Сустрэць Клінтана

Дваццаць пяць гадоў таму ў беларуска-амерыканскіх дачыненях адбылася адметная падзея. Незалежную Беларусь у першы (і пакуль у апошні) раз наведаў дзеючы прэзідэнт ЗША.

Станіслаў Шушкевіч, Біл Клінтан і Вячаслаў Кебіч падчас афіцыйнай сустрэчы, студзень 1994 года. Крыніца: https://www.kp.by

Станіслаў Шушкевіч, Біл Клінтан і Вячаслаў Кебіч падчас афіцыйнай сустрэчы, студзень 1994 года. Крыніца: https://www.kp.by

На сесіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 12-га склікання 26 снежня 1994 года Аляксандр Лукашэнка абрынуўся з крытыкай на старшыню парламента Станіслава Шушкевіча: «Объясните мне этот документ: здесь распорядок дня приезда американского президента, кто и где будет сидеть! Это вы так отстаиваете суверенитет?! Вы потеряли моральное, а может быть, даже юридическое право руководить таким государством, которым является Республика Беларусь».
Гаворка ішла пра візіт у Беларусь 15 студзеня 1994 года прэзідэнта Злучаных Штатаў Амерыкі Уільяма Джэферсана Клінтана. Гэта была адметная падзея ў найноўшай палітычнай гісторыі Беларусі. І хаця наведванне Мінска з боку заакіянскага госця было больш сімвалічным, тым не менш, яно сведчыла, што сусветны лідар гатовы працягнуць руку маладой незалежнай дзяржаве.

Візіт Клінтана ў адказ

ЗША з афіцыйным візітам 21–23 ліпеня 1993 года наведаў старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч (амерыканскі бок праз міністра замежных спраў Беларусі Пятра Краўчанку перадаў пісьмовае запрашэнне на імя Шушкевіча яшчэ ў красавіку 1993 года). Такое запрашэнне можна лічыць палітычнай перамогай Шушкевіча, бо на візіт у ЗША таксама прэтэндаваў старшыня Савета Міністраў Вячаслаў Кебіч. Пётр Краўчанка, у якога адносіны з Шушкевічам незваротна сапсаваліся (Шушкевіч некалькі разоў публічна вінаваціў Краўчанку ў неэфектыўнасці працы свайго ведамства: унёсак Беларусі для сяброўства ў ААН узрастаў з кожным годам; Беларусь беспаспяхова імкнулася стаць непастаянным сябрам Савета Бяспекі ААН і інш.), прыкладаў усе намаганні, каб запрасілі Кебіча.

Кансерватыўная дэпутацкая большасць у Вярхоўным Савеце імкнулася нават паставіць пытанне пра мэтазгоднасць паездкі Шушкевіча ў ЗША. 30 чэрвеня 1993 года дэпутат, член пракебічаўскай парламенцкай групы «Беларусь» Іван Трусаў прапанаваў адкласці візіт Шушкевіча ў Вашынгтон, «учитывая катастрофическое экономическое положение республики». Аднак такую ініцыятыву падтрымалі толькі 44 дэпутаты.

У першы дзень візіту Кебіч дэманстратыўна сустрэўся з галоўнай гераіняй папулярнага на той час лацінаамерыканскага серыяла «Мая другая маці». Шушкевіч меў аўдыенцыю ў прэзідэнта Біла Клінтана і спікера Палаты прадстаўнікоў Кангрэса Тома Фолі, у выніку чаго была падпісана Сумесная дэкларацыя аб адносінах паміж Злучанымі Штатамі Амерыкі і Рэспублікай Беларусь. У гэтым дакуменце ЗША падтрымлівалі незалежнасць Беларусі і яе намаганні па стварэнні справядлівага і стабільнага грамадства, у якім гарантуюцца асноўныя свабоды для ўсіх народаў, абяцалі пашырыць гандлёвыя кантакты з Рэспублікай Беларусь на прынцыпах эканамічнай свабоды, аказаць ёй садзейнічанне ў правядзенні эканамічных рэформаў і пераадоленні наступстваў Чарнобыльскай катастрофы, умацаваць адносіны ў галіне навукі, энергетыкі, культуры, мастацтва, адукацыі, права, турызму, абмену студэнтамі і іншае.

Падчас свайго візіту Шушкевіч і запрасіў Клінтана ў Беларусь. Своеасаблівай артпадрыхтоўкай візіту Клінтана ў Мінск стаў прыезд у Беларусь дзяржсакратара ЗША Уорэна Крыстафера 26 кастрычніка 1993 года. Крыстафер заявіў, што Злучаныя Штаты гатовы дапамагчы Беларусі ў цяжкі для яе пераходны перыяд на шляху да рынкавых рэформаў і дэмакратыі. Таксама на сустрэчы абмяркоўвалася пытанне абрання Беларусі ў якасці непастаяннага сябра Савета Бяспекі ААН (у кастрычніку 1993 года непастаянным сябрам стала Чэхія, якая абышла Беларусь) і ўдзел нашай краіны ў новай амбіцыйнай знешнепалітычнай праграме Біла Клінтана «Партнёрства дзеля міру».

Галоўнае — зброя

Дэмакратыя — дэмакратыяй, але ў амерыканцаў былі свае мэты. Адна з іх — сітуацыя з ядзернай зброяй, якая была размешчана на тэрыторыі краіны. Як вядома, Беларуская ССР была адной з самых мілітарызаваных рэспублік былога Саюза. На канец 1991 года на яе тэрыторыі налічвалася звыш 70 стратэгічных ракет класа «СС-25» і пэўная колькасць мабільных установак.

Яшчэ 27 ліпеня 1990 года ў Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусь замацавала свой намер стаць нейтральнай і без’ядзернай дзяржавай. Ужо пасля роспуску СССР, 18 снежня 1991 года падчас візіту ў Мінск дзяржсакратара ЗША Джэймса Бейкера беларускае кіраўніцтва выказала жаданне пазбавіцца ядзернай зброі.

Беларусь паслядоўна ішла па абраным курсе. 23 мая 1992 года рэспубліка разам з ЗША, Расіяй, Украінай і Казахстанам падпісала Лісабонскі дагавор. Паводле яго Беларусь стала ўдзельнікам савецка-амерыканскага дагавора аб скарачэнні стратэгічнага наступальнага ўзбраення (СНВ-1), падпісанага паміж Гарбачовым і Джорджам Бушам-старэйшым у ліпені 1991 года. 4 лютага 1993 года Вярхоўны Савет Беларусі большасцю галасоў ратыфікаваў Лісабонскі дагавор. Такім чынам, жаданне Беларусі пазбавіцца атамнай зброі стала галоўнай прычынай добрых адносінаў з ЗША.

Турнэ

Канешне, амерыканскі прэзідэнт не планаваў спецыяльна наведаць Беларусь. Амерыканцы лічылі, што гэта не тая вага і не той маштаб. Аднак усё ж такая мажлівасць прадставілася.

2 снежня 1993 года прэс-служба Белага дома распаўсюдзіла спецыяльную заяву. У ёй гаварылася, што Біл Клінтан мае намер на працягу студзеня 1994 года здзейсніць спецыяльнае турнэ па Еўропе. Такое турнэ, гаварылася ў заяве, павінна пацвердзіць, што Еўропа займае вельмі важнае месца ў палітыцы ЗША.


Праект праграмы знаходжання Біла Клінтана ў Мінску, зацверджаны Станіславам Шушкевічам і Вячаславам Кебічам, студзень 1994 года. Крыніца: Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь.

Праект праграмы знаходжання Біла Клінтана ў Мінску, зацверджаны Станіславам Шушкевічам і Вячаславам Кебічам, студзень 1994 года. Крыніца: Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь.

Паездка Клінтана павінна была пачацца з Брусэлю 9 студзеня. 10 студзеня амерыканскі прэзідэнт сустракаўся з кіраўнікамі дзяржаў — сябраў NATO, а 11 — з сябрамі «Вышаградскай групы» (Польшча, Венгрыя, Чэхія і Славакія). З 12 па 15 студзеня Біл Клінтан знаходзіўся з афіцыйным візітам у Расіі. Трэба падкрэсліць, што адміністрацыя Клінтана на той час падтрымлівала Ельцына і рашуча стала на яго бок падчас драматычных вераснёўска-кастрычніцкіх падзей 1993 года ў Расіі. У асабістым архіве Шушкевіча маецца заява Белага дома аб поўнай падтрымцы знакамітага ўказа Ельцына №1400 ад 21 верасня 1993 года аб роспуску Вярхоўнага Савета і прызначэнні выбараў у новы заканадаўчы і прадстаўнічы орган Дзяржаўную Думу.

А 15 студзеня Клінтан мусіў наведаць Беларусь. У заяве канстатавалася, што Беларусь прадэманстравала жаданне ісці па без’ядзерным шляху і ратыфікавала СНВ-1.

Усе госці да нас

Беларускі бок кінуў на падрыхтоўку да візіту Клінтана ўсе сілы, пачынаючы з дробязяў. У асабістым архіве Станіслава Шушкевіча захавалася кароткая даведка пра гісторыю і грамадска-палітычны лад жыцця Злучаных Штатаў. Таксама захавалася даведка аб актуальных праблемах сучаснай палітыцы ЗША. Даведка без подпісаў — хутчэй за ўсё, яна была падрыхтаваная спецыялістамі міністэрства замежных спраў. Паводле даведкі, 1993 быў для адміністрацыі Клінтана годам як значных поспехаў, так і «огорчительных просчётов». У дакуменце казалася, што ў апошнія часы Клінтан сканцэнтраваўся на вырашэнні рэгіянальных і ўнутраных пытанняў: стварэння зоны свабоднага гандлю (НАФТА) і рэформы сістэмы аховы здароўя. У даведцы была выснова: «В результате массированной обработки населения, усилиями всей пропагандистской машины Белого дома администрации удалось добиться заметных для себя сдвигов в общественном мнении».

Аднак, як было зазначана ў даведцы, справы на знешнепалітычным фронце не такія добрыя. Паводле агульнанацыянальнага апытання, якое было праведзена ў лістападзе 1993 года, знешнюю палітыку Клінтана крытыкавала ажно 48% амерыканцаў. Клінтану закідваліся: непаслядоўнасць у адносінах з Еўропай, змякчэнне пазіцый у адносінах да Ірака і інш.

Беларускім бокам былі старанна вывучаныя афіцыйныя біяграфіі Клінтана, яго жонкі і чальцоў дэлегацыі, якая павінна была наведаць Беларусь. Усе біяграфіі, якія былі перададзены беларускаму пасольству ў Вашынгтоне, захаваліся ў архіве Шушкевіча.У біяграфіі Біла Клінтана, акрамя неабходных звестак, было і такое: «Любит читать, увлекается бегом трусцой и игрой в гольф, иногда играет на саксофоне». Што да першай лэдзі Амерыкі, то яна нарадзілася «в дружной семье», «всегда интересовалась политикой», а ў публічных заявах шмат разоў казала пра неабходнасць знайсці аптымальны баланс паміж працай, сям’ёй і грамадска-палітычнай дзейнасцю. У 1974 годзе Хілары Клінтан была прыцягнута да працы ў юрыдычным камітэце Палаты прадстаўнікоў для расследавання знакамітай Уотэргейцкай справы (распачалася ў 1972 годзе: у вашынгтонскім гатэлі «Уотэргейт» — штабе дэмакратаў — былі знойдзены падслухоўваючыя прыстасаванні, якія быццам бы ўсталявалі рэспубліканцы, прыхільнікі прэзідэнта ЗША Рычарда Ніксана; справа скончылася ў 1974 годзе датэрміновай адстаўкай Ніксана). Яна вяла дакументацыю па імпічменце. Падчас губернатарства Клінтана ў Арканзасе Хілары займалася праблемамі дзяцей і распрацавала новую форму дашкольнага выхавання. Даведка паведамляла, што ў 1983 годзе Хілары Клінтан атрымала тытул «Жанчына года Арканзаса», а ў наступным — «Маці года».
Цэнтральнай фігурай у складзе амерыканскай дэлегацыі быў, канешне, Уорэн Крыстафер, які ў 1967 годзе займаў пасаду намесніка генпракурора ЗША. Крыстафер атрымаў медаль Свабоды — найвышэйшую грамадзянскую ўзнагароду ЗША. Менавіта яму Клінтан даверыў абраць кандыдатуру на пасаду віцэ-прэзідэнта.

Далей ішоў Строўб Тэлбат — спецыяльны дарадца дзяржсакратара па справах СНД і «близкий друг Клинтона со студенческих лет». У біяграфіі гаварылася, што гэты былы аглядальнік «Тайм» стаў сапраўдным творцам палітыкі ЗША ў адносінах да краін былога СССР. У біяграфіі паведамлялася, што ўвосень 1993 года Тэлбат напісаў адмысловую запіску, у якой рашуча выказаўся супраць уступлення ў NATO Польшчы, Венгрыі і Чэхіі, хаця Крыстафер і дарадца прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы Энтані Лейк былі не супраць.

У архіве Шушкевіча захаваліся таксама кароткія біяграфіі яшчэ аднаго чальца амерыканскай дэлегацыі Энтані Лейка і пасла ЗША ў Беларусі Дэвіда Суорца.

Клінтан у Беларусі: што і як?

Кебіч і Шушкевіч 14 студзеня 1994 года зацвердзілі канчатковы праект праграмы знаходжання амерыканскага прэзідэнта ў Мінску. 15 студзеня 1994 года амерыканскі борт №1 прызямліўся ў аэрапорце «Мінск-2». Клінтана сустракалі Шушкевіч і Кебіч. Як успамінаў у сваіх мемуарах «Беларусь на переломе» міністр замежных спраў Пётр Краўчанка, адбыўся казус. Біл Клінтан амаль паўгадзіны не выходзіў з лайнера, каб не пабудзіць сваю дачку Чэлсі. У далейшым праблемаў не было.


Праграма знаходжання Біла Клінтана ў Мінску, студзень 1994 года. Крыніца: Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь.

Праграма знаходжання Біла Клінтана ў Мінску, студзень 1994 года. Крыніца: Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь.

Паводле праграмы, у Клінтана, яго жонкі і дачкі былі абсалютна розныя мерапрыемствы. Сам Клінтан накіраваўся ў рэзідэнцыю амерыканскага пасла (Вайсковы завулак, 4), дзе ў Блакітнай залі правёў перамовы са Станіславам Шушкевічам і Вячаславам Кебічам. Адметна, што перамовы вяліся паасобку, што сведчыла аб палярызацыі ўлады ў Беларусі і пэўным вітку супрацьстаяння паміж Шушкевічам і кансерватарамі. На перамовы Кебіч нават сфарміраваў уласную дэлегацыю, куды ўвайшлі Краўчанка, міністр абароны Павел Казлоўскі, міністр фінансаў Сцяпан Янчук і іншыя адказныя асобы.


Станіслаў Шушкевіч і Біл Клінтан падчас афіцыйнай сустрэчы, студзень 1994 года. Крыніца: https://www.kp.by

Станіслаў Шушкевіч і Біл Клінтан падчас афіцыйнай сустрэчы, студзень 1994 года. Крыніца: https://www.kp.by

Першапачаткова была запланавана, што Клінтан сустрэнецца з чальцамі Прэзідыума Вярхоўнага Савета, кіраўнікамі дэпутацкіх груп. Аднак амерыканскі прэзідэнт пажадаў сустрэцца з прадстаўнікамі апазіцыйных палітычных партый і рухаў. У прыватнасці, з Клінтанам сустрэліся Зянон Пазняк і кіраўнік «ценявога» ўрада БНФ Уладзімір Заблоцкі. Пасля сустрэчы Пазняк і Заблоцкі заявілі, што Клінтан цалкам разумее сітуацыю ў Беларусі, якой кіруюць пракамуністычныя сілы. Пазняк і Заблоцкі акцэнтавалі ўвагу на тое, што дапамога з амерыканскага боку будзе толькі тады, калі ў Беларусі пачнуцца сапраўдныя, а не бутафорскія рэформы.


3_134.jpg


І сапраўды, у 15-хвіліннай прамове ў Акадэміі навук перад моладдзю Біл Клінтан канкрэтную дапамогу (100 мільёнаў долараў) абяцаў толькі ў сферы раззбраення. Астатнія словы пра тое, што Амерыка заўсёды будзе з Беларуссю, былі прыемныя, але абстрактныя. Дзеля справядлівасці варта адзначыць, што Клінтан выказаўся за датэрміновы роспуск Вярхоўнага Савета і як мага хутчэйшае прыняцце новай беларускай Канстытуцыі (25 студзеня 1994 года ў прамове на сесіі Вярхоўнага Савета дэпутат-ветэран Мікалай Лакцюшын заявіў, што Беларусі не патрэбныя замежныя эксперты, якія ўказваюць, як «нам жыць» і якую Канстытуцыю прымаць).Адзіным рэальным дакументам, падпісаным абодвума бакамі, быў дагавор аб заахвочванні і ўзаемнай абароне інвестыцый.


Біл Клінтан вітае ветэранаў на пл. Перамогі ў Мінску, студзень 1994 года. Крыніца: https://www.kp.by

Біл Клінтан вітае ветэранаў на пл. Перамогі ў Мінску, студзень 1994 года. Крыніца: https://www.kp.by


Дакументы з фонду Шушкевіча сведчаць, што Злучаныя Штаты вельмі педантычна ставіліся да дапамогі Беларусі. Напрыклад, у 1993 годзе Беларусь атрымала ад ЗША задарма 150 тысяч тон пшаніцы, 200 тысяч тон кукурузы і 25 тысяч тон соевага шроту. Акрамя таго, у тым жа 1993 годзе Беларусь атрымала крэдыт і закупіла 78,4 тысяч тон соевага шроту. А вось у 1994 годзе ЗША адмовіліся дапамагаць, хаця да новага ўраджаю Беларусі было патрэбна 500 тысяч тон пшаніцы і 100 тысяч тон кукурузы. Міністр сельскай гаспадаркі ЗША Майк Эспі ў пачатку студзеня 1994 года напісаў Шушкевічу, што «лимит по пшенице и кукурузе исчерпан». Міністр паведамляў, што адзіным прадуктам, які Беларусь можа атрымаць паводле амерыканскай праграмы «Продовольствие ради прогресса», з’яўляецца… сметанковае масла, у тым ліку «в жидком виде».

Чырвона-чорныя крумкачы

Радыкальныя камуністычныя сілы, канешне, рашуча выступілі супраць візіту Клінтана. На праспекце Скарыны каля помніка Феліксу Дзяржынскаму яны зладзілі імправізаваны мітынг з плакатамі кшталту «Клінтан, выбірайся ў Амерыку разам з Шушкевічам!». Аспірант Інстытута гісторыі Акадэміі Навук Беларусі (сённяшні вядомы гісторык) Алег Дзярновіч зрабіў камуністам заўвагу і стаў ахвярай нападзення з іх боку. Аднак міліцыянеры палічылі вінаватым Дзярновіча і выпісалі яму вялікі штраф, паводле газеты «Свабода», за хуліганства.


Станіслаў Шушкевіч і Біл Клінтан. Па цэнтры — народны паэт Беларусі, дэпутат Вярхоўнага Савета, старшыня камісіі па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны Ніл Гілевіч. За Шушкевічам — першы намеснік старшыні Савета Міністраў Міхаіл Мясніковіч, за Мясніковічам — намеснік начальніка навукова-даследчага аддзела Інстытута нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь Міхаіл Пастухоў, студзень 1994 года. Крыніца: https://www.kp.by

Станіслаў Шушкевіч і Біл Клінтан. Па цэнтры — народны паэт Беларусі, дэпутат Вярхоўнага Савета, старшыня камісіі па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны Ніл Гілевіч. За Шушкевічам — першы намеснік старшыні Савета Міністраў Міхаіл Мясніковіч, за Мясніковічам — намеснік начальніка навукова-даследчага аддзела Інстытута нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь Міхаіл Пастухоў, студзень 1994 года. Крыніца: https://www.kp.by

Левакамуністычная газета Віктара Чыкіна «Мы и время» назвала шасцігадзінную паездку Клінтана па Мінску «инспекционной» і параўнала прыезд у Мінск амерыканскага прэзідэнта з візітам сюды ж у 1943 годзе нацысцкага міністра па акупаваных усходніх землях Альфрэда Розенберга.

Падчас візіту Клінтана ў розных частках беларускай сталіцы можна было бачыць маладых хлопцаў з чорна-жоўта-белымі павязкамі на рукавах. Гэта былі чальцы моладзевага крыла Славянскага Сабора «Белая Русь». Малойчыкі распаўсюджвалі лістоўку пад назвай «Очнись, славянин!», у якой, у прыватнасці, казалася: «В результате ублюдочных “реформ” славянские женщин перестали рожать, а старики раньше времени сходят в могилу. Сильные люди, крепко стоящие на своей свободной земле раз и навсегда возьмут власть в свои могучие руки! Пусть же, обильно политые живой водой Национальной Славянской Воли, намертво срастутся шрамы на теле великого государства!».


Біл Клінтан падчас сустрэчы з жыхарамі Мінска, студзень 1994 года. Крыніца: https://www.kp.by

Біл Клінтан падчас сустрэчы з жыхарамі Мінска, студзень 1994 года. Крыніца: https://www.kp.by

Нягледзячы на правакацыі, жыхары і госці сталіцы цёпла сустрэлі амерыканскага лідара, які праяўляў зайздросную камунікабельнасць пры зносінах з простымі людзьмі. Мінчукоў, напэўна, здзіўляла вялікая колькасць аховы з амерыканскага боку (толькі адных снайпераў налічвалася пад 50) і спецыяльна навучаныя сабакі. Рэдакцыі некаторых выданняў сведчылі, што да іх звярталіся жыхары дамоў №№ 37 і 53 па пр. Ф. Скарыны і скардзіліся на міліцыянераў, якія забаранялі адчыняць вокны.

Курапаты

11_52.jpg

Станіслаў Шушкевіч, Біл Клінтан і Зянон Пазняк у Курапатах. На пярэднім плане — знакамітая лава Клінтана, студзень 1994 года. Крыніца: https://www.kp.by

Своеасаблівай перамогай дэмакратычных сіл было тое, што Клінтан наведаў Нацыянальны Некропаль, нягледзячы на супраціўленне КДБ і наменклатуры. Яшчэ 13 студзеня 1993 года Прэзідыум Вярхоўнага Савета накіраваў у амерыканскае пасольства ліст, у якім паведамлялася, што беларускія праваахоўныя органы не ў стане гарантаваць стоадсоткавую бяспеку Клінтана. Аднак амерыканцы заявілі, што пытанні аховы бяруць на сябе. У выніку візіт Клінтана ў Курапаты (там была ўжо ўсталявана знакамітая лава) адбыўся прыкладна ў 16 гадзін (да гэтага прэзідэнт усклаў вянок ад амерыканскага народа да абеліска Перамогі). Фактычным гідам Клінтана па Курапатах стаў Зянон Пазняк. Клінтан, у сваю чаргу, быў уражаны, як пелі дзеткі песню на верш Наталлі Арсенневай «Магутны Божа».

Хілары і Чэлсі

Хілары Клінтан вітае жонку Станіслава Шушкевіча Ірыну, студзень 1994 года. Побач — жонка Вячаслава Кебіча Алёна. Крыніца: https://www.kp.by

Хілары Клінтан вітае жонку Станіслава Шушкевіча Ірыну, студзень 1994 года. Побач — жонка Вячаслава Кебіча Алёна. Крыніца: https://www.kp.by

Па прыездзе Хілары накіравалася ў сталічную 4-ю клінічную дзіцячую бальніцу і прывезла гуманітарную дапамогу на суму 2,5 мільёна долараў. Чэлсі нанесла візіт у музыкальнае вучылішча і праглядзела спектакль «Папялушка».


5_125.jpg

Хілары Клінтан прывезла ў Беларусь гуманітарную дапамогу, студзень 1994 года. Крыніца: https://www.kp.by

Пасля маці і дачка накіраваліся ў тэатр оперы і балета, дзе паглядзелі вакальна-харэаграфічнае прадстаўленне Валянціна Елізар’ева «Карміна Бурана».

Апошні раз візіт Хілары Клінтан у Мінск успаміналі ў 2016 годзе, калі яна была афіцыйна зарэгістравана ў якасці прэзідэнта ад Дэмакратычнай партыі. Невялікі сюжэт выйшаў на дзяржаўным тэлебачанні. Аднак ні кіраўнікі тагачаснай Беларусі, ні іх жонкі, якія паўсюль суправаджалі Хілары, ні дзяржаўная сімволіка — бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня» —  у кадры не трапілі…