Што не так з «Маленькім урокам гісторыі» Арыяны Фалачы?

На мінулым тыдні беларускія карыстальнікі сацыяльных сетак актыўна рэпосцілі ў сваіх стужках тэкст пад загалоўкам: «Маленькі ўрок гісторыі». Тэкст пералічвае тое зло, якое прычынілі еўрапейскай хрысціянскай цывілізацыі носьбіты ісламскай рэлігіі — ад самога моманту свайго з’яўлення на гістарычнай арэне. 

Арыяна Фалачы

Арыяна Фалачы

Злачынствы, пералічаныя ў тэксце, сапраўды ўражваюць. Але куды больш уражвае тое, што тэкст апелюе да эмоцый чытачоў, а не да рацыянальнага мыслення. І пабудаваны ён пры гэтым на перакручванні гістарычных фактаў з адзінай мэтай: выклікаць страх і нянавісць да ўсіх мусульманаў.

Калі любіш свет так, што ў барацьбе за яго гатовы не браць палонных

Аўтарам «Маленькага ўроку гісторыі» з’яўляецца вядомая італьянская журналістка Арыяна Фалачы (1929-2006). Толькі ўступіўшы ў падлеткавы ўзрост, яна прыняла ўдзел у барацьбе супраць фашысцкага рэжыму. Як распавядала сама Арыяна, яна насіла байцам атраду, якім камандаваў ейны бацька, у сваім кошыку гранаты, прыкрытыя зверху гароднінай. Пасля вайны яна атрымала за гэта ганаровую грамату ад камандавання саюзнымі сіламі ў Італіі. У далейшым Фалачы любіла апеляваць да гэтага факту ў дыскусіях з сваімі апанентамі.

За час сваёй журналісцкай працы яна займалася самымі разнастайнымі тэмамі: ад закуліснага жыцця зорак Галівуду да місій амерыканскіх астранаўтаў на Месяцы. Найбольшую вядомасць прынеслі ёй інтэрв'ю з людзьмі, якія былі мала дасягальнымі для іншых журналістаў, у тым ліку — з Дэн Сяапінам, апошнім імператарам Эфіопіі Хайле Сіласіе, апошнім шахам Ірана Махамедам Пехлеві, Лехам Валенсам, старшынёй Арганізацыі вызвалення Палесціны Ясірам Арафатам, Муамарам Гадафі. Падчас інтэрв’ю з аяталой Хамейні яна зняла чадру, абавязковую ў такіх выпадках, чым выклікала вялікае раздражненне ў лідара ісламскай рэвалюцыі.

Фалачы і Хамейні. oriana-fallaci.com

Фалачы і Хамейні. oriana-fallaci.com

Яна часцяком працавала ў зонах узброеных канфліктаў. Пры гэтым вызначалася крытыкай у бок усіх удзельнікаў канфлікту. Падчас знаходжання ў В’етнаме ў пачатку 60-х рэзка выказвалася як пра паўднёвых в’етнамцаў, так і пра в’етконг (камуністычных партызанаў). Прыехаўшы ў канцы 60-х у ЗША, абуралася ўдзельнікамі студэнцкіх пратэсных рухаў. Маўляў, як яны могуць прыгадваць імя Чэ Гевары, і пры гэтым жыць у дамах з кандыцыянерамі, надзяваць шаўковыя кашулі і ездзіць на вучобу ў шыкоўных джыпах (заўважым, сам Гевара, калі ўпершыню з’явіўся ў Гаване, пасяліўся ў адным з самых раскошных дамоў горада).

Характар у яе быў вельмі няпросты. Як казаў адзін з ейных знаёмых, «апошнія 50 год яна не ўсміхалася». А вядомая італьянская парадыстка Сабіна Гуцанці так уявіла сабе стаўленне Фалачы да гэтага свету: «Вы не ведаеце, як цяжка жыць у Манхэтане на трыццаць восьмым паверсе, а вам, бесхрыбетныя людзішкі, нават не хапіла мужнасці разбіць банкамат! Я люблю свет, і люблю яго так моцна, што гатовая знесці з твару зямлі горад і не браць палонных!». Яна вельмі не любіла мексіканцаў пасля таго як яе, цяжка параненую падчас расстрэлу студэнцкай дэманстрацыі ў Мехіка ў 1968-м, яшчэ жывой паліцыянты адправілі ў морг. Але, як яна сама пазней прызнавалася, мусульманаў яна не любіла яшчэ больш. Калі даведалася пра планы пабудаваць у адным з старажытных італьянскіх гарадоў мячэт, паабяцала знайсці выбухоўку і падарваць яго, каб «не бачыць мінарэт у джотаўскіх краявідах».

Моцны ўплыў на яе пакінулі атакі тэрарыстаў на вежы-блізняты Сусветнага гандлёвага цэнтру ў Нью-Ёрку. Пасля гэтага яна напісала тры тэксты: «Лютасць і гонар» (2001), «Сіла розуму» (2004) і «Арыяна Фалачы бярэ інтэрв’ю ў сябе самой — «Апакаліпсіс» (2004). Усе тры прысвечаны адной тэме: заняпаду еўрапейскай цывілізацыі і той небяспецы, якая сыходзіць ад мусульманаў. Каб пацвердзіць слушнасць сваёй пазіцыі, Фалачы апелюе да гісторыі — як культурнай, так і палітычнай, каб пераканаць свайго чытача ў нялюдскасці мусульманаў. 

Атака 9/11. Фота rds323 - flickr.com

Атака 9/11. Фота rds323 - flickr.com

«Маленькі ўрок гісторыі» з’яўляецца часткай першай главы «Сілы розуму» і прысвечаны акурат гэтаму. Чытаеш тэкст — і цябе пачынае ахопліваць жах перад гэтымі бязлітаснымі забойцамі, якія столькі стагоддзяў здзяйснялі свае злачынствы супраць еўрапейцаў у розных частках нашага кантыненту. Здзекі і згвалтаванні, адсечаныя галовы і ўкрыжаванні — вось тое, што вызначала стаўленне мусульманаў да хрысціянскага (і юдэйскага) насельніцтва Еўропы. Бачна, як Фалачы сваім тэкстам хоча абудзіць, мабілізаваць еўрапейцаў на супраціў… Вось толькі ці адпавядае тое, што яна піша, гістарычным фактам? 

Канечне, аб’ём артыкулу не дазволіць разгледзець усе гістарычныя падзеі, якія прыводзяцца ў тэксце Фалачы. Тым не менш разбор нават часткі з іх можа даць уяўленне, наколькі «Маленькі ўрок гісторыі» адпавядае гістарычным фактам. 

Калі горадам авалодваюць няверныя

Фалачы пачынае свой «Маленькі ўрок» з канстатацыі, што мусульмане «ў 635 г. н. э. ўварваліся ў хрысціянскую Сірыю і хрысціянскую Палесціну, у 638 г. яны ўзялі Ерусалім і Храм Гроба Гасподняга». Не паспрачаешся: такое было (хоць з датай узяцця Ерусаліма не ўсё ёсць зразумелым, магчыма, гэта адбылося ў 637-м). Але без падрабязнасцяў, ды яшчэ й у тым кантэксце, у якім Фалачы падавала носьбітаў ісламскай рэлігіі, гэтая простая канстатацыя мусіць выклікаць у чытача жах і крывавыя сцэны расправаў над няшчасным хрысціянскім насельніцтвам гэтых краін. 

Храм Гроба Гасподняга. Фота Gerd Eichmann, commons.wikimedia.org

Храм Гроба Гасподняга. Фота Gerd Eichmann, commons.wikimedia.org

У рэчаіснасці заваяванне тых жа Сірыі і Палесціны зусім не суправаджаліся крывавым генацыдам мясцовага насельніцтва. І тут, мусіць, не толькі сваю ролю адыгрываў той факт, што для мусульманаў хрысціяне і юдэі — гэтакія ж «людзі кнігі», як і яны самі, і ў адпаведнасці з Каранам іх чакае ўзнагарода ад Алаха (Каран: 2, 62). Галоўнае, хрысціяне і юдэі — гэта падаткаплацельшчыкі, ад якіх залежыць ісламская дзяржава. 

Ці праз першае, ці праз другое, а хутчэй за ўсё, праз тое, што мусульмане не з’яўляліся тымі крыважэрнымі монстрамі, якімі іх імкнулася намаляваць Фалачы, ісламскае заваяванне таго ж Ерусаліма не суправаджалася ахвярамі (ці яны былі мінімальнымі). Кіраваў абаронай горада патрыярх Сафроній, які разумеў бесперспектыўнасць супраціву арабам. Пасля чатырох месяцаў аблогі ён уступіў у перамовы з мусульманамі, і тыя пагадзіліся прыняць капітуляцыю на ўмовах выплаты хрысціянскім і юдэйскімм насельніцтвам джызіі — падушнага падатку. Наўзамен ім давалася магчымасць захаваць сваю веру і адносная аўтаномія.

У сувязі з прыгаданым Фалачы Храмам Гроба Гасподняга, ад тых часоў (ну, можа, ад крыху больш позніх) захавалася легенда, што калі халіф Умар прыбыў у Ерусалім, надышоў час для саляту — традыцыйнай пяціразовай на дзень малітвы мусульманаў. Патрыярх Сафроній прапанаваў Умару здзейсніць малітву ў Храме. Але той ветліва адмовіўся, бо страшыўся, што мусульмане, праведаўшы пра гэта, могуць заявіць свае прэтэнзіі на Храм. Сам Умар, быццам, пабудаваў драўляны мячэт на Храмавай гары на месцы Другога Храма юдэяў. Амаль праз 60 год пасля гэтага там быў уздвігнуты Купал Скалы, які цяпер уваходзіць у комплекс Аль-Акса.

Кантрастам да гэтай гісторыі выглядае іншы захоп Іерусаліма — падчас Першага крыжовага паходу. Калі ў 1099-м у горад уварваліся крыжакі, яны здзейснілі страшэнную разню мусульманаў і юдэяў, якія спрабавалі схавацца ў ісламскіх і хрысціянскіх святынях на Храмавай Гары. У адпаведнасці са сведчаннямі відавочцаў, кроў ахвяраў ператварылася ў плыню, якая сягала да каленяў. Колькасць ахвяраў ацэньваецца да 70 тыс. чалавек.

Глядзіце таксама

І зноў кантрастам выглядае аблога Ерусаліма ісламскімі войскамі знакамітага Саладзіна ў 1187-м. Як і за паўтысячагоддзе да гэтага, горад быў узяты мусульманамі без праліцця крыві. Крыжакі, якія былі ў горадзе, былі адпушчаны за выкуп. Некаторых хрысціянскіх жанчын Саладзін пагадзіўся адпусціць нават без выкупу. Як пажартавалі ў пачатку ХХ стагоддзя аўтары расійскай сатырычнай версіі сусветнай гісторыі «Всеобщая история, обработанная «Сатириконом»: «Па гэтых учынках хрысціянская Еўропа і даведалася, што святым горадам авалодалі ні хто іншыя, як няверныя». Гэта відавочна ідзе насуперак настроям тэксту Фалачы.

А Сірыю пасля захопу яе арабамі чакаў росквіт. Бо арабы зрабілі яе цэнтрам сваёй дзяржавы, перанёсшы сталіцу з Медзіны ў Дамаск. Шмат хто з хрысціянаў пры гэтым атрымалі магчымасці не толькі квітнець фінансава, але й займаць высокія пасады ў дзяржаўным апараце халіфату. Як, напрыклад, Мансур ібн Сэрджун ат-Таглібі, больш вядомы нам як адзін з айцоў хрысціянскай царквы, філосаф і святы Ян Дамаскін.

Шматпакутная Іберыя

Далей аповед Фалачы ідзе на Іберыйскую паўвыспу, пазначаную ў тэксце «Маленькага ўроку» як «у вышэйшай ступені каталіцкая». Тут ужо гучаць канкрэтныя злачынствы: адсячэнні галоваў, укрыжаванні, згвалтаванні манашак. Пра манашак, праўда, канкрэтыкі няма (яна прысутнічае ў тэксце крыху ніжэй, але пра гэта — далей). Як няма і цікавага сюжэту, які звязаны непасрэдна з падставай уварвання мусульманаў на паўвыспу. У адпаведнасці з ім, кароль вестгоцкай дзяржавы (якая і існавала на тэрыторыі будучай Іспаніі) Радрыга згвалціў дачку свайго паплечніка і сябра, які даверыў яму апякацца ёю (пры гэтым у Радрыга была законная жонка). Раз’юшаны бацька і прывёў арабаў, каб пакараць гвалтаўніка-здрадніка.

Затое Фалачы прыгадала героя эпаса «Песня пра майго Сіда», як сапраўднага героя барацьбы супраць мусульманаў. Ён і сапраўды ваяваў супраць мусульманаў. Але калі ўзяць меркаванага гістарычнага прататыпа (Радрыга Дыяс дэ Вівар, які жыў у ХІ ст.), дык былі ў ягонай біяграфіі моманты, калі ён ваяваў з мусульманамі. Сумесна. Супраць хрысціянаў. Тады гэта было нармалёвым. Асабліва ў ХІ стагоддзі, калі палітычная сітуацыя ў аль-Андалусе (як у арабскай традыцыі завецца ісламская Іспанія) была вельмі няпростай. 

Помнік Сіду ў Бургасе. Фота: ElCaminodeSantiago09 2006 - Flickr

Помнік Сіду ў Бургасе. Фота: ElCaminodeSantiago09 2006 - Flickr

І не менш нармалёвым было мірнае суіснаванне арабаў-мусульманаў з хрысціянамі і юдэямі. Гэта таксама знайшло сваё адлюстраванне ў «Песні аб маім Сідзе» (дзе прыгадваецца нават васал-мусульманін галоўнага героя), але не знайшло адлюстравання ў тэксце «Уроку гісторыі» Фалачы. Дарэчы, само слова «Сід», якое шмат хто прымае за асабістае імя, мае значэнне «гаспадар» і паходзіць ад арабскага слова «сейід».

Хрысціяне, якія жылі ў аль-Андалусе, мелі назву «масарабы» і карысталіся, як і юдэі, свабодай веравызнання. Яны мелі сваю аўтаномную прававую сістэму і былі адносна някепска ўпісаны ў жыццё. Прынамсі, у гісторыі існуюць прыклады, калі масарабы займалі высокае становішча ў дзяржаўнай сістэме. Канечне, нельга назваць сітуацыю эпохі Сярэднявечча ідыліяй у суіснаванні розных канфесій — мусульмане былі, усё ж, пануючай групай, якая імкнулася пашырыць і свой уплыў, і сваю рэлігію. Але гэта пачынае праяўляцца толькі з цягам часу.

Ніхто не забіваў хрысціянаў толькі за тое, што тыя — хрысціяне. Тым больш, ніхто не забіваў за «імя Езуса» — насуперак таму, што сцвярджала Фалачы. Варта ўсё ж памятаць, што Пан Езус лічыцца ў ісламе вялікім прарокам (Іса ібн Марыям), другім па значнасці пасля Мухамеда. І забіваць за імя таго, хто прыйдзе ў якасці махдзі (месіі) — такога ўвогуле не магло прыйсці мусульманам у галовы. 

І, дарэчы, пра галовы. Адсякаць галовы ворагам ці злачынцам — даўняя традыцыя чалавечых супольнасцяў. Не толькі ісламскіх. Дастаткова прыгадаць, як падчас Вялікай рэвалюцыі французы цягалі па вуліцах Парыжа адсечаныя галовы арыстакратаў. Тым больш распаўсюджанай гэтая традыцыя была ў эпоху Сярэднявечча. У тым ліку — сярод хрысціянскіх кіраўнікоў Іберыі. 

Напрыклад, каля 888 г. кароль Ардоння загадаў адсячы галовы пераможаным правадырам ісламскага войска і «ўпрыгожыць» гэтымі галовамі муры горада Сан-Эстэбан. А ў 1143 г. кіраўнік Таледа Муніё Альфонса гэтак жа паступіў з альмаравідскімі кіраўнікамі Кордабы і Сэвіллі, роўна як і з іхнімі набліжанымі. Што праўда, яго самога напаткаў той жа лёс, калі праз некалькі год ён трапіў у лапкі Альмаравідаў.

І тым не менш у гісторыі аль-Андалуса былі моманты, калі хрысціянаў масава каралі смерцю, у тым ліку — праз адсячэнне галавы і ўкрыжаванне. Але гэта былі не забойствы, а пакаранні ў адпаведнасці з выракам, вынесеным судом. У сярэдзіне ІХ ст. у Кордабе ўзнік рух сярод хрысціянаў, які быў накіраваны супраць культурнай і рэлігійнай асіміляцыі хрысціянскага насельніцтва арабамі. Некаторыя хрысціяне вырашылі, што царкоўныя гіерархі здрадзілі сваёй веры, пагадзіўшыся на мірнае суіснаванне з мусульманамі. 

Каб спыніць і мірнае суіснаванне, і «здраду» гіерархаў, найбольш радыкальныя хрысціяне Кордабы аб’ядналіся ў рух, мэтай якога было правакаванне мусульманскіх уладаў на рэпрэсіі супраць хрысціянскай супольнасці. І паколькі дыскусіі па пытаннях веры дапускаліся ісламскімі законамі, удзельнікі руху пачалі адкрыта зневажаць Прарока. Напрыклад, сцвярджалі, што ён — распуснік. За гэта іх пачалі прыцягваць да суда. Сітуацыя пагаршалася ў тым выпадку, калі высвятлялася, што падсудны хрысціянін паходзіць з ісламскай сям’і. Тады да знявагі ў адрас Прарока дадавалася яшчэ і абвінавачанне ў вераадступніцтве. Што па ісламскіх законах каралася смерцю.

Нават пры гэтым ня ўсе ўдзельнікі руху, якія траплялі пад суд, атрымлівалі смяротныя прысуды. Бывала, што суддзі іх апраўдвалі. Але тады яны паўтаралі свае злачынствы супраць ісламу, і дамагаліся смяротнага выраку. Іх моцна натхнялі гісторыі першых хрысціянскіх пакутнікаў, якія загінулі за сваю веру. Яны бачылі сябе тымі, хто выратуе хрысціянскую веру і дасць ёй штуршок да адраджэння. Спадзяванні, аднача, былі марнымі. Рух пакутнікаў не выйшаў за межы Кордабы. Ды й у самім горадзе знайшлося няшмат ягоных прыхільнікаў. Хрысціяне глядзелі на іх як на небяспечных правакатараў, якія пагражаюць стабільнасці жыцця. Але выклікаць падазрэнні да хрысціянаў з боку мусульманаў у іх атрымалася. Што прывяло да агульнага пагаршэння сітуацыі для хрысціянскага насельніцтва.

Усяго 48 чалавек прынялі пакутніцкую смерць па выраках ісламскіх судоў. Па сутнасці, самі суды былі правобразамі трыбуналаў інквізіцыі, што былі ўтвораны пасля рэканкісты, і мэтай якіх быў пераслед тых мусульманаў і юдэяў, якія былі вымушаны прыняць хрысціянства пад ціскам новых хрысціянскіх уладаў Іспаніі, але пры гэтым працягвалі ўпотай прытрымлівацца традыцый і рытуалаў веры продкаў. Заўважым, што пакаранні за гэта былі не менш жорсткія і куды больш маштабныя.

Згвалтаваныя манашкі

Фалачы часцяком вяртаецца да гэтай тэмы ў сваім «Уроку». Пры гэтым яна, як правіла, не называе канкрэтныя факты, падкідваючы чытачу намёкі, што з’ява гэтая мела масавы характар. Толькі аднойчы яна парушае гэтую традыцыю, указаўшы месца, дзе гэта адбывалася. У тым жа ІХ ст. мусульмане з’явіліся ў Паўднёвай Італіі, дзе, па апісанні Фалачы, яны «заставаліся 70 гадоў, разбураючы Мантэкасіна і раздзіраючы Салерна».

У гэтым апошнім горадзе ў іх, быццам, была «забаўлялка»: яны штоноч прыносілі ў ахвяру цнатлівасць адной з манашак. Каб узмацніць уражанне ад гэтага факту, Фалачы яшчэ дадае, што адбывалася гэтае ахвярапрынашэнне не дзе-небудзь, а на алтары каталіцкага храма.

Па-першае, мусульмане так — цікавіліся Салерна. Нават трымалі горад у аблозе. Але захапіць яго так і не здолелі. Што ж тычыцца гісторыі з манашкамі, дык сюжэт гэты прыводзіцца ў кнізе брытанскага гісторыка XVIII ст. Эдуарда Гібана «Гісторыя заняпаду і разбурэння Рымскай імперыі». Сам Гібан пры гэтым спасылаецца на «Хроніку Салерна» — тэкст, напісаны ў канцы Х ст., больш чым праз сто год пасля меркаваных падзеяў. 

Эдуард Гібан «Гісторыя заняпаду і разбурэння Рымскай імперыі». The British Library, Wikimedia Commons

Эдуард Гібан «Гісторыя заняпаду і разбурэння Рымскай імперыі». The British Library, Wikimedia Commons

Аўтар «Хронікі», які вызначаецца сярод іншых аўтараў тэкстаў падобнага жанру схільнасцю да падрабязнасцяў і мастацкіх уставак, падае гісторыю з аблогай Салерна мусульманамі як адну з падзеяў падобнага кшталту: войнаў, рабаўніцтваў, здрадаў, згвалтаванняў, якіх было (судзячы па «Хроніцы») шмат у гісторыі горада. Пры гэтым у большасці выпадкаў вінаватымі ва ўсіх гэтых злачынствах былі не мусульмане, а хрысціяне: франкі, лангабарды, жыхары суседніх з Салерна гарадоў, ды й самі салернцы.

У тэксце «Хронікі» гаворыцца пра правадыра мусульманаў Абдзілу, які вызначаўся нястрыманай юрлівасцю і праз яе гвалціў дзяўчат. Ці былі яны манашкамі, у «Хроніцы» не ўдакладняецца. Але аўтар падкрэслівае, што цягнулася гэта нядоўга. Аднойчы Абдзіле прыцягнулі асабліва прыгожую дзяўчыну, якую ён пацягнуў гвалціць на алтар у царкве. Але ў той самы момант анёлы абрынулі яму на галаву бэльку. Ды так акуратна, што Абдзілу забіла, а дзяўчына не атрымала ані драпіны.

Відавочна, што існуюць вялікія падставы сумнявацца ў гістарычнасці гэтага сюжэту. Ды й у любым выпадку, нават для аўтара «Хронікі» гэта, хутчэй, надзвычайная сітуацыя, чым распаўсюджаная сярод мусульманаў практыка. Абдзілу ён кліча «тыранам», а вось ягонага пераемніка на пасадзе кіраўніка мусульманаў характарызуе станоўча.

Тым не менш і Гібан, і за ім Фалачы ўстаўляюць гэтую гісторыю ў свае тэксты. Абодва былі ісламафобамі і абодва жадалі заразіць сваёй ісламафобіяй і іншых. Адзінае адрозненне паміж імі ў тым, што Гібан быў яшчэ й антысемітам. Але Фалачы не прыводзіла ў сваіх тэкстах тыя сюжэты, якімі Гібан ілюстраваў гэтую сваю фобію. Усё ж варта аддаць ёй належнае: на антысемітызм яна не цярпела.

А яшчэ Фалачы не прыводзіла ў сваіх тэкстах іншага сюжэту з гісторыі Салерна — куды больш вядомага і красамоўнага. Гэта сюжэт пра знакамітую медычную школу Салерна. Яна была заснаванай у тым жа ІХ стагоддзі. І вялікую ролю ў яе ўтварэнні адыгралі тыя самыя мусульмане, медычныя веды якіх і былі пакладзены ў падмурак навучальнага працэсу. У самой школе, дарэчы, маглі вучыцца не толькі мужчыны, але і жанчыны. Што таксама адбылося не ў апошнюю чаргу праз уплыў з боку мусульманаў. 

І падобных прыкладаў можна прывесці шмат яшчэ: і з гісторыі Іберыйскай паўвыспы, дзе ў навучальных установах і бібліятэках навучаліся і працавалі прадстаўнікі розных канфесій, і ў Паўднёвай Італіі. На гэтых тэрыторыях склалася цікавая і прадукцыйная цывілізацыя, якая ўяўляла сабой сумесь здабыткаў ісламскай (у большай ступені) і хрысціянскай культураў. Вось толькі Фалачы і гэты факт не радаваў: яна чамусьці вельмі цешылася тым, што французы не навучыліся танчыць фламенка.

Разборам тэксту «Маленькага ўроку» можна займацца і далей. Але й таго, што сказана вышэй, думаю, хопіць для агульнай высновы. Калі мы спрабуем «выкрыць» нашых ворагаў метадам Фалачы, мы, замест гэтага, дэманструем сусвету свае фобіі. І раптам у намаляваным намі партрэце глабальнага зла пачынаем пазнаваць свае рысы. І добра, калі пачынаем. Горай, калі нашае падабенства са злом ёсць відавочным для астатніх, але для нас саміх яно застаецца таямніцай.