Трагедыя Леі з Ішкалдзі

Падчас Другой сусветнай вайны шмат каму з жыхароў Беларусі давялося рабіць цяжкі выбар: ратаваць габрэяў і выракаць сваіх блізкіх на небяспеку знішчэння нацыстамі ці маўкліва назіраць за тым, як фашысты і іх памагатыя забіваюць учорашніх суседзяў. Гэта гісторыя адбылася ў 1942 годзе ў заходнебеларускай Ішкалдзі.

Паліцаі

Паліцаі

За польскім часам

Да вайны мястэчка Ішкалдзь было заможным і прыгожым. Уваходзіла яно ў склад Паланечкаўскай гміны (Баранавіцкі павет Навагрудскага ваяводства) Другой Рэчы Паспалітай. У пачатку 1930-х гадоў польскія ўлады распарадзіліся пракласці тут брукаванку. Звязана гэта было яшчэ і з тым, што ў Ішкалдзі знаходзіўся вялікі кірмаш. Дарэчы, рынкавая плошча засталася тут і сёння, хаця яна ўжо зусім не нагадвае былы рэгіянальны гандлёвы цэнтр.

Усё змянілася з пачаткам Другой сусветнай вайны. У выніку «вызвольнага паходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь» Ішкалдзь апынулася ў складзе БССР.

Рынкавая плошча ў Ішкалдзі

Рынкавая плошча ў Ішкалдзі

«Я памятаю 17 верасня 1939 года. Мы тады ў школу пайшлі. Настаўніца (памятаю, прозвішча яе — Сікорская) пачула гук самалёта і загадала нам усім хавацца. Думала, што гэта немцы ляцяць Баранавічы бамбіць, а гэта савецкі самалёт на Захад праляцеў. Чырвонаармейцы з’явіліся хутка. Усё спявалі пра тое, як добра жывецца ў СССР. Бачаць, а людзі з касцёлу ідуць — добра апранутыя, у ботах «факстротах». Дык кажуць, тут усе паны. А якія мы паны? Такія ж сяляне, як і гэтыя з БССР, проста працаваць умелі і гаспадарамі былі. Арыштоўваць палякаў сталі, хто пры той уладзе нейкія пасады меў. Але і сялян чаплялі, у кулакі запісвалі», — распавядае жыхарка Ішкалдзі Ганна Жырко.

Хутка вайна зноў завітала ў мястэчка — і чарговыя трагедыі абрынуліся на галаву мясцовых жыхароў.

Паліцаі

Паліцаі

Расстрэл

«У 1942 годзе сюды на конях прыехалі паліцэйскія ў суправаджэнні нямецкага афіцэра. Нас паклікалі, а мы ж малыя былі тады. Далі нам гэтых коней, каб мы іх па хлявах развялі. Сагналі ўсіх мясцовых на рынкавую плошчу і загадалі: «Калі знойдзем нешта ваеннае, нават вопратку, не кажучы пра зброю, расстраляем. Усё прыносьце і здавайце». І тут жа пайшлі за габрэямі. У нас тут няшмат габрэяў да вайны жыло. Дзве сям’і. Яны краму трымалі. Добрыя людзі былі. Там была дзяўчына Лея. Маладая, гадоў за дваццаць. Калі яе маці зразумела, навошта прыехалі паліцаі, пачала прасіць мясцовых жыхароў, каб схавалі дачку. Але тыя баяліся: немцы ж тады ўсіх расстраляюць. І вось бачым, вядуць іх, а мужчына, адзін з іх, на сябе маток калючага дроту нясе. Габрэі тады думалі, што іх павязуць у вёску Вольна, бо там быў пастарунак паліцыі», — узгадвае жыхар Ішкалдзі Жыгімонт Абрамовіч.

Жыгімонт Абрамовіч паказвае месца растрэлу габрэяў

Жыгімонт Абрамовіч паказвае месца растрэлу габрэяў

Паліцаі знайшлі двух мясцовых жыхароў, загадалі ім узяць рыдлёўкі і павялі на ўскраіну Ішкалдзі, каб тыя капалі магілы для ахвяр. Адзін з паліцаяў быў мясцовы, з суседняй вёскі. Ён і канваяваў небаракаў да месца пакарання.

Па гэтай дарозе вялі на растрэл габрэяў

Па гэтай дарозе вялі на растрэл габрэяў

Калона дайшла да ўскрайку Ішкалдзі, і за старымі могілкамі канвойныя і іх ахвяры павярнулі налева. Каты загадалі ахвярам распранацца. Габрэі пачалі плакаць, крычаць.

«Да нас людзі ў хату беглі, каб паглядзець, куды габрэяў гоняць, бо паліцаі казалі, што на Паланечку. Сярод ахвяр былі Хана, яе дачка Лея, добрая такая дзяўчына была, чорненькая, Вура, яе бацька, а таксама Ента, Ласка і Мірка — іх сваякі. У Енты было два сыны, Файбель і Евель. Высокія хлопцы, моцныя, яны яшчэ да вайны кудысьці паехалі. Магчыма, у ЗША», — расказвае Ганна Жырко.

Брукаванка ў Ішкалдзі

Брукаванка ў Ішкалдзі


Брукаванка ў Ішкалдзі

Брукаванка ў Ішкалдзі

«Мы, дзеці, чалавек дванаццаць, пабеглі паглядзець, куды ж гэтых няшчасных павялі. Адзін «паліцман» усё на нас крычаў: куды вы, і вас пастраляюць. Тым часам габрэяў завялі за вёску, загадалі залезці ў магілу, а паліцаі насупраць сталі. Наперадзе стаў нямецкі афіцэр і нешта зачытаў, а потым загадаў страляць. Паліцэйскія з аўтаматаў расстралялі людзей. Пасля гэтага ахвяры яшчэ варушыліся, але афіцэр загадаў закапаць магілу. Мясцовыя жыхары, што прыйшлі з рыдлёўкамі, адмовіліся: казалі, людзі ж яшчэ жывыя. А паліцай ім: «Жадаеце побач ляжаць, зараз мы і вас тут пакладзем». Кроў там паўсюль была, зямлёй цяжка было прыкрыць. Што тычыцца паліцаяў, то там розныя былі. Некаторых немцы мабілізавалі сілай, а шмат хто сам ішоў. Вунь там хата раскіданая, дык ён сам пайшоў. «Паліцманы» па навакольных вёсках часта ездзілі, партызан шукалі. Але ж у нас, акрамя партызан і паліцаяў, яшчэ трэцяя сіла была — «куфэрнікі». Прыходзілі ўначы, ламіліся ў хаты: «Мы партызаны, адчыняй». І забіралі ўсё. Бацька, нябожчык, як з касцёла прыходзіў, то здымаў касцюм, боты-факстроты і трымаў побач з вакном. Як хто грукаў у хату ноччу, адразу выкідаў усё на вуліцу, каб не забралі», — успамінае Жыгімонт Абрамовіч.

Партызан

Партызан

«Яму габрэям капаў Зуй і яшчэ адзін мясцовы жыхар. Паліцаі іх пагналі туды. Дык Зуй, калі зразумеў, навошта капае роў, страціў прытомнасць», — кажа Ганна Жырко. Дарэчы, брат жанчыны таксама служыў у паліцыі, ці службе «Самааховы», як яе называлі немцы. З-за гэтага сям’я хлопца вельмі баялася, што савецкія партызаны іх спаляць разам з хатай. «Маці хадзіла, прасіла немцаў, каб Янэка нашага не прызначалі на антыпартызанскія акцыі, каб ён проста быў у пастарунку ў Вольне. І немцы пайшлі ёй насустрач. Брат нават партызанам дапамагаў, аддаваў ім патроны, што немцы давалі. Але калі Саветы прыйшлі, то яму тую службу ўзгадалі. Далі 10 гадоў за супрацу з ворагам, і сядзеў брат у Комі ССР, а калі вызваліўся, то з’ехаў у Польшчу і там памёр. Дарэчы, у Ішкалдзі быў адзін, што пайшоў добраахвотна ў паліцыю. Звалі яго Альфрэд Лашчэўскі. Ён у канцы вайны збег з немцамі на Захад. Пасля вайны ў Ішкалдзь прыязджалі нейкія габрэі. Здаецца, з ЗША. Я ім паказвала гэтую магілу. Можа, гэта былі сваякі тых хлопцаў, што з’ехалі за мяжу», — расказвае Ганна Жырко.

Ахвяры антыпартызанскай акцыі

Ахвяры антыпартызанскай акцыі

Злачынствы і пакаранне

У кнізе «Памяць. Баранавіцкі раён» змешчаны спіс ахвяр нацысцкіх акупантаў. Узгадваюцца там і габрэйскія сем’і з Ішкалдзі: Лея Гулько(віч), нарадзілася ў 1919 годзе; Вера (Вура) Гульковіч, нарадзіўся ў 1887 годзе; Хана Гульковіч, нарадзілася ў 1893 годзе; Ента Жук (1885); Ласка Жук (1914); Мірка Жук (1917). Менавіта гэтыя людзі былі расстраляныя ў 1942 годзе мясцовымі паліцэйскімі пад камандаваннем нямецкага афіцэра. На месцы, дзе знайшлі свой апошні прытулак жыхары Ішкалдзі, сёння няма ні помніку, ні мемарыяльнага знака.

Антыпартызанскі плакат

Антыпартызанскі плакат

Цяжка сказаць, ці былі пакараныя непасрэдныя выканаўцы гэтага злачынства. У снежні 1967 года ў Мінску ў Клубе імя Дзяржынскага адбыўся судовы працэс над чарговай групай памагатых нацыстаў, якія прымалі ўдзел у злачынствах супраць мясцовага насельніцтва Беларусі ў гады Другой сусветнай вайны. На лаве падсудных тады аказалася больш за 10 калабарантаў, якія выконвалі розныя абавязкі ў Шталагу №337 у Баранавічах.

Невядомая габрэйская дзяўчына з Баранавічаў, 1930-я гады

Невядомая габрэйская дзяўчына з Баранавічаў, 1930-я гады

Частка гэтых людзей служыла ў паліцыі ў Баранавіцкай акрузе. Магчыма, нехта з іх «адзначыўся» і ў Ішкалдзі. Не выключана, што вінаватыя ў расстрэле дзвюх габрэйскіх сем’яў у Ішкалдзі праходзілі па следчай справе № 35075, якую вяло Упраўлення МДБ БССР у адносінах да былых жаўнераў 57-га ўкраінскага шума-батальёна. Знаходзячыся на тэрыторыі Беларусі ў мястэчку Гарадзішча, камандаванне гэтай часткі набірала ў свае шэрагі рэкрутаў з мясцовага насельніцтва. Нехта з гэтых людзей удзельнічаў у засадах на партызан, іншыя арыштоўвалі і канваявалі мясцовае насельніцтва.

Паліцаі

Паліцаі

У выніку большасць з былых паліцаяў атрымала па 10 гадоў папраўча-працоўных лагераў. У пасляваенны перыяд органы КДБ Брэсцкай вобласці пакаралі больш за 700 асоб, якія падчас нацысцкай акупацыі Беларусі са зброяй у руках супрацоўнічалі з нацыстамі на тэрыторыі Брэстчыны.

Што ж тычыцца трагедыі яўрэйскіх сямей, забітых у Ішкалдзі ў 1942 годзе, то спадзяюся, што на месцы іх гібелі будзе ўсталяваны памятны знак, а гэтая гісторыя дапоўніць жудасны летапіс Халакосту, які нацысты ажыццяўлялі на беларускай зямлі ў гады Другой сусветнай.

Фота з асабістага архіву Ігара Мельнікава