Чатыры нобелеўскія лаўрэаткі звярнуліся да кіраўніцтва ЕС праз сітуацыю з мігрантамі: Давайце не будзем адводзіць позірк ад трагедыі

Святлана Алексіевіч, Эльфрыда Елінэк, Герта Мюлер і Вольга Такарчук напісалі адкрыты ліст да кіраўніцтва Еўрасаюза.

polsha_migranty_granica_05.jpg


Чатыры нобелеўскія лаўрэаткі па літаратуры звярнуліся да еўрапейскіх чыноўнікаў, спрабуючы прыцягнуць іх увагу да сітуацыі з мігрантамі на беларуска-польскай мяжы.
«Паважанае спадарства,гэта адкрыты ліст чатырох лаўрэатак Нобелеўскай прэміі па літаратуры — Святланы Алексіевіч, Эльфрыды Елінек, Герты Мюлер і Вольгі Такарчук — адрасаваны Еўрапейскаму Савету і Еўрапейскаму парламенту і датычны гуманітарнай катастрофы, якая адбываецца на ўсходняй мяжы Еўрапейскага Саюза (мяжа паміж Польшчай і Беларуссю). Просім аб распаўсюдзе.
Старшыні Еўрапейскага саветаШарлю Мішэлю,Старшыні Еўрапейскага парламентаДавіду Сасолі,членам Еўрапейскага парламента
Польскі ўрад увёў надзвычайнае становішча ў памежнай зоне паміж Польшчай і Беларуссю, з-за чаго не дапускаецца аказанне медыцынскай дапамогі тым, хто хворы і памірае на мяжы, і блакуецца доступ сродкаў масавай інфармацыі да трагедыі, што разгортваецца там. Аднак нават няпоўная, адрывістая інфармацыя дае ўяўленне пра велізарныя маштабы гуманітарнай катастрофы, якая адбываецца на мяжы Еўрапейскага Саюза: мы ведаем, што людзі там падвяргаюцца бязлітаснай працэдуры выцяснення, якая выракае іх на пераахаладжэнне, голад і знясіленне ў лясах і балотах.
Беларускія турыстычныя агенцтвы, кантралюемыя рэжымам Лукашэнкі, абяцаюць людзям, якія знаходзяцца ў роспачы, транзіт у Еўрапейскі Саюз у абмен на высокую плату. Завабленыя такім чынам у Мінск, яны затым дастаўляюцца арганізаваным транспартам у лясы на мяжы. Там робіцца спроба гвалтам выштурхнуць іх у Польшчу, у той час як польскія памежнікі і войскі таксама ўжываюць сілу, каб вярнуць іх назад у Беларусь. У горшых выпадках гэта заканчваецца смерцю. Некаторыя з памерлых людзей вядомыя нам па імёнах, іншыя паміраюць безыменнымі.
Як грамадзяне і жыхары Еўрапейскага Саюза мы звяртаемся да вас як да дэмакратычна абраных прадстаўнікоў Еўропы: давайце не будзем адводзіць позірк ад гэтай трагедыі.
Мы павінны ўсведамляць той факт, што гэтых людзей выкарыстоўваюць у якасці закладнікаў. Гэтыя пякельныя практыкі ўвойдуць у гісторыю як прыклад сучасных зверстваў. Занадта часта ў гісторыі Еўропы мы дазвалялі сабе заставацца недасведчанымі. Мы заплюшчвалі вочы і затыкалі вушы. Мы захоўвалі маўчанне. З досведу ХХ стагоддзя мы ведаем, што ёсць ісціны нязручныя, якія стамляюць. Каб абараніць сваё ўласнае пачуццё дабрабыту, большасць людзей адмаўляліся звяртаць на іх увагу. Сёння сітуацыя паўтараецца.
Для нас Еўрапейскі саюз — гэта перш за ўсё маральная супольнасць, якая шырэйшая за межы і заснаваная на прынцыпах міжасобасных салідарнасці. Гэта дае нам права звярнуцца да вас з просьбай заняць адназначную пазіцыю ў дачыненні да гэтага пытання. Мы разумеем, што нялёгка справіцца з ціскам адчаю на межах Еўропы. Аднак тое, чаму мы дазваляем адбывацца на гэтых межах, не адпавядае нашым фундаментальным еўрапейскім каштоўнасцям.
Мы заклікаем да хутчэйшага і найбольш эфектыўнага вырашэння гэтага гуманітарнага крызісу, да захавання правілаў Жэнеўскай канвенцыі і, перш за ўсё, да ініцыявання працэдуры прадастаўлення прытулку для ўсіх тых, хто просіць аб гэтым і хто ўтрымліваецца пад вартай у гэтай частцы ўсходняй мяжы Еўрапейскага Саюза.
Мы патрабуем шырокамаштабнай дыпламатычнай ініцыятывы ў краінах Блізкага Усходу, накіраванай на супрацьдзеянне хлусні беларускага рэжыму, мэта якога — завабіць як мага больш адчайных уцекачоў на польска-беларускую мяжу і тым самым пагоршыць і дэстабілізаваць палітычную сітуацыю ў Польшчы і ва ўсім Еўрапейскім саюзе.
Перш за ўсё мы заклікаем да таго, каб гуманітарныя арганізацыі былі дапушчаныя ў памежную зону для аказання медыцынскай і юрыдычнай дапамогі.
Мы таксама патрабуем доступу акрэдытаваных журналістаў і прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі ў раёны памежнай зоны, на якія распаўсюджваецца надзвычайнае становішча, што з'яўляецца неабходным патрабаваннем для прадастаўлення поўнай і праўдзівай інфармацыі для шырокай грамадскасці.
Сёння мы адчуваем сябе хваравіта бездапаможнымі, але ведаць факты азначае ўсведамляць здзейсненае зло. За ведамі такога роду павінны ісці дзеянні.
Святлана Алексіевіч,Эльфрыда Елінек,Герта Мюлер,Вольга Такарчук,Лаўрэаткі Нобелеўскай прэміі па літаратуры».
Пераклад НЧ.