«Штурм мяжы»: выклік не толькі Захаду

У кіраўніцтва Беларусі існуе адна цікавая традыцыя: раз на паўгода яно страляе сабе ў нагу. Не паспелі яшчэ ачомацца ад прымусовай пасадкі рэйсу Ryanair, як цяпер новая навала — мігранцкі крызіс.

photo_2021_11_08_11_20_20.jpg


«Штурм мяжы» мігрантамі з беларускага боку, як пішуць СМІ, быў падрыхтаваны і справакаваны. Яшчэ ўчора незалежныя медыя паказвалі, што ў Мінску адбылася вялікая «нарада» верагодных удзельнікаў сённяшняга шэсця. Яны пры поўным ігнараванні так званых «праваахоўных органаў» сабраліся ля Палаца Спорту, у самым цэнтры Мінска. У краіне, дзе «больш за трох не збірацца», гэта выглядала вельмі дзіўна.

А сёння адбыўся «марш мігрантаў». Ізноў жа, яны нейкім чынам аказаліся ў адной кропцы збору непадалёк ад памежнага пераходу «Брузгі». Выпадковасць? Не можа быць!

Мігранцкі сход у Мінску

Мігранцкі сход у Мінску

Пры гэтым, як было напісана ў мігранцкіх групах у сацсетках, яны не збіраліся парушаць законаў. Яны хацелі афіцыйна аформіцца на памежным пераходзе «Брузгі», а пасля, ізноў жа афіцыйна, звярнуцца да польскіх памежнікаў у «Кузніцы». Але беларускія сілавікі выштурхалі ўцекачоў з дарогі да Брузгоў у лес. Дарога была ачэпленая. Пасля на памежны пераход прыбыло падмацаванне — верагодна, на выпадак, калі мігранты ўсё ж вернуцца да свайго «плану А». Так мігранты аказаліся перад польскім калючым дротам.

Чаму так здарылася?

Імаверна, падпісаўшы з Пуціным ваенную дактрыну 4 лістапада Лукашэнка падумаў, што ўхапіў Бога за бараду — нягледзячы на тое, што пры падпісанні Пуцін асабліва падкрэсліў важнасць стабільнасці на заходняй мяжы. Лукашэнка, падаецца, пакінуў гэта па-за ўвагай.

Пры гэтым, падпісаўшы інтэграцыйныя карты, беларускаму пакуль што кіраўніку асабліва трэба даказаць Пуціну сваю патрэбнасць. Па факце, мы ведаем пра два глабальныя патрабаванні Уладзіміра Уладзіміравіча: гэта падпісанне «інтэграцыйных праграм» і развязанне палітычнага крызісу ў Беларусі праз змену Канстытуцыі і сыход Лукашэнкі (так званыя «Сочынскія дамовы»). Першага Крэмль дамогся. Засталося другое.

Але Лукашэнка думае «сысці не сыходзячы», і таму яму вельмі важна паказаць, што без яго ў Беларусі, якая лічыцца «сферай уплыву Крамля», настане поўнае бязладдзе. І няма большага абаронцы ад «падступнага Захаду», чым ён, Аляксандр Рыгоравіч.

Самы просты шлях для гэтага — канешне, эскалацыя на мяжы. Лукашэнка думае, што справакаваўшы Польшчу на рэзкія дзеянні, ён у чарговы раз здолее заявіць пра «пагрозы межам Саюзнай дзяржавы», і змусіць Пуціна «ўпрагчыся» за яго, як той «упрогся» ў жніўні-2020. А калі Пуцін у чарговы раз «упражэцца», то яму зноўку будзе няёмка пакінуць беларускага «партнёра».

Але калі ў жніўні 2020 года кантэкст канфлікту быў выключна ўнутраны, то цяпер ён — міжнародны. У гэтым канфлікце завязаныя інтарэсы не толькі Расіі і Захаду, але і інтарэсы краін Блізкага Усходу, якія дагэтуль лаяльна ставіліся да Лукашэнкі. Гэтае стаўленне змяняецца, сведчанне чаму — закрыццё ганаровых консульстваў Беларусі ў Іраку.

Ці будзе Пуцін ваяваць за Лукашэнку?

Карацей, азірнуўшыся на падпісаную ваенную дактрыну, Лукашэнка павёў гульню на эскалацыю з Захадам. Прычым, так бы мовіць, з «калектыўным Захадам», бо польская мяжа — гэта мяжа не толькі з Польшчай. Гэта мяжа Еўрапейскага Саюза і мяжа блоку NATO.

Гэтыя структуры, безумоўна, будуць аказваць дапамогу Польшчы, як свайму саюзніку. А вось ці будзе Пуцін ваяваць за Лукашэнку — вялікае пытанне.

Канешне, у нас ёсць нібыта агульная супрацьпаветраная сістэма, і канешне, нядаўна з’явілася агульная «вучэбная» база паветраных войскаў. Але ўсё гэта, па факце, пакуль толькі «замацаванне» факту таго, што Беларусь знаходзіцца ў расійскім «коле ўплыву».

Пуціну не з рукі цяпер, асабліва пасля перамоваў з Байдэнам і нармалізацыі адносін са Штатамі (якія граюць першую скрыпку ў NATO) эскалацыя канфлікту. І наўрад ці ён у выпадку эскалацыі ўстане на бок кіраўніцтва Сінявокай.

Адна справа — падпісаць дакументы, іншая — рэальна аказваць вайсковую дапамогу. Напрыклад, ёсць такі вайсковы блок, як АДКБ, і Арменія была і ў АДКБ, і ў «сферы ўплыву Расіі» таксама. Ці моцна ёй гэта дапамагло ў Карабахскай вайне?

Пакуль што Расія прытрымліваецца тактыкі «ні вашым, ні нашым», спісваючы мігранцкі крызіс на «суверэннасць» Беларусі. Аднак усё можа змяніцца. Па меркаванні аналітыка Арцёма Шрайбмана, ёсць тры выпадкі, калі Крэмль можа адрэагаваць на мігранцкі крызіс. Першы, гэта калі мігранты вырашаць, што заходняя мяжа «непрахадная», і пойдуць на Усход, што стане праблемай ужо расійскіх рэгіёнаў. «Па-другое, калі праблемы, якія будуць ствараць мігранты для заходніх еўрапейскіх краін, выйдуць за межы Польшчы і Літвы. Калі, напрыклад, гэта стане сур'ёзнай палітычнай праблемай для Германіі. Я не ўпэўнены, што Пуцін гатовы пачынаць адносіны з новым нямецкім урадам з канфлікту вакол бежанцаў, якія прыйшлі праз Беларусь ... асабліва ўлічваючы, што яны зусім нядаўна запусцілі “Паўночны паток-2”» — кажа Шрайбман.

Мігранты на беларуска-польскай мяжы. 8 лістапада 2021 году.

Мігранты на беларуска-польскай мяжы. 8 лістапада 2021 году.

Нарэшце, трэці выпадак — гэта нейкая сілавая эскалацыя на мяжы. Калі з-за нейкай няўзгодненасці, эмоцый, адсутнасці нармальнай сувязі здарыцца ўзброены інцыдэнт паміж беларускімі вайскоўцамі і вайскоўцамі і памежнікамі з польскага боку, куды іх сцягнута ўжо каля 10 тысяч. У такім выпадку, упэўнены эксперт, Расія дакладна ўмяшаецца. І гэта ўмяшанне наўрад ці будзе на баку Беларусі. Масква можа быць зацікаўлена пагасіць крыніцу крызісу.

Мазоль Еўропы

Як ужо казалася, праблема мігрантаў — гэта балючы мазоль Еўропы, на які цяпер моцна націснуў Лукашэнка. Беларускія вушы тырчаць з сённяшняй сітуацыі настолькі відавочна, што іх нельга не заўважыць. І, безумоўна, штурм мяжы выкліча той самы «другі пункт Шрайбмана», бо мігранты з Беларусі ўжо ёсць палітычнай праблемай не толькі Польшчы і Літвы. Толькі за кастрычнік федэральная паліцыя Германіі зарэгістравала 5285 несанкцыянаваных уездаў з Беларусі.

«Штурм мяжы» — яскравая падзея, якая паказвае, наколькі моцнай пагрозай стабільнасці ў Цэнтральнай Еўропе з’яўляецца рэжым Лукашэнкі. Наўрад ці еўрапейскія структуры яго праігнаруюць. Бо насамрэч на кон пастаўленая не Літва і Польшча, а еўрапейская стабільнасць і бяспека.

Як еўрапейцы ставяцца да ўласнай бяспекі, ужо прадэманстраваў жорсткі адказ на інцыдэнт з Ryanair. «Штурм мяжы» дадасць аргументаў не толькі прыхільнікам пятага санкцыйнага пакета, але і ўвогуле прыхільнікам жорсткага падыходу да кіраўніцтва Сінявокай. І нельга выключаць, што з Пуціным таксама пагамоняць наконт паводзінаў ягонага пратэжэ. Прычым, размова будзе не вельмі прыязнай, і яе ініцыятары сапраўды будуць дамагацца ад Уладзіміра Уладзіміравіча як мінімум «аргвысноваў» адносна Лукашэнкі.

І гэтыя «аргвысновы», імаверна, будуць зробленыя. Бо ўсё ж наўрад ці Пуцін хоча развязвання Трэцяй Сусветнай з-за выбрыкаў «саюзніка».