Акрамя грамадства іншай крыніцы ўлады і носьбіта суверэнітэту няма. Усе астатнія — самазванцы

Упершыню ў найноўшай гісторыі Беларусі склалася сітуацыя, калі рэпрэсіі не справакавалі ў грамадстве ступар, а выклікалі хвалю мабілізацыі ў адказ.

aukcion_1__1__logo.gif

Не кожны дзень простаму чалавеку выпадае магчымасць упісаць яркую старонку ў гісторыю новай Беларусі. Дачцэ адной маёй старой знаёмай такая магчымасць выпала. Аднак яна ёю не скарысталася. А патрабавалася тады ад яе зусім дробязь: у працоўны час і бясплатна наведаць канцэрт заслужанага артыста Расіі і ўладальніка Ордэна Францыска Скарыны Мікалая Баскава.

Чаму ж дачка маёй знаёмай адмовілася прамяняць звычайны працоўны дзень у дзіцячым садку на мерапрыемства, якое змяшчае два ў адным (ці то форум у шоу, ці то шоу ў форуме)? Прычыну яе адмовы варта шукаць у непаўнаце інфармацыі, якую прадставіла загадчыца дзіцячага садка.

Заслужаны педагог з саракагадовым стажам пра канцэрт Мікалая Баскава праінфармаваў, а пра форум, на якім чакалася выступленне адзінага палітыка (АП), праінфармаваць не адважыўся. А хто ж у 25-гадовым узросце ды ў здаровым розуме праз увесь горад паедзе слухаць натуральнага бландзіна?!


Ідэальная затычка да кожнай ідэалагічнай бочкі

9 жніўня стала мяжой, што падзяліла гісторыю Беларусі на «да» і «пасля таго». Праілюструю гэту трансфармацыю старым савецкім анекдотам.

Эвалюцыя расійскіх марксістаў за сто гадоў. Канец XIX стагоддзя. На стале «Капітал», пад сталом — бутэлька. Стук у дзверы. «Капітал» — пад стол, бутэльку — на стол. Сярэдзіна XX стагоддзя. На стале стаіць бутэлька, пад сталом —«Капітал». Стук у дзверы. Бутэльку — пад стол, «Капітал» — на стол.

У педагогаў — людзей, залежных ад дзяржавы, — ёсць адна важная перавага перад калегамі па няшчасці. Ведаю пра гэту перавагу з жыцця, а не з навуковых манаграфій, бо ўжо 21 год жыву з педагогам у законным шлюбе.

Адсутнасць педагога на працы — гэта вам не адсутнасць лекара. Адчуваеце розніцу? Таму педагог — ідэальны кандыдат на ролю затычкі да кожнай ідэалагічнай бочкі. Мая каханая, напрыклад, спецыялізавалася на наведванні хакейных матчаў з удзелам самі разумееце каго.

Важны педагагічны нюанс: падчас восеньскіх, зімовых і вясновых канікул педагог абавязаны з’яўляцца ў школу. Канікулы — для вучняў, а не для настаўнікаў. Але што настаўніку рабіць у школе без вучняў? Увосень ён зграбае лісце, зімой — снег, вясной — сабачае лайно і іншае смецце, што назапасіліся за зіму. Кваліфікацыі для гэтых відаў работ чалавеку з вышэйшай адукацыяй хапае.

За наведванне ідэалагічных хакейных матчаў, якія, як правіла, праводзяцца па выхадных, запланаваныя адгулы. Вакацыі — выдатны час для іх прадастаўлення.

Час падвесці прамежкавы вынік. Да 9 жніўня адміністратар, што ўгаворваў педагога выканаць ролю зацікаўленага гледача, напіраў на яго свядомасць. «Пасля таго» ён вымушаны хаваць сапраўдную сутнасць мерапрыемства. Гісторыя з эстрадным бландзінам — яскравы таму прыклад.


А суддзі хто і якія крытэры?

Але вернемся на «Мінск-Арэну», дзе жанчыны-працаўніцы, жанчыны-патрыёткі і проста прыгажуні, якіх завабілі паглядзець на прыезджага тэнара, упісвалі «яркую старонку ў гісторыю новай Беларусі».

У чым яе навізна? Мабыць, толькі ў тым, што АП не прыняў удзел у працы форуму, а незапланавана яго наведаў. Ён выступаў другім нумарам, саступіўшы першынства тэнару, які і сабраў «усе кветкі».

Нібы герой рамана «Яўген Анегін», АП прыбыў на форум з карабля (з вучэнняў «Славянскае братэрства–2020») на баль. Але ён быў у курсе таго, што адбываецца на эстрадзе: «Літаральна праз кожныя 20–30 хвілін мяне інфармавалі пра ход вашага форуму. Я разумеў, што не паспею на гэта вялікае дзейства. І вырашыў хаця б тэлеграму вам накіраваць. Потым стэлефанаваўся ў апошні раз, мне кажуць: ды не, мы яшчэ шумім! Так я прыняў рашэнне: па шляху пераапрануўся і прыехаў на гэты форум, каб сказаць вам літаральна некалькі словаў».

Словы, натуральна, былі пра галоўнае — пра немагчымасць «фальсіфікаваць выбары ў 80%». Гэта значыць, у 79% можна, а ў 80% нельга. Такая вось нацыянальная асаблівасць фальсіфікацый.

Для яе разумення дастаткова зайсці на сайт ЦВК і параўнаць інфармацыю пра вылучэнне прадстаўнікоў у склад участковых выбарчых камісій з канчатковымі звесткамі пра іх склад. Абмяжуюся некалькімі прыкладамі: Беларуская аграрная партыя вылучыла 576 чалавек, з якіх былі ўключаныя ў камісіі 574 (99,7%). Аналагічныя паказчыкі для Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці склалі 1294 і 1256 (97,1%).

А цяпер звернемся да паказчыкаў апазіцыйных партый: Аб’яднаная грамадзянская партыя — 212 і 0 (0,0%), Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) — 224 і 3 (1,3%), Партыя БНФ — 109 і 3 (2,8%).

Не ўпэўнены, што такая статыстыка адпавядае маральнаму кодэксу будаўніка камунізму. Аднак мы не будуем камунізм. Мы будуем краіну, зручную для жыцця, і найважнейшай умовай такога будаўніцтва з’яўляецца падзел беларусаў на першагатунковых і ўсіх іншых.

А суддзі хто і якія крытэры для трапляння ў шэрагі першагатунковых? Усіх суддзяў не пералічу, але права аддзяляць збожжа ад пустазелля на тэрыторыі рэспублікі-партызанкі далі, у прыватнасці, старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай. А яна неяк сказала: «На жаль, так склалася, што ў нас у апазіцыю ідуць часцяком людзі азлобленыя, нездаволеныя. І калі яны прыходзяць у той ці іншы калектыў, то яны ствараюць вельмі цяжкую, нервовую абстаноўку. Гэта і вядзе, уласна кажучы, да адмовы ўключэння тых ці іншых людзей».

Здавалася б, прыведзеныя словы старшыні ЦВК павінны былі б зацікавіць шматлікіх работнікаў праваахоўных органаў. Аднак па незразумелых мне прычынах тыя не спяшаюцца заняцца справай, на якую вучыліся і за якую ім грошы плацяць.

Але я адышоў ад тэмы. На «Мінск-Арэне» тым часам Баскаў скончыў выводзіць свае рулады, а АП свой выступ толькі распачаў: «Я вам клянуся, ніякай хлусні на выбарах не было».

Клянецца чалавек. Як жа яму не паверыць? Аднак тут ёсць нюанс, які людзям свецкім у поўнай меры недаступны, але які адпавядае ўзроўню разумення інтэлектуалаў з ліку праваслаўных атэістаў. Клятвазлачынства — адзін з найбольш ганебных відаў хлусні. Ісус Хрыстос забараняў даваць клятвы: «Я кажу вам: не прысягай зусім: ні небам, бо яно — трон Божы; ні зямлёю, бо яна падножжа ног Яго; ні Ерусалімам, бо ён горад вялікага Цара; ні галавою тваёю не прысягай, бо не можаш ніводнага воласа зрабіць белым або чорным» (Евангелле ад Матфея, раздзел 5, вершы 33-37).


Усе астатнія — самазванцы

Свой унёсак у падзел найноўшай гісторыі Беларусі на «да» і «пасля таго» зрабілі паказальныя масавыя рэпрэсіі. Аднак — у адрозненне ад мінулых гадоў — рэпрэсіі не штурхнулі грамадства ў ступар, а выклікалі хвалю мабілізацыі ў адказ. Упершыню ў найноўшай гісторыі склалася сітуацыя, калі рэпрэсіі вядуць да выдаткаў, што пераўзыходзяць выйгрыш ад іх выкарыстання.

«Жорсткае і дэманстратыўна несправядлівае ўжыванне рэпрэсій, — тлумачыць сацыёлаг Таццяна Варажэйкіна, — гэта хутчэй прыкмета слабасці аўтарытарнага рэжыму і ўсё больш відавочнага вычэрпвання таго сацыяльнага кантракту, на якім ён грунтаваўся ў першыя паўтара дзесяцігоддзі свайго існавання. Улада адчувальна губляе здольнасць да кааптацыі насельніцтва».

Канцэнтруючы дзяржаўныя даходы для падкормкі сілавых структур, улада звужае свае магчымасці падтрымліваць сацыяльны кантракт з насельніцтвам на ранейшым узроўні, што негатыўна адбіваецца на яе легітымнасці. Атрымліваецца, як у вядомай гісторыі з мухамі і катлетамі: легітымнасць — асобна, улада — асобна.

Але калі ўлада губляе, то грамадства набывае, і спіс яго набыткаў узначальвае здольнасць да самаарганізацыі. Учорашні бязмоўны суб’ект пачынае ўсведамляць, што, згодна з артыкулам 3 Канстытуцыі, акрамя грамадства іншай крыніцы дзяржаўнай улады і носьбіта суверэнітэту ў краіне няма. Усе астатнія — самазванцы.