчай (фота, відэа, дапоўнена)
Гэтай раніцай сотні (паводле інфармацыі Радыё Свабода больш за тысячу) мігрантаў накіроўваюцца ў бок беларуска-польскай мяжы.
Між тым учора польскія памежнікі зафіксавалі 222 спробы незаконнага перасячэння мяжы, паведамляе памежная служба Польшчы. Паведамляецца, што рашэнні аб выездзе з тэрыторыі Польшчы былі вынесены ў дачыненні да 101 чалавека. 3 чалавекі затрыманы за дапамогу ў незаконным перасячэнні мяжы (2 грамадзяніны Польшчы, 1 — Украіны).
Дапоўнена: Пагранкамітэт Беларусі заявіў, што на падобны крок роспачы бежанцаў падштурхнула абыякавасць і бесчалавечнае стаўленне польскіх улад.
Фэйсбук
Беларускім бокам прымаюцца неабходныя меры для забеспячэння бесперабойнага функцыянавання каналаў міжнародных спалучэнняў, а таксама бяспекі людзей, якія рухаюцца па аўтамагістралі. Але цяпер гаворка ідзе не пра лагер з 10 ці 20 мігрантаў, а пра групу, у якой блізу тысячы чалавек.
Еўрарадыё ўдакладняе важную акалічнасць: мігранты, якія сёння прайшлі маршам да мяжы Беларусі і Польшчы, не збіраліся парушаць законаў. Яны хацелі афіцыйна аформіцца на памежным пераходзе "Брузгі", а пасля, ізноў жа афіцыйна, звярнуцца да польскіх памежнікаў у "Кузніцы". Пра гэта напісана ў групах у сацсетках, праз якія яны рыхтавалі сённяшні марш.
Але беларускія сілавікі выштурхалі ўцекачоў з дарогі да Брузгоў у лес. Дарога была ачэпленая. Пасля на памежны пераход прыбыло падмацаванне — верагодна, на выпадак, калі мігранты ўсё ж вернуцца да свайго плану А.
У выніку ўцекачы, якія хацелі прайсці мяжу афіцыйна, апынуліся ў лесе, як і іх нешчаслівыя папярэднікі. Яны прыйшлі да плота з калючым дротам, дзе іх сустрэлі польскія памежнікі. Нескладана здагадацца, што будзе далей: заціснутыя паміж беларускімі і польскімі сілавікамі, мігранты, сярод якіх ёсць жанчыны і дзеці, вымушаныя будуць мёрзнуць у лясах з беларускага боку мяжы.
Тэлеграм-канал Протесты в мире публікуе відэа таго, як мігранты спрабуюць сілай перайсці мяжу.
Мігранты кідаюць жэрдкі на калючы дрот, польскія сілавікі са шчытамі ў адказ ужываюць газ, за ўсім, што адбываецца, назірае польскі верталёт.