Першы паўстанец, пакараны смерцю. Міхал Цюндзявіцкі
Кароткае жыццё Міхаіла Цюндзявіцкага было абарванае Мураўёвым-вешальнікам 2 чэрвеня 1863 года. Але яно сведчыць нам пра тое, што гісторыя, калі не вывучыць яе ўрокі, непазбежна паўторыцца ў новых дэкарацыях.
Ад жаўнера царскай арміі да героя паўстання
Міхал Цюндзявіцкі нарадзіўся 16 чэрвеня 1836 года ў маёнтку Вільянава, што ў барысаўскім павеце. Ён паходзіць з шляхецкай сям’і Камілы Багдановіч і Мельхіёра Цюндзявіцкага — палкоўніка расійскай арміі, маршалка Барысаўскага павету. Падчас вайны 1812-га бацька паўстанца змагаўся у складзе расійскага войску і нават атрымаў за мужнасць залатую шаблю.
Пра жыццё Міхала да паўстання вядома ня шмат — скончыў Пецярбургскую кадэцкую вучэльню. У змагарным 1863-м 26-гадовы Цюндзявіцкі служыў у 3-й артылерыйскай батарэі 8-й лёгкай брыгады.
Як вядома, Кастусь Каліноўскі ў Слоніме сустракаўся з некалькімі афіцэрамі той самай 3-й артылерыйскай батарэі, і відавочна меў уплыў на Міхала.
«У войску Міхал увайшоў у рэвалюцыйную арганізацыю, па заданні якой пры канцы 1862 узяў адпачынак і накіраваўся ў вандроўку па вёсках Мінскай і Віленскай губерняў — заклікаць сялян да паўстання. Пераапрануты ў кажух, аб’ехаў шмат мясцін», — піша гісторык Васіль Герасімчык.
Абвінавачаны ў распаўсюдзе «экстрэмісцкіх матэрыялаў»
На жаль, даследчыкі не маюць больш падрабязнай інфармацыі пра станаўленне прабеларскіх поглядаў маладога вайскоўца. Але пра асобу Міхала Цюндзявіцкага красамоўна сведчыць тое, як трагічна і гераічна скончыўся ягоны жыццёвы шлях.
Расійскія карнікі ставілі яму ў віну распаўсюд «Мужыцкай праўды» Каліноўскага — тагачасных «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Паводле следства, Міхал зачытваў крамольныя ўрыўкі ў карчме ля вёскі Камень пад Барысавам — адозву паўстанцкага павадыра сялянам.
Першы смяротны вырак паўстанцу
Міхалу Цюндзявіцкаму было наканавана стаць першым паўстанцам, прысуджаным да найвышэйшага пакарання здушыцелем паўстання Мураўёвым-вешальнікам. Вось як пра гэта піша гісторык Уладзімер Арлоў:
«Гэта быў першы сьмяротны вырак, выкананы ў тым змагарным годзе ў нашай цяперашняй сталіцы. Усе тры месяцы, пакуль разглядалася справа, менчукі спадзяваліся на вызваленьне арыштанта, дарэчы выхаванца Пецярбурскага кадэцкага корпусу. Аднак начальнік «Северо-Западного края» Мураўёў, неўзабаве празваны «вешальнікам», рабіў стаўку на максымальную жорсткасьць. Расстрэл, які адбыўся ў раёне вуліцы Серпухаўскай (цяпер Валадарскага), меў паказальны характар і павінен быў запалохаць гарадзкое жыхарства».
Мінчукі ладзілі маніфестацыі каля магілы паўстанца
Напэўна, гэты аспект біяграфіі паўстанца здасца чытачам надзвычай сугучным нашаму часу.
— Каля сьвежай магілы адразу ж пачаліся штовечаровыя маніфэстацыі, — піша
Уладзімер Арлоў. — Людзі атулялі месца пахаваньня з трох бакоў, і толькі з
чацьвертага нэрвова пераступалі з нагі на нагу расейскія вартавыя. Надыходзіў момант, калі людзі ўкленчвалі.
Малітвы зьмяняліся песьнямі, а затым чыё-небудзь дзіця зьбірала букеты
прынесеных кветак і аздабляла імі магілу.
Месца перапахавання Міхала Цюндзявіцкага застаецца невядомым.
Памяць пра героя жыве
Сёння дзень смерці забітага расійскімі карнікамі паўстанца Міхала Цюндзявіцкага, чыё жыццё пачалося і скончылася ў чэрвені, штогод узгадваецца ў незалежных беларускіх выданнях.
Прафесар Адам Мальдзіс спрабаваў ініцыяваць усталяванне на месцы забойства
Цюндзявіцкага мемарыяльную дошку, аднак дзеючая ўлада, як вядома, намагаецца
адваротнага — сцерці памяць пра сапраўдных герояў краіны.
У лютым 2020 года ў барысаўскім выданні ex-press.by, прызнанага на сёння «экстрэмісцкім»,
з’явіўся артыкул пра тое, як жыхары горада разам з сялянамі з асабістай
ініцыятывы і павагі да гісторыі наводзілі парадак на тэрыторыі сядзібы
Цюндзявіцкіх, у тым ліку ўзнімалі і чысцілі помнікі.
— Мясцовыя жыхары падвозілі ваду і працавалі, што было сіл. А яшчэ ўвесь час падыходзілі розныя людзі і казалі, як яны радыя, што акультурваецца месца пахавання Цюндзявіцкіх. Вось вам і розніца. Гарадскія «адукаваныя» і сельскія жыхары. Мы пачулі шмат гісторый пра тое, як мясцовыя жыхары грудзьмі стаялі за тое, каб савецкая ўлада не знішчыла помнікі, пад тэхніку яны тады практычна клаліся. Адна жанчына ледзь не плакала, кажучы пра тое, якая гэта вялікая страта, — казаў журналістам неабыякавы жыхар Барысава Аляксей Сараеў.
У чэрвені 2019-га Мінская абласная камісія па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны адмовіла ў просьбе аб наданні ансамблю сядзібы Цюндзявіцкіх (сядзібны дом, фрагменты парка, капліца, фамільныя пахаванні) статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці.
Як адзначалася ў афіцыйным адказе, аб’екты ансамбля пад уплывам фактараў прыроднага і антрапагеннага характару страцілі свае адметныя духоўныя, мастацкія і дакументальныя якасці.