Наш чалавек — ракета з XVII стагоддзя

У далёкім 1673 годзе будучы вялікі князь літоўскі Ян Сабескі ў Хоцімскай бітве ВКЛ супраць асманаў выкарыстаў тэхналогіі нашага зямляка Казіміра Семяновіча. Давайце даведаемся больш пра першага канструктара ракетаў, вялікага артылерыста і навукоўца.

Трэцяе выданьне працы Казіміра Семяновіча ў перакладзе на нямецкую мову. Другая палова XVII ст.

Трэцяе выданьне працы Казіміра Семяновіча ў перакладзе на нямецкую мову. Другая палова XVII ст.

Таямнічая сьмерць

Казімір Семяновіч скончыў зямное вандраваньне таемным чынам. Адно з самых распаўсюджаных меркаваньняў кажа аб тым, што ў прыблізна 1651 годзе ён быў забіты ўласнымі калегамі па «піратэхнічным цэху» ў сучасных Нідэрляндах з прычыны раскрыцьця некаторых таямніцаў прафэсіі. А таксама ў сувязі з занадта сьветлай галавой вынаходніка, якая магла прыдумаць новыя рэвалюцыйныя рашэньні ў галіне, што добра пачувалася і з ранейшымі ведамі.

За год да сьмерці пабачыла сьвет выбітная кніга Семяновіча – Вялікае майстэрства артылерыі, першая частка. Другая была напісаная і падрыхтаваная да выхаду, але была выкрадзеная і верагодна назаўжды зьнішчаная зламысьнікамі.

Паводле Міхася Ткачова, галоўная частка разьдзела аб ракетах зьмяшчае апісаньне канструкцый і спосабаў вырабу некалькіх дзесяткаў тыпаў ракетаў. Тут і ракеты з жэрдкай у якасьці стабілізатара, ракеты з хваставымі стабілізатарамі-крыламі, ракеты, што запускаюцца з спецыяльных станкоў, ракеты, якія бегаюць па вадзе або плаваюць і раскідваюць іскры, ракеты, што рухаюцца туды і назад па вяровачках, ды іншыя.

Казімір Семяновіч

Казімір Семяновіч

Асаблівая цікавасьць у сучасных гісторыкаў навукі і тэхнікі — да шматступеневых ракетаў — далёкіх продкаў сучасных касьмічных. Лічыцца, што вынаходніцтва такіх аб’ектаў належыць ці то Цыялкоўскаму, ці то Бінгу і Годарду, што адсылае нас да пачатку ХХ стагодзьдзя. На самой жа справе канструкцыю шматступеневай ракеты ўпершыню апісаў у сваёй кнізе ў 1650 годзе наш вайсковы інжынэр Казімір Семяновіч.

Малавядомае жыцьцё

Чалавек выключнай значнасьці для Беларусі правёў не самае шырокавядомае жыцьцё. Дакладных фактаў пра яго дзейнасьць не так і шмат. Мы ведаем, што ён удзельнічаў у вайне нашай дзяржавы супраць Масковіі, у Смаленскай кампаніі. Як піша Ўладзімер Арлоў, традыцыйна ўзьнёсла і з пашанай: «Пасьля навучаньня ў віленскай школе-калегiюме Семяновiчу таксама давялося ўзяць у рукi зброю. У бiтвах Казiмiр быў заўсёды рашучы i мужны, хоць лiчыў войны найбольшай бядой на сьвеце.

Трапiўшы ў войска, Семяновiч адразу зацiкавiўся артылерыяй — навукай пра гарматы i iхняе баявое выкарыстаньне. Артылерысты лiчылiся на вайне галоўнымi. Ад iх майстэрства вельмi часта залежала перамога».

Каб паглыбiць свае навуковыя веды, Казiмiр Семяновiч выпраўляецца ў далёкія Нідэрлянды. Грошы на падарожжа даў яму вялiкi князь Уладзiслаў Ваза. Разам з навукай Казіміру прыйшлося паўдзельнічаць і ў мясцовай вайне паміж Нідэрляндамі і Гішпаніяй. Семяновіч у сваёй працы адзначае, што «ў часе вельмі многіх славутых аблогаў у Нідэрляндах, адбываючы практыку вайсковую і выконваючы абавязкі, зьвязаныя зь ёю, а таксама выхоўваючы годнасьць артылерыйскую, запісаў шмат рэчаў, частку сам вынайшаў, нечаму навучыўся ў іншых».

Тытульная старонка працы Семяновіча, 1651 г.

Тытульная старонка працы Семяновіча, 1651 г.

Знаходзячыся ў Нідэрляндах, якія былі тады адной з сама перадавых дзяржаваў Эўропы, Казімір Семяновіч атрымаў магчымасьць блізка пазнаёміцца з багатай эўрапейскай літаратурай пра артылерыю і піратэхніку, з кнігамі па гісторыі і культуры. Ёсьць падставы меркаваць, што вялікі князь Уладзіслаў апекаваўся таленавітым фэервэркерам, даваў патрэбныя грошы Семяновічу, каб той меў магчымасьць вывучаць зброю ў арсэналах, як лічыць Аляксандар Бельскі.

У 1646 годзе вялікі князь просіць Казіміра вярнуцца на радзіму дзеля падрыхтоўкі і ўдзелу ў вайне з туркамі.

Вялікі навуковец

Мэту сваёй кнігі Казімір Семяновіч бачыў так: «...выданьнем гэтае працы я хацеў бы зрабіць паслугу маёй Радзіме і маім суайчыньнікам, якія заўсёды выяўлялі вялікую схільнасьць да згаданай навукі і якія цанілі яе болей, чым іншыя галіны вайсковай навукі, аднак жа да гэтага часу не мелі кнігаў, па якіх маглі б вывучаць яе».

Можна прывесьці шмат прыкладаў назіральнасьці Казіміра Семяновіча, што дазваляла яму па-новаму паглядзець на звыклыя зьявы і працэсы. Міхась Ткачоў у сваім дасьледаваньні робіць акцэнт на тым, як Семяновіч апісвае працу майстра-ракетніка пры запаўненьні порахам ракеты:

«Чым даўжэйшаю будзе ручка молата і чым вышэй падыме руку майстар, які зьбіраецца ўдарыць, тым з большаю сілаю молат стукне па пастаўленым ніжэй шомпале, так што мацней будзе біць молат вагою 10 фунтаў, чым другі, у 10 разоў цяжэйшы, які мае ў 10 разоў карацейшую ручку. Прычыны гэтага трэба шукаць у прынцыпах механікі... Шпарчэйшы будзе рух па акружыне (а мы цяпер кажам толькі пра такі рух) таго прадмета, які больш аддалены ад цэнтра свайго руху, чым таго, які менш аддалены ад гэтага цэнтра.

У адпаведнасьці з гэтым, калі ўзяць больш доўгую ручку молата ў якасьці радыюса акружыны, цэнтар якой знаходзіцца ў плячы майстра, то молат будзе прыводзіцца ў рух лягчэй і хутчэй і ў выніку будзе ўзьдзейнічаць эфектыўней, чым молат з карацейшай ручкай; гэты молат хоць бы і меў большы цяжар у параўнаньні з першым, рухаўся б павольней з тае прычыны, што мае карацейшую ручку».

Няцяжка ўбачыць, што ў пададзеным урыўку гаворка ідзе пра колькасныя параметры ўдару, эквівалентныя сучасным фізычным паняткам працы і энэргіі. Між тым панятак кінэтычнай энэргіі Ляйбніца быў ўведзены ў навуковы ўжытак толькі ў 1686 годзе.

Казімір Семяновіч зрабiў таксама шмат вынаходак, якiя і сёньня выкарыстоўваюцца ў ракетабудаваньнi. За гэтыя заслугі Казіміра Семяновіча справядліва называюць «дзядулем» ракетнай тэхнікі.

Беларус, калі будзе патрэба, паляціць і ў космас.