Змагарны 1863-ці

Нацыянальна-вызваленчае паўстанне Кастуся Каліноўскага — адна з самых важных падзей у беларускай гісторыі. Расійскія гісторыкі, а таксама ўсе, хто не хоча бачыць нашу краіну незалежнай, заўсёды называюць паўстанне 1863 года «польскім». Але ж многія гісторыкі Польшчы ўжо даўно зрабілі выснову, што Каліноўскі не быў палякам, а збройнае змаганне на нашых землях было не польскім, а беларускім, бо ў ім бралі ўдзел паўстанцы-беларусы, якімі камандавалі таксама беларусы.

Міхаіл Мураўёў у Літве. Пакаранне паўстанцаў на шыбеніцах

Міхаіл Мураўёў у Літве. Пакаранне паўстанцаў на шыбеніцах

Ваяры Тадэвуша Касцюшкі і змагары 1831 года імкнуліся аднавіць Вялікае Княства Літоўскае і Рэч Паспалітую. Каліноўскі і яго аднадумцы змагаліся ўжо за самастойную Беларусь. Адным з іх пароляў былі знойдзеныя ў архіўных дакументах словы «Каго любіш? — Люблю Беларусь! — Так узаемна!». Няпраўда і тое, што супроць расійскіх каланізатараў выступілі адны католікі. У шэрагах паўстанцаў было шмат праваслаўных беларусаў. У паўстанні ўдзельнічалі беларускія паэты Францішак Багушэвіч, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Арцём Вярыга-Дарэўскі, Фелікс Тапчэўскі. Паўстанне Каліноўскага сталася першым крокам да будучай незалежнасці Беларусі.

Да зброі!

Паўстанне добра падрыхтавала арганізацыя адданых сваёй справе патрыётаў на чале з Каліноўскім. У кожным павеце яны мелі надзейных людзей, прызначаных вайсковымі і грамадзянскімі начальнікамі. Былі падабраны асобы, якія сталі баявым ядром паўстанцкіх аддзелаў. Камандзірамі абіралі тых, хто меў добры вайсковы досвед, найперш былых афіцэраў. Былі створаны запасы зброі і боепрыпасаў. Змагары ўмела захоўвалі таямніцы. Самі ж расійскія ўлады прызналі потым: яны і не падазравалі, што край выбухне магутным паўстаннем.

Збройная барацьба на беларускім абшары разгарнулася ўжо ў канцы студзеня 1863 года. Паўстанцы атакавалі царскі гарнізон у мястэчку Сураж пад Беластокам. Рота расійскіх войскаў адступіла, не здолеўшы абараніць свой арсенал. Нашы ваяры захапілі шмат зброі, спынілі рух на чыгунцы і перарэзалі тэлеграфную лінію. Расійскі тэлеграфіст яшчэ паспеў адправіць панічную тэлеграму, што ў Сураж увайшла тысяча «мяцежнікаў».

Вялікія паўстанцкія сілы на некалькі сотняў шабляў, стрэльбаў і сялянскіх косаў, якія таксама ператвараліся ў грозную зброю, сабраліся ў мястэчку Сямяцічы Бельскага павета. Інструктары навучалі добраахвотнікаў вайсковай справе. Ішла нарыхтоўка харчу і зброі. Напалоханыя царскія ўлады кінулі на патрыётаў паўтары тысячы пяхотнікаў, казацкі эскадрон і артылерыйскую батарэю. Першы штурм ворагаў паўстанцы адбілі, але мусілі з баямі адступіць. Помсцячы жыхарам Сямяцічаў за падтрымку змагароў, карнікі спалілі большую частку мястэчка.

У лютым каліноўцы занялі мястэчка Шарашова, а затым — Пружаны, дзе вызвалілі з турмы зняволеных паплечнікаў. Сакавік-красавік стаў часам хуткага стварэння паўстанцкіх аддзелаў ва ўсіх губернях. Часовы ўрад Літвы-Беларусі паставіў заданне, каб у кожным павеце за зброю ўзяліся 100–150 змагароў. У паўстанцкія шэрагі ўступалі шляхта, чыноўнікі, студэнты і навучэнцы, патрыятычна настроеныя афіцэры расійскага войска. Пятую частку змагароў складалі сяляне, што адгукнуліся на заклік Каліноўскага, надрукаваны ў «Мужыцкай праўдзе». Яны сталі касінерамі — ваярамі, узброенымі вертыкальна насаджанымі на касільны косамі. Бясстрашныя касінеры наводзілі на ворагаў жах і дапамагалі паплечнікам здабыць перамогу.

На Лідчыне паспяхова ваявалі з расійскімі карнікамі змагары Людвіка Нарбута. Чатыры сотні паўстанцаў налічваў аддзел вайсковага начальніка Гродзенскага ваяводства Валерыя Урублеўскага. Ён не раз даваў годны адпор царскім войскам, хоць нашы ваяры напачатку мелі ўсяго 230 паляўнічых стрэльбаў і сто косаў, а сёй-той наогул быў узброены дубінай. Пад камандаю Зыгмунта Серакоўскага на Ковеншчыне ваявала цэлае двухтысячнае злучэнне. З баямі дайшоў з Брэстчыны да Слуцкага павета аддзел Рамана Рагінскага. Пад Барысавам паўстанцы ўзялі ў палон расійскага генерала.

У Кобрынскім павеце гераічна адбівалі наступы расійцаў падначаленыя Рамуальда Траўгута. Начальнік Магілёўскага ваяводства Людвік Звяждоўскі ў траўні заняў на ўсходзе Беларусі горад Горы-Горкі. Змагароў падтрымалі студэнты тамтэйшага земляробчага інстытута і павятовай вучэльні. «Ліцьвінскай кавалерыяй» на Гродзеншчыне камандаваў Казімір Кабылінскі. Ён далучыўся да паўстання разам з трыма сынамі і змагаўся да сваёй гераічнай гібелі, узяўшы удзел у дваццаці баях.

Самааддана кіравалі паўстанцкім рухам Цітус Далеўскі, Генрык Дмахоўскі, Антон Трусаў, Тамаш Грыневіч, Фелікс Віславух, Юльян Бакшанскі, Лявон Плятэр, Баляслаў Святарэцкі, Ігнат Будзіловіч, Антон Грабніцкі, Вінцэнт Козел-Паклеўскі, Баляслаў Калышка, Францішак Юндзіл і дзясяткі іх баявых пабрацімаў.

Баі і сутычкі з расійскімі войскамі адбываліся на ўсім абшары краю.


Рэйкавая вайна

Надзвычай цікавая старонка паўстання — рэйкавая вайна. У гады Другой сусветнай вайны такую вайну вялі супроць нямецкіх акупантаў беларускія партызаны. Не менш гераічна дзейнічалі на нешматлікіх тады яшчэ, праўда, чыгунках нашыя змагары ў 1863-ім.

На самым пачатку збройнай барацьбы ў руках паўстанцаў апынулася частка чыгуначнага пуці, што вёў з Варшавы да Беластока. На станцыю Лапы прыйшоў цэлы цягнік з падмогаю нашым ваярам. Праз некалькі студзеньскіх дзён яшчэ адзін паўстанцкі аддзел таксама на Беласточчыне заняў станцыю Чыжэва. Інжынер-чыгуначнік, які перайшоў на бок паўстанцаў, перадаў камандзіру каштоўныя звесткі пра рух цягнікоў і разабраў станцыйны тэлеграфны апарат. У выніку рух паміж Варшавай і Пецярбургам быў спынены на цэлы тыдзень.

У першыя дні сакавіка каліноўцы адважна напалі на чыгуначны вакзал у Гродне і захапілі ў царскага начальства 10 тысяч рублёў, неабходных на набыццё зброі. Пасля перастрэлкі частка нашых ваяроў здолела пакінуць горад на паравозе. На станцыі Парэчча пад Гроднам да паўстанцаў далучыліся пятнаццаць чыгуначных службоўцаў і рабочых.

Калі расійскія ўлады пачалі перакідваць чыгункаю карныя войскі, паўстанцы абстрэльвалі і спынялі цягнікі на лясных перагонах, псавалі лакаматывы, палілі масты. Яны ссякалі тэлеграфныя слупы, разбіралі рэйкі.

У красавіку па ўсім краі разнеслася вестка пра тое, як каліноўцы пусцілі пад адхон царскі цягнік паблізу Чыжэва. Пра назву гэтай беларускай станцыі хутка даведаліся чытачы французскіх газет, дзе з’явіліся малюнкі паспяховай атакі на непрыяцельскі цягнік. Еўрапейская прэса наогул шмат пісала пра паўстанне, змяшчаючы ілюстрацыі пра баявыя дзеянні змагароў.

Царскія ўлады мусілі скараціць перавозкі, а начны рух пасажырскіх цягнікоў паміж Варшавай і Вільняй наогул быў адменены. Буйныя станцыі ахоўвалі цэлыя палкі салдат. Улетку выйшаў загад: дзеля абароны чыгункі высякаць паабапал яе лясы на 150 сажняў (320 метраў) з кожнага боку, а вакол станцый — на 300 сажняў ва ўсе бакі. Усе цягнікі ахоўваў канвой не меншы за роту салдат.

Каліноўцы не давалі спакою каланізатарам на чыгунках да самай восені 1863 года.


Банольдзі, Сокалаў, Базанаў

Там, дзе змагаюцца за волю, пад сцягі барацьбітоў заўсёды становяцца і людзі іншых нацыянальнасцей. Так было і ў векапомным 1863-ім. Поплеч з нашымі прадзедамі ў Літве-Беларусі ваявалі палякі, украінцы, расійцы, латышы, патрыёты з заходнееўрапейскіх краін.

У Літоўскі камітэт, што рыхтаваў паўстанне, уваходзіў выхаванец Лазанскага ўніверсітэта, таленавіты спявак і танцмайстар, італьянец Ахіл Банольдзі. Апынуўшыся воляю лёсу ў Вільні, ён хутка стаў ліцьвінам па духу, цудоўна спяваў беларускія народныя песні. Перад паўстаннем на перамовах у Польшчы Банольдзі адстойваў самастойнасць зямель Вялікага Княства Літоўскага і права яго народаў на будучае, незалежнае ад Варшавы дзяржаўнае жыццё. У заснаванай Ахілам фотамайстэрні рыхтаваліся патрэбныя каліноўцам дакументы. Найбольш вядомы нам фотапартрэт Кастуся Каліноўскага зроблены якраз Ахілам Банольдзі.

Італія была радзімаю продкаў іншага знакамітага паўстанца — мастака Міхала Андрыёлі. Ён ваяваў у аддзеле Людвіка Нарбута і ў сваіх малюнках пакінуў сапраўдны летапіс змагання. Андрыёлі добра вядомы сёння і сваімі таленавітымі ілюстрацыямі да паэмы Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш».

У паўстанні загінуў афіцэр расійскай арміі ўкраінец Андрэй Патабня. Ён быў выхаванцам Полацкага кадэцкага корпуса і пад уплывам сяброў — ліцьвінскіх патрыётаў — стаў перакананым ворагам цара і расійскіх каланізатараў.

Дваццацігадовы юнак Апалон Сокалаў прыехаў вучыцца ў Горы-Горацкі земляробчы інстытут з глыбіні Расіі. Калі Горкі занялі паўстанцы Людвіка Звяждоўскага, Апалон быў сярод некалькіх дзясяткаў студэнтаў, якія далучыліся да змагароў. Ён заставаўся са сваім камандзірам да самага моманту вымушанага роспуску аддзела і пастановы па адным прабівацца з акружэння на захад.

Агентам Віленскага паўстанцкага камітэта стаў расіец Дзмітрый Базанаў. Ён займаў пасаду пісара ў Троцкім павеце. У паперах царскай следчай камісіі адзначалася, што Базанаў меў незвычайную дзёрзкасць і энергію і адпраўляў «бунтаўнікам» вялікія партыі зброі.

Сокалава, Базанава ды іхніх суайчыннікаў-расійцаў царскі суд караў — у параўнанні з даўнімі жыхарамі нашага краю — больш жорстка. Апалона пазбавілі дваранства і маёмасці ды асудзілі на дванаццаць гадоў катаржных работ у сібірскіх капальнях, дзе і згасла яго нядоўгае жыццё.

Захаваліся звесткі пра тое, што ў палон да расійскіх карнікаў трапіла некалькі параненых чарнаскурых паўстанцаў-мурынаў (неграў). Сярод змагароў былі таксама вольналюбівыя сыны венгерскага народа. Нашы паўстанцы-катаржане пакінулі ва ўспамінах сведчанні, што разам з імі ў Сібіры мужна адбывалі цяжкае пакаранне іх таварышы па зброі — французы.

Кажуць, што Айчыну не выбіраюць. Але кожны можа выбраць свабоду.

Маці, жонкі, каханыя

«Якая маці, сястра, жонка, сяброўка, каханая, дачка не знойдзе шляху да сэрца мужчыны, што яе любіць? Натхніце ж іх! Запаліце агнём! Спыніце свае забавы і дарагія задавальненні. Айчына патрабуе помсты і малітваў, ахвяраванняў на зброю і на справу паўстання». Гэтыя словы гучалі ў паўстанцкай адозве «Ліцьвінкі і Русінкі!». Але і без гарачых заклікаў жанчыны дапамагалі, як маглі, каліноўцам.

Дакументы, складзеныя расійскімі следчымі, паведамляюць, што яшчэ перад паўстаннем многія жанчыны нашага краю насілі «рэвалюцыйныя знакі і адзенне» і спявалі забароненыя патрыятычныя песні ды гімны. Такія спевы шмат разоў гучалі ў Мінскім кафедральным касцёле Дзевы Марыі, у храмах Навагрудка, Мазыра, Пінска, Рэчыцы, па ўсім абшары былога Вялікага Княства Літоўскага. Існавалі цэлыя вандроўныя групы жанчын-запявалаў, якія пасля набажэнстваў распачыналі сапраўдныя канцэрты з забароненых каланізатарамі песень. Вядома, што за гэтае «злачынства» былі пакараны спявачкі Вітольда Гувальт, Аліна Белавежская і дзясяткі яе аднадумніц з Гомельскага павета.

У знак салідарнасці з паўстанцамі і жалобы па палеглых змагарах шляхцянкі насілі вопратку, капялюшыкі і парасоны чорнага, белага і фіялетавага колераў. Раз’ятраныя расійскія ўлады забаранілі любыя жалобныя знакі і абкладалі непаслухмяных жанчын вялікімі штрафамі. Шляхцянку Амалію Лашкевіч абвінавацілі ў тым, што яна пашыла сабе нацыянальны ўбор і фіранкі непажаданых белага і чырвонага колераў. Марыю Ульянаўскую судзілі за «крамольныя» песні і за частаванне ў дзень свайго нараджэння сялян-уніятаў, якія адмаўляліся прымаць праваслаўную веру.

Царскім служкам не падабалася ўжо тое, што дзяўчаты і кабеты «асаблівым чынам падстрыгалі сабе валасы». У Кацярыны Шалюты адабралі ўсю маёмасць за распаўсюджванне антыўрадавых вершаў і ўлётак. Шляхцянка Ванда Беліковіч (родам з Віцебскай губерні) паклала ў труну мужу-паўстанцу сваё фота і была за гэта пакарана штрафам у 300 рублёў (столькі атрымліваў за год наглядчык у расійскай турме).

У час паўстання жанчыны-ліцьвінкі былі кур’еркамі, выведніцамі, захоўвалі зброю і порах, забяспечвалі нашых ваяроў харчам. За такую дзейнасць у турму кінулі Алімпіяду Каплінскую з Барысаўскага павета і Юлляну Алендскую з Сенненскага, а Ізабелу Цеханавецкую царскі суд у Магілёве пастанавіў выслаць у Варонежскую губерню. Адважнай сувязной стала ў 1863-ім пляменніца мастака Напалеона Орды і сама таленавітая мастачка Алена Скірмунт. Царскі суд пастанавіў разлучыць яе з мужам і дзецьмі і выслаць у далёкі расійскі Тамбоў.

Нашы мужныя жанчыны былі сёстрамі міласэрнасці ў паўстанцкіх шпіталях, давалі прытулак параненым каліноўцам. Яны наймаліся на працу ў царскія турмы, дзе разносілі ежу, мылі зняволеным паўстанцам бялізну, падтрымлівалі іх дух размовамі. Нарачоная Каліноўскага Марыя Ямант з сёстрамі стварыла ў Вільні жаночы камітэт. Ён браў пад апеку паўстанцкія сем’і і саміх зняволеных змагароў, якім перадавалі лісты і прадукты. Такія камітэты існавалі і ў іншых губернскіх гарадах.

Будучая знакамітая пісьменніца Эліза Ажэшка хавала генерала Рамуальда Траўгута, якога пазней пад выглядам сваяка вынаходліва пераправіла ў Варшаву.


Каміла Марцінкевіч

Дачка беларускага пісьменніка Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча — Каміла — яшчэ ў дзяцінстве здзіўляла ўсіх бліскучымі музычнымі здольнасцямі. Яна цудоўна спявала і іграла на піяніна. З васьмі гадоў Каміла ўжо давала канцэрты ў Мінску, Вільні, Кіеве, Варшаве. У праграме была музыка яе ўлюбёных кампазітараў Фрэдэрыка Шапэна і Ферэнца Ліста ды ўласныя творы. Дзяўчына мела і акцёрскі  талент. Яна выходзіла на сцэну ў мінскай пастаноўцы славутай оперы «Сялянка», музыку да якой напісаў Станіслаў Манюшка, а лібрэта (тэкст) — бацька Камілы.

Каміла Марцінкевіч

Каміла Марцінкевіч

Але сябры і аднадумцы ведалі і іншую Камілу. У яе дома праводзіла сходы мінская арганізацыя Літоўскага камітэта, што займалася падрыхтоўкай паўстання. У 1861 годзе паліцыя высачыла патрыётку. За ўдзел у вулічных дэманстрацыях і навучанне мінчукоў рэвалюцыйным гімнам Камілу змясцілі ў вар’ятню. «Хваробаю» палічылі любоў да Айчыны ды мары наблізіць яе вызваленне ад расійскага ярма. Жыхары горада шматлюдна пратэставалі каля сценаў ператворанай у турму лякарні. Зняволенай штодня прыносілі жывыя кветкі, для яе спявалі песні. Каб спыніць гэтыя пратэсты, царскія ўлады вымушаны былі вызваліць «хворую».

На пачатку змагарнага 1863-га Камілу зноў арыштавалі. Падставай стаў данос расійскага салдата, да якога яна звярнулася з прапановаю прадаць зброю. Патрыётку трымалі ў турэмным Пішчалаўскім замку і ў былым кляштары бернардзінаў. Там Каміла Марцінкевіч атрымлівала лісты з прызнаннямі ў каханні ад аднаго з кіраўнікоў мінскіх паўстанцаў Караля Станкевіча, які таксама трапіў за краты.

Магіла Камілы Марцінкевіч (Асіповіч) на Бернардзінскіх могілках у Вільні на Зарэччы (Ужупіс) 1 лістапала 2017, Дзень Усіх Святых. Фота: www.racyja.com

Магіла Камілы Марцінкевіч (Асіповіч) на Бернардзінскіх могілках у Вільні на Зарэччы (Ужупіс) 1 лістапала 2017, Дзень Усіх Святых. Фота: www.racyja.com

Каміла ўражвала катаў сваім непахісным духам. Калі паўстанца Яна Жмачынскага вялі на смяротнае пакаранне, дзяўчына з акна сваёй камеры кінула яму пад ногі букет кветак. Царскія ўлады на 25 гадоў выслалі Камілу пад паліцэйскі нагляд у расійскі горад Салікамск. Яна змагла вярнуцца на радзіму толькі праз дваццаць гадоў, калі цяжка і невылечна захварэла.


Верная Апалонія

Адданай паплечніцай Зыгмунта Серакоўскага стала яго жонка Апалонія. Яе называлі «першай прыгажуняй на Літве». Апалонія паходзіла з роду Далеўскіх, які даў паўстанню трох кіраўнікоў.

Пасля смерці мужа на сустрэчы з віленскім генерал-губернатарам Мураўёвым, які вызначаўся неверагоднай жорсткасцю ў расправах з паўстанцамі, Апалонія прасіла не асуджаць яе на выгнанне з роднага краю. Яна спасылалася на кепскае здароўе і сваю цяжарнасць. На словы жонкі Серакоўскага, што на далёкай чужыне яна не зможа знайсці для сябе і дзіцяці добрых дактароў, Мураўёў адказаў: «Тым лепей». Народжаную ўжо ў царскай высылцы дачушку Апалонія назвала ў гонар мужа Зыгмунтай. Малая пражыла ўсяго адзін год.

Зыгмунт Серакоўскі

Зыгмунт Серакоўскі

Апалонія Серакоўская пакінула нашчадкам успаміны пра той незабыўны час. Яны поўныя горычы і смутку, але таксама і найцікавейшых дэталяў, што дазваляюць аднавіць шматлікія падзеі паўстання і стварыць партрэты яго герояў. Нельга без хвалявання чытаць, як паўстанцы прыслалі ў Вільню да Апалоніі свайго пасыльнага з просьбаю перадаць частку кашулі Зыгмунта, у якой ён быў паранены і паланёны. Баявыя паплечнікі, што бязмежна любілі свайго камандзіра, абяцалі падзяліць тканіну на часткі і разаслаць па змагарскіх аддзелах. Тыя ядвабныя, шэрыя ў чорную кратку кавалачкі кашулі натхнялі паўстанцаў разам з баявымі сцягамі.

Пярсцёнак Зыгмунта Серакоўскіага. Фота: K.Stoškaus nuotr.

Пярсцёнак Зыгмунта Серакоўскіага. Фота: K.Stoškaus nuotr.

Аўтарка ўспамінаў пераканаўча даводзіць, што паўстанне ў Літве-Беларусі не было польскім. Серакоўская згадвае, напрыклад, паўстанцкі сход, дзе адзін з камандзіраў — Уладзіслаў Малахоўскі — палымяна выступіў супроць варшаўскай апекі: «Досыць нам гэтай залежнай ролі! Варшава не разумее нашых патрэб! Павінны самі ра́дзіць сабе пра дабро сваёй зямлі. Польскі камісар мае толькі дарадчы голас!».

Юныя змагары

У шэрагах паўстанцаў 1863-га былі і падлеткі. Ім не дазвалялася ўдзельнічаць у баях, але юныя патрыёты ўсяляк дапамагалі старэйшым таварышам: падтрымлівалі сувязь паміж аддзеламі, дастаўлялі звесткі пра перасоўванне і ўзбраенне карнікаў. Звычайна апранутыя па-сялянску хлапчукі ўдала спраўляліся з заданнямі там, дзе дарослыя выведнікі маглі лёгка трапіць пад падазрэнне.

Адным з такіх юных змагароў быў дванаццацігадовы Стась Віткевіч. Хлопчык меў выдатную памяць і мастацкія здольнасці. Ён мог не толькі запомніць колькасць варожых салдат і афіцэраў, але і намаляваць іх лагер, за што шмат разоў атрымліваў падзяку ад камандзіраў перад паўстанцкім шыхтам.

Сям’ю Віткевічаў разам са Стасем выслалі з родных мясцін у сібірскі Томск. Праз дваццаць гадоў Станіслаў стаў вядомым мастаком і вырашыў перанесці незабыўныя ўражанні юных гадоў на карціны. На іх сапраўды яскрава ажываюць падзеі і героі таго змагарнага часу. Цяпер у Нацыянальным музеі ў Варшаве можна ўбачыць самы знакаміты твор Віткевіча «Паранены паўстанец». Знаёмыя мастака сорак гадоў хавалі гэтую карціну, каб яна не трапіла ў рукі расійскіх улад. Вядома, што ёю захапляўся славуты польскі пісьменнік Генрык Сянкевіч.

Магілёўскага падлетка-паўстанца Аляксея Вайніловіча царскія суддзі адправілі ў высылку, калі той меў усяго чатырнаццаць гадоў. У Сібір ён ішоў пад канвоем у адной калоне з дарослымі высланцамі. Нягледзячы на пакуты, Аляксей вёў дзённік, дзе пакінуў апісанні і малюнкі таго пякельна цяжкага шляху. Напрыклад, у Маскве, каб запалохаць арыштантаў, ім паказалі клетку, дзе калісьці ў дзесяцікілаграмовых нажных кайданах трымалі перад пакараннем смерцю правадыра сялянскай вайны ў Расіі Емяльяна Пугачова. Цяпер дзённік юнага змагара захоўваецца ў Гродзенскім гістарычна-археалагічным музеі.

Мілавіды

На абшары былога Вялікага Княства каліноўцы правялі з царскай арміяй 237 баёў і баявых сутычак. Найбольш паспяховая бітва адбылася 3 чэрвеня пад вёскай Мілавіды Слонімскага павета (цяпер Баранавіцкі раён). Там злучыліся пяць паўстанціх аддзелаў: слонімскі, ваўкавыскі, гродзенскі, навагрудскі і пружанскі. Імі камандавалі Францішак Юндзіл, Густаў Стравінскі, Аляксандр Лянкевіч, Вітаўт Міладоўскі і Фелікс Улодак. Узначаліў агульныя сілы з 800 ваяроў былы падпалкоўнік царскай арміі вайсковы начальнік Гродзенскага павета Аляксандр Лянкевіч, які атрымаў за гераізм у баях з карнікамі званне палкоўніка. У яго аддзеле разам са шляхтай ваявала больш за сотню пераважна праваслаўных сялян.

Глядзіце таксама

Паўстанцы сталі ўмацаваным вайсковым лагерам каля шашы Брэст — Бабруйск. Напярэдадні бітвы паплечнікаў па зброі наведаў і выступіў перад імі Кастусь Каліноўскі. Бой з нашымі ваярамі распачалі прыкладна столькі ж карнікаў, але яны былі непараўнальна лепей узброеныя і мелі чатыры гарматы. Бітва з пераменным поспехам доўжылася дзевяць гадзін. Варожыя атакі з розных бакоў гераічна адбівалі і шляхта, і сяляне-касінеры на чале з Янам Ельскім і ксяндзом Феліцыянам Лашкевічам. Захаваліся звесткі, што ў бітве ўдзельнічалі мастак Міхал Андрыёлі і будучы паэт Францішак Багушэвіч.

На змярканні расійцы не наважыліся працягваць бой і адышлі, страціўшы 50 салдат і афіцэраў забітымі ды параненымі. Тым часам да непрыяцеля падышло яшчэ чатыры сотні вайскоўцаў. Аднак калі раніцой ворагі аднавілі атакі, яны ў разгубленасці ўбачылі ўперадзе пакінуты лагер. Уначы паўстанцы зладжана адышлі, але, паколькі поле бою засталося за імі, яны і сталі пераможцамі.

Сёння пра тую перамогу нагадваюць пад Мілавідамі капліца-помнік і два мемарыяльныя камяні з партрэтам Каліноўскага ды імёнамі паўстанцкіх камандзіраў. Каля іх заўсёды кветкі.

Няроўныя сілы

Супроць паўстанцаў дзейнічала амаль 150-тысячная вымуштраваная армія карнікаў: войскі, загартаваныя ў захопніцкіх царскіх войнах, а таксама паліцыя, батальёны ўнутранай варты ды іншыя, сцягнутыя для змагання з «мяцежнікамі», сілы. Яны былі выдатна ўзброеныя, мелі 120 палявых гармат. Стрэльбы расійскіх пяхотнікаў — штуцары — у некалькі разоў перавышалі трапнасцю агню паляўнічыя стрэльбы паўстанцаў, якім увогуле не хапала агняпальнай зброі.

Каліноўцаў было ў дзесяць разоў меней, чым карнікаў, але яны ведалі мясціны, дзе ваявалі, і ўмела манеўравалі ў самых складаных умовах. Асноўным відам баявых дзеянняў паўстанцы абралі партызанскую вайну. Гэта дазваляла наносіць ворагу нечаканыя і вельмі адчувальныя ўдары. Аднак суадносіны сіл былі занадта няроўныя.

Глядзіце таксама

Расійскія ўлады здолелі падмануць значную частку сялян, якія паверылі, быццам «паны б’юцца за вяртанне прыгону». Распаўсюджвалася хлусня, нібыта паўстанцы падпальваюць паселішчы і забіваюць вяскоўцаў. У Магілёўскай губерні, напрыклад, гуляла запушчаная царскім чынавенствам чутка, што каліноўцы спалілі вёску Цёплае і выразалі ўсіх яе жыхароў. Гэтая чутка не мела пад сабой аніякіх падстаў, але актыўна пашыралася праваслаўнымі папамі.

Магутнага сялянскага выступлення баяліся і кіраўнікі паўстанцаў з лагеру «белых». Яны, у адрозненне ад Каліноўскага і «чырвоных», спадзяваліся найперш не на шырокую падтрымку простага народа, а на вайсковую дапамогу заходнееўрапейскіх дзяржаў. Але гэтыя надзеі не спраўдзіліся.

Марнымі былі і разлікі каліноўцаў на сялянскае паўстанне ў Расіі.  Большасць расійскіх дэмакратаў паставілася да барацьбы беларусаў-ліцьвінаў варожа і падтрымала царскую палітыку, услаўляючы яе ў газетных артыкулах і вершах.

Ужо ў траўні 1863 года карныя войскі задушылі паўстанне ў Віцебскай і Магілёўскай губернях. Была разбіта і бальшыня аддзелаў змагароў на Міншчыне. Больш паспяхова яны дзейнічалі ў Віленскай губерні, але і там увосень баі спыніліся. Карнікі доўга не маглі справіцца з «бунтаўнікамі» толькі на Гродзеншчыне, дзе ваяводскім камісарам быў Каліноўскі і ваявала шмат сялян. На захадзе Літвы-Беларусі збройнае змаганне трывала цэлы год — да пачатку 1864-га. Канцом паўстання можна лічыць арышт Кастуся Каліноўскага і яго пакаранне смерцю.

Мураўёў-вешальнік

Задушэннем вызваленчай барацьбы кіраваў адданы царскі паслугач Міхаіл Мураўёў. Ён чыніў расправу яшчэ над паўстанцамі 1831 года, падпісаў смяротны прысуд аднаму з герояў таго часу Міхалу Валовічу. Мураўёў дамогся замены Статута Вялікага Княства 1588 года, які дзейнічаў на землях Літвы-Беларусі, расійскімі законамі. Сярод яго «заслуг» — закрыццё Віленскага ўніверсітэта і спрыянне біскупу-здрадніку Сямашку ў вайне з уніяцкай верай.

Па ўсім краі па загадзе Мураўёва замест нашых старажытных храмаў будаваліся аднолькавыя праваслаўныя цэрквы-мураўёўкі. Беларусь ён хацеў ператварыць у частку Расіі. Яго падначаленыя кіраваліся мураўёўскім дэвізам: «Што не дарабіў расійскі штык — даробяць руская царква і школа». Гэтыя словы любіў паўтараць кіраўнік Віленскай навучальнай акругі Іван Карнілаў, якому падпарадкоўваліся ўсе школы нашага краю.

У маладосці Міхаіл Мураўёў належаў да расійскіх рэвалюцыянераў-дзекабрыстаў. Трапіўшы пасля паражэння іх паўстання за краты ў Петрапаўлаўскую фартэцыю, ён расказаў следчым усё, што іх цікавіла. Коштам здрады таварышам ён выйшаў з турмы і ўжо праз год заняў высокую пасаду Віцебскага віцэ-губернатара. Былы дзекабрыст узяўся з велізарнай стараннасцю выкупляць «грахі маладосці». Каб давесці вернападданасць цару, ён проста лез са скуры, але ніколі не забываў пра ўласную выгаду. Адзін з яго начальнікаў, князь Далгарукаў, пісаў пра Мураўёва: «Пачуццё асабістай годнасці, гонар, сумленне — для яго толькі пустыя словы. Яго рэлігія — улада і грошы». Расійскі рэвалюцыянер Аляксандр Герцэн называў Мураўёва «змоўшчыкам, які выйшаў з турмы з павышэннем у чыне, генералам, які не бываў у баях, казнакрадам, катам і інквізітарам, зверам, якога не ўбачыш і ў клетках звярынца».

Міхаіл Мураўёў 

Міхаіл Мураўёў 

У 1863-ім Міхаіл Мураўёў быў прызначаны віленскім генерал-губернатарам. Ён атрымаў ад цара надзвычайныя паўнамоцтвы і стаў паўнаўладным гаспадаром краю. У першы ж дзень свайго прыезду ў Вільню Мураўёў падпісаў смяротны прысуд паўстанцу Адаму Пуслоўскаму. Гэты дваццацігадовы юнак трапіў у палон, паспеўшы пабыць у аддзеле змагароў усяго некалькі гадзін. Неўзабаве па загадзе Мураўёва ў Мінску на месцы сучаснага сталічнага паштамта пакаралі смерцю маладога шляхціча-афіцэра Міхала Цюндзявіцкага. Яго галоўнай віною было пашырэнне газеты «Мужыцкая праўда» і чытанне сялянам паўстанцкай адозвы.

Глядзіце таксама

У адным з распараджэнняў Мураўёва гаварылася: «Калі паўстанцкая партыя (аддзел) пакажацца на адлегласці трох вёрстаў ад маёнтка, той будзе адабраны ў дзяржаўную казну. Вёска першы раз плаціць грашовую кару, а ў другі раз раўняецца з зямлёй». Арыштаваных паўстанцаў дапытвалі з лютай жорсткасцю. Іх маглі пазбавіць самага неабходнага. Змучаным пакутамі, часта цяжка параненым вязням, напрыклад, не дазвалялі спаць: царскія следчыя мяняліся, а патрыёты зноў і зноў чулі патрабаванне назваць паролі, імёны, адрасы сваіх паплечнікаў. Калі вінаватым прызнавалі аднаго, высылалася на чужыну ўся сям’я.

Верны памагаты Мураўёва жандарскі палкоўнік Лосеў казаў вязням: «Няўжо вы думаеце, што мы ў вачах вашага грамадства хочам зрабіць вас героямі? Не, наша заданне ў тым, каб не толькі здабыць у вас прызнанне, але і выпусціць з нашых рук такімі чорнымі, каб вашы маці вас не прызналі і ад вас адракліся».

Калі не дапамагала запалохванне і збройная сіла, хітры і бязлітасны Мураўёў не грэбаваў ніякімі сродкамі: дзейнічаў подкупамі і ашуканствам, падпісваў смяротныя прысуды, загадваў раўняць магілы паўстанцаў з зямлёй і заліваць іх змесцівам прыбіральняў, каб не дапусціць патрыятычных дэманстрацый. За сваю жорсткасць і крывавыя расправы генерал-губернатар атрымаў мянушку Вешальнік. Ёсць сведчанні, што гэты не­людзь нават ганарыўся сваім ганебным найменнем. Маючы на ўвазе павешанага ў 1826 годзе па царскім загадзе рэвалюцыянера-дзекабрыста Сяргея Мураўёва-Апостала, віленскі генерал-губернатар любіў паўтараць: «Я не з тых Мураўёвых, якіх вешаюць, а з тых, якія самі вешаюць».

У расправах з патрыётамі Вешальнік карыстаўся і такім жудасным спосабам. У адказ на просьбы сваякоў злітавацца над асуджаным на смерць і замяніць яму кару на больш лёгкую генерал-губернатар падпісваў загад пра памілаванне. Жонка, маці, сястра ці брат паўстанца спяшаліся з гэтым загадам у турму, але раней за іх туды выязджаў мураўёўскі пасланец з загадам паскорыць выкананне смяротнага прысуду. Вешальнік хацеў, каб потым родныя павешанага ці расстралянага ўсё жыццё пакутавалі ад таго, што спазніліся. Адзін з такіх выпадкаў апісаны Уладзімірам Караткевічам у рамане «Леаніды не вернуцца да Зямлі».

Карыкатуры на Мураўёва, якія тады змяшчалі еўрапейскія газеты і часопісы, паказвалі яго на пірамідах з чалавечых чарапоў, на фоне шыбеніц і падпаленых карнікамі беларускіх вёсак і мястэчак.

220px_vilnia__muravyov_viesalnik._vilnja__muraujou_veszalnik__1900_.jpg

Пры канцы ХІХ стагоддзя ўлады Расійскай імперыі паставілі ў Вільні помнік Мураўёву. Віленчукі зруйнавалі яго ў часе Першай сусветнай вайны, як толькі расійскія войскі пакінулі горад. Абломкі помніка пайшлі на будаўніцтва грамадскай прыбіральні.

«Бокал заздравный поднимая»

На баку мураўёўскіх карнікаў была большасць славутых літаратараў Расіі, якія таксама марылі, каб у імперыі ўсе народы ўрэшце зрабіліся «русскими». Мікалай Някрасаў, якога лічаць паэтам-дэмакратам, прысвяціў Мураўёву-вешальніку прывітальную оду, у якой услаўляў яго такімі словамі:


Бокал заздравный поднимая,

Еще раз выпить нам пора

Здоровье миротворца края!

Так много ж лет ему! Ура!


У 1863 годзе Леў Талстой пісаў паэту Афанасію Фету: «Выглядае, што справы кепскія, ці не давядзецца нам з вамі зноў здымаць меч з іржавага цвіка?». Знакаміты пісьменнік меў на ўвазе дапамогу не паўстанцам, а царскім карнікам. Яму належаць і іншыя красамоўныя словы: «Мне абсалютна ўсё роўна, што палякаў душаць».

Фёдар Дастаеўскі ў рамане «Браты Карамазавы» спрабаваў высмеяць «палякаў» (ён, як і Талстой, называў так і нашых суайчыннікаў-паўстанцаў), сцвярджаючы, што яны паехалі ў Сібір не як зняволеныя і высланцы, а нібыта за пэўны заробак як царскія службоўцы. Фёдар Цютчаў адгукнуўся на падзеі тых гадоў некалькімі вершамі, дзе ўслаўляў Расійскую імперыю і крывавую перамогу над змагарамі 1863 года:


Над русской Вильной

стародавней

Родные теплются кресты,

И звоном меди православной

Все огласились высоты.


Ён лічыў, што Расія павінна сабраць «под знамя русское» ўсіх славян і зрабіць іх «единомысленными».


Расправа над патрыётамі

Расійскія каланізатары патапілі паўстанне Каліноўскага ў крыві. Тысячы патрыётаў загінулі і памерлі ад ран. Дакладная колькасць ваяроў, якія палеглі за свабоду ў Літве-Беларусі, невядомая. З тых, каго захапілі ў палон або арыштавалі, паводле апошніх падлікаў гісторыкаў, 181 змагар быў павешаны ці расстраляны, блізу тысячы асуджаны на катаргу. Дванаццаць з паловай тысяч паўстанцаў выслалі з родных мясцін, а таксама адправілі ў арыштанцкія роты царскага войска. Шмат для каго гэта было роўнае смяротнаму пакаранне. Часам у Сібір высылалі цэлыя вёскі, якія падтрымалі каліноўцаў. Болей за шэсць тысяч паўстанцаў атрымалі іншыя пакаранні, у тым ліку пазбавіліся шляцецкіх правоў і маёнткаў. Не злічыць тых, хто, ратуючыся ад пераследу, пакінуў Айчыну.

У нашым краі былі ўстаноўлены жорсткія законы, накіраваныя на поўную русіфікацыю: ператварэнне жыхароў у расійцаў. Дзейнічалі шматлікія абмежаванні для беларусаў-каталікоў, палякаў і габрэяў. Шмат якія касцёлы ўлада закрывала і перадавала рускай праваслаўнай царкве. Існавалі адны расійскія школы. На беларускай мове былі забаронены кнігадрукаванне, выданне газет і часопісаў. Не дазвалялася размаўляць па-беларуску ў царскіх установах.

Глядзіце таксама

За ўдзел студэнтаў у паўстанні каланіяльныя ўлады закрылі адзіную на той час у Літве-Беларусі вышэйшую навучальную ўстанову — Горацкі земляробчы інстытут. Замкі́ павесілі на дзвярах Віленскага музея старажытнасцей. Самыя каштоўныя экспанаты вывезлі адтуль у Расію, і цяпер іх можна ўбачыць у маскоўскім Дзяржаўным гістарычным музеі. Вучоных з Віленскай археалагічнай камісіі абвінавацілі ў спачуванні «мяцежнікам» і імкненні аднавіць незалежнасць Вялікага Княства. Па загадзе Мураўёва-вешальніка камісію, якая збірала помнікі нашай старасвеччыны і спрыяла нацыянальнаму адраджэнню, разагналі. Замест яе з вернападданых навукоўцаў стварылі іншую камісію з падобнай назвай — археаграфічную. Але падабенства назваў не магло ўвесці патрыётаў у зман. Новая камісія павінна была даказаць, што «Северо-Западный край» царскай імперыі заўсёды быў «русским».

Пад расправу трапілі нават старадаўнія назвы гарадскіх вуліц і плошчаў. У Мінску плошчу Высокі рынак улада перайменавала ў Саборную, вуліцу Бернардзінскую — у Манастырскую, Валоцкую — у Хрышчэнскую, Дамініканскую — у Петрапаўлаўскую, Зборавую — у Турэмную, Зыбіцкую — у Балотную, Францысканскую — у Губернатарскую, Феліцыянаўскую — у Багадзельную. Вуліцы з падазронымі для царскіх служак назвамі былі пераназваны паўсюль. У Гродне, напрыклад, Брыгіцкая зрабілася Купецкай, Баніфратарская — Татарскай, Дамініканская — Саборнай.

Разам з тым пасля паўстання царскія ўлады вымушаны былі пайсці на палёгкі сялянам. Частка беззямельных вяскоўцаў атрымала надзелы. У Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губернях больш чым напалову зменшылася выкупная плата за зямлю, якая пераходзіла сялянам паводле царскай пастановы 1861 года пра скасаванне прыгону.

7__majka_ciszotka_z_vyjavaj_k._kalinouskaha__samvydat__hhi_stahoddze_..jpg


Жывая памяць

У нашай краіне шмат мясцін, дзе зберагаецца памяць пра вызваленчае паўстанне Каліноўскага і яго герояў. Нашчадкі прыходзяць і прыязджаюць пакланіцца магілам змагароў паблізу Мілавідаў, у вёсках Плябань на Маладзечаншчыне, Каралеўцы і Куранец на Вілейшчыне, у Ласасіне на Пружаншчыне, каля мястэчка Косава, у Горках. На Кальварыйскіх могілках у Мінску спачывае паўстанец Ян Баляслаў Луцкевіч, бацька дзеячаў нашага нацыянальнага Адраджэння Івана і Антона Луцкевічаў. На яго магіле часта можна ўбачыць бел-чырвона-белыя стужкі і кветкі.

У вёсцы Краснае паблізу Маладзечна пахаваны апошні ўдзельнік паўстання Ігнат Абрамовіч, які пражыў 105 гадоў. Мемарыяльныя крыжы і камяні ў гонар каліноўцаў стаяць у Зарубіцкім лесе і ў Азёрах пад Гроднам, каля вёскі Арцішы Шчучынскага раёна, Голдава і Малога Ольжава на Лідчыне, паблізу вёсак Пацавічы і Мінявічы Мастоўскага раёна ды ў шмат якіх яшчэ кутках Беларусі. Да 150-годдзя паўстання вялізны крыж з шэрага граніту ў форме мяча з’явіўся ў вёсцы Слабодка на Астравеччыне. На крыжы — выява «Пагоні» і пароль змагароў «Каго любіш? — Люблю Беларусь!»

Глядзіце таксама

У будучыні ў незалежнай Беларусі на вуліцах і плошчах гарадоў павінны з’явіцца помнікі, у якіх скульптары ўвасобяць абліччы тых, хто ў 1863–1864 гадах змагаўся і аддаў жыццё за вызваленне Айчыны. Адным з такіх манументаў у Мінску можа стаць помнік Міхалу Цюндзявіцкаму — першаму патрыёту, пакаранаму тады смерцю ў нашай цяперашняй сталіцы. Пакуль жа зусім недалёка ад месца расстрэлу шляхціча Цюндзявіцкага стаіць на вуліцы Валадарскага бронзавы помнік царскаму гарадавому, усталяваны тымі, хто намагаецца працягваць на нашай зямлі чорную справу Мураўёва-вешальніка.