Патрыёт і пярэварацень: Зарыян Даленга-Хадакоўскі

Ён пражыў два жыцці, за што параўноўваў сябе з пярэваратнем. Прайшоў шлях ад патрыёта Рэчы Паспалітай да распрацоўшчыка канцэпцыі ўсеагульнага славянскага адзінства. Скептычна ставіўся да хрысціянства і казаў пра эпоху язычніцтва як перыяд найбольшай згуртаванасці славян.

З.Даленга-Хадакоўскі. Малюнак К.Прэка.

З.Даленга-Хадакоўскі. Малюнак К.Прэка.

А яшчэ яму належыць ідэя Кургана Касцюшкі ў Кракаве, і менавіта ён устанавіў, што бітва 1067 года паміж Усяславам Полацкім і Яраславічамі адбылася на Нямізе каля Мінска, а не на Нёмане, як сцвярджаў Карамзін. Дзякуючы яму быў пакладзены пачатак актыўнага вывучэння народнай культуры ва Усходняй Еўропе і выкарыстання яе ў навуковых даследаваннях.

Адам Чарноцкі, вядомы як Зарыян Даленга-Хадакоўскі — пачынальнік славяназнаўства. Яго даследаванні мелі настолькі вялікі ўплыў, што Аляксандр Пушкін называў сябе «новым Хадакоўскім».

Адам нарадзіўся 24 снежня 1784 года пад Гайнай сённяшняга Лагойскага раёна ў сям’і збяднелага шляхціца Якуба Чарноцкага і Секундзіны Бародзіч.

Яго бацька працаваў аканомам і арандатарам у розных панскіх маёнтках. Паспеў нават паўдзельнічаць у паўстанні 1794 года пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі. Марыў аб багацці, але ўсё жыццё судзіўся то са сваімі наймальнікамі, якія яго ашуквалі, то са сваякамі. У выніку, заклаў пад суды не толькі ўласныя мураваны дом і два пляцы на вуліцы Валоцкай у Мінску, але і пасажныя грошы жонкі, прызначаныя пасля яе смерці ў 1787 годзе «на навуку сына» Адама.


Бедны родзіч багатых сваякоў

Першую адукацыю Адам атрымаў ад брата маці ксяндза Бародзіча, на якога хлопчыка пакінуў яго бацька, калі ў 1792 годзе выправіўся ў пошуках працы ў Мазовію. Пасля сваркі бацькі з сям’ёй жонкі, Адам апынуўся ў больш заможных сваякоў у Слуцкім павеце ў маёнтку Лецяшын — у віцебскага падстолія Ксаверыя Чарноцкага. Разам з дзецьмі апошняга Адам спачатку атрымоўваў хатнюю адукацыю, а затым адразу патрапіў у другі клас Слуцкага каталіцкага вучылішча.

За два гады навучання Адам прадэманстраваў незвычайныя здольнасці ў гісторыі і геаграфіі, моцна захапіўся кнігамі па старажытнай гісторыі. Сярод яго любімых заняткаў былі чытанне старых рукапісаў, якія захоўваліся ў хатнім архіве Ксаверыя Чарноцкага, і збіранне песень, казак і паданняў вясковага люду. Апошняе выклікала асаблівае непаразуменне з боку настаўнікаў, за што яго абразліва называлі летуценнікам.

Не маючы магчымасці быць сваім у асяродку заможных сваякоў, Адам адчуваў сябе сіратою і шмат часу праводзіў у вандроўках па вёсках Случчыны. Нездарма пазней ён называў сябе не інакш, як «простым селянінам», «тутэйшым» або «случчаком».

Віленскі ўніверсітэт

Віленскі ўніверсітэт


Ад шчаслівай беднасці да несумленнага дастатку

У 1800 годзе Якуб Чарноцкі, абцяжараны шматлікімі судовымі справамі і пазыкамі, памёр. 16-гадовы Адам вымушаны быў клапаціцца пра дзяцей бацькі ад другога шлюбу — малодшага брата Фаўстына і сястру і Анэлю. Таму ў 1801 годзе, пасля заканчэння Слуцкага павятовага вучылішча, Адам пераехаў у Мінск, дзе ўладкаваўся хатнім настаўнікам і займаўся ўсім, што давала кавалак хлеба.

Маючы вялікую патрэбу ў фінансавых сродках, ён вырашыў стаць юрыстам, для чаго самастойна вывучыў прававыя навукі. У 1802–1804 годзе Адам жыў у Наваградку, дзе праходзіў юрыдычную практыку, цікавіўся Статутамі Вялікага Княства Літоўскага.

У 1805 годзе ён нарэшце здаў экзамен па юрыспрудэнцыі, але замест таго, каб уладкавацца на працу, Чарноцкі ў першую чаргу накіраваўся ў Мінск і вырашыў справу па выкупе некалі закладзенага бацькам дома і перадаў яго сваім брату і сястры. Для гэтага Адаму прыйшлося шмат папрацаваць у архіве, дзе ён перапісваў дакументы і накіроўваў іх вядомаму польскаму вучонаму Тадэвушу Чацкаму, аўтару працы «Аб літоўскіх і польскіх правах…», якая паўплывала на фарміраванне светапогляду маладога Чарноцкага.

У сакавіку 1807 года Адам паступіў на працу да былога навагрудскага ваяводы Несялоўскага спачатку намеснікам упраўляючага, а затым і ўпраўляючым маёнтка ў Варончы. Нягледзячы на высокі заробак у 300 сярэбраных, ён не мог прыняць той сістэмы жорсткай эксплуатацыі сялян, якой вымушаны быў служыць. Нездарма ў альбоме свайго сябры ён запісаў: «Не служы, не служы прыватнай асобе, хоць ты павінен будзеш памерці з голаду! Блукаў я па свеце, быў бедным і шчаслівым. А зараз, маючы дастатак і службу, жадаю толькі памерці».


Лёсавызначальная памылка

Блізкім сябрам Чарноцкага быў пляменнік графа Несялоўскага — Антон, які збег у Варшаўскае герцагства і перайшоў на службу ў напалеонаўскае войска. У адным з лістоў да яго Адам у лістападзе 1808 года выказаў жаданне таксама паступіць на службу да Напалеона, «каб служыць вызваленню любімай Айчыны». Але гэты ліст быў перахоплены царскай паліцыяй і паставіў крыж на далейшых планах Адама, які ў той час здзяйсняў мару свайго бацькі — аб заможным жыцці.

24 сакавіка 1809 года Чарноцкі быў арыштаваны і адпраўлены на допыты ў Гродна, а ўжо 30 красавіка знаходзіўся ў Петрапаўлаўскай крэпасці Пецярбурга ў адзіночцы, маючы на харчаванне ўсяго па 20 капеек на дзень.

Месяцы, поўныя непаразумення, пакуль нарэшце 26 кастрычніка справа Адама не патрапіла ў палітычны камітэт, які займаўся пакараннямі ўцекачоў за мяжу. Чарноцкі абвінавачваўся ў «злым намеры» супраць дзяржавы, за што яму пагражала смяротнае пакаранне! Ён спісваў усё на зацямненне свядомасці, выкліканае хваробай, і ў адным з лістоў пісаў: «О Божа! У чым мая віна? Няўжо палітычныя погляды людзей нязменныя?.. Няўжо дзесяць месяцаў майго цярпення ў адзіночнай турме — недастатковая кара за некалькі недарэчных слоў прыватнага пісьма?»

Пяць тыдняў пасля суда Чарноцкі правёў у поўнай невядомасці, пакуль, нарэшце, з ласкі імператара Аляксандра ІІ смяротнае пакаранне яму не было заменена пажыццёвай службай у салдатах. Апошні месяц 1809 года ён утрымліваўся ў каменданцкай Зімовага палаца разам са звычайнымі злачынцамі, пасля чаго 31 снежня быў адпраўлены ў Ноўгарад. Тут яму паведамілі пра пазбаўленне шляхецтва і прызначэнне салдатам у 24-ю дывізію генерал-лейтэнанта Глазенапа ў Омск.

Па дарозе ён вёў запісную кніжку, названую «Маё падарожжа без ахвоты». На яе старонках Адам занатоўваў уласныя ўражанні ад наведаных мясцін, іх флоры і фаўны, апісанні звычаяў і страў народаў, з якімі знаёміўся. У Омску Чарноцкі выдатна авалодаў рускай мовай, а ў 1811 годзе ў складзе дывізіі Глазенапа вярнуўся на Радзіму і 21 чэрвеня прыбыў у Бабруйск. Ішла падрыхтоўка да вайны з Напалеонам.

Магіла брата Адама Чарноцкага Міхала

Магіла брата Адама Чарноцкага Міхала


Смерць Чарноцкага і з’яўленне Хадакоўскага

Чарноцкі не губляў часу, і ў верасні 1811 года збег з войска. Прычым, каб пачаць новае жыццё, імітаваў уласнае ўтапленне, пакінуўшы на беразе Бярэзіны адзежу. Улады палічылі гэта сведчаннем смерці, а знойдзеныя рэчы Адама перадалі ў маёнтак Лецяшын у Слуцкім павеце.

Сам жа Чарноцкі дабіраўся да Варшавы, дзе перадаў французам план Бабруйска і пад імем Зарыяна Любранскага паступіў на службу ў 5-ы пяхотны полк корпуса маршала Даву. У войску Адам выконваў сакрэтныя заданні: некалькі разоў пераходзіў праз Нёман, распаўсюджваў сярод сялян улёткі на беларускай мове супраць прыгоннага права, і нават выступаў пасрэднікам у справе арганізацыі сустрэчы ўніяцкіх іерархаў, задуманай Напалеонам. 30 мая 1812 года, напярэдадні паходу Вялікай арміі на Расію, Адам Чарноцкі падаў у адстаўку.

Пасля паразы Напалеона Адам быў вымушаны хавацца ў сваякоў у вёсцы Кезгалоўцы Навагрудскага павета, дзе закахаўся ў мясцовую прыгажуню Юлію, таксама Чарноцкую. Але баючыся быць выкрытым, праз Тураў з’ехаў на Валынь, дзе ўзяў сабе новае імя — Зарыян Даленга-Хадакоўскі, пад якім стаў вядомым навукоўцам. Ён перапісаў біяграфію і вырашыў цалкам змяніць сваё жыццё, у адпаведнасці з тым, аб чым сапраўды марыў, — стаць вядомым даследчыкам.


«Крупінка вялізнейшай славяншчыны»

На Валыні Даленга-Хадакоўскі наведваў магнацкія бібліятэкі, з галавой аддаваўся вывучэнню «Слова пра паход Ігаравы», звярнуўшы ўвагу на яго падабенства з беларускімі і ўкраінскімі песнямі. Знаёміўся з усімі вядомымі на той час працамі па гісторыі славян рускіх, польскіх і чэшскіх вучоных, падкрэсліваючы, што «кожны з іх сваім патрыятычным вокам бачыў толькі свой народ і сваю мову, забыўшы, што ён з’яўляецца толькі крупінкай вялізнейшай славяншчыны…».

У гэты ж час Хадакоўскі пасябраваў з Адамам Ежы Чартарыйскім. Князь згадзіўся фінансаваць вывучэнне народнай культуры на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай, але не падтрымаў імкнення вучонага напісаць гісторыю агульнаславянскага перыяду. Хадакоўскі ж у адказ зазначаў: «Няхай яго патрыятычная думка не аддзяляе ад мяне іншыя славянскія краіны».

Апісанне характару Хадакоўскага і яго знешняга выгляду пакінуў Рамуальд Падбярэскі: «Ён быў сярэдняга росту; твар меў круглаваты, немілавідны, пакрыты рабацінкамі; валасы чорныя, ільсняныя, заўсёды гладка пакрывалі галаву, нібы аблітыя вадою; вочы малыя, шараватыя, поўныя пачуцця, але ад бясконцае працы па вывучэнні даўніх рукапісаў амаль заўсёды напухлыя і чырванаватыя ля павекаў, стан сярэдні; ні вельмі худы, ні вельмі тоўсты. Гаварыў ён хутка і шмат. Раздражняльны, але крыўды хутка забываў. Адчуваючы сваё вяршэнства, ён у размове часам забываўся да раз’юшанасці. Памяць аграмадная, асабліва пра мясцовасці і геаграфічнае становішча; на гэтую здольнасць паказвалі два крутыя ўзгоркі над вачыма, вызначаныя ў сістэме Галя. Здаралася, што праз некалькі дзясяткаў гадоў у сяброўскіх лістах ён надзвычай падрабязна апісваў колісь наведаныя мясціны і выпраўляў памылкі, адносна геаграфічнага становішча краіны, напрамку схілаў і цячэння невялікіх рэк. Сэрца ў яго было сентыментальнае і сталае ў сяброўстве».

Праз дырэктара Крамянецкай гімназіі Сціборскага ён у 1814 годзе разаслаў па школах Украіны і Беларусі цыркуляры з прапановай настаўнікам і вучням заняцца зборам мясцовых легенд, абрадаў, замоў і перасылаць іх у Крамянец, у выніку чаго сабраў багаты матэрыял.


Вандроўка ў Кракаў і Галіцыю

7 верасня 1817 года Хадакоўскі, па настойлівай просьбе Чартарыйскага, выправіўся ў Кракаў для збору даследчага матэрыялу. У Ягелонскім універсітэце ён пазнаёміўся з прафесарам Бандке і ўнёс шэраг правак у другое выданне яго кнігі «Гісторыя Польшчы». Бандке ж у знак удзячнасці дапамог яму наладзіць перапіску з чэшскімі славістамі І. Коларам, П. Шафарыкам і Ё. Даброўскім. Але ў цэлым Хадакоўскага здзівіў нізкі ўзровень даследаванняў кракаўскіх вучоных і засілле каталіцкай царквы.

Галоўнае ж, што адбылося падчас наведвання Кракава, — гэта тое, што Хадакоўскі ў размове са старшынёй мясцовага сената Вадзіцкім прапанаваў насыпаць курган у гонар Тадэвуша Касцюшкі: «…як удзячная наша старажытнасць жменямі насыпала магутныя магілы для сваіх правадыроў», і нават унёс на праект два талеры. Гэта сталі першыя грошы на ажыццяўленне плана, распачатага ў 1820 і завершанага ў 1823 годзе.

У цэлым Хадакоўскі быў расчараваны вандроўкай у Кракаў, канстатуючы, што пад уплывам прыгону «загінула славянская традыцыя ў польскіх сялян; іх думкі і памяць не заходзяць ужо далей бацькоў».

З Кракава ён накіраваўся да Тарнава ў Галіцыю, якая ўваходзіла ў склад Аўстрыйскай імперыі. Тут Хадакоўскі паспрабаваў устанавіць мяжу паміж польскай і ўкраінскай мовамі, якую праводзіў па рацэ Сан, адзначаючы, што песні мясцовага насельніцтва «вельмі блізкія да ўкраінскай і беларускай моваў, поўныя вобразаў і старажытных выразаў».

Не губляў ён і сувязі з Радзімай, падтрымліваў ліставанне з братам Каралем, у якога прасіў то абмераць гару Міндоўга ў Навагрудку, то знайсці звесткі пра Крэва. У адным з лістоў Хадакоўскі пісаў: «Ці не праўда, што я падобны да пярэваратня? Доўгі час знаходзячыся для вас ды і для сябе ў стане змярцвення, але, дзякуй лёсу, жыву нанава. Бадзёры дух заўсёды трымаўся ўва мне. Нават пры апошнім згасанні надзеі не пакінуў ён мяне. Гэтай моцай уваскрэшаны, пайшоў я па прыкладу вядомых у прыродзе пераўтварэнняў. Прышпіліўшы сабе крылы, нашуся па свеце».


Праграмная праца

Хадакоўскі планаваў далейшы збор матэрыялаў на Галіччыне, калі напачатку сакавіка 1818 года яго паклікаў Чартарыйскі для напісання працы, якая павінна была стаць падставай для далейшага фінансавання яго росшукаў. У выніку гэтага штуршка з’явіўся праграмны артыкул — «Пра славяншчыну да хрысціянства», паклаўшы пачаткі распрацоўкі навуковых асноў славянскай археалогіі, этнаграфіі, фалькларыстыкі, дыялекталогіі і тапанімікі.

У ёй была акрэслена тэорыя гарадзішчаў, якія вучоны лічыў выключна славянскай з’явай і, адпаведна, іх наяўнасць разглядаў як сведчанне славяншчыны. Таксама фактычна ўпершыню Хадакоўскі звярнуў увагу на тапанімічныя назвы, бачачы ў іх крыніцу новых ведаў.

Дзякуючы Хадакоўскаму і яго сябру паэту Ляху-Шырме ў віленскіх выданнях у 1819 годзе з’явіліся спецыяльныя раздзелы з матэрыяламі па гісторыі, культуры і побыце мясцовага насельніцтва.

Хадакоўскі таксама наладзіў сувязі з графам Румянцавым, які даслаў вучонаму «Гісторыю дзяржавы Расійскай» Карамзіна. У адказ Хадакоўскі даслаў свае папярэднія заўвагі да яе. У адрозненне ад рускага гісторыка, Хадакоўскі быў антынарманістам, высунуўшы гіпотэзу аб «варагах-русі» як адным са славянскіх плямёнаў.


Бадзяга, апантаны надзеяй

З Беларусі Хадакоўскі зноў паехаў у Галіцыю, дзе быў усцешаны выданнем кніжак на ўкраінскай мове і стварэннем школ для сельскай моладзі. Зрабіў шэраг знаходак, напрыклад, у Перамышлі яму ў рукі трапіўся арыгінальны прывілей князя Льва Данілавіча ад 1292 года.

Тут жа ў жыцці Хадакоўскага здарыўся чарговы рамантычны эпізод: ён закахаўся ў Юзэфу Кульчыцкую, якая дапамагала яму ў збіранні славянскіх песень. Зарыян і Юзэфа гатовыя былі ажаніцца, але супраць шлюбу з «бадзягам Хадакоўскім» выступілі бацькі дзяўчыны.

5 кастрычніка 1818 года князь Чартарыйскі звярнуўся з дакладной запіскай да Віленскага ўніверсітэта і папрасіў прызначыць Хадакоўскаму штогадовы аклад у 1000 рублёў серабром, а таксама даць адкрыты ліст на права правядзення археалагічных раскопак і карыстанне архівамі і кнігасховішчамі. Але 31 кастрычніка ўніверсітэт адмовіў у просьбе Чартарыйскаму. Віленскія вучоныя былі настроеныя супраць Хадакоўскага з-за яго нападак на хрысціянства, і ў першую чаргу на каталіцкае духавенства.

Нягледзячы на адмову, Чартарыйскі ў другі раз звярнуўся да рады ўніверсітэта. У адказ на настойлівасць князя вучоны атрымаў толькі адкрыты ліст.

Хадакоўскі таксама намагаўся выбіць дапамогу ад Варшаўскага таварыства сяброў навук, але акрамя некалькіх станоўчых рэцэнзій на яго працы не атрымаў нічога.

Адкрыты ліст на правядзенне палявых даследванняў

Адкрыты ліст на правядзенне палявых даследванняў


Вучоны і глухі канцлер

Падтрымку працягваў аказваць толькі Чартарыйскі, які выдзеліў Хадакоўскаму 200 злотых на паўторнае падарожжа ў Кракаў. Але замест гэтага 10 студзеня 1819 года Зарыян выправіўся ў Кіеў, наведаў архівы і на пачатку лютага, напоўнены вялікімі спадзяваннямі, накіраваўся па фінансавую дапамогу да Румянцава ў Гомель.

Гэта быў адзін з найактыўнейшых перыядаў яго жыцця, калі ён абследаваў Беліцкі павет, дзе спыніўся, спрабаваў устанавіць мяжу паміж украінскай і беларускай мовамі, зазначыўшы, што «ў Чарнігаве і ад яго на поўнач і ўсход гавораць дыялектам беларускім». Раскопваў курганы па сярэднім цячэнні Дняпра, апісаныя гісторыкам Тэадорам Нарбутам. Займаўся праўкамі да работы Карамзіна, і ў першую чаргу да складзенай ім карты Старажытнай Русі: «Ён адрэзаў напалову старажытную Русь… Літве падараваў сённяшнія літоўскія губерні, дзе паміж Вільня і Гародняй народ гаворыць на беларускай мове».

Па вяртанні Румянцава з Пецярбурга ў Гомель Хадакоўскі звярнуўся да яго з прапановай прафінансаваць вандроўку па Паўночнай Расіі. Але глухі Румянцаў, што перанёс апаплексічны ўдар пасля навіны пра пачатак вайны Францыі і Расіі, не праявіў да гэтага ніякай цікавасці. Пасля сустрэчы Хадакоўскі жартаваў: «Напалеон у 1812 годзе нанёс найвялікшую паразу Русі, аглушыўшы яе канцлера ў Вільні».


Па дарозе ў «Паўночную Пальміру»

Хадакоўскаму нічога не заставалася, як цешыць сябе надзеяй знайсці падтрымку сваіх планаў у Карамзіна, для сустрэчы з якім ён праз Рагачоў, Быхаў, Магілёў, Віцебск, Полацк і Пскоў паехаў у Пецярбург. Чарговыя 100 рублёў яму пераслаў Чартарыйскі. Па дарозе ён спыняўся ў розных беларускіх гарадах і мястэчках, праводзіў раскопкі, даследаваў архівы. Напрыклад, у Магілёўскай гімназіі ён знайшоў невядомы яму экземпляр выдання Статута Вялікага Княства Літоўскага 1588 года.

Непадалёку ад Себежа Хадакоўскі пазнаёміўся з Канстанцыяй Флемінг, якая вылучалася адукаванасцю і дзелавітасцю ды адразу захапіла маладога вучонага. Да таго ж яна цікавілася вуснай народнай творчасцю і была адной з першых жанчын-збіральніц беларускіх песень. Канстанцыя і Зарыян павянчаліся ў Пскове.

Па дарозе Хадакоўскі паспяваў абследаваць гарадзішчы на поўначы Расіі і ўпэўніўся, «што фіны тут ніколі не жылі», аб чым пісаў у сваёй «Гісторыі» Карамзін. Нарэшце, 9 кастрычніка 1819 года Хадакоўскі ў другі раз у жыцці, праз 10 гадоў, наведаў Пецярбург, на гэты раз ужо як даследчык з планамі вялікага падарожжа. Апантанаму чалавеку заставалася толькі самая дробязь — знайсці грошы. Аднак зрабіць гэта малавядомаму вучонаму аказалася вельмі цяжка.

Мікалай Карамзін

Мікалай Карамзін

У пошуках грошай

Вядомасць да яго прыйшла неспадзявана: у «Весніку Еўропы» была надрукавана яго праца з крытыкай Карамзіна — «Даследаванне адносна рускай гісторыі». З аднаго боку, яна прынесла Хадакоўскаму папулярнасць, з другога — выклікала гнеў рускага гісторыка, ад якога залежаў лёс падарожжа. Нягледзячы на гэта, Карамзін змясціў шмат заўваг Хадакоўскага ў дадатку да 8-га тому сваёй «Гісторыі», хадайнічаў за яго перад міністрам асветы князем Галіцынам, і нават адправіў яму грошы: «Пасылаю 50 руб., больш не маю».

Рускі ж гісторык Іван Лабойка адзначаў, што Карамзін выказваў падтрымку падарожжу Хадакоўскага толькі з-за жадання пазбавіцца ад свайго крытыка.

Ведаючы пра яго цяжкае матэрыяльнае становішча, сябры «Вольнага таварыства аматараў расійскай славеснасці», на пасяджэннях якіх прысутнічалі будучыя дзекабрысты, выдзелілі Зарыяну 100 рублёў, ад якіх той, як ад «падачкі», адмовіўся.


Трагічнае падарожжа

У 1820 годзе праект падарожжа Хадакоўскага словамі «Быть по сему» падпісаў імператар Аляксандр ІІ. Расійскі ўрад выдзеліў яму 3000 рублёў. Але прайшоў цэлы месяц бюракратычнай валакіты, паклонаў, перш чым грошы дайшлі да Зарыяна. Праўда, большую іх частку прыйшлося вярнуць на атрыманыя ў ранейшы час пазыкі.

І ўсё ж 17 жніўня 1820 года Хадакоўскі разам з жонкай Канстанцыяй і сынам Алесем выправіўся ў падарожжа па Расіі — «для назірання і апісання розных прадметаў, якія адносяцца да гісторыі славянскіх плямён». Акрамя збірання матэрыялаў, раскопак гарадзішчаў, гэтае падарожжа стала для яго сямейнай трагедыяй: на Ладазе ён страціў сына, а ў Цверы — жонку. Але нават гэта не спыніла яго зацятасці і адданасці справе, якой ён прысвяціў жыццё.

У вандроўцы ён узяўся за «Працы з падарожжа па Расіі», пачатак якіх дасылаў у сакавіку міністру Галіцыну. У кастрычніку 1821 года «на зіму» спыніўся ў Маскве, дзе напісаў справаздачу пра сваю вандроўку. Але яго дадзеныя атрымалі адмоўную ацэнку з боку рэцэнзентаў — К. Калайдовіча і М. Фуса, апошні з якіх заявіў, што нічога добрага ад гэтых даследаванняў «надалей чакаць няможна». Гэтую выснову падтрымаў і Карамзін.

У выніку 11 красавіка 1823 года Хадакоўскі атрымаў афіцыйную адмову ў далейшым фінансаванні. Ад безвыходнасці Хадакоўскі шукаў дапамогі ў Варшаўскага таварыства сяброў навук, але і тут атрымаў адмову.

Страціўшы ўсялякую надзею на працяг даследаванняў, у жніўні 1823 года Зарыян уладкаваўся кіраўніком маёнтка памешчыка Мацкевіча ў сяло Пятроўскае Цвярской губерні. Тут ён ажаніўся ў другі раз і ў хуткім часе памёр — «ад раптоўнай прастуды» 17 лістапада 1825 года ва ўзросце 40 гадоў.