«У турме мне зачыталі прысуд». Жах, які паўтарыўся

Калі я даведаўся, як затрымлівалі галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» Ягора Марціновіча ды кандыдата медыцынскіх навук, урача-рэаніматолага Андрэя Вітушку, то чамусьці адразу падумаў пра… беларускую мову. Так, згаданыя людзі ў жыцці ў асноўным размаўляюць на роднай мове, а гэта падчас пратэстаў для сілавікоў — як чырвоная ануча для быка.

БССР, 1930-я гады

БССР, 1930-я гады

«У наступную секунду аўтаматчык кінуўся да мяне: “Выходим из машины!” Я паказаў пасведчанне журналіста, якому ён шчыра парадаваўся: “Наша Ніва? По-белоруссски говорим? В автозак! Бегом”», — апісваў момант затрымання 10 жніўня рэдактар газеты «Наша Ніва». Затрыманых у жніўні 2020-га на мінскіх вуліцах людзей пасля катаванняў закідвалі ў перапоўненыя камеры ізалятараў. Тут мне, гісторыку, згадаліся савецкія рэпрэсіі супраць жыхароў Беларусі ў 1930-я гады. Паралелі, як кажуць, напрошваюцца самі сабой. Праз падобныя выпрабаванні давялося прайсці нашым продкам падчас савецкіх рэпрэсій.

Катаванні за матчыну мову

Жыхароў сучаснай Беларусі абурыла тая жорсткасць, з якой дзейнічалі супраць суграмадзян сілавікі. Асабліва людзей уразілі катаванні ў турмах. «Метады НКУС выкарыстоўваюць», — пісалі ў сацсетках шматлікія беларусы. І яны мелі рацыю.

«У памежатрадзе ў Плешчаніцах, там дзе спарткомплекс, там жа ідыёты. […] Усе панаехаўшыя. […] Ноччу выклікаюць і пачынаюць здзекавацца. […] На допыт прывозяць у Плешчаніцы, у гэтае КПЗ. […] “Чым ты займаўся? Контррэвалюцыяй?” — “Беларускія часопісы чытаў, больш нічога не рабіў”, — кажу. “Я і беларускія часопісы не чытаў”. — “А чаму сценкі абклееныя?” — “Дык маці ж”. […] “Навошта ты іх прывозіў, навошта захоўваў”. […] Дзверы адчынілі. […] “Сунь пальцы сюды”. […] Прыціснуў, так мне цёмна ў вачах стала. Я адразу ўпаў. Ён мне тады ботам. Зламаў рабро. “Паднімайся”. А дзе тут паднімешся, зусім прытомнасць страціў. Потым сюды, у ключыцу. […] Пальцы, толькі белыя костачкі тырчалі, астатняе ў дзвярах засталося», — узгадваў ахвяра сталінскіх рэпрэсій, ураджэнец вёскі Дзвінаса Плешчаніцкага (цяпер Лагойскага) раёна Пётр Красоўскі.

Беларусы, 1930-я г.

Беларусы, 1930-я г.

Яго арыштавалі ў траўні 1937 года. На момант арышту яму было 19 гадоў. Пятра Іванавіча абвінавацілі ў антысавецкай агітацыі (вось чаму следчы «цікавіўся» беларускімі часопісамі) і прысудзілі да 10 гадоў лагерных прац.  

У польскай газеце «Віленскі кур’ер» у 1937 годзе адзначалася: «Сёння ў Беларусі не выносяць тых грамадзян, якія добра валодаюць беларускай мовай у пісьме і гутарцы. Такіх прымаюць за рэшткі “нацдэмаўскага атрэб’я”. Напрыклад, акадэмік беларускай Акадэміі навук спецыяльна стараецца гаварыць па-беларуску з памылкамі, каб партячэйка не падазравала яго ў нацыянал-дэмакратызме. Бяспечней выкарыстоўваць ва ўстановах і штодзённым жыцці рускую мову, чым беларускую».

Гільзы ад Нагана, знойдзеныя ў Курапатах

Гільзы ад Нагана, знойдзеныя ў Курапатах

Уратавацца ў Саветах

Асобнай катэгорыяй рэпрэсаваных былі перабежчыкі з тэрыторыі Польшчы, якія апрыёры лічыліся бальшавіцкай уладай «агентамі польскай выведкі». «Потым да мяне падкінулі аднаго таксама перабежчыка. […] Гадоў 20 яму было. І вось што. Яго паставілі на чацвёра сутак стаяць. На допыт водзяць, а потым прыводзяць — і ён стаіць. Ён дзесьці трое сутак адстаяў. Спухлі ў яго ногі. Ён хіснуўся і зваліўся. Згубіў прытомнасць. Наглядчык падбягае: “Паднімайся”. Ён не паднімаецца. Як дасць яму наском у грудзі. А ён мёртвы! Ён ужо памёр, не вытрымаў стойкі, упаў і сканаў. Ён таксама перайшоў мяжу, як і я», — падкрэсліваў жыхар Докшыцкага раёна Міхаіл Гамановіч. За нелегальны пераход савецка-польскай мяжы ў 1938 годзе гэты чалавек быў асуджаны на тры гады лагернага зняволення.

16 ліпеня 1939 года савецкія памежнікі затрымалі на кардоне жыхара Старога Свержаня 25-гадовага Сцяпана Валовіча. 27 жніўня 1939 года яго абвінавацілі ў нелегальным пераходзе мяжы, шпіянажы на карысць Польшчы і прысудзілі да 10 гадоў лагерных прац. «Мы туды самі прыйшлі. Там стаяў жаўнер са штыком. “Стойте!” […] І арыштавалі. На заставе ўжо ўзялі і падноскі адрывалі, гля­дзелі, ці не шпіён. […] Павезлі ў Дзяржынск. У Дзяржынску можа тыдні два-тры. Білі моцна. […] Ноччу на допыт. […] Спаць не давалі. […] Прымушалі падпісаць, што ішоў калгасы паліць. […] На следстве: “Як ішоў, з кім? Як у Польшчы жыў?” Першапачаткова абвінавачвалі мяне, што ішоў узрываць масты. […] У Дзяржынску білі па баках, у асноўным у жывот. Потым прыехаў “варанок”, завезлі ў Мінск», — падкрэсліваў Сцяпан Валовіч.

Супрацоўнікі НКУС БССР, 1930-я гады.

Супрацоўнікі НКУС БССР, 1930-я гады.


Перапоўненыя камеры ў 1940-м і 2020-м

Пасля пачатку Другой сусветнай вайны вязнямі мінскіх турмаў сталі і шматлікія польскія грамадзяне, якія трапілі ў рукі чэкістаў пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР. 1 красавіка 1940 года ў турэмным вагоне з Баранавічаў у Мінск сярод іншых зняволеных прыбыў Канстанцін Рдултоўскі, фігура знакавая для паўночна-ўсходніх ваяводстваў Другой Рэчы Паспалітай. Шляхціц нарадзіўся ў 1880 годзе ў маёнтку Чарнігаў-Горны на Навагрудчыне. У 1919–1920 гадах быў Баранавіцкім і Стаўбцоўскім павятовым старастам. У 1928-м Рдултоўскага абралі дэпутатам Сейма Другой Рэчы Паспалітай, а з 1930 па 1938 гады ён быў сенатарам ад Навагрудчыны. Тады ж шляхціц выконваў абавязкі кіраўніка Віленскай сельскагаспадарчай палаты. Адразу пасля ўсталявання савецкай улады ў Заходняй Беларусі «памешчыка» Рдултоўскага арыштавалі і трымалі ў турме НКУС у Баранавічах, а затым этапавалі ў Мінск.

Зубныя шчоткі, знойдзеныя ў Курапатах

Зубныя шчоткі, знойдзеныя ў Курапатах

Вось што ўзгадвалася ў яго дзённіку: «1 красавіка 1940 года. Каля 10–11 гадзін раніцы мы прыехалі ў Мінск. Нас вывелі з вагонаў і пасадзілі ў грузавыя машыны. Праехалі міма помніка Леніну, а каля касцёла Св. Сымона і Алены, пабудаванага калісьці Эдвардам Вайніловічам, грузавік рэзка павярнуў налева, і неўзабаве мы апынуліся каля старой турмы. Сярод тых, хто ехаў са мной, было шмат знаёмых з Гродна і Ваўкавыска. Нас правялі на апошні паверх, і 120 чалавек змясцілі ў адну камеру. Людзі думалі, што гэта на некаторы час. Аказалася, што назаўсёды. На кожнага чалавека прыходзілася прыкладна 40 сантыметраў вольнага месца. Было горача, не хапала паветра. Пазней нас сталі выводзіць на прагулкі. Кармілі хлебам і вадой, з нейкай травой. Наглядчыкі называлі гэта пітво «чай». Сярод зняволеных было шмат землеўладальнікаў, асаднікаў, паліцыянтаў, афіцэраў Войска Польскага. Зняволеныя казалі, што ў суседняй камеры сядзелі некалькі польскіх генералаў. Пад нашай камерай знахо­дзіліся кабінеты следчых, дзе арыштаваных дапытвалі. Часта адтуль даносіліся чалавечыя крыкі. Некаторыя са зняволеных не вытрымлівалі збіцця, вар’яцелі. Часта арыштантаў выклікалі з камеры «з рэчамі». Больш мы гэтых людзей не бачылі. На іх месца прыводзілі новых вязняў. Праз два тыдні пасля знаходжання ў турме мне зачыталі прысуд. За тое, што я быў землеўладальнікам і «эксплуатаваў» 111 чалавек, мяне прысудзілі да 8 гадоў папраўчых работ».

А цяпер вернемся ў год 2020-ты ды ўзгадаем словы Андрэя Вітушкі пра тое, што ў камеру, якая была разлічаная на 6 чалавек, размяшчалі ад 19 да 32 затрыманых. «Паўтара сутак нас не кармілі. Вада з-пад крану, якую можна было набраць у дзве пластыкавыя бутэлькі, з якіх пілі ўсе», — узгадваў Андрэй. Гісторыя 1940-га з кантынгентам з так званага «Беларускага катынскага спісу» паўтарылася. Дзякуй Богу, што часткова і з «хэпі-эндам».

Супрацоўнікі НКУС БССР

Супрацоўнікі НКУС БССР

…Мяне часта пытаюць шматлікія мае знаёмыя, чаму ж гэтая жудасць адбываецца ў сучаснай Беларусі — краіне, якая знаходзіцца ў цэнтры Еўропы. Адказ просты. Мы не зрабілі высновы са сваёй цяжкай гісторыі і не разлічыліся са злачынствамі камуністычнай сістэмы. Доўгі час баяліся ўсяго нацыянальнага, патрыятычнага. А менавіта нацыянальны грунт дае магчымасць зрабіць крок ад «homo soveticus» да чалавека еўрапейскай фармацыі, які шануе сваю культуру, гісторыю, традыцыі і не дазваляе знішчаць усе гэта. Шчыра веру, што глыбокі аналіз трагедыі 1930-х гадоў дасць магчымасць усім нам зрабіць высновы на будучыню. Каб не паўтарыліся боль ды жахі Курапат ды Акрэсціна.

Фота з архіва Ігара Мельнікава