Прэзідэнты Польшчы і Літвы абмеркавалі «гібрыдную атаку» з боку Беларусі

Прэзідэнты Польшчы і Літвы абмеркавалі «пашырэнне гібрыднай атакі» з боку Беларусі, паведамляе «Еўрарадыё».

Анджэй Дуда і Гітанас Наўседа / twitter.com/mblaszczak

Анджэй Дуда і Гітанас Наўседа / twitter.com/mblaszczak


8 лістапада на беларуска-польскай мяжы ў раёне пункта пропуску «Брузгі» сабраліся некалькі тысяч мігрантаў, якія спрабуюць прарвацца ў Польшчу. Беларускія сілавікі ім не перашкаджаюць. Літоўскі прэзідэнт Гітанас Наўседа паабяцаў прэзідэнту Польшчы Анджэю Дудзе «аказаць усю неабходную падтрымку» суседзям, «каб пераадолець гэтую праблему незаконнай міграцыі». Літва «цалкам салідарная з Польшчай». Прэм'ер-міністарка Эстоніі Кая Калас заявіла, што бачыла «вельмі трывожныя відэа з Беларусі», як вялізную колькасць мігрантаў «выцясняюць да мяжы з Польшчай». Яна лічыць, што «Лукашэнка ўзмацняе сваю гібрыдную атаку на мяжу ЕС і NATO» і «сур'ёзна парушае міжнароднае права».
А міністр замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс прапанаваў унесці ў новы санкцыйны спіс беларускія аэрапорты, праз якія мігрантаў дастаўляюць з краін Азіі. «Усе сусветныя авіякампаніі павінны ўсвядоміць, што іх палёты ў Беларусь з'яўляюцца супрацоўніцтвам са злачынным рэжымам», — цытуе яго словы ТАСС.