Значныя падзеі ды цікавыя ініцыятывы 2013 года на Падляшшы

Якія значныя падзеі ды цікавыя ініцыятывы адбыліся ў мінулым годзе на Падляшшы? Запытала “Радыё Рацыя” людзей, адказных за гаспадарчае развіццё, беларускую культуру і школьніцтва.



padliasha.jpg

Выпрацоўка стратэгіі развіцця беларускай асветы ў Польшчы — адно з важнейшых дасягненняў беларусаў Падляшша — сказаў, падводзячы вынікі 2013 году ў эфіры нашага радыё, дырэктар Агульнаадукацыйнага ліцэя з беларускай мовай навучання Андрэй Стэпанюк.

Андрэй Стэпанюк:

— Стратэгія дае магчымасць адстойваць беларускай меншасці ў Польшчы свае канстытуцыйныя правы.

Выпрацоўка стратэгіі пачалася яшчэ ў 2012 годзе і, як адзначыў Андрэй Стэпанюк, павінна завершыцца ў наступаючым 2014,  у планах яшчэ кніжка пра гісторыю беларусаў Падляшша.

Яркім прыкладам прамоцыі беларускай культуры ў польскім асяроддзі была дзейнасць Падляшскай оперы і філaрмоніі.

На працягу года ў оперы адбыліся значныя беларускія падзеі, кажа спецыялістка па справах мастацкіх праектаў оперы Ілона Карпюк:

— Гэта быў вельмі плённы год. Мы працуем на ніве шматкультурнасці, не пазбягаем ніколі беларускіх акцэнтаў. Варта адзначыць фестываль імя Яна Тарасевіча, мы адкрылі куток памяці гэтага геніяльнага кампазітара. Напэўна, трэба сказаць пра праект “Тузін немаўля” у партнёрстве з беларусамі, у выніку якога запісалі дыск з трыма беларускімі фільмамі, агучанымі беларускімі артыстамі. Мастак Алесь Пушкін упершыню паказаўся са сваёй творчасцю на Беласточчыне. Вельмі паспяховым быў праект культурных візаў для беларускай грамадскасці, які за чатыры месяцы свайго існавання дапамог паказаць нашы спектаклі і канцэрты звыш пяці тысячаў людзей.

Старшыня галоўнага праўлення Беларускага грамадска-культурнага таварыства, Янка Сычэўскі:

— Гэта свята беларускай культуры, агульнапольскі фестываль беларускай і польскай песні, навуковая канферэнцыя “Шлях да ўзаемнасці”, беларускае Купалле. Дзейнасць беларускага таварыства трэба адзначыць як перыяд перашкод, якія паўставалі перад намі. Як пошукі новых формаў дзейнасці, як узбагачэнне тых мерапрыемстваў, якія мы выпрацавалі на працягу больш чым 50 гадоў, амаль за 60 гадоў дзейнасці. Калі гаварыць пра фінансаванне, то яно стабілізавалася. Нашы планы будуць рэалізавацца нават крыху ў шырэйшым маштабе, чым да гэтай пары, бо ў будучым годзе будзем упершыню арганізоўваць фестываль сямейных калектываў.

Бурмістр Міхалова Марэк Назарка:

— У нас атрымалася вельмі шмат што. Бо атрымалі фінансаванне з Еўразвязу. І мы ўзнялі такое пытанне, каб нашы жыхар ад 1 студзеня наступнага году не плацілі падатку на нерухомасць. Дзяржава мусіць думаць, як гаспадараць тымі грашыма, якія мае, а не шукаць грошай у кішэнях у людзей. Такім чынам, мы дапамагаем жыхарам і даем магчымасць і для развіцця гміны, бо мы думаем, што людзі будуць прыязджаць да нас і будаваць дамы.

Віцэ-стараста Андрэй Скепка:

— Адкрыццё памежнага пераходу ў Семяноўцы будзе спачатку студзеня 2014 году. Для гэтага ў 2013 годзе была вялікая інвестыцыя, якая была вельмі і вельмі важная для Нараўкі, для Гайнаўкі. І ўздым гаспадарчы будзе вельмі выразна відаць ужо ў наступных гадах. І, апрача гэтага пераходу, будуць добрыя дарогі. І тыя, хто прыедзе ў Семяноўку з Беларусі, зможа адпачыць і ехаць далей у Польшчу.

Віцэ-дырэктар комплексу школ у Нарве Ігар Лукашук.

— Адбываліся такія сустрэчы па выпрацоўцы стратэгіі і працы над развіццём беларускай адукацыі. І галоўнай задачай гэтых сустрэч было выпрацаваць такі дакумент, які мае паказваць, куды беларуская адукацыя мае развівацца. Цяпер заняткі будуць больш цікавыя, настаўнікі будуць мець больш дапаможнікаў. І вучням будзе больш прыемна вывучаць беларускую мову і гісторыю, і культуру.

Пра значныя інвестыцыі, цікавыя імпрэзы і ідэі ў 2013 на Падляшшы расказалі самаўрадаўцы, людзі культуры і асобы адказныя за беларускую адукацыю.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя