Лёс Мікалая Белакоза

Беларускай Беларусі добра вядома імя Алеся Мікалаевіча Белакоза. Настаўніка, краязнаўца. Аднаго з выбітных грамадскіх дзеячаў, асветніка з адраджэнскага руху найноўшага часу. Усё сваё жыццё ён аддаў дзецям, вёў шырокую нацыянальна-выхаваўчую работу з вучнямі, збіраў краязнаўчыя матэрыялы, стварыў Літаратурна-краязнаўчы музей у Гудзевічах Мастоўскага раёна, атрымаў званне заслужанага работніка культуры Беларусі. А нядаўна быў уганараваны прэміяй «За свабоду думкі». Я ж хачу распавесці пра яго бацьку — Мікалая Язэпавіча Белакоза.
 

Лёс беларуса Мікалая Белакоза — гэта лёс многіх беларусаў ХХ стагоддзя: пакручасты і драматычны. Але беларусы не падалі духам: жылі, працавалі на зямлі, кармілі свае сем’і.
Даслаў ліст у вёску Гудзевічы Мастоўскага раёна Алесю Мікалаевічу Белакозу, што хачу напісаць пра ягонага бацьку Мікалая Язэпавіча Белакоза. Хутка ад яго прыйшоў пакет з адказамі на мае пытанні, з фотаздымкамі, успамінамі пра бацьку. А ў пісьме Алесь Белакоз напісаў: «Дарагі Сяргей, шчыра дзякую, што хочаце ўспомніць і пра майго тату, бо ён быў прадстаўніком бяднейшага сялянства і заставаўся ім пры ўсіх уладах, хоць бальшавікі лічылі тату амерыканцам, ворагам, кулаком. Праўда, тры гектара зямлі і адна карова не давалі падставы называць яго кулаком, але бальшавікоў ён не любіў усё жыццё». Алесь Мікалаевіч дазволіў мне карыстацца ўсімі ягонымі дакументамі і ўспамінамі пра бацьку, а калі што не зразумела — звяртацца да яго па дапамогу.
Мікалай Белакоз нарадзіўся ў 1890 годзе ў сям’і Язэпа Белакоза і Вольгі Прытыцкай у вёсцы Юраўляны каля Крынак на Беласточчыне. «У Яраўлянах, — кажа Алесь Мікалаевіч, — там спрадвеку жылі мае прашчуры. Мова Яраўлянаў мне даражэйшая і прыгажэйшая за мясцовую, дзе я жыву. Я, напрыклад, кажу: «дзякуй Богаві», «гобруць» і іншыя словы, характэрныя для Яраўлянаў. І ў нас ёсць прыстаўное «г», мы кажам: «гостры», «гараць», а не «араць» і г.д. Кажу «Яраўляны», а не «Юраўляны», таму што ў 1939 годзе там, каля вёскі, бачыў яры. Просты польскі пісар, каб паздзекавацца з селяніна ў ХVI стагоддзі, даваў сялянам прозвішчы Сярун, Сцака, Пенес і іншыя непрыстойнасці. А чаму б не абразіць усю вёску, хоць «юр» не мае дачынення да вёскі, але чужынцы навязалі такое гучанне: Юраўляны…»
Калі бацькі Мікалая Белакоза Язэп і Вольга вярнуліся з бежанства — засеялі ў Юраўлянах ад радасці роднае поле, але першага ўраджаю так і не дачакаліся, хутка паўміралі ад тыфу. Вольга была вельмі прыгожай жанчынай: чарнявая, стройная. Прыгожым і высокім быў і Язэп. Іх сын Мікола Белакоз быў самым старэйшым у сям’і, рос вельмі здольным хлопчыкам. Ён «на выдатна» скончыў Крынскае гарадское вучылішча, за што атрымаў нават адпаведную грамату і падарунак. Але ў той час далей вучыцца не было мажлівасці. Таму дужы, працавіты Мікалай Белакоз вымушаны быў застацца ў хаце ў Юраўлянах, каб араць, касіць, сеяць, малаціць.
Зямлі ў бацькоў Мікалая было чатыры дзесяціны. Яе неабходна было падзяліць на чатырох сыноў — Мікалая, Пятра, Гальяша і Івана, а таксама на дачку Алесю. Гальяш загінуў падчас рэвалюцыі ў Расіі. Самы малодшы Іван з польскага войска ў сярэдзіне 1920-х гадоў уцёк у СССР, дзе быў узнагароджаны за тое, што перайшоў мяжу са зброяй у руках. Аднак у Краснаярску, калі вучыўся на трэцім курсе інстытута, яго арыштавалі і расстралялі. Пятрук вывучыўся на краўца, жыў у Беларусі, а пасля выехаў на радзіму жонкі ў Харкаў. Сястра Алеся выйшла замуж за свайго хлопца і нарадзіла чатырох сыноў і дачку. Вось такі лёс братоў Мікалая Белакоза.
У 1910 годзе Мікалая забралі ў войска. Праслужыў чатыры гады. Пачалася Першая сусветная вайна. Ваяваў тры гады ў той самай кавалерыі, у якой служыў, удзельнічаў у Брусілаўскім прарыве. У 1917 годзе трапіў пад кулямётны агонь, яму параніла галаву, руку і правую нагу. Пасля вайны моцна кульгаў. Калі ажаніўся з Волькай Петрашэвіч, якая трохі заікалася, часта жартаваў: «Кульгаваму найбольш хадзіць, а заікліваму найбольш гаварыць».
«Мая мама паходзіла з вёскі Падбараны, якую ў народзе называюць чамусьці Радзівонаўцы, — успамінае Алесь Мікалаевіч Белакоз. — Да Падбаранаў ад Гудзевіч 9 кіламетраў, калі ісці палявымі сцежкамі, а калі па тракце — больш за 14. Пазнаёміліся і пажаніліся бацькі ў бежанстве каля Харкава напачатку 1919 года. А калі вярнуліся з бежанства ў Юраўляны, то на трох братоў і сястру было толькі чатыры гектары зямлі. Гэта вельмі мала».
З Харкава Мікалай і Волька Белакозы прывезлі тры мільёны керанак (грашовыя купюры, якія выпускаліся Часовым урадам у Расіі ў 1917 годзе і Дзяржбанкам РСФСР у 1917–1919 гадах. — С.Ч.). Каб сабраць столькі на дарогу, прадалі ў Харкаве асабістыя цяжэйшыя рэчы, збіралі заробак. «Заўтра сходзім у Крынкі на кірмаш, трэба грошы распускаць, бо яны прападуць», — сказаў жонцы Мікалай. Раніцай пайшлі на рынак. І Мікалай заўважыў, што керанак людзі не бяруць. Толькі адзін яўрэй прадае за керанкі саганчыкі.
— Колькі хочаце за гэты саганчык? — пытаецца вясковец у яўрэя.
— Тры мільёны керанак, — адказвае яўрэй.
— Пабойцеся Бога, — абурыўся Мікалай. — Каб зарабіць тры мільёны, я год працаваў.
— Ну якія гэта грошы, заўтра за гэтыя грошы, можа, і бульбіны не купіш, — даказваў сваё яўрэй.
Мікалай купіў саганчык.
Мікалай Белакоз быў вельмі веруючым чалавекам. Алесь Мікалаевіч Белакоз успамінае: «Кожную нядзельку ці ў іншае свята ён шчыра маліўся ў царкве, кожны раз перад сном і пасля сну хвілін дваццаць маліўся на каленях. Іншы раз абураўся, што святароў польскія ўлады прымушаюць казаць пропаведзі па-польску, што праваслаўную рэлігію бацюшка ў школе выкладае па-польску, што дзіця ў школе караюць бізуном нават за тое, што на перапынку звернецца да сябра па-беларуску, што не дазваляюць беларусам купляць зямлю, не прымаюць на працу на фабрыкі ды заводы, у дзяржаўныя ўстановы».
Пры Польшчы ўлады не вельмі хацелі пускаць беларусаў на заробкі ў Злучаныя Штаты Амерыкі, бо там яны маглі зарабіць прыстойныя грошы. Таму беларусы ехалі ў іншыя краіны. Вырашыў паехаць на заробкі ў Бразілію і Мікалай Белакоз са сваім сваяком Філімонам Белакозам. Два месяцы плылі яны ў Бразілію. Па дарозе бачылі, як ляцелі з выраю буслы. Яны ў акіяне сядалі на карабель і больш падняцца ў паветра не маглі. Ад лішняга грузу карабель запавольваў ход. Матросы скідалі буслоў у ваду. Усе яны гінулі. «Гэта ж нашы, з Беларусі», — гараваў Мікалай.
Калі хлопцы прыехалі ў Бразілію, то толькі на чацвёрты дзень ім удалося ўладкавацца на працу ў лядоўню. Праца была цяжкая, але плацілі за яе добра. Потым уладкаваліся да аднаго фермера з Латвіі, а пасля распачалі свой уласны бізнэс. У Бразіліі Мікалай Белакоз часта марыў, як ён вернецца дахаты з далярамі, навязе гасцінцаў Волечцы і дочанькам Веры і Аленцы, як купіць гектараў сем зямлі ды стане сапраўдным гаспадаром, як гэта зямелька будзе самая ўрадлівая, бо ён прыкладзе рукі да яе, сэрцам адчуе яе патрэбы.
Планаваў, як будзе апекаваць непаўнагадовых хлопчыкаў Бароўскіх, матулю якіх пасадзілі ў турму, што не аддавала секвестратару прыгожы падвойны дыван, які выткала разам з ягонай Волечкай. Такіх дываноў у Юраўлянах ніхто не ўмеў ткаць, а яе Волька навучыла. Мікалай разважаў, што навучыць сыноў Бароўскіх, як трэба гаспадарыць, каб зямля радзіла. Ён ім дапаможа купіць чацвёра парасят, малочную цялушку. Паціху ўзаб’юцца на ногі. Ён аддзячыць Петрушу за ўсё тое добрае, што атрымаў ад разумнага ды разважлівага суседа. Ён дапаможа сястры Алесі, брату Пятру, пашле грошай у Сібір Ясю, які ўцёк у Савецкі Саюз…
Так марыў, але адкрылася рана на назе. Пайшоў да хірурга. Той сказаў, што адкрылася ад перамены клімату, і не загоіцца ад бразільскай гарачыні, што можа прывесці да гангрэны — а значыць, да смерці.
Мікалай Белакоз пачаў збірацца дамоў. Не захацеў заставацца там і Філімон. Разам падлічылі заробленыя грошы, купілі падарункі суседзям, сваякам, білеты на карабель, новае адзенне, мяшкі апельсінаў, бананаў, ананасаў, фісташак і паехалі на Радзіму. Вярнуліся дахаты ў разгар лета. Крынкаўскі балагол за невялікую плату прывёз мужчын у Юраўляны. Збеглася ўся вёска. Запрасілі за стол суседзяў, пачалі частаваць вяскоўцаў цукеркамі, замежнай садавіной і гароднінай. Гэта быў 1927 год. Прывёз Мікалай Белакоз дамоў тады 1870 даляраў, што на той час у Польшчы склала каля 17 тысяч злотых, альбо 170 кароў.
Працаваць з хворай нагой на зямлі Мікалаю было цяжка. Таму вырашыў ён разам з жонкай адкрыць у Юраўлянах краму. Але крыху раней краму адкрыў Філімон з жонкай, таму мець у вёсцы дзве крамы не было ніякага сэнсу. У 1928 годзе ў Лятках, цяпер гэта вёсачка злілася з Гудзевічамі на Мастоўшчыне, купілі хатку, пераехалі туды і пачалі гандляваць.
Канкурэнты, імкнучыся выкурыць Белакозаў з Ляткоў, падпалілі хлеў, а пасля падклалі самагонку. Хоць былі сведкі, якія бачылі, як падкладвалі Белакозам самагонку, усё ж падкуплены суд прыгаварыў Мікалая Белакоза да 9 месяцаў турмы. Адбыў тэрмін і вярнуўся дамоў, а потым на сваю матулю вытрабаваў дазвол на гандаль гарэлкай. «У нашай хаце часта пілі сяляне і службоўцы. Я кожны дзень чуў іх размовы пра прыгнёт, — успамінае Алесь Мікалаевіч. — І сам пачаў разумець, што беларусы на сваёй роднай зямельцы не могуць гаспадарыць, не маюць права на працу і на вучобу. Вяскоўцы часта пыталіся ў мяне: чаму селянін не любіць есці неабабраную бульбу. Я адказваў: з селяніна ўсе дзяруць скуру, то ён хоць з бульбы абдзірае. Гэта заўсёды выклікала рогат».
Падчас Другой сусветнай вайны Мікалай Белакоз з сям’ёй жыў у вёсцы, апрацоўваў тры гектары зямлі, трымаў дзве каровы, некалькі авечак, чацвёра свіней, хатніх птушак. Па начах, акрамя партызанаў і розных бандытаў, хадзілі ўласаўцы і пераапранутыя немцы. У чэрвені 1943 года да іх пад хату прыйшла вялікая банда. Сярод іх не было ніводнага знаёмага чалавека. Мікалай іх у хату не пусціў. Пачалася страляніна. Ад куль загінуў Мікалай Белакоз.
Алесь Белакоз прыгадвае: «Пасля вызвалення доўга адпаведныя органы вялі следства, аднак ніхто дрэннага слова пра бацьку не сказаў. Паўплывала і тое, што сястра мая ў час вайны патаемна па савецкіх падручніках — іншых не было — вучыла дзяцей зусім бясплатна, хоць на кожным кроку рызыкавала жыццём. Сярод яе вучняў трое былі дзецьмі расстраляных фашыстамі бацькоў. А найхутчэй, паўплывала тое, што следства вёў прыстойны чалавек. Сястра на допытах казала адкрыта ўсё, што думала, аднак не ўсё запісвалася ў пратаколы, бо інакш цяжка было б растлумачыць, як мы перажылі той час…»
Так абарваўся лёс беларуса Мікалая Белакоза з Юраўлянаў. Насуперак прыдуманаму міфу, зусім не ціхмянага і пакорлівага, а моцнага і прадпрыемлівага, здольнага на рашучую барацьбу за свой гонар і сваё дабро.