Пагадненні аб размяшчэнні расійскіх ваенных аб'ектаў у Беларусі прадоўжаны на 25 гадоў
Беларусь і Расія прадоўжылі пагадненні аб размяшчэнні расійскіх ваенных аб'ектаў на тэрыторыі нашай краіны на 25 гадоў.
Адпаведныя міжурадавыя пратаколы размешчаны на Афіцыйным прававым партале Расійскай Федэрацыі. Яны былі падпісаны міністрамі абароны дзвюх краін 20 кастрычніка. Размова ідзе аб пратаколах да Пагаднення аб парадку завяршэння будаўніцтва, выкарыстання і ўтрымання Вузла Баранавічы сістэмы папярэджання ракетнага нападу і Пагаднення аб парадку выкарыстання і ўтрымання радыёстанцыі Вілейка. Яны прадоўжаны на 25 гадоў з даты заканчэння першапачатковага тэрміну дзеяння.
Абодва пагадненні былі заключаны ў 1996 годзе тэрмінам на 25 гадоў. Іх тэрмін дзеяння скончыўся сёлета. Такім чынам, цяпер яны працягнутыя да 2046 года.
Пратаколы часова прымяняюцца з 20 кастрычніка, а ўступяць у сілу з даты атрымання па дыпламатычных каналах апошняга пісьмовага паведамлення аб выкананні бакамі ўнутрыдзяржаўных працэдур.
reform.by