Памёр пісьменнік Іван Пташнікаў
На 84-м годзе жыцця памёр пісьменнік Іван Пташнікаў. Пра гэта паведаміла ў фэйсбуку Аксана Спрынчан.
Апошнія гады Пташнікаў цяжка хварэў.
Дачка Івана Пташнікава Таццяна сказала «Нашай Ніве», што час і месца пахавання стануць вядомыя трохі пазней.
Гісторык культуры Анатоль Сідарэвіч кажа, што адкрыў для сябе Пташнікава на пачатку 60-х. Ягоныя апавяданні вылучаліся гуманізмам, нетрадыцыйным поглядам на вайну, яны былі без ура-патрыятызму.
«Пташнікаў любіў прыроду, але перш за ўсё ён уважлівы да чалавека, да зрухаў яго душы, зменаў настрою, — кажа Сідарэвіч і адзначае аповесць «Тартак» і апавяданні «Львы» і «Пагоня». — У малых жанрах, у апавяданнях, у аповесці «Тартак» Пташнікаў сказаў шмат. Гэта пісьменнік, ні да кога не падобны. Яго стыль не зблытаеш ні з чыім»
Іван Пташнікаў нарадзіўся ў 1932 годзе ў Лагойскім раёне. Рэдактар мастацкай літаратуры ў Дзяржаўным выдавецтве БССР (1957—1958), рэдактар аддзела прозы часопіса «Маладосць» (1958—1962), з 1962 — рэдактар аддзела прозы часопіса «Полымя».
Аўтар зборнікаў аповесцей і апавяданняў «Зерне падае не на камень» (1959) і «Сцяпан Жыхар са Сцешыц» (1966), аповесцей «Лонва» (1965, 1982), «Тартак» (1968), «Найдорф» (1976), раманаў «Чакай у далёкіх Грынях» (1962), «Мсціжы» (1972), «Алімпіяда» (1985).
У 1980 выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах, у 1990—1992 — Збору твораў у 4 тамах.
Творчая прыхільнасць Пташнікава-празаіка — вясковая тэматыка. Таксама значнае месца ў творчасці займала тэма вайны.