Ніна Багінская: Мая зямля арыштаваная, але сваіх яблынь я не кіну

29 ліпеня актывістка Ніна Багінская мела вызваліць арыштаванае раней лецішча ў Смалявіцкім раёне ад асабістых рэчаў. Зямельны ўчастак, разам з жылой і гаспадарчай забудовай выстаўлены на продаж за 10000 рублёў.

baginskaya_1.jpg

Ліст такога зместу — «Аб вызваленні памяшкання» — Ніна Багінская атрымала з аддзелу прымусовага выканання Смалявіцкага раёну.

Ніна Багінская паведаміла Свабодзе, што не збіраецца гэтага рабіць і ўжо даслала ў аддзел прымусовага выканання Першамайскага раёну Менска апратэставанне:

«Я павінна была вызваліць ад рэчаў памяшканне — хаціну і хлеў, якія знаходзяцца на лецішчы садовага таварыства «Геоляг» у Смалявіцкім раёне. Але пры дапамозе юрыстаў я апратэставала рашэнне. Я не падпарадкуюся гэтым законам і гэтай уладзе, якую лічу нелегітымнай і антынароднай».

За вулічныя акцыі, у якіх Ніна Багінская ўдзельнічала ад пачатку году, ёй прысуджаны штраф агулам 7000 рублёў новымі. Прычым з пэнсіі, якая складае каля 250 рублёў, улады штомесяц забіраюць 50 рублёў — у кошт спагнання штрафаў.

«Улады ўжо вывезлі ў кошт пагашэння штрафаў пральную машыну і мікрахвалёўку, якія знаходзіліся ў кватэры, дзе я прапісаная. Але праз суд удалося даказаць, што тэхніка належыць маім дзецям, таму яе павінны вярнуць. Цяпер узяліся за зямельныя ўчасткі», — кажа Ніна Багінская.

Жанчына валодае двума лецішчамі. Першае ўжо апісанае і выстаўленае на продаж за 10000 рублёў — у Смалявіцкім раёне, другое пакуль толькі арыштаванае — у Пухавіцкім раёне.

Нягледзячы на тое, што лецішчы арыштаваныя, Ніна Багінская часта ездзіць туды, каб даглядаць агарод і дрэвы:

«Я не падпарадкоўваюся гэтай уладзе і не прызнаю законнымі яе дзеянні. Таму працягваю даглядаць участкі, вырошчваю яблыкі. Нават калі ўлады навесяць там свае замкі, зачыняць мне дзверы, я буду туды прыяжджаць і збіраць свае ягады, грушы і яблыкі. Я не баюся гэтай улады і заклікаю іншых не баяцца. Трэба не плаціць, не падпарадкавацца, не выконваць, не працаваць на гэтую ўладу. Разумею, што мяне могуць пасадзіць у псіхушку, як тое здарылася са Славамірам Адамовічам і Кацярынай Садоўскай. Але мне ня страшна. Гэта ўлады нас баяцца. У мяне ваяўнічы настрой. Так атрымліваецца, што чым больш ціснуць, тым больш запалу супрацьстаяць».

Ніна Багінская нарадзілася ў 1946 годзе. Яна заўсёдны ўдзельнік вулічных акцый у Менску, на якія заўсёды прыходзіць з бел-чырвона-белым сцягам.

 Паводле Радыё Свабода