Аляксандр Цвікевіч. Непаслядоўны і неадназначны
30 снежня 1937 года быў расстраляны Аляксандр Цвікевіч — філосаф, гісторык, публіцыст і палітык. У дзень памяці гэтага вядомага беларускага дзеяча "Будзьма" прыгадвае старонкі з яго жыццяпісу.

Аляксандр Цвікевіч пасля арышту
Нарадзіўся Аляксандр Цвікевіч у чэрвені 1883 года ў сям’і фельчара чыгуначнай бальніцы ў Берасці. У 1912 годзе скончыў юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта, пасля чаго працаваў прысяжным павераным у Пружанах і Берасці. Пасля пачатку Першай сусветнай вайны, як і многія беларусы ў той час, падаўся ў бежанства. Жыў у Туле, дзе браў актыўны ўдзел у працы камітэта дапамогі ахвярам вайны.
Актыўная палітычная кар’ера Цвікевіча пачынаецца ў 1917 годзе, калі ён робіцца адным з заснавальнікаў і кіраўнікоў Беларускай народнай грамады. Гэта акалічнасць адыграе важную ролю ў яго біяграфіі, бо менавіта ад беларусаў-бежанцаў ён будзе абраны ў якасці дэлегата на Першы Усебеларускі з’езд, які будзе адбывацца ў снежні 1917 года.
На самім з’ездзе Цвікевіч будзе абраны сакратаром прэзідыума, а потым увойдзе ў склад Рады з’езда. Са сцэны ў гарадскім тэатры ён будзе выступаць з дакладам па бежанскім пытанні. Варта разумець, што гэты чалавек прамаўляў тады ад імя сама меней 3 мільёнаў чалавек, якія вымушана знаходзіліся ў выгнанні і хацелі вярнуцца дамоў.
У студзені 1918 года разам з Сымонам Рак-Міхайлоўскім ён быў накіраваны Выканкамам з’езда на мірныя перамовы паміж бальшавікамі і немцамі, якія распачаліся ў Брэсце. Паколькі дазволу на ўдзел асобнай дэлегацыяй беларускія дзеячы не атрымалі, давялося ўдзельнічаць у перамоўным працэсе ў складзе дэлегацыі УНР на пазіцыях дарадцаў.
Ужо ў сакавіку Аляксандр Цвікевіч пераедзе ў Кіеў, дзе будзе працаваць у складзе беларускай дыпламатычнай місіі. Ён будзе займацца вырашэннем цэлага шэрагу самых розных пытанняў. Дабівацца прызнання БНР і перагляду вынікаў Брэсцкага міру, шукаць для нядаўна абвешчанай рэспублікі фінансы. Дзякуючы яго спрыянню быў наладжаны выпуск газеты «Белорусское эхо» і запрацавала Беларуская гандлёвая палата.
Там жа ён напісаў і выдаў па-руску знакамітую брашуру «Кароткі нарыс узнікнення БНР», дзе ў канцэнтраванай форме паспрабаваў аформіць гісторыю нядаўніх падзеяў і абгрунтаваць права беларусаў на ўласную дзяржаўнасць. Разам з гісторыкам Мітрафанам Доўнар-Запольскім падаваў ноту расійскай мірнай дэлегацыі з патрабаваннем прызнання савецкай уладай незалежнасці Беларусі.
У ліпені 1918 года Аляксандр Цвікевіч наведвае Маскву, дзе сустракаецца са Змітром Жылуновічам — будучым старшынём першага часовага ўраду Савецкай Беларусі. Нягледзячы на супрацьлеглыя погляды адносна дзяржаўнай мадэлі Беларусі, ім ёсць аб чым пагаварыць. Прычым не толькі кулуарна: абодва дзеячы выступілі 14 ліпеня з прамовамі на адкрыцці Беларускага навуковага таварыства.
З 1921 года Аляксандр Цвікевіч займаў пасаду міністра замежных справаў ва ўрадзе БНР, які ў той час ачольваў Вацлаў Ластоўскі і што знаходзіўся ў Коўне. Гэта час, калі Цвікевіч спрабуе ўласные сілы на палітычнай арэне — нешта ў яго атрымліваецца, нешта — не.
У верасні 1921 года Цвікевіч прымае ўдзел у Першай Усебеларускай канферэнцыі ў Празе на пазіцыі старшыні. На гэтай канферэнцыі менавіта ў ягонай рэдакцыі была прынятая рэзалюцыя па «віленскім пытанні», якое стаяла рубам паміж Польшчай і Літвой. Цвікевіч прызнаваў права літоўцаў на Вільню і пагаджаўся з тым, каб у склад Літоўскай Рэспублікі былі ўключаныя Віленшчына і Гарадзеншчына.
У кастрычніку 1921 года адбываецца яшчэ адна знакавая падзея. У Берліне Зміцер Жылуновіч спрабуе наладзіць выданне беларускіх кніжак. За дапамогай ён звяртаецца да братоў Цвікевічаў, якія ў той час жылі ў сталіцы Веймарскай Рэспублікі, а Івана Цвікевіча бярэ ў працэс на пасаду карэктара. Нягледзячы на тое, што стасункі між імі выключна дзелавыя, завязваецца і прыязнасць. І ўжо ў 1923 годзе на старонках «Полымя» пачынаюць з’яўляцца тэксты Івана Цвікевіча.
У 1922 годзе Аляксандр Цвікевіч і Вацлаў Ластоўскі робяць спробу ўключыць беларускае пытанне ў парадак дня Генуэзскай канферэнцыі, якая адбывалася ўвесну. На яе нашыя дзеячы прыехалі ў складзе літоўскай дэлегацыі і выступілі з адмысловай нотай, якая замацоўвала права літоўцаў на Вільню і Віленшчыну, што выклікала пратэст у іншых дзеячаў БНР і ледзь не прывяла да расколу.
Шляхі Аляксандра Цвікевіча і Вацлава Ластоўскага тым часам разыходзяцца. У красавіку 1923 года першы заменіць другога на пасадзе прэм’ер-міністра БНР — Ластоўскі вымушаны будзе падаць у адстаўку, а Цвікевіч сфармуе новы ўрад. Адбудзецца гэта праз тое, што многія будуць незадаволеныя палітыкай Ластоўскага на пасадзе прэм’ера, а таксама кулуарнымі інтрыгамі, якія добра разыграюць Цвікевіч з паплечнікамі.
Захаваўся ліст Вацлава Ластоўскага 1925 года да свайго літоўскага куратара Ёнаса Янінаса, дзе той сярод іншага скардзіцца на напружаную сітуацыю з землякамі:
«Два гады на мяне сыплюцца камені з боку кампаніі Цвікевіча. Жыву ў літаральна турэмных варунках, абляганы штодзённымі прыкрасцямі з боку разухваленай выслухваннем у Міністэрстве плётак гаспадыні дома, з другога боку, сталымі нападкамі кампаніі Цвікевіча, якая засела палавіну маёй кватэры, сціснуўшы мяне ў адным пакойчыку. Не маючы маральнай падмогі ў гэтым змаганні за будзь што будзь абарону Літвы са стараны Літвы і ўрэшце трактаванне апошнімі часамі мяне асабіста і маёй працы каштоўнай як абузы, утрымліванай з ласкі, змушае мяне з болем у сэрцы адыйсці ад справы, якую я з такой верай і з накладам вялікай энергіі распачаў два гады таму назад».

Вацлаў Ластоўскі
Увосень 1926 года Ластоўскі прыездзе на знакамітую канферэнцыю па рэформе беларускага правапісу. Ён будзе настолькі ўражаны размахам беларусізацыі, што напіша для выдаванага ім у Коўне «Крывіча» даволі кампліментарныя нататкі аб той паездцы. А ў сакавіку 1927 года перабярэцца з Літвы ў Менск, канчаткова развітаўшыся з ілюзіямі ды прыняўшы ўладу бальшавікоў. Выбар яго будзе, вядома, фатальным...
Трэба думаць, што Аляксандр Цвікевіч быў больш прагматычным. Ён пачаў прыглядацца да БССР яшчэ з пачатку 1920-х гадоў, калі дапамагаў друкаваць Жылуновічу кнігі. А можа яшчэ раней, калі сустракаўся з тым у Маскве і вымагаў прызнання незалежнасці Беларусі з боку бальшавікоў.
Самы вядомы факт супрацы Цвікевіча з Саветамі — знакамітая Берлінская канферэнцыя 1925 года, якая адбылася ў сярэдзіне кастрычніка 1925 года і на якой была прынята пастанова аб спыненні дзейнасці Ураду БНР, а Менск прызнаваўся адзіным культурніцкім і палітычным беларускім цэнтрам.
Вядома, што ў Берлін прыехалі тады некалькі дзеячаў і ад Беларусі, сярод іх былі Зміцер Жылуновіч, Янка Купала і Міхась Чарот. Праўда, з удзелам першага ёсць сумневы. Калі ўсё скончылася, Чарот сказаў ужо на вуліцы Цвікевічу: «Існаванне БНР вельмі дапамагло нам у Мінску будаваць БССР».
Праз месяц пасля падзеяў у Берліне, у лістападзе 1925 года, Аляксандр Цвікевіч перабіраецца разам з сям’ёй у Менск. У наступным годзе ў 4-м нумары «Полымя» з’явіцца яго даволі кампліментарны артыкул пад назвай «Берлінская канферэнцыя». У гэты час верныя незалежніцкім ідэям дзеячы, якія жылі ў Заходняй Беларусі або ў эміграцыі, будуць называць яго не іначай, як здраднікам.
Пасля пераезду ён працуе спачатку ў Наркамаце фінансаў, а потым вучоным сакратаром у Інстытуце беларускай культуры. Калі ў 1929 годзе Інбелкульт быў рэарганізаваны ў Акадэмію навук, то Цвікевіч перайшоў у Інстытут гісторыі. Будзе сябрам створанага ў сакавіку 1926 года Беларускага таварыства культурнай сувязі з замежжам, якое ачоліць Зміцер Жылуновіч. Сябрамі таварыства таксама будуць Міхась Чарот, Якуб Колас, Янка Купала ды іншыя.
Арыштавалі Аляксандра Цвікевіча 4 ліпеня 1930 года па той самай справе, што і Вацлава Ластоўскага — няіснага «Саюза вызвалення Беларусі», калі ў БССР набрала моц змаганне з так званым «нацыянал-дэмакратызмам». У красавіку 1931 года ён быў асуджаны на 5 гадоў высылкі, якую адбываў Пярмі, Ішыме і Сарапуле. У 1935 годзе тэрмін гэты падоўжылі яшчэ на два гады — звычайная для таго часу практыка.

Аляксандр Цвікевіч
Паўторна арыштавалі Аляксандра Цвікевіча 17 снежня 1937 года, пасля чаго перавезлі ў Менск дзе і асудзілі на расстрэл. Рэабілітацыя адбылася ўжо пры самым сконе Савецкага Саюза — у 1988–1989 гадах.