У ЗША пачалі расследаваць штурм Капітолія

Праваахоўныя органы ЗША пачалі крымінальнае расследаванне нападу на Капітолій з прыцягненнем соцень следчых для высвятлення асобаў і арышту злачынцаў, піша Радыё Свабода.

6b51cae_30e95e5_136447301_958659731332675_1679132502708074870_n.jpg

Выканаўца абавязкаў пракурора акругі Калумбія Майкл Шэрвін распавёў, што 15 людзям былі прад’яўленыя абвінавачванні ў федэральным судзе ў Вашынгтоне ў сувязі з беспарадкамі, а яшчэ 40 паўсталі перад вышэйшым судом акругі па абвінавачваннях, звязаных з тым, што адбывалася непасрэдна перад беспарадкамі.
Большасць абвінавачваюцца ў незаконным пранікненні на тэрыторыю Капітолія.
Сярод абвінавачванняў — крадзеж дзяржаўнай маёмасці і парушэнне правілаў выкарыстання агнястрэльнай зброі.
Адзін мужчына быў арыштаваны каля Капітолія па абвінавачванні ў нашэнні паўаўтаматычнай штурмавой зброі і 11 кактэйляў Молатава, распавёў Шэрвін.
У выніку беспарадкаў загінулі чатыры чалавекі і некалькі дзясяткаў атрымалі раненні.
Па словах Шэрвіна, гэтыя арышты — толькі першы крок у намаганнях па прыцягненні вінаватых да адказнасці.
«Гэта была, відавочна, вельмі небяспечная сітуацыя, — адзначыў ён. — Мы спрабуем разгледзець гэтыя справы як мага хутчэй, і хоць пакуль заведзена толькі 15 справаў, гэта добры пачатак, але гэта ні ў якім разе не канец».
Вылучэнне такой колькасці абвінавачванняў усяго за 36 гадзінаў падкрэслівае актыўнасць падыходу пракуратуры.
Як патлумачыў Шэрвін, паколькі большасці ўдзельнікаў беспарадкаў паліцыя Капітолія дазволіла разысціся па дамах, намаганні па выяўленні і арышту злачынцаў могуць заняць некалькі месяцаў, калі не цэлы год.
Сотні следчых праглядаюць відэазапісы з камер назірання і пасты ў сацыяльных сетках, каб высветліць асобы вінаватых.
«Мы будзем агрэсіўна выстаўляць абвінавачанні па гэтых справах», — сказаў Шэрвін.
Выканаўца абавязкаў генеральнага пракурора Джэфры Розэн заявіў: «Міністэрства юстыцыі цвёрда мае намер гарантаваць, каб асобы, адказныя за гэты напад на наш урад і вяршэнства закону, панеслі ўсю адказнасць за свае дзеянні ў адпаведнасці з законам».
Дырэктар ФБР Крыстафер Рэй запэўніў, што яго ведамства «задзейнічае ўсе следчыя рэсурсы», каб прадʼявіць абвінавачванні злачынцам.
Атака, якую Розэн назваў «недапушчальным нападам на фундаментальны інстытут амерыканскай дэмакратыі», пачалася ў той момант, калі чальцы Кангрэсу праводзілі сумеснае пасяджэнне, каб сертыфікаваць вынікі прэзідэнцкіх выбараў.
Многія ўскладаюць адказнасць за распальванне беспарадкаў на прэзідэнта Дональда Трампа, які падчас выступу на мітынгу заклікаў сваіх прыхільнікаў і далей аспрэчваць вынікі выбараў.