Васіль Быкаў: Перамогу ў нас адабралі
Гэтыя развагі пісьменніка прагучалі на "Свабодзе" роўна 10 гадоў таму — 9 траўня 2001 году.
Васіль Быкаў
Васіль Быкаў: "Здабыўшы перамогу, мы не здабылі свабоды"
"Існуе думка, што фенаменальнае, узнёслае стаўленне старэйшай часткі грамадства да мінулай вайны вызначаецца тым, што ў нашым жыцці гэтая перамога сталася подзвігам. Пазней не было нічога
болей справядлівага, высокага па ідэі і выразнага па выніку, чым можна было б задаволіцца, не тое што ганарыцца. Што б не было ўрэшце так абясцэнена, зняважана, дыскрэдытавана людзьмі або часам
— хоць пяцігодкі, хоць барацьба за мір, хоць шалёная ядзерная гонка ці той жа космас, усё ў нашай гісторыі блеф, калі не злачынства. Адзінае добрае, што здзейснілі старэйшыя пакаленні ў ХХ
стагоддзі, сапраўды была гэтая перамога над нямецкім нацызмам. Але ўзнікаюць сумненні і ў перамозе — найперш у яе імператыўнай адназначнасці. Ад чаго яна пазбавіла чалавецтва — мы
ведаем. І тое, можа быць, не падлягае сумневу. Але што з ёю мы набылі? Усё ж кожная перамога павінная не толькі ўзяць, але і даць. Краіны пераможаныя — Нямеччына, Італія, Японія —
стрывалі паразу і менавіта праз тое атрымалі магчымасць для небывалага росквіту эканомікі, свабоды і дэмакратыі. А мы, пераможцы, дагэтуль не можам дамагчыся элементарнай свабоды, не можам накарміць
сябе. Можна сказаць, што здабыўшы перамогу, мы не здабылі свабоды. Але без свабоды чаго вартая кожная бліскучая перамога кожнага грамадства? А што да расейцаў, дык тыя і дагэтуль не могуць перастаць
ваяваць. І за якія ідэалы? За звыродлівыя, спарахнелыя імперскія ідэалы, як і сто, і тысячу гадоў таму. У пераможнай эйфарыі зашмат ад эмоцыяў і дужа мала ад розуму. Бо разумны, рацыянальны падыход
да вайны не выгадны рэжымам, якія і тую даўнюю, вялікую перамогу прызвычаіліся выкарыстоўваць ва ўласных інтарэсах — інтарэсах антычалавечых і антыдэмакратычных. Тое ім удаецца выдатна: хоць
у Расеі, хоць у Беларусі. Як доўга тое будзе адбывацца, хто ведае".
Наступны запіс быў адной з апошніх перадачаў Васіля Быкава на "Свабодзе". Яна прагучала 7 траўня 2003 года, за два дні да гадавіны Перамогі і за 46 дзён да смерці пісьменніка.
Васіль Быкаў: "Перамогу адабраў у нас Сталін"
"Я лічу, што перамогу сапраўды адабралі. І ў беларусаў, і ў расейцаў, і не толькі. Але гэтае адбіранне адбылося адразу пасля перамогі. І адабраў яе ні хто іншы, як самы вялікі кумір гэтых
народаў — «вялікі» Сталін. Кожныя пераможцы разлічваюць нешта здабыць у выніку перамогі, асабліва пасля такой крывавай вайны, і гэта было правільна, заканамерна. Але што ў
выніку яны атрымалі — што атрымалі народы Савецкага Саюзу? Зноў жа тую камуністычную кабалу, тую заняволенасць і галечу, у той час як народы Еўропы — і пераможцы, і пераможаныя,
дарэчы, — сапраўды скарысталіся гэтай перамогай. У тым ліку і нашай перамогай. Зноў жа, з ініцыятывы Злучаных Штатаў Амерыкі быў вылучаны план Маршала, які ўзняў Еўропу з руінаў, з гэтых
самых папялішчаў, які ўдыхнуў жыццё, і якому, па сутнасці, Еўропа абавязаная і дасюль. Але ж Сталін адмовіўся ад гэтага плану. Ён як вайну, так і перамогу, так і пасляваеннае аднаўленне, адбудову
зноў жа ўзваліў на плечы свайго народу. І гэтым увергнуў яго ў неймаверную шматгадовую галечу. Апроч таго, яшчэ ў выніку нашай гэтай перамогі былі заняволеныя краіны так званай «народнай
дэмакратыі», усходнееўрапейскія краіны. І гэтая нашая перамога яшчэ на паўстагоддзя затрымала іх натуральнае гістарычнае развіццё ў кірунку прагрэсу. З гэтага правалу яны яшчэ дагэтуль не
могуць выбрацца, мы гэта бачым на прыкладзе нашай Усходняй Еўропы. Але яны робяць спробы, усё ж даволі паспяховыя, ізноў жа пры падтрымцы міжнароднай супольнасці — Еўропы і найперш Амерыкі.
А Беларусь стаіць убаку".