Цітус Далеўскі. 10 фактаў пра найбліжэйшага сябра Кастуся Каліноўскага
Цітусу Далеўскаму было наканавана пражыць толькі 23 гады, поўных весялосці, кахання і змагання. Ён загінуў ад рук расійцаў, але не выдаў паплечнікаў падчас допытаў і да канца заставаўся верным сваёй зямлі. Сёння дзень народзінаў выбітнага беларуса.
Старэйшыя браты Цітуса былі асуджаныя да катаргі ў Сібіры за
стварэнне таемнага таварыства
Цітус Далеўскі нарадзіўся 1 (13) мая 1840 года ў маёнтку Кункулка Лідскага павета. Ён быў малодшым сынам Дамініка і Дамінікі Далеўскіх, меў трох братоў і шэсць сёстраў.
Старэйшыя сыны Дамініка Далеўскага — Францішак і Аляксандр — у 1848 годзе былі арыштаваныя за стварэнне таемнага таварыства «Саюз літоўскай моладзі».
«Яны адмовіліся, як сёння б сказалі, супрацоўнічаць са следствам і былі сасланыя ў нерчынскія руднікі. Першапачаткова Францішка прысудзілі да смяротнага пакарання, але ўратавала прадажнасць тагачаснай расійскай карнай сістэмы. Сям’я сабрала грошы на хабар, у выніку чаго Францішак атрымаў 15 гадоў катаргі, а яго брат Аляксандр — 10», — пісаў гісторык Васіль Герасімчык.
Пасля дзесяцігадовай катаржнай працы на нерчынскіх шахтах-капальнях Аляксандр захварэў на сухоты і ў 1862 годзе ў Вільні памёр. Ягоны брат Францішак таксама цяжка хварэў на тыф, але здолеў перамагчы хваробу і ў 1863 годзе працягнуў іх з братамі агульную справу — стаў адным з кіраўнікоў паўстання.
Цітус мэтаскіравана заваліў
экзамены ў расійскую кадэцкую школу
Васіль Герасімчык пісаў:
«Пасля арышту старэйшых братоў у 1848-м іх маці Дамініка паддалася на ўгаворы генерал-губернатара Бібікава і, каб зняць з сям’і таўро здраднікаў, вырашыла аддаць малога Цітуса ў расейскую кадэцкую школу. Хлопчык не супраціўляўся і рыхтаваўся да экзамену. Вучыўся так старанна, што ў хуткім часе ведаў больш, чым магла даць яму школа. Але ніхто не ведаў, што творыцца ў яго душы. Выпраўляючы брата на экзамены, яго сёстры плакалі, але ў адказ пачулі: «Не плачце, хутка вярнуся». Матуля ж знайшла на стале запіску, у якой Цітус пазначыў:
Цітус вярнуўся дахаты, мэтаскіравана заваліўшы экзамены. Замест кадэцкай школы ён з братам Канстанцінам паступіў у Віленскую гімназію».
Падчас навучання ў гімназіі Цітус разам з братам Канстанцінам выратаваў жыццё некалькім людзям
Аднакласнікамі Цітуса Далеўскага ў Віленскай гімназіі былі будучыя вядомыя паўстанцы Францішак Багушэвіч, Аляксандр Міладоўскі і Юліян Чарноўскі.
Вядома, што гімназісты Цітус і Канстанцін аднойчы разам выратавалі некалькі чалавек, якія танулі ў рацэ.
Пасля сканчэння гімназіі ў 1861-м Цітус паступіў у Маскоўскі ўніверсітэт і далучыўся да таемнага студэнцкага таварыства «Агул»
Таварыства «Агул» — зямляцтва студэнтаў з былой Рэчы Паспалітай. Кастусь Каліноўскі быў абраны бібліятэкарам таварыства, а фактычна — кіраўніком. Таемная арганізацыя аб’ядноўвала паўтысячы сябраў, сярод якіх, акрамя Каліноўскага і братоў Далеўскіх, былі Эдмунд Вярыга, Ігнат Здановіч, Фелікс Зянковіч, Эмануэль Юндзіл, Іосіф Ямант.
Гісторык Уладзімір Арлоў адзначаў: «Нягледзячы на маладосць, ліцьвіны Далеўскія мелі там вялікі аўтарытэт. Сямнаццацігадовы студэнт юрыдычнага факультэта Цітус, апрача іншых адказных даручэнняў, стаў скарбнікам і збіраў з таварышаў грашовыя ўнёскі.
Аднойчы ён з аднадумцамі нёс па горадзе вялікую скрыню з рэвалюцыйнымі адозвамі да расейскіх салдат і сялянаў, аднак «нелегалаў» нечакана напаткаў паліцэйскі патруль. Напалоханыя хлопцы разбегліся, і з цяжэзнай скрыняй застаўся адзін Цітус. Разумеючы, што калі адозвы патрапяць у рукі жандараў, будзе вялікая бяда, ён з апошніх сіл дацягнуў скрыню да парапету набярэжнай і скінуў яе ў раку. Падбеглы патруль Цітус увёў у зман, выдаўшы сябе за вар’ята. Так ён уратаваў цэлую арганізацыю».
Цітус Далеўскі і Кастусь Каліноўскі кахалі жанчын з адной сям’і – Ямантаў
Далеўскі і Каліноўскі былі блізкімі сябрамі. Акрамя агульнага светапогляду маладзёнаў аб’ядноўвала тое, што іх нарачоныя паходзілі з віленскай сям’і Ямантаў. Цітус пакахаў Алену, Кастусь — Марыю, а кватэра Ямантаў зрабілася сапраўдным штабам змагароў.
З пачаткам паўстання 1963 года родныя пераканала Цітуса не ісці ў атрад, як ён збіраўся
Калі пачалося паўстанне, Цітус адразу ж вярнуўся з Маскву дадому, каб развітацца з роднымі. Ён хацеў далучыцца да паўстанцкіх сілаў Жыгімонта Серакоўскага, мужа сваёй сястры Апалоніі. Там ужо ваяваў брат Канстанцін.
Сястра Апалонія
ўспамінала: «У памяці ў мяне паўстае яшчэ адна карціна, калі Францішак паведаміў
нам аб адбыцці Цітуса з Масквы пад чужым імем і яго намеры адправіцца на
наступны дзень у атрад Зыгмунта. Моўчкі стаяла маці. Падбеглі сёстры, Юзэфа і
Ксавера, молячы, каб не высылалі Цітуса на смерць, Канстанцін жа ўжо там. «Вы
не разумееце, — адказаў ён, — на вайне жыццё і смерць залежаць ад лёсу,
выпадку. Тут жа смерць непазбежна чакае кожнага з нас».
Старэйшыя барты ўсё ж пераканалі Цітуса не ісці ў атрад.
Цітус Далеўскі стаў адным з самых актыўных паўстанцкіх сувязных і экспедытараў
Ён займаўся забеспячэннем паўстанцаў неабходнымі звесткамі ды прыпасамі, кіраваў паўстанцкай друкарняй, займаўся пастаўкаю грошай і зброі ў атрады, інфармаваў пра дыслакацыю варожых войскаў, разам з Каліноўскім складаў інструкцыі і рапарты.
Каліноўскі з Далеўскім дамовіліся: першы, хто з іх будзе арыштаваны, возьме на сябе ўсю адказнасць, каб заблытаць следства і даць час сябрам
«Апошнія месяцы 1863-га Цітус увесь час мяняе кватэры. То на вуліцы Рудніцкай, у доме Свянціцкай, то ў Грагатовічаў, некалькі начэй нават праводзіць на могілках, каля магіл бацькі і брата. Карыстаецца прозвішчамі Парфіяновіч і Маеўскі. Яго многія ведалі асабіста, але ніхто не выдаваў, нягледзячы на абяцаную ўладамі ўзнагароду. Не раз на вуліцы да Цітуса падыходзілі бедныя віленскія габрэі і папярэджвалі пра шпіёнаў. Некалькі разоў ён цудам ратаваўся з-пад носу паліцыі», — піша Васіль Герасімчык.
20 снежня таго ж года Цітуса Далеўскага ўсё ж арыштавалі на кватэры ўдавы паэта Уладзіслава Сыракомлі — Паўліны Кандратовіч, дзяцей якой ён вучыў рускай мове.
Допыты не мелі плёну. Цітус, акрамя сваёй ролі ў паўстанні, больш ні пра што не паведаміў і Каліноўскага не выдаў.
30 снежня 1863-га Цітуса Далеўскага расстралялі на Лукішскай плошчы ў Вільні
У апошнім лісце да сваёй нарачонай Алены Ямант ад 22 снежня Цітус Далеўскі пісаў:
«Праз здраду доктара Дзічкоўскага да Сыракомлінай быў засланы шпіён. Калі я пайшоў, за мной уварвалася паліцыя і арыштавала ўсіх, хто знаходзіўся ў яе кватэры. У мяне на кватэры знайшлі моцна кампраметуючыя мяне паперы. Першыя два дні зняволення былі яшчэ ніштаватымі, на другі дзень у мяне адабралі ўсё, пакінуўшы ў адной бялізне. Мяне адвялі ў камісію на так званую вочную стаўку з Сыракомлінай. У адказ на яе просьбы і ўгаворы прыйшлося падпісаць яе паказанні, якія канчаткова мяне асуджаюць.
Я заявіў камісіі, што калі мне не палегчаць становішча, то разаб’ю сабе галаву аб вугал сцяны. Мусіць, мой твар быў страшны, вочы гарэлі ад голаду і холаду, твар у брудзе, рукі ў пяску і смецці. Член камісіі спалохана адскочыў. Я вярнуўся ў сваё падзямелле з думкаю пра самагубства, ужо гатовы быў яго здзейсніць, калі мне прынеслі плашч і некалькі збітых дошак.
Гэта была асалода!..
У панядзелак ваеннапалявы суд перашле прысуд па маёй справе Мураўёву — у аўторак ці ў наступныя дні я буду мёртвы.
Праз тры дні свята Божага Нараджэння. Прашу цябе разламаць аплатку ў маё імя. Буду з Вамі думкамі, пачуццямі і душою. Матка і Ты, блаславіце мяне на смерць!»
Францішак Далеўскі, старэйшы брат Цітуса, быў другі раз асуджаны на смерць як адзін з кіраўнікоў паўстання. Але яго зноў удалося выратаваць
«Старэйшы з братоў Далеўскіх — Францішак — таксама быў у кіраўніцтве паўстання, аднак належаў да лагера «белых». Для царскіх уладаў гэта былі не менш небяспечныя ворагі», — адзначаў Уладзімір Арлоў.
«Калі жандары здолелі арыштаваць Францішка, ён быў асуджаны на смерць. Сям’і ўдалося захаваць яму жыццё, выкарыстаўшы сквапнасць Мураўёва-Вешальніка. Той атрымаў за Далеўскага і яшчэ двух паўстанцаў, прысуджаных да смяротнага пакарання, велізарныя тады грошы — 15 тысяч рублёў і замяніў смерць на сібірскую катаргу».
Пасля 20 гадоў катаргі Францішак у 1883 годзе пераехаў у Варшаву, дзе ў 60 год ажаніўся з маладой Амеліяй Сакалоўскай, ад якой меў чатырох дачок. Адзін з кіраўнікоў паўстання працаваў на чыгунцы і памёр у 1904 годзе.
Іншы Брат Тытуса — Канстанцін — быў выдатным паўстанцкім камандзірам. Ён загінуў у 1870-м, змагаючыся на барыкадах Парыжскай камуны.
Упершыню артыкул апублікаваны ў «Новым Часе» 13 траўня 2023 года.