«Не магу моўчкі рабіць выгляд, што ў краіне нічога не адбываецца»

Наталля Мех працуе на Берасцейшчыне настаўніцай начальных класаў Кобрынскай сярэдняй школы №7, дзе кіруе народным літаратурна-краязнаўчым музеем «Скарбы роднага краю». 25 верасня настаўніцу са школы забралі міліцыянты.

Наталля і Алесь Мех

Наталля і Алесь Мех

Вось што распавяла спадарыня Наталля:
«Учора ў нашую школу прыехаў нарад міліцыі. Мне не далі правесці апошні ўрок. Завезлі ў РАУС. Там са мною гутарылі спачатку маёр міліцыі Міхась Вайтовіч, а затым падпалкоўнік міліцыі Вячаслаў Клімчук. Вельмі непакоіліся пра лёс майго мужа, старшыні Кобрынскай каардынацыйнай рады народнага даверу, рамесніка Алеся Меха. Знік чалавек. Пыталіся, ці я не забіла яго незнарок? Мяркуюць аб’явіць у росшук, аднак пры гэтым фіксуюць прысутнасць Алеся Меха ў горадзе на нядзельных маршах супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў. Аднак затрымаць мужа пакуль не змаглі. Амаль паўтары гадзіны гутарылі з міліцыянтамі на розныя тэмы. Пра мой выступ на мітынгу і ўдзелы ў нядзельных маршах. Пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні не складалі. Усё яшчэ наперадзе. Міліцыянты выконваюць сваю справу. А я раблю тое, што падказвае сумленне. У чалавека заўжды ёсць выбар. Часцяком ён бывае цяжкім. Але кожны выбірае свой шлях у жыцці. У сённяшняй сітуацыі я, як чалавек і настаўніца, не магу моўчкі рабіць выгляд, што ў краіне нічога не адбываецца. Неабходна сумленна рабіць сваю працу і размаўляць з людзьмі, у тым ліку і з міліцыянтамі. Яны таксама стаяць перад выбарам. Я веру, што прыдзе час, калі народ Беларусі будзе мець мажлівасць выбіраць мясцовую, рэгіянальную і цэнтральную ўладу на празрыстых, сумленных і свабодных выбарах».
Рэпрэсііі ў Кобрыне супраць грамадскіх актывістаў працягваюцца. Раніцай 25 верасня міліцыянты затрымалі станочніка Алеся Мандру і закратавалі да суду ў ізалятары часовага ўтрымання РАУС, прычым перадачу не прынялі. Суд прызначаны на 29 верасня. Прывязуць на суд каля 10.30. У гэты ж дзень а 14.30 будуць судзіць і аўтара гэтага артыкула.
На 29 верасня прызначаныя суды ў Дамасевічаў — бацькоў трох дзяцей, бухгалтара Змітра і хатняй гаспадыні Юліі. Цягам тыдня асудзяць юрыста Рамана Дзмітрука, беспрацоўнага Рыгора Ігнацюка і прадаўца Андрэя Жука.
Але і народ не спіць у шапку. Сёння раніцай, падчас вандроўкі на наберажнай ракі Мухавец убачыў выявы беларускага гістарычнага, нацыянальнага і былога дзяржаўнага бел-чырвона-белага сцягу пад аўтамабільным мостам праз раку, на гарадской веласцежцы і ў выглядзе стужак на мастку, што злучае левы бераг Мухаўца з выспай.