Кіраўнік Следчага камітэта прапанаваў тры захады, каб прадухіліць выпадзенне дзяцей з вокнаў

Апошнім часам у Беларусі ўзнікла праблема з выпадзеннем дзяцей з вокнаў.

sledchy.jpg

Кіраўнік Следчага камітэта Іван Наскевіч даслаў прэм’ер-міністру Андрэю Кабякову прапановы па прадухіленні смерці і траўмавання дзяцей. Копія дакумента аказалася ў распараджэнні «Нашай Нівы».

У лісце, адпраўленым 15 ліпеня, адзначаецца, што калі ў 2015 годзе быў зафіксаваны толькі адзін смяротны выпадак, то за ліпень 2016 года — ужо чатыры.

Наскевіч піша, што сітуацыю можа выправіць выкарыстанне спецыяльных дзіцячых замкоў бяспекі. Гэта прылада, якая не дазваляе дзецям цалкам адчыніць вакно.

Аднак «на сёння пытанне камплектацыі вырашаецца на добраахвотнай аснове грамадзянамі, якія імкнуцца перадусім паменшыць кошт канструкцыі. Масавы попыт на гэтую функцыю адсутнічае», — адзначае Наскевіч.

Паводле інфармацыі Следчага камітэта, кошт абароннай фурнітуры складае 11 рублёў (110 тысяч да дэнамінацыі).

У сувязі з гэтым Наскевіч высоўвае тры прапановы:

Па-першае, падумаць аб зменах у тэхнічныя нарматывы, каб абсталёўваць «дзіцячымі замкамі бяспекі» шматкватэрныя дамы і — абавязкова — дзіцячыя ўстановы.

Па-другое, абавязаць вытворцаў і ўстаноўшчыкаў вокнаў расказваць спажыўцаў пра існаванне дадатковых спосабаў абароны.

Па-трэцяе, размясціць прафілактычныя ўлёткі ў дзіцячых установах, бібліятэках, падраздзяленнях ЖКГ.