У гродзенскім драмтэатры адмянілі ўсе спектаклі. Афіцыйна — каранцін, неафіцыйна — рэпрэсіі

Гродзенскі драматычны тэатр з 25 верасня спыняе паказы спектакляў і пераходзіць у рэжым рэпетыцый, хаця на бліжэйшыя дні раскупілі амаль усе білеты.

2141ad09_b19e_465c_a07f_14ed4a59ece4_w1023_r1_s.jpg


Афіцыйная прычына — эпідэмічная сітуацыя. Як расказалі адразу некалькі артыстаў драмтэатру, кіраўніцтва ім паведаміла, што тэатр пераходзіць на рэжым рэпетыцый у сувязі з эпідэмічнай сітуацыяй, бо так, нібыта, параіла Міністэрства здароўя.

«Каб не было падтрымкі тэатру і акцёрам у той сітуацыі, якая склалася», — выказаў думку аб прычынах такога рашэння заслужаны артыст Беларусі, рэжысёр драмтэатру Сяргей Курыленка.

Упершыню за паўгода з пачаткам эпідэміі каронавірусу ў тэатры мог здарыцца аншлаг. На паказ 25 верасня раскупілі амаль усе білеты, на 26 верасня — усю залю. Да гэтага ў тэатры былі амаль пустыя залі на спектаклях.

«Мы хваляваліся, мы вельмі моцна чакалі гледачоў», — кажа акцёр Ігар Уланаў. Рэпетыцыйны рэжым адаб’ецца на заробках многіх акцёраў, якія цяпер не задзейнічаныя ў рэпетыцыях. «Рэпетыцыйны працэс цяпер не ва ўсіх. Гэта ўсё! Тэатр спыняецца. Можна было граць 5 спектакляў, але ж гэта не рэпертуарная палітыка», — эмацыйна кажа Васіль Мініч.

Што гавораць акцёры аб прычынах? Вядома, што яшчэ аднаго артыста драматычнага тэатру, Ігара Уланава, які грае амаль ва ўсіх спектаклях, хочуць звольніць. Ігар пакуль не падпісаў ніякіх папераў.

«У тэатры адбываецца бардак. Абсалютнае адчуванне бездапаможнасці і бяспраўя з боку нашых кіраўнікоў. Нікому не важныя твае погляды, нікому не важныя твае думкі, нікому не важная твая праца», — кажа Уланаў.

Трох артыстаў — Васіля Мініча, Натальлю Лявонаву і Сяргея Курыленку — пазбавілі ўсіх прэмій і даплат за месяц. Яны атрымаюць заробак каля 100-150 рублёў. Што калектыў будзе рабіць далей, яны пакуль не ведаюць. Яны не вырашылі, ці будуць звальняцца ўсім складам, як купалаўцы.

Ігар Уланаў адзначыў, што ён сам і ўсе яго калегі працягваюць змагацца «за нашую любімую краіну, за сумленнасць, прыстойнасць, супакой».

«Мы будзем змагацца ўсімі даступнымі спосабамі, якія ёсць у акцёраў. Я ганаруся сваім калектывам. Мы разам, і гэта самае галоўнае. Рашэнне, куды мы будзем рухацца ўсім калектывам, будзем прымаць усе разам. Узяць цяпер і перабегчы ў нейкі іншы тэатр — абсалютна няма такіх думак. Мы адзіны калектыў. Мы ўсе разам. Мы будзем ісці да канца», — заявіў ён.

20 верасня падчас пратэставай акцыі ў Горадні затрымалі заслужанага артыста Беларусі Сяргея Курыленку і яго жонку артыстку Валянціну Харытонаву. Іх калегі, калі даведаліся пра гэта, не здолелі дайграць спектакль. Гледачам пра гэта абвесціў Ігар Уланаў.

22 верасня звольнілі артыстку Лізавету Мілінцэвіч, якая была сярод выканаўцаў, што не скончылі спектакль. У той жа дзень на размову з артыстамі прыязджаў Уладзімір Каранік, які займае пасаду старшыні аблвыканкаму.

Спектаклі 22 верасня (у дзень прыезду Караніка) і 23 верасня (у дзень інаўгурацыі Лукашэнкі) адмянілі.

Паводле Радыё Свабода