Як у даваеннай Польшчы змагаліся з непісьменнасцю?
Для рэгіёнаў Рэчы Паспалітай, якія былі ў складзе Расійскай імперыі, быў характэрны высокі працэнт непісьменных людзей. Значную ролю ў барацьбе з непісьменнасцю адыграла польская армія: у войску вучылі чытаць і пісаць.
У даваеннай Польшчы дзякуючы намаганням улад і грамадскіх дзеячаў непісьменнасць сярод дзяцей і моладзі была ў вялікай ступені ліквідаваная, але і ў 1939 годзе, калі пачалася вайна, трэба было яшчэ шмат што зрабіць, піша Польскае радыё.
Як вынікае з перапісу насельніцтва 1921 года, ажно 34,6% насельніцтва Польшчы не ўмела чытаць і пісаць. Але ўжо наступны перапіс, праведзены праз 10 гадоў, паказаў, што сітуацыя змянілася: адсотак непісьменных грамадзян упаў да 22,6%.
Варта зазначыць, што большасць непісьменных складалі прадстаўнікі старэйшых пакаленняў жыхароў даваеннай Польшчы. У лютым 1919 года паводле ўказу кіраўніка дзяржавы было ўведзенае абавязковае школьнае навучанне дзяцей ва ўзросце 7-14 гадоў. Гэта дазволіла ў міжваенны перыяд амаль поўнасцю ліквідаваць непісьменнасць сярод палякаў, якіх ахопліваў школьны абавязак.
Згодна з перапісам 1921 года, 29,7% грамадзян Польшчы ва ўзросце 10-14 гадоў не ўмелі чытаць і пісаць. Праз дзесяць гадоў адсотак непісьменных у згаданай узроставай групе зменшыўся да 6,6%. На жаль, але за гэты час лічба непісьменных людзей, якім было 60 гадоў і больш, знізілася з 54,2% да 50%.
Узровень непісьменнасці моцна адрозніваўся паводле месца жыхарства, сацыяльнага статусу і полу. Найбольшы працэнт жыхароў Польшчы, якія не ўмелі пісаць і чытаць, пражываў ва ўсходніх ваяводствах краіны. Непісьменных людзей сярод жанчын і сельскіх жыхароў было найбольш.
У часы міжваеннай Польшчы, якую ў польскай гістарыяграфіі называюць Другой Рэччу Паспалітай, нацыянальныя меншасці складалі больш за 30% ад агулу насельніцтва. У залежнасці ад года, калі адбываліся перапісы насельніцтва, беларусы складалі 3-4% грамадзян Польшчы.
Грамадзяне
тагачаснай Рэчы Паспалітай беларускай нацыянальнасці перш за ўсё насялялі
Навагрудскае, Віленскае, Палескае і часткова Беластоцкае ваяводствы. Згодна са
статыстычнымі данымі, ва ўсходніх ваяводствах узровень непісьменнасці на фоне
іншых польскіх рэгіёнаў быў даволі высокім.
Так, згодна з данымі 1931 года, у Палескім ваяводстве чытаць і пісаць не ўмелі 48,4% жыхароў, у Навагрудскім – 34,9%, у Віленскім – 29,1%, у Беластоцкім – 23,1%.
Шмат непісьменных таксама было ў Валынскім ваяводстве (47,8%), Цярнопальскім (29,8%) і Станіслаўскім (36,6%). У гэтых рэгіёнах пражывала шмат грамадзян Польшчы ўкраінскай нацыянальнасці.
Інакш сітуацыя
выглядала на захадзе краіны. Так, у Сілезскім ваяводстве адсотак непісьменных
складаў толькі 1,5%, у Познаньскім – 7,6%, у Паморскім – 8,3%. У самой Варшаве
чытаць і пісаць не ўмела 10% жыхароў сталіцы.
Са згаданых даных вынікае, што адсотак непісьменных грамадзян быў меншы ў рэгіёнах, якія да 1918 года, да моманту вяртання Польшчай незалежнасці, уваходзілі ў склад Германіі і Аўстра-Венгрыі.
У сваю чаргу для рэгіёнаў, якія былі ў складзе Расійскай імперыі, быў характэрны высокі працэнт непісьменных людзей.
Значную ролю ў барацьбе з непісьменнасцю адыграла армія. У ліпені 1919 года Сейм прыняў закон аб абавязковым навучанні непісьменных салдат, якія праходзілі службу ў Войску Польскім. Начальнік Дэпартамента вайсковай адукацыі Міністэрства вайсковых спраў генерал Ян Яцына казаў, што Войска Польскае стала «найбуйнейшай народнай школай». У войску вучылі не толькі чытаць і пісаць: для многіх прызыўнікоў, асабліва з усходніх ваяводстваў тагачаснай Польшчы, вайсковая служба дала магчымасць азнаёміцца з такім дасягненнямі цывілізацыі, як прыбіральня.
Валеры Саўко, паводле матэрыялаў Польскага радыё