ГОРКІЯ СТАРОНКІ
Тэлефонны званок ад Міхася Чарняўскага, археолага, гісторыка, літаратара, рупліўца на ніве нашай шматпакутнай спадчыны. Унушальны шэраг яго прац — навуковых, навукова-папулярных, мастацкіх — нядаўна папоўнілася невялікай па аб’ёму кніжкай “Як пошуг маланкі. Але за ёй гады пошукаў, збірання па крупіцах арыштаванай праўды. Міхась Чарняўскі запрасіў у падарожжа па знакавых мясцінах, каб перагарнуць унікальныя, незабыўныя старонкі Мядзельскага, Смаргонскага падполля 1948–1950 гадоў.
Тэлефонны званок ад Міхася Чарняўскага, археолага, гісторыка, літаратара, рупліўца на ніве нашай шматпакутнай спадчыны. Унушальны шэраг яго прац — навуковых, навукова-папулярных, мастацкіх — нядаўна папоўнілася невялікай па аб’ёму кніжкай “Як пошуг маланкі. Але за ёй гады пошукаў, збірання па крупіцах арыштаванай праўды. Міхась Чарняўскі запрасіў у падарожжа па знакавых мясцінах, каб перагарнуць унікальныя, незабыўныя старонкі Мядзельскага, Смаргонскага падполля 1948–1950 гадоў.
30 гадоў таму ўсё лета я падарожнічаў па Калыме з «лейкай і блакнотам», здымаючы Амахтонскую затоку, хрыбет Чэрскага, разбураныя баракі былых зняволеных — смяротнікаў, якія здабывалі золата ў Сусумане, Дэбіне, Палатцы. Патрапіў на сакрэтны аб’ект — возера Джэка Лондана, дзе тыя ж смяротнікі здабывалі ўранавую руду. За адну ноч 1940 года ахоўнікі застрэлілі тысячы зняволеных: не было чым карміць — накармілі кулямі.Я не ведаў, што ў гэтыя гіблыя мясціны былі сасланы юнакі і дзяўчаты з Мядзельшчыны, за «недоносительство» на сваіх аднагодкаў. Краіна Саветаў гнала іх дарогай смерці ад Аймякона да Сусумана і Усць-Неры. У мясцовым музеі Ягаднага бачыў шыльдачку: «Шаг налево, шаг направо — смерть на месте!»
Высветлілася, што ў ціхманай, памяркоўнай Беларусі, у азёрным краі на Мядзельшчыне, на пачатку 1948 года ў правінцыйнай дзесяцігодцы ўзнікла падпольная апазіцыйная арганізацыя. Знайшліся адчайныя юнакі і дзяўчаты, якім балела душа за ганьбу іх бацькоў, за рабскі прыгон сялян, за калгаснае ярмо. Арганізатар і натхняльнік — вучань восьмага класа Расціслаў Лапіцкі — перакананы антыкамуніст, беларускі патрыёт. Іх мужнасць здзіўляе. Што магла супрацьпаставіць імперыі зла, страху, хлусні купка юнакоў і дзяўчат... Супрацьпаставіць ваяўнічай, бязлітаснай імперыі, якая існавала па ваўчыных, бандыцкіх законах, праліла мора крыві невінаватых людзей. Употай юнакі і дзяўчаты рыхтавалі ўлёткі, а ноччу, хаваючыся ад нядобрых вачэй, прымацоўвалі іх на сценах вясковых хат, на будынках райкаму і райміліцыі. Людзі, уставайце з каленяў! Не плаціце крыважэрных падаткаў — за кожнае пладовае дрэўца, за дробную хатнюю жыўнасць! Не ўступайце ў калгасы, супраціўляйцеся антынароднаму рэжыму! Смерць Сталіну! Падпольшчыкі планавалі і неверагоднае — узарваць ці падпаліць раённую друкарню. Не на жарт перапалохаліся служкі імперыі, трымаючы ў руках ўзрыванебяспечныя ўлёткі. Імперыя «шчасця» абрынула на адчайных юнакоў і дзяўчат усю моц карнай сістэмы. Засады, налёты, ператрусы ў вясковых хатах, арышты, допыты, катаванні. Наша дэлегацыя — а гэта супрацоўнікі акадэмічнага інстытута гісторыі, навукоўцы, студэнты, сябры мастацкай суполкі «Пагоня», пісьменнікі, журналісты, фотарэпарцёры — на «рафіку» рушыла па «маладзечанцы». Абмінаем сумнавядомыя «акопы Язэпа», кідаем позірк на агітгектары з танкеткамі, танкамі, палутаркамі, бліндажамі з кулямётамі. Тут які ўжо год запар ладзяцца пацешныя баі. «Нашы харобрыя байцы» гоняць паганых «фрыцаў» аж да Радашковіч, дзе ўсе дружна бяруць «наркомаўскія». За Вілейкай прывецілі прыгожыя прысады вёскі Качаргі. Крочым па вясковых вуліцах, спыняемся на ўскрайку каля ўтульнай дагледжанай хаты, вокны якой узіраюцца на прыгожыя краявіды. — Тут, на гарышчы хаты, юныя падпольшчыкі на старэнькай іншаземнай, пэўна трафейнай, друкарцы рыхтавалі ўлёткі, — распавядае Міхась Чарняўскі. Нястомны даследчык згаданага падполля па каліўцу збірае весткі, аднаўляе забытыя імёны патрыётаў, выдаў дзве кніжкі, рыхтуе да друку новыя матэрыялы. Згадваючы пра арышт хлопцаў і дзяўчат, пра катаванні падлеткаў, Міхась выцірае няпрошаную слязіну. — Карнікі з органаў здзекаваліся, як нелюдзі, падлеткам выбівалі зубы, ламалі «дугой» рэбры, не грэбуючы самымі дзікунскімі спосабамі допытаў. Імперыя бальшавікоў дужа не любіла праўды, хавала свае злачынствы, катавала і карала іншадумцаў — усіх, хто не быў згодны крочыць у адной шарэнзе. Вёска Юшкавічы — непрыкметная, утульная, у вэлюме зеляніны, у акружэнні ўзгоркаў. Такіх мясцін нямала ў азёрным краі. У гэтай вёсцы ў сакавіку 1950 года сябра падпольнай арганізацыі Генадзь Нафрановіч пры спробе арышту карнікамі застрэліўся з нагана. …
Лясная дарога запрашае ў густы хвойнік. З узгорка любуемся наваколлем, спакойнай плынню Віліі. Дзелавіта рыхтуе да здымак сваю кінатэхніку Валер Мазынскі. Менавіта яго рупнасцю і прафесійнай апантанасцю пабачыла свет адмысловая кінастужка «Расціслаў Лапіцкі». Валер неаднаразова выязджаў у Польшчу, зняў і запісаў на стужку сведак і ўдзельнікаў падполля: сябра Расціслава Лапіцкага — Юзіка Качэргу ў Шчэціне, Леакадзію Цыбоўскую ў Сопаце, Зянона Ахрамовіча ў Эльблонгу і Зосю Лапыцьку ў Гіжыцку. Пасля зняволення яны з’ехалі з краіны «шчасця» на сталае жыхарства ў Польшчу. З кожнай новай вандроўкі па азёрных мясцінах Валер Мазынскі прывозіць новыя кінадакументы. …Па пакручастаму, у глыбокіх калдобінах лясному гушчарніку кіруемся да месца расправы над Расціславам Лапіцкім. Бетонныя глыбы, карэнні, ірвы, парослыя мохам, кустамі ядлоўцу. Дзе ж яно, тое месца, на якім абарвалася жыццё патрыёта бацькаўшчыны Расціслава Лапіцкага? Міхась Чарняўскі спыняецца, твар спахмурнеў, цяжка на душы, ледзь чутна пачынае: — Прывезлі сюды ў варанку смяротнікаў для расправы, для выканання прысуду — Расціслава Лапіцкага і Факунду Несцяровіча. Восеньская халодная ноч схавала чырвонапагонных катаў, вілейскі лес у трывожным чаканні. Чорныя справы вяршыліся ў чорнай ночы. Зачыталі смяротны прысуд Несцяровічу. А затым «велікадушна» абвясцілі рашэнне Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР пра памілаванне. Замест чэкісткай кулі будзеш паўжыцця катавацца ў Варкуталагу. Затым абвясцілі «смяротнік» Лапіцкаму. Аднак пра памілаванне маўчаць, хоць яно ж мелася ў катаў. Чакалі, што смяротнік Лапіцкі кінецца на калені і будзе маліць карнікаў пра літасць. Не дачакаліся. Расціслаў маліцца катэгарычна адмовіўся. Грымнуў стрэл, юнак упаў. Факунду Несцяровічу загадалі засыпаць магілу яго сябрука Расціслава. …Мы моўчкі стаім каля паўтонніка — валуна, на якім высечаныя слоўцы: тут расстраляны беларускі патрыёт Расціслаў Лапіцкі. Хто ж той руплівец, які паставіў гэты знак-помнік? Да змяркання вандруем па Занарачы, Некасецку, знаёмімся з мясцовымі, занатоўваем цікавыя прыгадкі. Прыветлівыя, добразычлівыя, гасцінныя людзі. Пачаставалі гасцей у вёсцы Позерцы разварыстай бульбай з сальцам і агуркамі са свайго агародчыка, не пашкадавалі на дарогу яблычкаў, грушак, сліў. І зрабілася цёпла на душы. З гэтых мясцінаў, сярод такіх жа ціхмяных, гасцінных і працавітых людзей мацавалі свой дух, гартавалі волю Расціслаў Лапіцкі і яго сябры, асуджаныя судом ваеннага трыбунала. P.S.:Развітальная паездка на Маладзечна. Музычная вучэльня імя М. Агінскага. Пампезны фасад будынка «аля Сталінскі ампір» 50-х гадоў. Імперыя подласці збіралася панаваць вечна. Чаму б мясцовым уладам не пазначыць «бронзай» на фасадзе, што ў гэтым будынку былога абласнога НКВД, у бетонных падвальных сутарэннях, «бушлатах»-катухах катавалі мядзельска-смаргонскіх падпольшчыкаў? Баялася імперыя вясковых юнакоў і дзяўчат.