«За слова «незалежнасць» можна было патрапіць у псіхушку»
26 ліпеня адбылося пасяджэнне «Клуба Вітаўта» па тэме «Абвяшчэнне Незалежнасці». Ганаровы госць клуба дэпутат Вярхоўнага савета БССР Лявон Баршчэўскі распавёў цікавыя акалічнасці прыняцця Дэклярацыі Незалежнасці 27 ліпеня 1990 года.
Грамадскія настроі да незалежнасці
У канцы 80-ых, пачатку 90-га года нават у Фронце (Партыя БНФ — рэд) мы не маглі падумаць, што будзем абвяшчаць незалежнасць. Не, у Зянона Пазняка, я перакананы, гэтае разуменне было ад пачатку, але за такія словы як «незалежнасць», «поўны сувэрэнітэт» і іншыя падобныя можна было патрапіць у псіхушку, таму нават у фронтаўскіх дакументах даводзілася ўсяляк завуалёўваць гэтыя паняткі.
Вярхоўны савет 12 склікання
На першай жа сэсіі Вярхоўнага савета мы паставілі пытанне аб прыняцці Дэкларацыі незалежнасці. Камуністычная большасць вельмі супраціўлялася і апазіцыі БНФ было вельмі складана: нас было 30 дэпутатаў — толькі 8% ад усяго складу парляманта. Але пры спрыянні знешнепалітычных чыннікаў (напрыклад, план Гарбачова па абвяшчэнні незалежнасці рэспублікамі СССР з тым, каб потым падпісаць новую саюзную дамову) і нашымі агульнымі высілкамі ўдалося прыняць Дэклярацыю незалежнасці.
Роля Зянона Пазняка
Абмеркаванне Дэкларацыі пачалося 26 ліпеня 1990 года, але пракамуністычная большасць усяляк перашкаджала прыняцьцю: ішла барацьба літаральна за кожнае слова. І калі 26 ліпеня ў нас яшчэ атрымоўвалася ўносіць праўкі і іх прымалі, то 27 ліпеня савецкая наменклатура згуртавалася (відаць ужо атрымала ўстаноўкі ад КДБ) і не прымала ніводнай нашай прапановы. Тады Зянон Пазняк пайшоў на адчайны і прадуманы крок: з трыбуны Вярхоўнага савета ён агучыў сваю нязгоду з 11 артыкулам Дэкларацыі, у якой абвяшчалася аб перамовах па новай саюзнай дамове. «Я пакідаю гэты зал, а хто мяне падтрымае – гэта справа кожнага, — сказаў Пазняк і далей даў ім выспятка. — Вы ніколі ня прыміце Дэкларацыю, вы да гэтага няздольныя».
І вось з Пазняком пакідаюць памяшканне каля 30 дэпутатаў, але некалькіх, у тым ліку Сяргея Навумчыка, мы пакінулі ў зале — сачыць за тым, што адбываецца. Як толькі Пазняк выйшаў, так іх ушчыпіўшы, яны тут жа пачалі прымаць артыкулы Дэкларацыі, прычым з некаторымі нават нашымі былымі праўкамі. Калі раней Фронт прапаноўваў адзначыць у Дэкларацыі стварэнне свайго войска і гэтую прапанову адрынулі, то потым па прапанове дэпутата камуністычнай большасці гэтая фармулёўка была вернута.
Вынікі прыняцьця Дэкларацыі незалежнасці
Дэклярацыя дала нам мажлівасць уносіць многія законапраекты на разгляд парляманта, тыя законы, якія без дэкларацыі проста ніхто не паставіў бы ў парадак дня. У дэкларацыі напісана пра войска — і мы ўносім законапраект пра войска, спасылаючыся на Дэклярацыю і г.д. І хоць юрыдычна Беларусь сталася незалежнаю краінаю толькі 10 снежня 1991 года, калі Вярхоўным саветам была дэнансавана дамова аб утварэнні СССР, 27 ліпеня сталася важным днём у шматвякавой барацьбе беларусаў за незалеэжнасць сваёй дзяржавы.
Паводле сайта Маладога фронта