Паўстанне Каліноўскага — нагода для гонару

У міжваеннай Польшчы быў зроблены вялікі акцэнт на захаванне памяці пра падзеі Паўстання 1863–1864 гадоў. Дзяржава не толькі арганізоўвала дагляд і ўшанаванне ветэранаў-паўстанцаў, выплачвала ім пенсію, але і сачыла за захаваннем месцаў, звязаных з тымі падзеямі.  



3_l_vo_mag_la_pa_stanca_1863_g_.jpg

Львоў, магіла паўстанцаў 1863 года

Ізноў у войску

18 снежня 1919 года польскі Сейм прыняў закон аб прысваенні ўдзельнікам паўстанняў 1831, 1848, 1863 гадоў, якія дажылі да моманту незалежнасці Польшчы, афіцэрскіх званняў. Пры гэтым ветэраны атрымалі права нашэння спецыяльнага вайсковага мундзіру (рагатыўкі, кіцеля-сурдута, шыняля цёмна-сіняга колеру), а загадам ад 7 лістапада 1922 года ўводзілася сістэма, па якой радавыя і афіцэры Войска Польскага павінны былі салютаваць двума пальцамі, паднесенымі да казырка галаўнога ўбора, кожнаму ветэрану-паўстанцу.

2_uznagaroda_veterana_krizhom_70_goddzja_pa_stannja_1933_god.jpg

Узнагарода ветэранаў крыжам 70-годдзя паўстання, 1933 год

Удзельнік паўстання 1863 года ці яго ўдава мелі права бясплатнага карыстання медыцынскімі паслугамі. У сваю чаргу, асоба, якая фінансавала пахаванне ветэрана, магла разлічваць на атрыманне ад дзяржавы грашовай дапамогі ў памеры адной пенсіі, якую атрымліваў памерлы. 2 жніўня 1919 года польскі Сейм надзяліў ветэранаў і ўдоваў былых паўстанцаў правам на атрыманне пенсіі. Першапачаткова гэтыя людзі атрымлівалі 27 500 польскіх марак, а пасля рэформы 1924 года памер грашовага ўзнагароджання склаў 125 злотых. У 1938 годзе ветэранская пенсія складала ўжо 200 злотых. Удовы атрымлівалі 50 працэнтаў ад гэтых сум.

1_krizh_70_goddzja_pa_stannja_1933_god_gerb_pa_stanca_.jpg

Крыж 70-годдзя паўстання 1933 год і герб паўстанцаў

Дзяржаўныя ўзнагароды, атрыманыя ветэранамі, таксама давалі права на льготы. Напрыклад, узнагароджаныя Крыжам Незалежнасці мелі права бясплатнага праезду на цягніках PKP. Для былых удзельнікаў Паўстання 1863–1864 гадоў ствараліся Дамы ветэрана, якія фінансавала не толькі дзяржава, але і грамадскія арганізацыі (Таварыства сяброў ветэранаў 1863 года ў Варшаве). Акрамя гэтага, у ІІ Рэчы Паспалітай дзейнічаў Фонд Таварыства ўзаемнай дапамогі ўдзельнікам паўстання 1863 года, які атрымліваў фінансавыя сродкі ад розных грамадскіх арганізацый. Дарэчы, Таварыства ветэранаў паўстання 1863–1864 гадоў мела свае прадстаўніцтва ў Варшаве, Кракаве, Тарнаве, Львове, Любліне, Кельцах і Седльцах.

1_krizh_70_goddzja_pa_stannja_1933_god_gerb_pa_stanca_2.jpg

Крыж 70-годдзя паўстання 1933 год і герб паўстанцаў

Першая рэгістрацыя ўдзельнікаў Паўстання 1863–1864 гадоў адбылася ў 1919 годзе. Па яе выніках аказалася, што на тэрыторыі ІІ Рэчы Паспалітай жыве 4 500 састарэлых паўстанцаў і 1 500 удоў. Аднак ужо праз некалькі гадоў (у 1923 г.) гэтая лічба паменшылася ўдвая і склала 2 012 ветэранаў. У год сямідзесяцігадовага юбілею Паўстання ў 1933-м у Польшчы жыло 230 ветэранаў, у 1937 годзе — 75, у 1938 г. — 53, а ў пачатку 1939 года іх засталося толькі 36 чалавек. Кожны з гэтых людзей у перыяд міжваеннага дваццацігоддзя быў вельмі паважанай асобай. Ветэраны Паўстання 1863–1864 гадоў у жыцці польскага грамадства выконвалі амаль тую ж ролю, што сёння адыгрываюць ветэраны Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі. Старых запрашалі на ўсе дзяржаўныя святы, урачыстасці, у школы.

Паўстанне праз кіно, маркі і манеты

Урад ІІ Рэчы Паспалітай разумеў, што гісторыя Паўстання 1863–1864 гадоў мела фундаментальнае значэнне для фармавання нацыянальнай свядомасці тагачаснага польскага грамадства. У 1922 годзе ў Польшчы выходзіць фільм «Год 1863», створаны паводле аповесці Стэфана Жыромскага, прысвечанай падзеям 1863–1864 гадоў. Тут варта ўспомніць, што на хвалі беларусізацыі ў БССР адбываліся працэсы абуджэння цікавасці жыхароў Савецкай Беларусі да «антыцарскага паўстання» другой паловы ХІХ стагоддзя. 14 жніўня 1928 года на экраны кінатэатраў БССР выйшаў фільм «Кастусь Каліноўскі», у якім лідар паўстання на Беларусі паказаны ў вобразе народнага мсціўца. Як бачым, польскі і беларускі савецкі кінематограф амаль адначасова прыцягнуў увагу грамадства да гісторыі Паўстання 1863–1864 гадоў.

6_maneta_r_tra_gut_vipushchanaja_1933_g_avers.jpg

Манета ў гонар Р. Траўгута, выпушчаная ў 1933 годзе, аверс

6_maneta_r_tra_gut_vipushchanaja_1933_g_revers.jpg

Манета ў гонар Р. Траўгута, выпушчаная ў 1933 годзе, рэверс

Польская дзяржава спрабавала рознымі спосабамі захаваць памяць пра паўстанне. Так, у 1933 годзе ў грашовы зварот была ўведзена манета наміналам 10 злотых з выявай дыктатара Паўстання 1863–1864 гадоў Рамуальда Траўгута. Праз 5 гадоў ужо Польская Пошта ў так званай «гістарычнай серыі» надрукавала марку, прысвечаную Студзеньскаму паўстанню, на якой была выява групы паўстанцаў на чале з усё тым жа Рамуальдам Траўгутам. Акрамя гэтага, прыватныя ювелірныя майстэрні выпускалі розныя памятныя знакі і «патрыятычную біжутэрыю»  з выявамі сімвалаў Паўстання 1863–1864 гадоў. У польскіх гарадах, у тым ліку і на тэрыторыі заходнебеларускіх ваяводстваў ІІ Рэчы Паспалітай, з’явіліся вуліцы ў гонар герояў Паўстання 1863–1864 гадоў.

Павага да паўстанцкіх магіл

Важным момантам захавання памяці пра Студзеньскае паўстанне ў міжваеннай Польшчы з’яўлялася прывядзенне ў парадак пахаванняў і памятных месцаў, звязаных з гэтымі падзеямі. Гутарка, перш за ўсё, ішла пра могілкі паўстанцаў. Праблема была ў тым, што за той час, які прайшоў з моманту паўстання, за паўстанцкімі пахаваннямі (асабліва на Усходзе) не было належнага дагляду. Восенню 1927 года пачалася агульнапольская акцыя па пошуку магіл і помнікаў, звязаных з нацыянальнымі войнамі і паўстаннямі. У рамках гэтай ініцыятывы павятовыя старасты павінны былі збіраць неабходную інфармацыю, што мела дачыненне да гэтай тэматыкі.

7_ramual_d_tra_gut.jpg

Рамуальд Траўгут

У канцы 1920-х — пачатку 1930-х гадоў праца ў дадзеным накірунку адбывалася і ў Заходняй Беларусі. Так, у 1928 годзе ў мястэчку Косава на могілках быў пастаўлены Крыж на магіле паўстанцаў, загінуўлых у баі з царскімі войскамі. На 70-я ўгодкі Студзеньскага паўстання ў мястэчку Мілавіды на месцы бою паўстанцаў з царскімі войскамі была ўзведзена капліца. Варта нагадаць, што ў сярэдзіне мая 1863 года пад Мілавідамі сканцэнтраваліся атрады са Слонімшчыны, Ваўкавышчыны, Гродзеншчыны, Навагрудчыны і Пружаншчыны (усяго каля 800 паўстанцаў). У канцы траўня 1863 года гэтыя атрады інспектаваў Кастусь Каліноўскі. 22 мая 1863 года да Мілавідаў падышлі рускія войскі на чале з падпалкоўнікам Булгарыным. У выніку бою рускім пяхотнікам так і не ўдалося знішчыць паўстанцаў, якія ўдала абараняліся і своечасова адышлі. У вёсцы Пацэвічы на Мастоўшчыне ў 1933 годзе быў узведзены помнік 12 паўстанцам, загінулым у баі з дзвюма ротамі 1-га фінляндскага палка Рускай імператарскай арміі. У савецкі час памятны знак быў знішчаны. На старых каталіцкіх могілках у Лідзе каля касцёла айцоў піяраў у 1938 годзе была ўстаноўлена табліца ў гонар Людвіка Нарбута.

Сваістым сімвалам захавання памяці пра Паўстанне 1863 года ў Заходняй Беларусі стала ўсталяванне помніку Рамуальду Траўгуту ў Свіслачы. Яшчэ ў маі 1923 года ў мястэчку быў створаны Грамадскі камітэт пабудовы мемарыялу, на чале якога стаяў дырэктар настаўніцкай семінарыі Баляслаў Борыс. У выніку, у 1928 годзе, на 10-ю гадавіну аднаўлення незалежнасці Польшчы, помнік быў пастаўлены. Яго аўтарамі былі настаўнік свіслацкай семінарыі Павел Бялка і варшаўскі архітэктар Збароўскі. У верасні 1939 года мясцовыя камуністы знішчылі гэты «польскі» сімвал. Помнік быў адноўлены ў 1988 годзе па даваенных эскізах гродзенскім скульптарам Аляксандрам Анціпіным.

Юбілейныя ўрачыстасці

Безумоўна, найбольш увагі да падзей Паўстання 1863–1864 гадоў з боку польскіх улад надавалася ў «юбілейныя» гады. Так, у 1933 годзе ў Варшаве адбыліся вялікія ўрачыстасці з нагоды 70-годдзя Студзеньскага паўстання. Дэлегацыі ветэранаў і Апякунчых таварыстваў былі запрошаныя на прыём да маршала Юзафа Пілсудскага і прэзідэнта Ігнація Масціцкага. У ваяводскіх цэнтрах (у тым ліку, у Брэсце на Бугу, Наваградку і Вільне) адбыліся прыёмы ў ваявод і прэзідэнтаў гарадоў. Спецыяльна да гэтай даты быў уведзены памятны ўзнагародны Крыж Сямідзесяцігоддзя, зроблены па праекце мастака Юзафа Свірыш-Рышкевіча. Крыж 70-годдзя паўстання выдаваўся кожнаму ветэрану-паўстанцу, а таксама асобам, якія дапамагалі ветэранам. У 1933 годзе гэтую ўзнагароду атрымалі 258 чалавек.

4_parad_u_gonar_70_goddzja_pa_stannja_1933_godze.jpg

Парад у гонар 70-годдзя паўстання ў 1933 годзе

Праз пяць гадоў ІІ Рэч Паспалітая святкавала 75-годдзе Студзеньскага паўстання. У 1938 годзе ў Варшаве адбыўся з’езд ветэранаў-паўстанцаў. Тады на сустрэчу з прэзідэнтам Польшчы Ігнаціем Масціцкім у Каралеўскі замак прыехала некалькі дзесяткаў пажылых паўстанцаў. Усіх жывых на той момант удзельнікаў Паўстання ўзнагародзілі афіцэрскім Крыжам адраджэння Польшчы. Ля Магілы невядомага жаўнера адбылося ўрачыстае ўскладанне кветак, а пазней адбылася памінальная малітва ў гонар загінуўшых у баі і памерлых у Сібіры. У гэты час у краіне праводзіліся выставы і сустрэчы з ветэранамі.

5_pa_stanci_prez_denta_masc_ckaga_1935_god.jpg

Паўстанцы ў прэзідэнта І. Масціцкага, 1935 год

…Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР у верасні 1939 года новыя ўлады знішчылі шмат помнікаў, звязаных з Паўстаннем 1863–1864 гадоў. Іх аднаўленне, як і выхаванне ў беларусаў павагі да гісторыі ўзброенага выступлення нашых продкаў супраць царскай тыраніі, працягваецца да сённяшняга дня.