«Мяне яшчэ пашукаюць». Да 135-годдзя Язэпа Драздовіча

Яго жыццё было цяжкім, маркотным і прайшло ў нястачы. Чалавек бязмежных цікавасцяў, які марыў пра часы, калі ўсе сілы людскія замест войнаў будуць накіраваныя на заваяванне міжпланетных абшараў...

jazep_drazdovic_autapartret_1943.jpg

«Вучыся і пазнай Нябесныя бегі»


Ва ўсіх галінах, за якія браўся, ён пакінуў свой след і нездарма прыгаворваў: «Мяне яшчэ пашукаюць». Тытан нашага мастацтва і культуры. Беларускі Леанарда да Вінчы — Язэп Драздовіч.
Жыццё закідвала яго па розных старонках, але ён заўсёды знаходзіў прытулак на роднай Дзісненшчыне, дзе нарадзіўся 1 (13) кастрычніка 1888 года ў засценку Пунькі (цяпер Глыбоцкі раён) у сям’і збяднелага шляхціча-арандатара Нарцызія Драздовіча. Бацька ў рэдкія вольныя хвіліны любіў назіраць за зоркамі, гутарыць пра планеты і, нягледзячы на тое, што памёр, калі Язэпу было ўсяго два гады, аповеды пра яго захапленні перараслі ў неўтаймаваную цягу сына-даследчыка, увасобіўшыся ў матчын запавет: «Вучыся і пазнай Нябесныя бегі».

Засценак Пунькі — месца нараджэння мастака. Фота з сайта imperiaduhu.by/

Засценак Пунькі — месца нараджэння мастака. Фота з сайта imperiaduhu.by/

Юзэфа Драздовіч засталася адна гадаваць шасцярых дзяцей, з якіх Язэп быў малодшым. На яго, асобу творчую ўжо з дзяцінства, скіравалася ўся матчына ласка. Нават знаходзячыся ў цяжкім матэрыяльным стане, Язэпа выправілі ў 1906 годзе вучыцца ў Вільню, у Рысавальную школу Трутнева.

Язэп Драздовіч з маці і старэйшымі братамі. Дзісна, 1907 год. Фота be-tarask.wikipedia.org

Язэп Драздовіч з маці і старэйшымі братамі. Дзісна, 1907 год. Фота be-tarask.wikipedia.org


Першыя гады ў сталіцы Краю сталі для Драздовіча вызначальнымі. Ён пазнаёміўся з друкаваным беларускім словам праз адзін з нумароў газеты «Наша доля», забароненай царскай цэнзурай. А ў 1907 годзе ўбачыў працы літоўскага мастака Мікалоюса Чурлёніса, якія сталі для яго прыкладам мастацкага бачання свету.

У пошуках свайго месца


Галоўная праблема для Язэпа, якую ён не пераадолеў да канца жыцця — матэрыяльныя цяжкасці. Ён перабіваецца рознымі падпрацоўкамі, у лепшым выпадку гэта былі працы ў майстэрнях розных жывапісцаў, або маляванне карыкатур для часопіса «Вільнянка». Восенню 1907 года ён выбіраецца ў Рыгу, каб адтуль выправіцца ў Амерыку. Але перад самым ад’ездам нечакана перадумвае і вяртаецца ў Вільню, дзе восенню 1908 года наведвае рэдакцыю «Нашай нівы».

Глядзіце таксама


Ужо 20 лістапада ў газеце з’яўляецца яго першы тэкст пра цяжкае жыццё земляробаў Дзісненшчыны пад псеўданімам Язэп Разора. А ў наступным годзе ён намаляваў вокладку да «Беларускага календара на 1910 год», які разышоўся па ўсіх кутках Беларусі.

Збаўленнем для Драздовіча стала накіраванне на службу ў войска ў 1910 годзе, якую ён пачынаў у Саратаве. Сем гадоў жыцця, праведзеныя ў арміі, былі часам актыўнай самаадукацыі. З вясны 1912 да зімы 1913 гадоў ён вучыўся на курсах вайсковых фельчараў, затым быў накіраваны на працу ў амбулаторыю ў Вольск побач з Волгай. Сум па Радзіме, успаміны пра яе легенды і паданні ўвасобіліся ў містычных і сімвалічных вобразах пяці карцін, па словах Драздовіча, «прарочых будучыню»: «Трызна мінуўшчыны», «Брама будучыні», «Злыя чары», «Хаос смутку», «Дух зямлі». У Вольску Драздовіч стварае і вокладку для першай кнігі паэткі Канстанцыі Буйло — «Курганная кветка», якую мастаку замовіў Янка Купала.

Вечар у пустыні на Марсе. 1932. Фота з сайта drazdovich.by

Вечар у пустыні на Марсе. 1932. Фота з сайта drazdovich.by

Выкананне вайсковых абавязкаў дазваляла Драздовічу падарожнічаць па Расіі, наведваць Казань, Уфу, Іркуцк. У вандроўках ён рос як мастак, шукаючы і знаходзячы найлепшыя вобразы і формы для выразу думак.

Вайсковы фельчар і мастак


Летам 1914 года, калі пачалася Першая cусветная, ён застаецца ў ліку трох фельчараў пры запасным батальёне. Пад іх наглядам 15 тысяч салдат. Пазней Драздовіч узгадваў: «Тры месяцы працую з імі без урача штодзень ад усходу да захаду сонца без адпачынку ў батальённай амбулаторыі. Адпускаю па 500 пацыентаў у дзень, уважліва і цярпліва, каб ніводнага з іх не пакрыўдзіць, не адпусціць без дапамогі. На астатку захворваю сам на брушны тыфус, кладуся на цэлых два месяцы ў пасцель…»  Лекарская камісія выдала Драздовічу сямімесячны адпачынак для паправы здароўя, які ён правёў у Мёрах, дзе сям’я арандавала гаспадарку. З таго перыяду застаўся ўсяго адзін малюнак: на руінах сфінкс з галавой старога селяніна.

Затым зноў войска, дзе ён робіць прышчэпкі ад воспы мабілізаваным 17-20-гадовым юнакам: «Усе яны прыгожыя, вясёлыя, ідуць на фронт з «кіямі», каб страціць там за нішто, за чужое сваю красу і здароўе».
Восенню 1915 года, калі немцы прарываюцца ў Беларусь, Драздовіч атрымлівае накіраванне ў новы полк, доўга яго шукае, здзяйсняе пешы пераход шляхам Напалеона з Оршы да Смаленска, пакуль нарэшце ў Гарадку за Віцебскам не знаходзіць сваё падраздзяленне. Тут у яго з’яўляецца вольная хвіліна і лета 1916 года ён актыўна малюе, стварае скульптуры з гліны, сярод якіх Гарыслава. Выкананыя працы дасылае ў Петраград Браніславу Эпімах-Шыпілу, на захаванне.

Пасля Лютаўскай рэвалюцыі Драздовіч па фельдшарскіх справах здолеў патрапіць у Маскву, дзе наведаў Траццякоўскую галерэю, Гістарычны музей, Музей Аляксандра ІІІ, Крэмль. Але стан яго здароўя моцна пагоршыўся і напачатку лета 1917 года яму быў пастаўлены дыягназ «неўрастэнія». У выніку Язэп атрымаў два месяцы адпачынку. Пасля іх заканчэння вярнуўся ў войска — толькі для таго, каб звольніцца.

На перакрыжаванні гісторыі


Драздовіч адправіўся ў госці да Эпімаха-Шыпілы ў Петраград. На жаль, лёс яго шматлікіх малюнкаў, якія захоўваліся ў беларускага выдаўца, невядомы. Знік і яго скульптурны партрэт Францыска Скарыны, які перадаў сваякам Канстанцыі Буйло ў Полацак.

Далей быў Мінск, дзе ўсталёўвалася бальшавіцкая ўлада. Драздовіч працаваў настаўнікам малявання, дэкаратарам у «Беларускай хатцы», удзельнічаў у падрыхтоўцы да выдання часопіса «Вольны сцяг». Гэта быў адзін з цяжэйшых этапаў яго жыцця, калі прыходзілася спаць на куфэрку ў невялічкім куточку, накрыўшыся салдацкім шынялём.

Напрыканцы 1920 года, калі Беларусь раздзіралі польскія і бальшавіцкія арміі, прыйшла смутная навіна: хворая маці жадае перад смерцю пабачыць любага сына. Язэп пешшу дабіраецца на Дзісненшчыну ў вёску Лявонаўку, каб праводзіць у апошні шлях матулю.

Каб чымсьці заняць сябе на Радзіме, адкрывае беларускую школу ў вёсцы Сталіца. Да яго цягнуліся вучні і іх бацькі. Ён выпрацаваў уласную сістэму выкладання, па якой вучыў дзяцей без страху перад пакараннем. Акрамя граматыкі і арыфметыкі, Драздовіч вучыў маляваць, дэкламаваць вершы, разбірацца ў геаграфічных картах. Але польскія ўлады ў хуткім часе закрылі беларускую школку, а Язэпа арыштавалі, пратрымаўшы тры дні ў пастарунку.

Літаратар і настаўнік


Роздумы над лёсам падзеленай Рыжскім мірам Беларусі сталі падставаю для з’яўлення яго эцюда «Усяслаў Чарадзей у парубе кіеўскага князя» і «Пагоні». Наступныя два гады Драздовіч даследуе родны край і бярэцца за літаратурную справу, за кошт якой марыць зарабіць сабе на хлеб. Так з’яўляюцца яго творы «Гарадольская пушча» і выдадзеная ў 1923 годзе ў віленскім выдавецтве Барыса Клецкіна кніжка «Вялікая шышка». Але прыходзіць расчараванне: заробленага ганарару ледзьве хапіла для пакрыцця друку і паперы.

Глядзіце таксама


Нягледзячы на фінансавыя цяжкасці, Драздовіч у 1922 годзе наведвае Вільню, каб завесці сабраныя 2800 марак для Беларускага дзіцячага прытулку і зайсці ў Беларускі музей, якому перадае калецыю малюнкаў. Язэп знаходзіцца пад пільным наглядам польскіх улад: яго прымушаюць штотыдзень з’яўляцца ў паліцэйскі пастарунак.

Вярнуўшыся з Вільні, Драздовіч уладкоўваецца на працу настаўнікам малявання ў Глыбоцкую сямігадовую школу за мізэрныя 24 злотых у месяц. Ён быў любімым педагогам у дзяцей, разам з якімі падрыхтаваў выстаўку сялянскіх вырабаў з дрэва і гліны, дзе таксама выставіў свае карціны як прыклады беларускага мастацтва. Але вылучэнне нацыянальнай адметнасці не спадабалася старасце. Ён лічыў, што ў назве выставы павінна гучаць «творы рэгіянальнага мастацтва», паколькі, на думку старасты, ніякага беларускага народа няма. Менавіта пасля гэтага мастак на сваіх карцінах стаў падпісвацца па-беларуску – «Язэп Драздовіч», а на адваротным баку выводзіў назву і год напісання твора.

jazep_drazdovic_1928.jpg


Становішча Драздовіча ў школе пагаршалася. Пасля аднаго з мітынгаў, арганізаваных беларускімі дэпутатамі сойма, на якім «засвяціўся» Язэп, яго выклікаў дырэктар і запытаўся: «Як можна працаваць у дзяржаўнай польскай школе і не мець павагі да самой дзяржавы, яе асноў?».

Драздовіча звольнілі. Ён шукае прытулку ва ўласных карцінах, якія цяпер насычаныя ўсходнімі матывамі, як карціна «Нірвана». А восенню 1925-га затрымліваецца ў Вільні.

У гэты час назіраецца рост нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, сведкаю найвышэйшага ўздыму якога становіцца Драздовіч. 15 лістапада 1926 года ў часопісе «Маланка» быў надрукаваны яго малюнак «Трыумф Грамады», прысвечаны самай масавай беларускай арганізацыі на тэрыторыі Другой Рэчы Паспалітай.

Язэп Драздовіч «Францыск Скарына». Фота з сайта be.wikipedia.org

Язэп Драздовіч «Францыск Скарына». Фота з сайта be.wikipedia.org


У той час саракагадовы Драздовіч моцна, па-юначы закахаўся. У гімназістку Жэню Казлоўскую. Аднак маці выказалася супраць адносін з бедным мастаком. На гэтым Язэп Драздовіч паставіў крыж памкненням абзавесціся сям’ёй.

У 1926 годзе чарговая страта ў яго жыцці – ад запалення лёгкіх памірае старэйшы брат Гаранім, пакінуўшы трох дзяцей і жонку. Язэп вяртаецца на Дзісеншчыну і як можа дапамагае сям’і брата. З восені 1927 года на наступныя тры гады ён уладкоўваецца на працу настаўнікам малявання ў Навагрудскую беларускую гімназію. Гэта быў адзін з самых плённых перыядаў жыцця Драздовіча, калі ён шмат вандруе, збірае песні, стварае сем альбомаў, прысвечаных беларускім замкам.

Падарожжы па іншых планетах


З вясны 1931 года Драздовіча апаноўвае новае захапленне – «самнамбулістычныя сны», у якіх ён вандруе па Месяцы, Марсе і Сатурне. Вывучае астраномію, стварае карціны на касмічную тэматыку, а ў канцы 1931 года за ўласны кошт выдае брашуру «Нябесныя бегі», спраўджваючы запавет матулі. За зіму 1931-1932 гадоў піша працу «Гармонія планет сонечнай сістэмы», у якой абгрунтоўвае ўласную гіпотэзу пра паходжанне Сонечнай сістэмы. Рукапіс яе дасылае ў Мінск у Акадэмію навук.

Ілюстрацыя да кнігі Я. Драздовіча «Нябёсныя бегі». Вільня, 1931. Фота з сайта drazdovich.by

Ілюстрацыя да кнігі Я. Драздовіча «Нябёсныя бегі». Вільня, 1931. Фота з сайта drazdovich.by


Выказвае меркаванні пра жыццё на іншых планетах. Гэты погляд у 1920-я — 1930-я гады быў вельмі папулярны. Драздовіч развіваў яго па-свойму: стварыў кнігі-рукапісы з апісаннямі бачанага ў «самнамбулістычнай тэлевізіі», дапаўняў іх малюнкамі, на адным з якіх нават можна ўбачыць скафандры. І гэта за некалькі дзесяцігоддзяў да пачатку засваення космасу чалавекам!

Старонка з кнігі «Нябесныя бегі». Фота be.wikisource.org

Старонка з кнігі «Нябесныя бегі». Фота be.wikisource.org


На пачатку 1933 года ў жыцці Драздовіча надыйшоў чарговы цяжкі перыяд: «А працы на хлеб ніадкуль нідзе не чуваць. Сам не ведаю, як жыць, што далей будзе. Пагода хмарная, акно нізкае, у хаце цёмна і цесна. Думаў узяцца за маляванне, ды немагчыма. Дзень каротак, ды і той нельга выкарыстаць».

Чалавек з невядомай планеты. 1931. Фота з сайта drazdovich.by

Чалавек з невядомай планеты. 1931. Фота з сайта drazdovich.by


У пошуках заробку выбіраецца ў Беласток, дзе супрацоўнічаў з акружной управай ТБШ, маляваў дэкарацыі для спектакляў, дапамагаў каменячосу рабіць фігуры для помнікаў. Але так і не разжыўшыся капейчынай, вымушаны быў вярнуцца ў тым жа годзе на Дзісненшчыну.

Глядзіце таксама


Шмат вандруе па вёсках, за ежу піша дываны і насценнікі ў сялянскіх хатах, стварае паэму «Трызна мінуўшчыны», прысвечаную любімаму Полацкаму княству, яго славе і скананню. Але твор быў крытычна сустрэты беларускімі паэтамі: Максім Танк раскрытыкаваў яго за апісальнасць. Увогуле адносіны з ранейшымі сябрамі па беларускай справе ў Драздовіча сапсаваліся, прыйшло расчараванне адносна людзей, партрэты якіх ён ствараў, а цяпер яны ад яго, гэтыя «віленскія тузы-беларусы» адвярнуліся.

Поўня над замкам. Язэп Драздовіч, 1934 г. Памер 143 х 182 см.

Поўня над замкам. Язэп Драздовіч, 1934 г. Памер 143 х 182 см.


З усталяваннем Савецкай улады ў Заходняй Беларусі яго жыццё палегчылася. Ён атрымаў працу настаўніка малявання і батанікі. Але пасля пачатку Вялікай Айчыннай вайны зноў вымушаны быў бадзяцца па вёсках у пошуках хоць якой падпрацоўкі. Пасля вайны ён піша свае найбуйнейшыя карціны — «Успаміны на руінах» і «Памінкі», заканчвае яшчэ да вайны пачатыя творы, прысвечаныя Усяславу Чарадзею.

Аўтабіяграфія. На доследах старажытных гарадзішчаў. 1930-1947. З сайта be-tarask.wikipedia.org

Аўтабіяграфія. На доследах старажытных гарадзішчаў. 1930-1947. З сайта be-tarask.wikipedia.org


У апошнія гады Драздовіча захапляюць прыродныя матывы, якія ён занатоўваў на акварэлях, працягваючы працу над серыяй яшчэ 1930-х гадоў «Прырода Беларусі». Поўны планаў, ён у пасляваенны час усё часцей хварэў. І адным з вераснёўскіх ранкаў 1954 года яго непрытомнага знайшлі на дарозе сяляне. 65-гадовага «Дзядзьку Язэпа» завезлі ў бальніцу ў Падсвілле, дзе ён і памёр 15 верасня.

800px_drazdovic_monument_in_minsk.jpg


Так скончылася жыццё Язэпа Драздовіча, які пакінуў нам багатую спадчыну творцы ўніверсальных здольнасцяў з багатым і трагічным лёсам: жаўнер, медык, літаратар, фалькларыст, этнограф, археолаг, мастак, скульптар, графік, разьбяр, настаўнік, астраном, які лічыў, што на іншых планетах існуе «такі самы жывы мір, як і наша зямелька-планета». Але найбольш змястоўнай яго характарыстыкай сталі словы Арсеня Ліса, што назваў Язэпа Драздовіча ў прысвечанай мастаку кнізе «Вечным вандроўнікам».