Яе называлі «першай прыгажуняй на Літве», а Каліноўскі быў запрошаны на вяселле

У ліпені 2017 года Міністэрства культуры Літвы паведаміла, што на гары Гедыміна ў Вільні знойдзена пахаванне, у якім знаходзіліся астанкі аднаго з кіраўнікоў паўстання супраць Расіі 1863 года Жыгімонта Серакоўскага. Залаты пярсцёнак на яго руцэ стаў галоўным доказам: на ім гравіроўка па-польску «Зыгмунт і Апалонія, 11 жніўня / 30 ліпеня 1862».

serakouski_2.jpg


Дык кім жа была тая жанчына, пярсцёнак з імем якой Жыгімонт Серакоўскі панёс у магілу? Пра гэта піша «Салідарнасць».

Прыгажуня з роду, які даў паўстанню адразу трох кіраўнікоў

Апалонія Далеўская, адна з першых прыгажунь Літвы, была галоўным каханнем у жыцці Серакоўскага.
Апалонія Фердынанда — адна з дзесяці дзяцей шляхціца Дамініка Далеўскага і яго жонкі Дамінікі з роду Наркевічаў. Яна нарадзілася 19 студзеня 1838 года ў маёнтку Кункулка. Зрэшты, пражыла тамака нядоўга. Апалонія была яшчэ дзіцём, калі ў 1848 годзе памёр яе бацька. Удава Дамініка Далеўская пераехала з дзецьмі ў Вільню.
Нягледзячы на цяжкасці маці шмат увагі надавала выхаванню дачок: пра чатырох з шасці сясцёр вядома, што яны скончылі пансіён.
Але размеранае жыццё свецкай дзяўчыны Апалонію не цікавіла. Яна пачала наведваць таемныя курсы Шляхецкага інстытута, арганізаваныя мясцовай інтэлігенцыяй у знак пратэсту супраць палітыкі цара. Там Апалонія вывучала матэматыку, прыродазнаўства, гісторыю, літаратуру, эстэтыку і педагогіку. Музыку выкладаў сам Станіслаў Манюшка.

Той самы пярсцёнак. Кадр: Lrytas.lt

Той самы пярсцёнак. Кадр: Lrytas.lt

Трэба сказаць, што бунтарскі дух быў адметнай рысай усіх Далеўскіх. Гэты род даў паўстанню 1863 года адразу трох кіраўнікоў. Практычна ўсе Далеўскія ўдзельнічалі ў выступленнях.
Брат Франц належаў да кіраўніцтва белага лагера, Цітус і Канстанцін аказаліся на баку чырвоных. Сястра Юлія з мужам Міхаілам Беркманам дзейнічалі на Ковеншчыне, а Ксаверыя была сакратаром Франца ў літоўскім паўстанцкім урадзе. Сама Апалонія стала кур’ерам паўстанцаў.

Жаніх-рэвалюцыянер і «апошняя мазурка на Літве»

Летам 1861 года Апалонія Далеўская пазнаёмілася з капітанам расійскага войска Зыгмунтам Серакоўскім. Зрэшты, капітан быў няпростым. Яшчэ падчас вучобы ў Санкт-Пецярбургскім універсітэце ён узначаліў там рэвалюцыйную арганізацыю «Саюз літоўскай моладзі», у якім таксама ўдзельнічалі старэйшыя браты Апалоніі (Серакоўскі быў іх сябрам).
За рэвалюцыйную дзейнасць усе яны былі арыштаваны. Зыгмунт адпраўлены радавым у Арэнбургскі корпус. Але і тамака ён змог зрабіць кар’еру: даслужыўся да прапаршчыка, быў накіраваны ў Брэсцкі пяхотны полк, а ў 1856 годзе паступіў у ваенную акадэмію ў Санкт-Пецярбургу. Служыў у дэпартаменце Генеральнага штаба ваеннага міністэрства, дасягнуўшы чыну капітана.
Падчас камандзіроўкі за мяжу ў 1858 годзе Серакоўскі пазнаёміўся з Гарыбальдзі, дзеячамі польскай эміграцыі. А па прыездзе ў 1859-1860 гадах арганізаваў у Санкт-Пецярбургу таемны гурток з афіцэраў-палякаў, якія служылі ў Генеральным штабе.
Толькі за такога бунтара і магла выйсці замуж Апалонія Далеўская. Зрэшты, «першая прыгажуня Літвы» не адразу дала сваю згоду. Жаніх быў на дванаццаць гадоў старэйшы за сваю нявесту. Пачуўшы прапанову, яна доўга разважала: ці прыстойна маладой дзяўчыне ў час народнага бедства і пакут айчыны марыць аб асабістым шчасці? Але каханне перамагло.
Пара ажанілася ў Кейданах 30 ліпеня 1862 года. На вяселлі Серакоўскага і Далеўскай гулялі ўдзельнікі будучага паўстання, у тым ліку Кастусь Каліноўскі, Якуб Гейштар, Антоні Мацкевіч і, вядома, брат Франц Далеўскі. Само вяселле ўжо было выклікам. Край быў тады на ваенным становішчы, і любыя «масавыя гулянні», уключаючы вяселлі, былі забаронены.
На вяселле Серакоўскіх з’явіліся жандары. Убачыўшы жаніха ў мундзіры афіцэра Генеральнага штаба, пачціва адказыралі і з’ехалі.
Потым, у пазнейшых мемуарах, гэты дзень шчасця назавуць «апошняя мазурка на Літве перад паўстаннем». І, вядома, ніхто тады і падумаць не мог, што менш чым праз год Апалонія Серакоўская-Далеўская стане ўдавой.
Пасля вяселля пара засталася ў Кейданах на тыдзень. А потым адправілася ў Заходнюю Еўропу. Жонка суправаджала мужа ў камандзіроўках у Берлін, Лейпцыг, Познань, Вену, Парыж. Калі ж у канцы сакавіка 1863 года прыйшла вестка аб пачатку паўстання, Серакоўскі ўзяў на службе адпачынак на два тыдні і выехаў у Паўночна-Заходні край Расіі. Ён абвясціў сябе ваяводам Літоўскім і Ковенскім пад імем Даленга, у кароткі час сабраў буйны атрад з 5 тысяч чалавек і рушыў у бой.
На жаль, удзел Серакоўскага ў паўстанні працягнуўся менш за месяц. Кампанія, распачатая арганізацыяй найбуйнейшага паўстанцкага групавання і першымі ваеннымі поспехамі, скончылася разгромам. 25-26 красавіка атрад Серакоўскага ў баі быў разбіты ўрадавымі войскамі, а сам Серакоўскі паранены куляй у грудзі навылёт і захоплены ў палон.

serakouski_5.jpg

Зыгмунт Серакоўскі ў турэмным зняволенні. Малюнак: Public Domain. Wikimedia

Помста Мураўёва-вешальніка

Расправа была жорсткай. Генерал-губернатар Міхаіл Мураўёў, празваны за сваю жорсткасць у падаўленні паўстання «вешальнікам», два месяцы спрабаваў дамагчыся ад арыштаванага паказанняў. Увесь гэты час Апалонія абівала парогі ў Вільні і ў Пецярбургу, спрабуючы вызваліць мужа. Яе мальбы засталіся нячутнымі.
Не дамогшыся прызнальных паказанняў, Мураўёў распарадзіўся адкрыць прама ў ложку параненага вайсковы суд, які неадкладна вынес смяротны прысуд. А на наступны вечар у шпіталь прывезлі Апалонію. Яна чакала дзіця і нічога не ведала ні аб прыгаворы, ні аб тым, што гэта іх апошняя сустрэча.
15-хвіліннае спатканне праходзіла пад аховай 15 (!) расійскіх салдат і афіцэраў. Апалонія размаўляла з мужам, стоячы перад яго ложкам на каленях. Пачуўшы аб смяротным прыгаворы, яна страціла прытомнасць.
У сваіх позніх мемуарах Серакоўская пісала:
«Ад гэтых кароткіх пятнаццаці хвілін на ўсё доўгае цяжкае жыццё ў маёй памяці засталася бязмежная пакута на твары каханага, лоб, далоні і шчокі, якія гарэлі агнём, вочы яго, што ззялі ад шчасця, вусны, якія радасна ўсміхаліся. Я ўстала на калені ля ложка. "Полька, — сказаў ён напаўголаса, — учора я падпісаў сабе смяротны прысуд словамі "нічога не ведаю, а каб і ведаў, не скажу вам". Не ведаю, што здарылася са мной, апошнія словы, якія я пачула, былі "Божа! Цябе не падрыхтавалі, цябе не папярэдзілі, што гэта нашае апошняе спатканне!"».
А глыбокай ноччу Апалонія атрымала праз рускага ваеннага шпітальнага лекара Гарадкова наступную запіску на лістку, вырваным з «Бібліі»:
«Анелі мая! Даведаўся ўчора, што жыць і быць вольным магу пад адной умовай — выдачы асоб, якія кіруюць рухам. Не ведаю нікога, але гнеўна адказаў, што калі б і ведаў, дык і тады не сказаў бы. Дадзена мне зразумець, што падпісаў свой смяротны прысуд. Калі трэба памерці — памру чыстым і незаплямленым.
Скажы ж ты, Анэлі, хіба я мог адказаць інакш? Я цябе кахаць буду, буду лунаць над табой і нашым немаўлём, а потым ізноў сустрэнуся з табой у тым, іншым свеце.

Лічы, што ў панядзелак я буду мёртвы».
Раніцай цяжарная Апалонія на свае вочы назірала пакаранне мужа на Лукішскай плошчы.

serakouski_3.jpg

Апалонія Серакоўская ў турме, Мураўёў прымушае яе назіраць за смерцю мужа 27 чэрвеня 1863 года

Жыццё ў ссылцы

Неўзабаве была арыштавана і цяжарная Апалонія.
У перапісцы Віленскага і Наўгародскага губернатараў значылася: «Вядомы маршалак мяцежніцкіх шаек Жыгімонт Серакоўскі меў блізкае знаёмства з домам Далеўскіх і ажаніўся на Апалоніі Далеўскай. Удава гэтага злачынцы, застаючыся пасля пакарання смерцю мужа на жыхарстве ў Вільні, узбуджае ў людзях, якія супраць урада, відавочнае спачуванне да свайго становішча.
Віленская следчая камісія па палітычных справах, праводзячы следства аб злачынствах Франца Далеўскага і яго сястры Тэклы, звярнула ўвагу на даказаны справай шкодны палітычны кірунак усяго сямейства Далеўскіх, у заключэнні сваім прызнае неабходным выслаць усё гэтае сямейства ў адну з унутраных губерняў Расіі на жыхарства».
Як ні прасіла Апалонія не асуджаць яе на выгнанне з роднага краю, спасылаючыся на дрэннае здароўе і цяжарнасць, Мураўёў застаўся непахісным. На словы ўдавы Серакоўскага, што ў глушы Расіі яна не зможа знайсці для сябе і дзіцяці добрых дактароў, царскі сатрап адказаў «Тым лепш!».
У распараджэнні губернатара значылася: выслаць Серакоўскую на жыхарства ў Наўгародскую губерню, а яе маці Даменіку Далеўскую з трыма дочкамі — у Пермскую губерню. На новых месцах жыхарства за ўсімі жанчынамі «ўстанавіць строгі паліцэйскі нагляд».
Расправа над Далеўскімі выклікала шырокі рэзананс. Аб жорсткім абыходжанні Мураўёва з цяжарнай Апалоніяй паведамлялася нават у замежнай прэсе, у тым ліку ў газеце «The Times».
Але да месца ссылкі ў Белазёрску Апалонія так і не даехала. Фізічны стан цяжарнай быў настолькі дрэнны, што наўгародскія губернскія ўлады вырашылі пакінуць маладую жанчыну ў Ноўгарадзе, баючыся, што тая не вынесе шляху. У кастрычніку 1863 года на свет з’явілася дзяўчынка, якую ў памяць аб бацьку назвалі Зыгмунтай.
Характэрна, што ў тыя ж самыя дні, калі на свет з’явілася маленькая Зыгмунта, у Ноўгарад прыбыла маці і сёстры Апалоніі. Іх шлях меўся быць доўгі: на конях да Масквы, а адтуль — у ссылку ў Пермскую губерню. Даменіка не толькі не ведала аб тым, што яе дачка ў гэтыя дні стала маці, але і наогул аб іх знаходжанні ў Ноўгарадзе.
Але і ў Ноўгарадзе Апалонія не затрымалася. Вядома, што аб яе лёсе нават клапаціліся генералы Сувораў і Мілюцін, былыя сябры і калегі Серакоўскага па ваенным міністэрстве і Генеральным штабе. Ці паўплывала гэта, але ў чэрвені наступнага года Апалонію адправілі на жыхарства ў Баравічы — ціхае сонечнае мястэчка на беразе Мсты, якое па кліматычных умовах было значна лепшым не толькі за Белазёрск, але і Ноўгарад. Строгі паліцэйскі нагляд пры гэтым адменены, вядома, не быў.
Неўзабаве ў Баравічы прыбыла сястра Серакоўскай, Тэкла Далеўская, якая дабілася пераводу з Пензенскай губерні, дзе адбывала ссылку. Дапамога яе была выратавальнай для аслабленай Апалоніі.
У рапарце ад 17 лістапада 1864 года баравіцкі спраўнік паведамляў:
«Удава Серакоўская і сястра яе Далеўская, якія знаходзяцца пад наглядам паліцыі, з часу прыбыцця ў Баравічы наогул вядуць жыццё сціплае і самотнае, знаёмствы маюць рэдкія, выпадковыя, якія ўзніклі па месцы іх кватаравання. Аб маральным іх кірунку ў палітычным стаўленні я магу толькі адно сказаць, што яны яшчэ вельмі жыва памятаюць мінулыя падзеі, але ніякіх перакананняў ці разваг, дагэтуль нічога заганнага ў іх учынках заўважана не было...».
У ссылцы сёстры паспрабавалі прыватным чынам даваць урокі французскай і музыкі, але падобныя заняткі для ссыльных былі забаронены — ім дазвалялася толькі простая фізічная праца. Неўзабаве яшчэ адна бяда абрынулася на маладую маці — яе маленькая дачка захварэла на эпілепсію.
Пасля таго як усе баравіцкія лекары, пакліканыя маці на дапамогу, не змаглі разабрацца з хваробай, Апалонія ў чэрвені 1865 года звярнулася да губернатара з просьбай дазволіць ёй прыехаць у Пецярбург «для падання дапамогі маёй беднай малютцы».
Паездка была дазволена. А 17 кастрычніка 1865 года Серакоўскай і яе сястры дазволілі «выехаць у Заходнія губерні». На жаль, маленькую Зыгмунту выратаваць не ўдалося.

Кашуля Зыгмунта

Апалонія Серакоўская вярнулася ў Каралеўства Польскае і пасялілася ў Варшаве. Тут разам з сястрой яна выкладала і кіравала таемнай жаночай школай для дачок сібірскіх ссыльных з Літвы.
А яшчэ Апалонія Серакоўская напісала ўспаміны пра той незабыўны час. Яны поўныя горычы і суму, але таксама і найцікавейшых падрабязнасцей, якія дазваляюць рэканструяваць шматлікія падзеі паўстання і стварыць партрэты яго герояў.

Лукішская плошча Вільні, дзе пакаралі смерцю Серакоўскага. Фота: Public Domain/Wikimedia

Лукішская плошча Вільні, дзе пакаралі смерцю Серакоўскага. Фота: Public Domain/Wikimedia

Напрыклад, нельга без хвалявання чытаць, як паўстанцы адправілі свайго ганца да Апалоніі ў Вільню. Ён папрасіў аддаць яму частку кашулі Зыгмунта, у якой той быў паранены і ўзяты ў палон.
Паплечнікі, якія бязмерна любілі свайго камандзіра, паабяцалі падзяліць тканіну на часткі і адправіць у баявыя часці. Гэтыя цьмяныя, шэрыя кавалачкі натхнялі змагароў за свабоду.
У яе ўспамінах можна таксама знайсці пераканаўчыя доказы, што паўстанне ў Літве-Беларусі не было польскім. Праз гісторыю сваёй сям’і Серакоўская паказала лёсы розных людзей і жыццё грамадства, якое ўдзельнічала ў паўстанні супраць царызму і барацьбе за незалежнасць Літвы. Яе ўспаміны крайне важныя і змяшчаюць шмат звестак аб палітыцы і побыце Літвы ў 1840-х і 1860-х гадах.
Апалонія Серакоўская памерла адразу пасля Першай сусветнай вайны 2 студзеня 1919 года ў Варшаве і была пахавана на родавых могілках у Павонзках. Перад смерцю ў 1919 годзе яна паспела ўбачыць незалежную Польшчу.