«Пачалася найбуйнейшая спроба гвалтоўнага ўваходу ў Польшчу», — польскі ўрад пра калону мігрантаў
У інтэрнэце з'віліся відэаролікі, на якіх відаць, як сотні мігрантаў накіроўваюцца каля Брузгоў на Гродзеншчыне ў бок польскай мяжы. Гэтае здарэнне пракаментаваў віцэ-міністр замежных справаў Польшчы Пётр Ваўжык.
— Па той бок мяжы ёсць жаданне выклікаць вялікі інцыдэнт, пажадана са стрэламі і смерцямі, — сказаў ён у эфіры Польскага радыё, перадае Радыё Свабода. — Рыхтавалася вялікая правакацыя на мяжы ў Кузніцы Беластоцкай (памежны пераход на польскім баку. — РС). Выглядае, што там будзе спроба сілавога пераходу мяжы.
Ваўжык запэўніў, што польскія службы былі падрыхтаваныя да такога развіцця падзеяў і будуць рэагаваць адэкватна.
— Па другі бок мяжы няма разумення таго, што адбываецца. Там перакананыя, што яны адбіваюць нейкі напад, — сказаў Ваўжык.
На іншых відэазапісах, размешчаных у інтэрнэце, мігранты ўжо знаходзяцца побач са стаянкай перад памежным пераходам у Брузгах з беларускага боку. Побач з натоўпам можна ўбачыць узброеных людзей з сабакамі.
«Пачалася найбуйнейшая спроба гвалтоўнага ўваходу ў Польшчу», — паведаміў прэс-сакратар міністра-каардынатара польскіх спецслужбаў Станіслаў Жарын.
Паводле Жарына, натоўпам кіруюць беларускія сілавікі. Сфармаваная імі група мігрантаў складаецца пераважна з маладых мужчын.
З пачатку года польскія памежнікі зафіксавалі больш за 30 тысяч спробаў незаконнага перасячэння польска-беларускай мяжы.