Складаны выбар Власта
Сто гадоў таму ў гэты дзень, 20 красавіка 1923 года, Вацлаў Ластоўскі склаў свае паўнамоцтвы і падаў у адстаўку з пасады прэм’ер-міністра БНР. Пасля гэтага ён больш ніколі не займаўся палітыкай, засяродзіўшыся выключна на культурніцкіх справах. «Будзьма!» спрабуе разабрацца, ці было такое рашэнне правільным.
Па ўсім відаць, Вацлаў Ластоўскі быў не самым лепшым палітыкам. Як гэта часта бывае ў жыцці, асабліва ў беларускім выпадку, ён займаўся ёй вымушана. Бо тагачасны беларускі рух не быў надта вялікім — кваліфікаваных кадраў не хапала ні пры паўставанні БНР, ні пры паўставанні ССРБ. Адна з прычынаў ліквідацыі апошняй у лютым 1919 года і стварэнне ЛітБел — акурат адсутнасць неабходнай колькасці камуністычна налаштаваных беларусаў.
Адны і тыя ж людзі займаліся культурай, літаратурай, гісторыяй, палітыкай. Таму зусім не дзіва, што калі ў снежні 1919 года адбыўся раскол Рады БНР на Народную і Найвышэйшую, Вацлаў Ластоўскі ачоліў першую, а Антон Луцкевіч — другую. Даўнія супернікі яшчэ па «нашаніўскім» часе цяпер канчаткова разышліся па розных кутах.
Урад Ластоўскага аказаўся ў Коўна, дзе да 1923 года нават існавала Міністэрства беларускіх справаў, якое ачольваў Дамінік Сямашка. Сам Вацлаў Ластоўскі быў шчырым прыхільнікам беларуска-літоўскага сяброўства, якое ўвасабляў на ўласным прыкладзе. Ён быў жанаты з Марыяй Іваноўскай, якая нарадзіла яму дзвюх дачок. Разам з сястрой яна пісала пад агульным псеўданімам Лазьдзіну Пяледа. Сёння ці не кожны літоўскі школьнік ведае гэтую пісьменніцу.
Разам з Вацлавам Ластоўскім у Коўне былі Тамаш Грыб, Аляксандр Цвікевіч ды іншыя дзеячы. Яны рабілі што маглі ў тых умовах. Часам крокі іхныя былі неабачлівыя, але тым не менш новапаўсталая літоўская дзяржава хоць бы ў якой форме прызнала БНР у лістападзе 1920 года. Бо de facto Вацлаў Ластоўскі і ягоны ўрад занялі пазіцыю Коўна ў канфлікце палякаў з літоўцамі за Віленскі край. Той паводле мірных дамоваў павінен быў абысці да Літвы, але Юзаф Пілсудскі разыграў сваю гульню — сіламі войскаў, якія кіраваліся Люцыянам Жылігоўскім, Вільня была занятая палякамі, і на мапе з’явілася Сярэдняя Літва.
Літоўцы па першым часе з сімпатыяй ставіліся да беларускага руху, але потым пачалі губляць да яго інтарэc. Пасля таго, як Сярэдняя Літва стала часткай Другой Рэчы Паспалітай, а многія беларусы адмовіліся ад змагання з палякамі, сэнс падтрымкі губляў усялякі сэнс. Да ўсяго пачаліся ўнутраныя супярэчнасці ў самім беларускіх асяродку, які асеў у Коўне. З захаванай перапіскі Ластоўскага можам зразумець, што да сыходу ў красавіку 1923 года яго літаральна вымушалі. Нездаровая атмасфера падштурхоўвала зрабіць нарэшце рашучы крок.
І вось ён падае на імя Пётры Крэчэўскага просьбу аб адстаўцы, якую той ахвотна ўхваляе. Яго месца займае Аляксандр Цвікевіч. Палітык, магчыма, і больш спрытны, але не надта дальнабачны. Ён ужо ў той час глядзеў з сімпатыяй на Савецкую Беларусь, а скончыцца ўсё наогул вядомай палітычнай канферэнцыяй у Мюнхене, дзе ён паспрабуе здаць мандаты БНР на карысць падсавецкага Мінска. А неўзабаве і сам туды перабярэцца разам з сям’ёй.
А што Ластоўскі? Ён сыдзе ў бок, максімальна аддаліцца ад палітычнага жыцця і возьмецца, як цяпер сказалі б, за праграмаваннем сэнсаў. Ужо летам пачне выходзіць знакаміты «Крывіч» — часопіс, які ён будзе выдаваць разам са сваім аднадумцам Клаўдзіем Дуж-Душэўскім. Той следам за даўнім сябрам таксама адыдзе ад актыўнай палітычнай дзейнасці і сцвердзіцца найперш як выдатны архітэктар. Былыя паплечнікі пачнуць іх кляйміць за тое, што тыя нібыта пайшлі на шчыльнае супрацоўніцтва з літоўцамі, забыўшыся на беларускія інтарэсы.
Але менавіта на старонках «Крывіча» была канчаткова аформленая ўзнёслая, але яўна запозненая версія нацыянальнай ідэнтычнасці. Ластоўскі прапаноўваў называць нашу краіну Крывіяй, а яе насельнікаў — крывічамі. Можна падумаць, што гэта не болей за летуценні, але насамрэч рацыя ў тым была. Бо яшчэ ў часы Яна Чачота беларускую мову звалі крывіцкай, а вакол назвы «Беларусь» і «беларусы» заўжды была палеміка. Называцца «Літвой» і «літвінамі» было ўжо проста нельга — бо паўстала дзяржава з часовай сталіцай у Коўне. Власт, як ён зноў усё часцей стаў падпісваць свае артыкулы, прапаноўваў навярнуцца ў максімальна далёкую мінуўшчыну — часы Полацкай зямлі. Тое было для яго, як для шчырага аматара даўніны, абсалютна лагічна.
Неверагодна, але факт: «крыўская ідэя» за даволі хуткі час знайшла сваіх зацятых прыхільнікаў. Іх было не так і многа, але ўсе яны былі яскравымі асобамі. Відавочным прыхільнікам гэтай ідэі некаторы час быў паэт Уладзімер Жылка, які ў той час быў студэнтам і навучаўся у Празе. У першай палове 1920-х гадоў ён напісаў палымяны артыкул «Крыўя», дзе сярод іншага былі і такія словы: «Крыўя — гэта творчасць і форма, сутнасць якое — нацыя. Змест — кожнае дасягненне — новы верш, новы навуковы твор...».
У 1924 годзе пабачыў свет «Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік», які, магчыма, і быў складзены не паводле неабходных нормаў, але паказаў аўтара ў якасці добрага словастваральніка. Гэты невялічкі томік і цяпер служыць крыніцай натхнення для літаратараў. Бо там жа не толькі ўласна словы, у тым ліку прыдуманыя Ластоўскім, але і цікавыя тлумачэнні да іх. Перад намі паўстае цэлы беларускі свет, які цяпер ужо незваротна страчаны.
Фінальным акордам дзейнасці Ластоўскага ў Літве стала знакамітая «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі», якая пабачыла свет у 1926 годзе. Тое, што раней было раскідана па розных выданнях і фрагментарна публікавалася, у «Крывічы» было сабрана ў адзін цэльны твор, які складае 776 старонак. Каб лепей зразумець, што хацеў сказаць Ластоўскі, ствараючы сваю «волата-крыўскую тэорыю», як потым яе будуць называць бальшавікі, трэба расчытваць найперш гэты фаліянт. Бо менавіта там усё максімальна лагічна ды структуравана — не толькі гісторыя кніжнай справы, але і арыгінальны погляд на гісторыю народа.
Увосень 1926 года адбудзецца знакамітая канферэнцыя па рэформе беларускага правапісу, якая збярэ мовазнаўцаў не толькі з Беларусі, але з іншых краін. Пасля яе многія вырашаць вярнуцца ў БССР. Сярод тых, хто паедзе ў Мінск, будуць і Вацлаў Ластоўскі, і Уладзімер Жылка.
І калі для Ластоўскага тое стала вымушанай неабходнасцю — у снежні 1926 года ў Літве адбыўся вайсковы пераварот і законны ўрад быў зрынуты, то для паэта Уладзімера Жылкі гэта было абдуманае рашэнне. Многія з тагачасных маладых беларусаў, што навучаліся ў Празе, рыхтавалі сябе да таго, каб пераехаць у БССР. Учорашнія выхадцы з Заходняй Беларусі, яны не бачылі іншых варыянтаў для сябе, як толькі прыняць савецкае грамадзянства.
У выніку маем складаны выбар: Ластоўскі адмовіўся ад сваіх палітычных амбіцый, каб заняцца тым, што яму падабалася і што ў яго напраўду добра атрымлівалася — культурай. Бо і тыя нумары «Крывіча», і слоўнік, і гісторыя крыўскай кнігі — сапраўдная магія. Яны і зараз чытаюцца не без цікавасці, бо ў іх прысутнічае нейкая магія, што сыходзіла ад аўтара.
З гэтага можна зрабіць хіба што тую выснову, што кожнаму варта займацца тым, што яму па душы і што ў яго добра выходзіць. Быць на сваім месцы, бо пра Ластоўскага-палітыка рэдка цяпер хто гаворыць, прыгадваюць хіба што ягонае прэм’ерства. А вось Ластоўскага-стваральніка памятаюць...