«Удумлівыя вернікі ўжо даўно запрыкмецілі, што ў нашай Царкве нешта не так...»
Айцу Пятру Пракопцаву забаранілі служыць праз адмову асвячаць вайсковую тэхніку, звязаную з аэрадромам у Зябраўцы, які выкарыстоўваюць расійскія войскі для авіяўдараў па Украіне. Айцец Пётр выехаў з Беларусі і ўжо служыць у адным з праваслаўных прыходаў у ЗША. Святар распавёў «Хрысціянскай візіі» аб тым, што прывяло да перамен у яго жыцці і пры чым тут перамены ў грамадстве.
Сёлета Гомельскі архіепіскап Стэфан (Нешчарэт) забараніў служэнне святару Пятру Пракопцаву. Епархіяльны сайт паведамляе аб гэтым у вельмі завуаляванай форме. «Асаблівая ўвага была нададзена стану спраў у прыходзе храма Раства Прасвятой Багародзіцы в. Прыбыткі Гомельскай раённай акругі» — гэта якраз і значыць, што ў парафіі звольнілі настаяцеля.
Як стала вядома, адной з прычын забароны стала адмова святара асвячаць вайсковую тэхніку, звязаную з аэрадромам у Зябраўцы, які выкарыстоўваюць расійскія войскі для авіяўдараў па Украіне. Прыход а. Пятра знаходзіўся за 5 км ад гэтага аб'екта.
— Як вы ўспрынялі падзеі жніўня 2020 года?
— Успрыняў з вераю ў магчымыя перамены да лепшага.
Сам я з 2010 года ўжо больш не мог падтрымліваць існуючы лад сваім актыўным маўчаннем. Я маліўся за палітвязняў, бо лічу, што ў нармальным адкрытым грамадстве такіх асуджаных быць не павінна. Маліўся за забітага Барыса Нямцова, атручанага Аляксея Навальнага, чым выклікаў вялікае абурэнне мясцовых ваякаў [персанал аэрадрома ў Зябраўцы — рэд.], якія казалі: «Шкада, што ён не здох!»
Калі ў 2020 годзе ўзровень гвалту ў дачыненні да палітычна актыўных беларусаў дасягнуў мяжы (ці бязмежжа?), я вырашыў уступіць у Каардынацыйную Раду. Заставацца ўбаку лічыў здрадай. Здрадай Радзіме — не дзяржаве, з якой сябе ідэнтыфікуе ўлада, а жывым людзям, тым грамадзянам, якім не ўсё роўна, што адбываецца з іх краінай.
Так атрымалася, што я ведаю гэтую сістэму знутры: я быў дэпутатам сельскага савета прыкладна з 2005 па 2010 год. Гэта ж проста масоўка, закліканая стварыць ілюзію «дэмакратыі», а старшыня сельскага савета назначаецца зверху. Таму на просьбу з сельсавета прыйсці на выбары я адказаў адмовай. Пачуў услед пытанне «А вы што, значыць, у апазіцыі?», на якое я адказаў: «Так, і лічу, што царква і павінна быць у разумнай апазіцыі да ўлады». У выніку мяне перасталі клікаць на афіцыйныя мерапрыемствы, а пра ўдзел у іх трэба рэгулярна даваць справаздачу ў епархію. І гэтыя справаздачы — пастаянная крыніца праблем.
— Вы штосьці спрабавалі гаварыць у храме аб ваеннай агрэсіі Расіі супраць Украіны?
— Яшчэ да вайны я казаў, што гэтага ніяк нельга дапусціць! Вайна ніколі не зблізіць народы, а падзеліць на стагоддзі, калі не назаўжды. Яе нельга называць ні святой, ні вызваленчай. За апошнія гадоў пяць я пабываў ва Украіне больш за дзесяць разоў — і не бачыў там ні аднаго фашыста!
— А прыхаджане вас у гэтым падтрымалі?
— Мае малітвы за палітвязняў падабаліся, вядома, не ўсім вернікам. Але я не крыўджуся на іх. Яны проста наслухаліся прапаганды — Салаўёва, Ткачова, Лемяшонка і іншых, меншых калібрам.
З іншага боку, тыя, хто не падтрымлівалі вайну ва Украіне, сталі хадзіць у храм радзей, таму што не хацелі памінаць Патрыярха Кірыла як «вялікага спадара і Айца». Удумлівыя вернікі ўжо даўно запрыкмецілі, што ў нашай Царкве нешта не так... Магу памыляцца, але думаю, што ў БПЦ такіх каля 30%.
— Калі асабіста вы прыйшлі да высновы, што «ў нашай Царкве штосьці не так»?
— Для мяне сур'ёзным званком быў 2018 год, калі РПЦ разарвала эўхарыстычныя зносіны з Усяленскім Патрыярхатам. Я тады для сябе зразумеў, што далей у гэтай павозцы ехаць не хачу.
Пасля пачатку вайны ва Украіне заставацца ў гэтым прыходзе, пры гэтым архірэі, было для мяне падобна самагубству. Знаёмы з Аргенціны падказаў думку: папрасіцца па-за штат Гомельскай епархіі. У размове сам-насам з архіепіскапам Стэфанам я паведаміў аб сваім жаданні. Ён не толькі адмовіўся... ён па сутнасці нашай канфідэнцыйнай размове надаў агалоску. У тым святле, што вось, маўляў, які я здраднік і хачу бегчы з карабля…
Я лічу, што архірэй павёў сябе проста як баязлівец. На жаль, як і большасць клірыкаў нашай дыяцэзіі. Многія з іх адразу ж абарвалі са мной зносіны.
— Вы кажаце пра малітвы за палітвязняў, але ж вы спрабавалі і наведваць кагосьці?
— Я спрабаваў наведаць Алену Маўшук [шматдзетная маці, прызнана «судом» вінаватай па ч. 2 ст. 293 Крымінальнага кодэкса («Удзел у масавых беспарадках») і асуджана на 6 гадоў калоніі агульнага рэжыму — рэд.]. Калі быў турэмным святаром у калоніі, даведаўся, што там ёсць палітвязень. Захацеў яе падтрымаць, напісаў ліст. Спадзяваўся пагутарыць на споведзі, прычасціць. Але, мабыць, дарма напісаў. Мне з ёй не ўдалося пабачыцца: тут, падобна, папрацавала адміністрацыя. Я нават не ўпэўнены, што ліст да яе дайшоў.
Ведаю асабіста яшчэ аднаго хлопца ў закладніках у рэжыму — Жэню Глушкова. Ён актыўна дзячкаваў у нашай парафіі да 2010 года. Вучыўся на ветурача, служыў у АСАМ — гэта памежны спецназ. Але ўладу не падтрымліваў. Пры гэтым быў на добрым рахунку, атрымаў прапанову служыць у ахове самаабвешчанага, але адмовіўся. З'ехаў ва Украіну, там удзельнічаў у стварэнні рок-групы, якая спявала ў тым ліку і па-ўкраінску. Пазней уся група ездзіла ў Гуанчжоу, і 2020 год Жэня правёў у Кітаі. Затым вярнуўся да мамы ў Зябраўку, працаваў ветурачом у клініцы ў Гомелі. Спынілі яго ў Зябраўцы, вайсковая камендатура праверыла ягоны тэлефон. І нібыта знайшла там нейкае фота старога зябраўскага аэрадрома. Гэтага аказалася дастаткова, каб абвінаваціць чалавека ў здрадзе радзіме... Асабіста я лічу, што Жэня з'яўляецца адным з самых годных грамадзян нашай краіны. Для многіх вернікаў ягоны арышт быў шокам, і мы маліліся за яго адкрыта, дадаючы яшчэ і Мікалая Статкевіча, Сяргея Ціханоўскага, нашых схопленых журналістаў, а. Сергія Рэзановіча і ўсю іх «тэрарыстычную групоўку» [групу Мікалая Аўтуховіча — рэд.]. На жаль, знаходзіліся сярод вернікаў і такія, якія казалі: «Так яму і трэба, няма чаго было шпіёніць!»
— Мы ведаем, што вамі цікавіліся ў КДБ…
— У ліпені 2022 года я ўзяў адпачынак і з'ехаў у Літву. Прасіўся ў клір Літоўскай епархіі, хоць мяне і бянтэжыла, што яны некалькіх сваіх святароў «пазбавілі сану» і выступаюць катэгарычна супраць Канстанцінопальскага Патрыярхату.
Тады ў Гомель мяне вымусіў вярнуцца архіепіскап Стэфан, ён ведаў, што я знаходжуся ў Віленскім Свята-Духавым манастыры і даслаў проста туды ліст з пагрозай пазбавіць мяне сану.
Вярнуўшыся, я патэлефанаваў арцыбіскупу з сім-карты, аформленай не на мяне. Ён загадаў прыйсці ў епархіяльнае ўпраўленне, там у нас адбылася малапрыемная сустрэча. Стэфан крычаў: «Думаеш, я нічога не разумею! У якой царкве ты нарадзіўся, у той і заставайся!»
А потым менавіта на гэтую сімку, з якой я тэлефанаваў Стэфану і якая да мяне ніяк не была прывязана, патэлефанаваў мужчына і запрасіў «на гутарку» ў КДБ. Я кажу: «У сэнсе? Вы што, на споведзь хочаце?» Ён засмяяўся і адказвае: «Не, мне пакуль не трэба. Давайце сустрэнемся ў нас». Я ўзяў тады стары кнопкавы тэлефон і паехаў. Жонку праінструктаваў, каб, калі не выйду, ачысціла тэлефон, знішчыла польскую сімку, аформленую на мяне, пачысціла камп'ютар і тэлефоны дзяцей…
Упраўленне КДБ у Гомелі знаходзіцца прама побач з саборам і старым будынкам епархіяльнага ўпраўлення. Суседзі!..
Агульны тон гутаркі быў неагрэсіўны, але месцамі ўсё ж было жорстка. Гэбіста цікавіла: чаму я паехаў у Літву? Дзе я там жыў? Хто жыў каля мяне? З кім я меў стасункі? Як рабіў візу, хто дапамагаў, хто прымаў? Больш за ўсё ціснуў на тое, каб я называў імёны — і пабольш. Я трымаўся як мог. Потым ён паказаў фота Наталлі Васілевіч, дзе яна з БЧБ-сцягам, і пытаецца: «Ведаеце яе?» Кажу: «Асабіста не, толькі ў Інтэрнэце». Яшчэ пытаўся, ці супрацоўнічаю я з «Хрысціянскай візіяй». Я адказаў, што не, толькі чытаю канал.
Ён мне даў падпісаць паперу, дзе я папярэджваюся аб недапушчальнасці супрацьпраўных дзеянняў, спансіраванні тэрарыстычнай дзейнасці, перадачы звестак, «якія ганяць палітычны лад і прэзідэнта РБ», замежным СМІ, заклікаў да забастовак. У шапцы гэтага дакумента было напісана, што ён адрасуецца архіепіскапу Стэфану.
Пад канец размовы гэбіст сказаў: «У наступны раз вам мяне не ўдасца так разжаліць».
— Як вы апынуліся ў Амерыцы?
— Органы са мной гутарылі ў жніўні. Я тады яшчэ служыў. Пачаў шукаць магчымасць служэння па-за Беларуссю. Консульства ЗША ў Польшчы пагадзілася выдаць візу, але ў Польшчу трэба было ехаць асабіста. Я думаю, што звесткі аб перасячэнні мною мяжы былі перададзены ў епархію. Можа, і ў УКДБ мяне трымалі на алоўку. То нікому не патрэбны месяцамі, а толькі варта перасекчы мяжу — і адразу ўсім тэрмінова патрэбны…
Пасля гэтай паездкі ў царкоўнага начальства з'явілася фармальная нагода ад мяне пазбавіцца — мяне абвінавацілі ў адсутнасці на месцы служэння, а яшчэ я прапусціў адно масавае набажэнства ў гонар 1030-годдзя праваслаўя ў Беларусі. Вось мяне і звольнілі.
Калі архірэй аддаваў мае дакументы, працоўную кніжку, ён паказаў тую самую паперу з УКДБ, з маім подпісам, і паставіў мне на від, што я быццам бы «парушаю каноны».
Больш у УКДБ мяне не клікалі. Чаму — не ведаю, можа, арцыбіскуп ужо не загадаў. Выехаць з Беларусі ў ЗША мне ўдалося без прыгод. Спрабую зараз тут прыглядацца да мясцовых асаблівасцей, неяк уладкоўвацца.