Першая Кармэн. Гісторыя жыцця легенды беларускай опернай сцэны Ларысы Александроўскай
90 год таму, у маі 1933-га, упершыню адчыніў дзверы для публікі Беларускі дзяржаўны тэатр оперы і балета. У прэм’еры — «Кармэн», галоўную партыю ў ёй бліскуча выконвала Ларыса Александроўская, якую сучаснікі называлі «беларускім салаўём». Гісторыю жыцця спявачкі распавядае «Салідарнасць».
Яна нарадзілася ў Мінску ў лютым 1902 года — пятае дзіця ў сям’і чыноўніка Лібава-Роменскай чыгункі. Ужо значна пазней, пасля эвакуацыі з Мінска на пачатку вайны, у яе новым пашпарце з’явіцца і новая дата — 1904 год: ці то выпадковасць, ці то хітрыкі прыгожай жанчыны, цяпер наўрад хто адкажа дакладна.
У сям’і любілі спяваць: у бацькі, Пампея Васільевіча, быў цудоўны бас, дзеці гралі — хто на гітары, хто на мандаліне ці балалайцы, Ларыса засвойвала піяніна ў доме бацькавых сяброў. А яшчэ ў сям’і быў грамафон і пласцінкі — голас Шаляпіна на іх маленькая Ларыса магла слухаць бясконца.
Нямецкая інтэрвенцыя вымусіла сям’ю пераехаць у Пецярбург, а там закруціў віхур і рэвалюцыйных, і жыццёвых падзей: бацькі развяліся, Ларыса вярнулася ў Мінск да бабулі і дзеда, праваслаўнага святара, і пайшла спяваць у царкоўны хор дзеля заробку.
Але ўдзел у аматарскім маладзёжным тэатры спадабаўся ёй больш, і калі аднойчы сваю сольную партыю ў царкве яна спела занадта весела і гулліва, рэгент паставіў пытанне рубам: альбо хор, альбо тэатр — дзяўчына абрала сцэну.
Ужо ў 18 год яе прынялі ў трупу тэатра Галоўпалітасветы, потым Ларыса скончыла Мінскі музычны тэхнікум, дзяржаўную студыю оперы і балета.
Паміж даносамі і медалямі
У 1927-м Александроўская ў складзе групы савецкіх артыстаў выправілася на міжнародную музычную выставу ў Франкфурце-на-Майне — у яе выкананні гучалі беларускія народныя песні.
А праз некалькі год, нагадаем, яна скарыла публіку ў партыі Кармэн — з гэтай прэм’еры ўзяў адлік беларускі дзяржаўны тэатр оперы і балета. Больш за тое, паводле гарадской легенды, менавіта оперная прыма падказала архітэктарам месца для цяперашняга Вялікага тэатра — на Троіцкай гары, а таксама для Белдзяржцырка, які ўлады планавалі размясціць на ўскрайку горада.
Многія спектаклі ставіліся менавіта пад яе — сапрана Александроўскай гучала ў «Князю Ігары», «Барысе Гадунове», «Ціхім Доне», «Пікавай даме», «Алесі». З-за хвалявання яна нярэдка страчвала прытомнасць — але ўжо за кулісамі, на жалезнай сіле волі скончыўшы спектакль, і гледачы ні аб чым не здагадваліся.
А яшчэ, па сцвярджэнні прафесара музыкі Віктара Скарабагатага, яна фактычна ўратавала песню «Бывайце здаровы, жывіце багата» (Ісака Любана на словы Адама Русака): камісія Мінкультуры адмовілася яе закупаць у аўтараў, але спявачцы песня спадабалася, яны ўзяла ноты і сказала, што будзе выконваць.
«Каб не Александроўская, гэтую песню ніхто не ведаў бы», — перакананы музыказнаўца. А ў выніку песня прагучала ў якасці навагодняга віншавання па ўсесаюзным радыё, яе мелодыя і словы сталі сапраўднай класікай.
У 1940 годзе Ларыса Александроўская, першай з беларусаў, атрымала званне народнай артысткі СССР. Цікава, што за год да таго яна ўжо выступала перад «бацькам народаў» — менавіта Александроўскай даверылі зачытваць вітанне ад беларускага народа на 18-м з’ездзе кампартыі. Сталін нечакана сказаў: маўляў, калі ад беларускага народа, то трэба чытаць па-беларуску — і артыстка выкруцілася, перакладаючы проста з ліста.
За жыццё яна атрымала тры ордэны Леніна і шэраг іншых ордэнаў і медалёў, сталінскую прэмію, званні народнай артысткі БССР і СССР — але ў 1930-я і на яе пісалі даносы, магчыма, выратавала яе толькі заступніцтва тагачаснага першага сакратара БССР.
Два шлюбы і самота
Сваю першую працу ў тэатры яна сумяшчала са службай на пяхотных курсах, а потым у сакратарыяце ваенкама, нават была залічана ў «музыканцкую каманду», бо так у галодны час магла атрымліваць паёк.
Дарэчы, якраз падчас службы на нейкім першамайскім мітынгу яна пазнаёмілася са сваім першым мужам, чырвоным камісарам-агітатарам Нікандрам Міхайлавым. У 1924 годзе яны пабраліся шлюбам, насуперак волі маці — але пражылі разам толькі сем год, дый тое часта былі ў расстанні.
Муж зрабіў неблагую кар’еру, быў пракурорам Вярхоўнага суда БССР, потым — Ціхаакіянскага флоту, а Ларыса — жыла тэатрам, усе сілы і пачуцці аддаючы сцэне. Магчыма, таму шлюб распаўся.
Зрэшты, у ім з’явіўся на свет іхні сын Ігар — адзіны і любімы, за лёс якога Александроўская перажывала ўсё жыццё.
Другую спробу пабудаваць сям’ю яна зрабіла з Мікалаем Очкіным — дарэчы, таксама вайскоўцам. Ён служыў інтэндантам і ў першыя ж дні вайны пайшоў на фронт — а пасля вайны яны так і не сышліся зноў.
Саму ж Александроўскую чэрвень 1941-га заспеў у Мінску. Сыну яе толькі днямі экстранна выдалілі апендыцыт, і ў эвакуацыю яны не паспелі ўзяць з сабой літаральна нічога. Фактычна з бамбасховішча, размешчанага ў оперным тэатры, яны пешшу рушылі ў Смаленск, адтуль у Вязьму — там Александроўскую, якая спрабавала адшукаць мужа, затрымаў ваенны патруль, адпусцілі яе з допыту толькі дзякуючы артыкулу ў «Праўдзе», дзе быў яе партрэт.
Потым дабіраліся ў Маскву (прычым Ларыса як была, у лёгкай летняй сукенцы, туфлях на абцасах і з ордэнам Леніна). Адтуль беларускіх артыстаў выправілі ў Алма-Ацінскі тэатр оперы і балета.
Пуцяводная «Перапёлачка»
Падчас вайны яна выступала ў складзе канцэртных франтавых брыгад — і ў шпіталях, і ў партызанскіх атрадах. У архіве кінафотадакументаў захаваліся здымкі 1943 года, дзе яна выступае перад байцамі, стоячы проста на танку.
Адзін з лётчыкаў нават расказваў падчас чарговага выступлення, што з разбітымі навігацыйнымі прыборамі, падчас варожага абстрэлу змог давесці самалёт да савецкага аэрадрома, бо злавіў па радыёпрыёмніку суперпапулярную на той час «Перапёлачку» ў выкананні Александроўскай.
А ў 1942 годзе на канцэрце майстроў беларускага мастацтва Александроўская першай выканала песню «Наш тост», дзе гучаць радкі «Тост наш за Сталіна, тост наш за партыю» — яе, паводле прапагандыстаў, напісалі ў шпіталі франтавікі, перабраўшы 17 варыянтаў тэксту.
Што адметна, у гэты ж год Александроўская ўступае ў партыю — хоць, быць можа, гэта і проста супадзенне.
Пра цюль і каракуль
У Мінск яна вярнулася ў 1944-м — і зноўку ўся гарэла тэатрам. Цягам дзесяці год Александроўская была галоўным рэжысёрам і мастацкім кіраўніком беларускай оперы, паставіла паўтара дзясяткі спектакляў. Каб адпавядаць высокай пасадзе, яна — ужо ў 50-гадовым узросце — завочна скончыла ГИТИС.
Мастацтвазнаўцы зазначаюць, што на працы яна была вельмі патрабавальнай, нават жорсткай, сама вытрымлівала і задавала іншым вельмі высокую планку. Часам, кажуць, шкадавала, што ў тэатры немагчымая армейская дысцыпліна.
Пры ўсім тым у пазатэатральным жыцці оперная зорка, наадварот, была сціплай, шчырай і гатовай дапамагчы іншым. Атрымліваючы як дэпутатка лісты са скаргамі, часта ездзіла ў Маскву, каб праз партыйныя кабінеты дабіцца справядлівасці — і, як згадвала яе пляменніца Арыядна Ладыгіна, многім людзям насамрэч дапамагла.
Таксама пляменніца, якая выпусціла кнігу ўспамінаў пра сваю знакамітую цётку, казала, што ў вялікай кватэры на сталічнай вуліцы Захарава зусім не было таго шыку і багацця, як усе думалі: «Амаль усе свае сцэнічныя касцюмы цётка шыла ўласнаручна, а знакамітае футра пад каракуль, якое выклікала фурор падчас чарговых замежных гастроляў, зрабіла са звычайнай трыкатажнай тканіны».
Хадзілі чуткі, што ў кватэры вісіць шыкоўны цюль, нібыта закуплены для тэатра — але не, цюль вісеў самы звычайны.
Калі праходзіць слава
Да самай старасці, згадвае ўнук Александроўскай, яна хадзіла ў туфлях на абцасах — нават у галалёд. Плюс мела выдатную фізічную форму — усё жыццё рабіла досыць складаныя практыкаванні, любіла гуляць у валейбол, плаваць.
У водпуску, часцей за ўсё ў Крыме, куды яна ездзіла папраўляць здароўе з-за недалечанай астмы, нярэдка заплывала падалей ад усіх адпачывальнікаў — і там, сярод хваль, спявала.
А вось з душэўнай раўнавагай у яе ўсё было не так добра. У апошнія гады жыцця Ларыса Александроўская, якую «сышлі» з тэатра, працавала ў ёй жа створаным саюзе тэатральных дзеячаў і была вельмі самотнай.
Александроўская перажывала і падтрымлівала са сваёй зарплаты сям’ю сына — той застаўся ў Маскве і моцна аблучыўся, калі працаваў на атамным рэактары, потым пастаянна хварэў (а па іншых згадках, з гэтай прычыны яшчэ і шмат піў, што дабаўляла маці перажыванняў). Нават сваю невялікую дачу пад Мінскам артыстка ў выніку прадала, каб раздаць даўгі — на час смерці на яе рахунку ў ашчадбанку было ўсяго 50 рублёў.
…У той майскі дзень 1980-га да Ларысы Пампееўны зазірнулі сяброўкі і жахнуліся яе стану, угаворвалі легчы ў шпіталь, а тая казала, што не можа пакінуць аднаго хворага сына. Пагадзілася сустрэць выкліканых урачоў — але сэрца падвяло, і тым заставалася толькі канстатаваць смерць артысткі. Пахавана Александроўская на Усходніх могілках у Мінску.
Сёння яе імя носяць канцэртная зала ў Вялікім тэатры,
вуліца і музычная школа ў сталіцы, конкурс вакалістаў і тэатральная прэмія.