«Ходзім мы пад месяцам высокім, а яшчэ пад ГПУ»

Якой цікавай магла б атрымацца кніга па гісторыі айчыннай літаратуры, каб яе напісалі эмігранты! Калі б раздзел пра Францішка Скарыну написаў Вітаўт Тумаш, раздзел пра Янку Купалу належаў бы Станіславу Станкевічу; Юрка Віцьбіч, безумоўна, расказаў бы пра Тодара Кляшторнага ды Юлія Таўбіна...

kurapaty_1_2.jpg

Пры незадаволенасці наяўнымі гісторыямі айчыннай літаратуры, напісанымі ці ў самой Беларусі, ці, прыкладам, ва ўсё яшчэ туманным Альбіёне, падумалася, якой цікавай магла б атрымацца кніга, каб яе напісалі эмігранты. Калі б раздзел пра Францішка Скарыну ў падручніку быў напісаны (або складзены з працаў) Вітаўта Тумаша, раздзел пра Янку Купалу належаў бы Станіславу Станкевічу; Антон Адамовіч быў бы аўтарам раздзелаў пра Андрэя Мрыя, Лукаша Калюгу ды іншых узвышэнцаў, а таксама наватарскіх, аўтарскіх — пра супраціў саветызацыі ды пра мастацкую крыптаграфію ў беларускай літаратуры. А Юрка Віцьбіч, безумоўна, расказаў бы пра ТАВІЗ, а таксама пра ягоных сяброў — Тодара Кляшторнага ды Юлія Таўбіна. Хто ведае, мо і сапраўды варта скласці гэткі падручнік. Што ж, паспрабуем?

01vicbicz_1.jpg


"Няма, здаецца, у беларускай літаратуры больш трагічнай асобы, чым Тодар Кляшторны, — піша Юрка Віцьбіч. — Ён прыйшоў у беларускую паэзію з асаблівасцямі, якія не маглі атрымаць свайго поўнага развіцця. Тыя надзеі, якімі жыў паэт, не спраўдзіліся. Жыццё вымагала ад яго таго, чаго ён не мог даць.

Кляшторны прыйшоў у супярэчнасць з «сацыялістычным рэалізмам», якога вымагалі бальшавікі ў літаратуры. Прытрымліваючыся такога рэалізму, трэба было ісці супраць аб’ектыўнай рэчаіснасці, трэба было адважыцца ашукваць самога сябе, трэба было папросту ілгаць, чаго шчыры і сапраўдны паэт не хацеў. Адгэтуль трагізм Кляшторнага як паэта і чалавека.

kliasztorny.jpg

Ужо першы зборнік вершаў Кляшторнага гаворыць аб творчай раздвоенасці паэта. Сам назоў яго «Светацені» сведчыць пра гэта. Звонкія вершы гэтай кніжкі не затушоўваюць сапраўднага твару паэта. У «кляновых завеях» жыцця ён далей ідзе сваёй дарогай. Але паэт чуе, што яго творчасць прыходзіць у разлад з наказамі савецкай казённай крытыкі. Таму зусім зразумела жаданне Кляшторнага «некуды пайсці», пайсці ад таго, што яму абрыдла і нецікава. Пайсці абы-куды, толькі б не бачыць «сонечнай радзімы», толькі б заглушыць боль па ёй.


Пайсьці-бы ў ноч,

Пайсьці далінай,

Пайсьці-б чорт ведае куды.

Ня ўсе пратаптаны пуціны,

Ня ўсе стаптаны гарады.


Але ж ад жорсткай сапраўднасці нікуды не падзенешся. За кожным такім ідэйным хістаннем паэта сачыла НКУС. Дарма што ім на першы выгляд ніхто не цікавіўся. Паэт добра разумеў сваё становішча, хоць ён «не ўмее ні плакаць, ні каяцца за няпэўна пастаўлены крок».

Яго не надта палохала, што «Ходзім мы пад месяцам высокім, //А яшчэ пад ГПУ…», як трапна ахарактарызаваў ён стан рэчаў у Савецкім Саюзе. Гэтае двухрадкоўе зрабілася гістарычным афарызмам, які не сыходзіў з вуснаў чытаючай публікі.

Тодар Кляшторны ішоў ужо па шляху, супрацьлеглым таму, па якім ішлі так званыя «савецкія паэты». Затое гэты шлях не з’яўляецца ганебным. Гэта шлях свядомай самаахвярнасці.

У беларускай літаратуры Тодар Кляшторны лічыўся афіцыйна мяшчанскім, канарэечным, хоць і таленавітым паэтам. Чаму? Таму што ён не пісаў аб «шчаслівым і радасным жыцці» народаў СССР, аб «мудрым бацьку Сталіне». У адказ на тое, што паэта называлі «мяшчанскім, канарэечным», ён купіў за апошнія грошы канарэйку і, напіўшыся, прыносіў яе ў Дом пісьменніка ў Мінску, садзіўся за стол; у такім выглядзе заўсёды плакаў.

— Чаго ты плачаш, Тодар? — пыталіся сябры.

— Канае ў клетцы канарэйка…

Кляшторны пакуль што быў нікому не патрэбны і ўсімі занядбаны. Паэт жыў у вялікай беднасці, хадзіў вельмі дрэнна апранутым і нават галодным. Але творчай дзейнасці ён не пакідаў.

Выйшла наступная кніга вершаў — «Ветразі». Паэт дарэмна імкнуўся заплыць на ветразях у сонечную краіну.

— Нікуды не заплывеш! — думалі ў НКУС. — Мы заўсёды ў час зловім цябе «за паруса». І сапраўды, каб пазбавіць магчымасці плыць далей на гэтых ветразях у краіну мараў і летуценняў, у 1937 годзе Тодара Кляшторнага арыштавалі органы НКУС.

Дарэмна ён дбаў пра тое, каб «праз шторм трапіць на штурм» (яго кніга «Праз шторм на штурм»). Савецкі шторм разбіў ушчэнт «ветразі» лірычнага паэта. Дарэмна ён заліваўся салаўіным голасам у падзямеллі НКУС — свет яго, на жаль, больш не пачуў.

Яшчэ адна ахвяра бальшавізму.

Гэты верш Тодара Кляшторнага прынёс з турмы і ссылкі на волю ў сваёй галаве другі паэт — Ула­дзімір Клішэвіч. На вялікі жаль, страшны час выціснуў з яго памяці першы радок, але гэта не пазбаўляе верш каштоўнасці і цікавасці.


Сад

Люблю твой ціхі сумны голас.

Жыцьцё маё пайшло наспад,

Мароз пачаў кранаць мой голас.

Ня чуць ласкавых слоў яе,

Ў лятунках створанай дзяўчыны

І ружы цьвет не для мяне

І цьвет каханьня мой зачынен.

Хоць ёсьць любоў і вера ёсьць,

Што мы ў жыцьці ня толькі госьці,

Красуй чужая маладосьць

Красой шчасьлівай маладосьці.

Менск, турма


«Шолах шын і шум машын»

Калі ідзеш па вуліцах Амерыкі, па якіх несупынным струменем льюцца аўтамашыны розных марак, адразу прыгадваецца паэт Юлій Таўбін. Ці ведае хто тут, што ён там, у змрочным засценку НКУС, абвінавачваўся за вось гэты несупынны рух, за святло менавіта гэтых рознакаляровых рэкламаў, за ўвесь імклівы поступ тутэйшага жыцця?

Юлій Таўбін

Юлій Таўбін

Юлій Таўбін з’яўляецца адным з найбольш культурных беларускіх паэтаў. Менавіта таму яго тэматыка аніяк не супадала з афіцыйнай тэматыкай, прызначанай бальшавіцкімі камісарамі для беларускіх пісьменнікаў.

Паэт мусіў усхваляць савецкую краіну і ганьбіць замежныя краіны. Ён на гэтае не надаваўся. Таму Юлій Таўбін спачатку эміграваў у сярэднявечча. Прыгадваецца ягоны прачулы верш «Сірано дэ Бержэрак», які б нават адзін у іншай краіне даў бы аўтару агульную вядомасць і прызнанне. Савецкая ж крытыка адразу зазначыла, што радок з гэтага вершу «з разбітаю лютняй ідзе паэт» мае непасрэднае дачыненне не да Сірано дэ Бержэрака, а да Юлія Таўбіна.

Праз некаторы час паэт напісаў верш пра Амерыку. У ім прыгадваюцца амаль усе штаты ў сувязі з іх гэтак непадобным на савецкую рэчаіснасць жыццём. І пасля кожнай страфы паўтараецца радок «Злучаныя Штаты». На жаль, у памяці цяпер захавалася толькі адна страфа, якая ўсё ж дае поўнае ўяўленне і пра высокамастацкасць усяго твору і пра яго напрамак:

Шолах шын і шум машын.

Вашынгтон і Віскансін.

Злучаныя Штаты.

Гэтым вершам паэт напісаў сабе прысуд. Прынамсі, калі праз некаторы час НКУС арыштавала Юлія Таўбіна, дык следчы, прачытаўшы яму ўвесь верш, запытаўся:

— В Америку хочешь эмигрировать? Ха-ха! В Советском Союзе не нравится? Может быть и на визу рассчитываешь? Получи-ка тем временем, контра, пять лет Колымы.

І Юлій Таўбін, які пры іншых умовах аздобіў бы сабой беларускую мастацкую літаратуру, знік назаўсёды ў жудасных савецкіх канцлагерах".