Перамога, якая захавала незалежнасць

Аршанскія ўлады забаранілі святкаванне 500-годдзя бітвы пад Оршай. Між тым, гэтая бітва захавала незалежнасць нашай дзяржавы. Штогод 8 верасня адзначаецца беларусамі ва ўсім свеце як Дзень вайсковай славы.



fbbb431d_a459_4beb_a97f_48391782fe35_mw1024_s_n.jpg

Ужо ў XIV–XV стагоддзях адбываліся амаль пастаянныя канфлікты паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Рускім і Жамойцкім і Маскоўскім вялікім княствам за панаванне на землях Русі і іх палітычнае і дзяржаўнае аб’яднанне або пад эгідай Масквы, або Вільні.

У канцы 1512 года пачалася новая вайна. Маскоўскія ваяводы правялі рэйды ўглыб Беларусі. У снежні 1512-га штурм беларускай крэпасці Смаленска вынікаў не даў, і Васіль ІІІ з войскамі вярнуўся ў Маскву, папярэдне разрабаваўшы смаленскія сёлы і захапіўшы ў палон іх жыхароў. Другая кампанія маскоўскай арміі супраць ВКЛ пачалася ўлетку 1513-га. Новая аблога Смаленска таксама была беспаспяховай.

Трэцяя кампанія характарызавалася лепшай падрыхтоўкай рускай арміі. 16 мая 1514 года пачалася новая аблога Смаленска маскоўскімі войскамі, якія мелі 300 гарматаў. Некалькі штурмаў горада вынікаў не далі. Тады маскоўскі ваявода князь Міхаіл Глінскі ўгаварыў смалянаў капітуляваць. Капітуляцыя Смаленска адбылася 30 ліпеня 1514-га. Частка смалянаў выехала ў ВКЛ.

Пасля захопу Смаленска Васіль ІІІ загадаў 80-тысячнаму войску накіравацца на захад. Яно прасоўвалася да Оршы і Друцка, а потым на Віленскім напрамку. Маскоўскім войскам камандавалі галоўныя ваяводы баярын Іван Андрэевіч Чаляднін і баярын князь Міхаіл Іванавіч Булгакаў-Голіца (продак князёў Галіцыных), прамы нашчадак Гедыміна па мужчынскай лініі. Насустрач маскоўскім баярам і іх палкам з Вільні праз Менск і Барысаў выйшаў са сваім войскам кароль польскі і вялікі князь літоўскі і рускі Жыгімонт Казіміравіч.

Кароль Жыгімонт сабраў войскі абедзвюх дзяржаў: феадальнае апалчэнне ВКЛ на чале з гетманам князем Канстанцінам Астрожскім — 16 тысяч вершнікаў, 14 тысяч польскіх коннікаў, 3 тысячы наёмнай польскай пяхоты, а таксама дробныя феадальныя атрады з Малой Польшчы і шляхцічы-добраахвотнікі з Вялікай Польшчы — усяго каля 2,5 тысячы вершнікаў.

Паводле больш дакладных звестак М.К. Любаўскага, які спасылаўся не на хронікі і летапісы, а на польскія архіўныя дакументы, польскай конніцы і пяхоты было не больш як 4 тысячы, бо значная частка іх засталася ў Берасці. Прысутнічала і артылерыя, але колькасць гарматаў невядомая. 4 тысячы ваяроў Жыгімонт пакінуў сабе ў Барысаве, а астатнюю, найбольшую частку войска (больш за 30 тысяч чалавек) пад агульным камандаваннем князя Канстанціна Астрожскага ён накіраваў да Оршы.

Расійскі гісторык С.М. Салаўёў адзначыў, што ў маскоўскіх ваяводаў было 80 тысячаў войска, а ў князя Канстанціна Астрожскага — не болей за 30 тысяч. Гэтыя лічбы прыводзяцца як у хроніках М. Стрыйкоўскага і А. Гваньіні. Згаджаюцца з гэтымі лічбамі і вайсковыя гісторыкі пачатку ХХ стагоддзя.

У будучай Аршанскай бітве ўдзельнічалі і войскі з беларускай правінцыі, з удзельных княстваў. Так, са сваім вялікім атрадам удзельнічаў князь Юрый Сямёнавіч Алелькавіч (каля 1492–1542), малады і ўжо дасведчаны князь, сын знакамітай княгіні слуцкай Настассі Іванаўны. У бітве ўдзельнічаў і адзін з камандзіраў, вядомы па архіве Вялікага Княства Літоўскага «баярын княгіні слуцкай Юхно Грыцкевіч (продак аўтара гэтых радкоў) з гербам «Харугвы». Ю. Грыцкевіч раней удзельнічаў у бітвах з крымскімі татарамі ў складзе слуцкага апалчэння.

Першы бой адбыўся 27 жніўня 1514 года на левым беразе Бярэзіны пры пераправе цераз раку войска князя Астрожскага. Папярэдне К. Астрожскі правёў артылерыйскую стральбу з гарматаў і гаўбіц (пішчаляў), нанёсшы страты непрыяцелю (каля 1300 маскоўскіх ваяроў былі забіты). На наступны дзень авангард арміі Астрожскага нанёс паражэнне рускім атрадам у баі над ракою Бобр і 1 верасня 1514 года дасягнуў ракі Друць. Тут атрады Івана Багданавіча Сапегі нанеслі паражэнне тром маскоўскім палкам. Было забіта некалькі соцень чалавек, шмат узята ў палон.

Тады галоўны маскоўскі ваявода Іван Чаляднін з усімі сваімі войскамі адступіў назад за Дняпро і выбраў для генеральнай бітвы добрае месца на левым беразе Дняпра. Тут, паміж Оршай і Дуброўнай, і размясцілася маскоўскае войска — на ўзгорках каля вёсак Пугайлава і Рукліна, злева ад прастору для непрыяцеля ў лукавіне Дняпра на яго левым беразе каля Оршы.

7 верасня 1514 года войска Астрожскага наблізілася да Дняпра ў раёне Оршы. Ён вырашыў даць бітву, нягледзячы на амаль утрая большую перавагу маскоўскага войска.

Князь разлічваў на некалькі фактараў: свой камандны досвед у шматлікіх бітвах, веданне праціўніка, з якім раней змагаўся (а ў 1500-м нават быў у яго ў палоне), баявы досвед свайго войска, удасканалены ў частых баях з крымскімі татарамі, патрыятызм беларускіх ваяроў, якія баранілі зямлю ад спусташэнняў маскоўскіх войскаў. Канстанцін Астрожскі, заклікаючы рыцараў да бою і перамогі, спасылаўся на іх праваслаўныя пачуцці, бо большасць у яго войску складалі праваслаўныя беларусы.

Наблізіўшыся да месца, дзе ўжо знаходзілася маскоўскае войска, К. Астрожскі вырашыў не рызыкаваць, бо пераправу праз раку пільнавалі конныя атрады ворага. Не жадаючы фарсіраваць раку пад стрэламі маскоўскіх лучнікаў, гетман правёў тут дэманстрацыйны манеўр, намагаючыся паказаць Чалядніну, што пераправа беларуска-літоўскай арміі адбудзецца менавіта тут. Астрожскі пад заслонай сваіх жаўнераў пераправіў уброд у гэтым месцы толькі некалькі тысяч коннікаў. А ўжо ўвечары Астрожскі перасунуў па віцебскай дарозе ўсё сваё войска крыху на поўнач і спыніўся на правым беразе Дняпра.

Уначы з 7 на 8 верасня Астрожскі загадаў пабудаваць цераз Дняпро два пантонныя масты. Для пераправы таксама скарысталі плыты і лодкі з суцэльным насцілам з плеценага чароту, каб колы гарматаў не грукалі. У балоцістых мясцінах ля ракі зрабілі гаці з паваленых і звязаных дрэў. Конніца войска Астрожскага пераправілася праз Дняпро па вузенькім бродзе ля аршанскай крэпасці або ўплаў, страціўшы пры гэтым толькі аднаго конніка, які патануў.

На працягу ночы была перапраўлена ўся пяхота і артылерыя войска ВКЛ у раён вёскі Пашына. Чаляднін даведаўся пра гэта са спазненнем. Іншыя маскоўскія ваяводы раілі яму напасці на частку літоўскага войска і знішчыць яго, карыстаючыся колькаснай перавагай. Аднак Чаляднін не згадзіўся, адказаўшы ім, што нават пасля разгрому гэтай часткі літоўскага войска застанецца яшчэ другая частка, да якой могуць далучыцца іншыя войскі ВКЛ, што было б небяспечна для маскоўскай арміі. Ён меркаваў, што ў выпадку бітвы з усім войскам Астрожскага можа надарыцца магчымасць знішчыць непрыяцеля цалкам або, абкружыўшы яго, пагнаць рэшткі да Масквы ў няволю. А пасля перамогі можна будзе заняць усё ВКЛ.

4_gusari_astrozhskaga_fragment_karc_ni_b_tva_pad_orshaj_.jpg

Гусары Астрожскага. Фрагмент карціны Бітва пад Оршай

Бітва ў полі на беразе Дняпра, за пяць вёрст ад Оршы, адбылася 8 верасня 1514 года. Лёгкай беларускай конніцай на левым флангу камандаваў падчашы літоўскі і ваявода гарадзенскі Юрый Мікалаевіч Радзівіл (каля 1480 — красавік 1541 г.), які меў маёнткі ў Беларусі ў Ашмянскім, Гарадзенскім, Лідскім і Мінскім паветах. Наёмным войскам з Польшчы — кашталян бецкі Януш Свярчоўскі, надворным каралеўскім войскам і атрадамі паноў — Войцех Сампалінскі. Усе яны мелі вялікі баявы досвед у бітвах супраць крымскіх татараў.

Чаляднін паставіў усё сваё войска ў баявы парадак у тры расцягнутыя лініі. На флангах — конныя атрады, каб падчас бою яны зайшлі ў тыл ворага.

Наперадзе стаяў полк перадавой стражы. У цэнтры — маскоўскі вялікі полк, па фронце, шырынёю 5 кіламетраў. На правым флангу стаяў полк правай рукі, на левым, каля вёскі Рукліна, — полк левай рукі. На пагорку ў цэнтры, за вялікім палком, стаяў полк тылавой стражы (рэзерву). Маскоўскае войска стала пад белым сцягам.

Бітва адбывалася на полі ў тры кіламетры ўздоўж Дняпра, за 200–400 метраў ад берага ў першай фазе бітвы і за тры з паловай кіламетры ў другой яе фазе. Углыб абодвух франтоў поле бою таксама складала прыблізна тры кіламетры. Пры гэтым трэба адзначыць, што не ўсе войскі займалі гэтую прастору. Частка з іх уводзілася ў бой паступова. Як бачна па карціне «Бітва пад Оршай», шэрагі ваяроў былі шчыльныя, як таго патрабавала тагачасная вайсковая тактыка.

Усе маскоўскія палкі былі конныя. Цяжкіх гарматаў маскоўскія войскі не мелі, бо вялікі князь Васіль ІІІ загадаў пакінуць іх у захопленых замках, каб адстаяць іх пры нагодзе. Як сведчыць М.М. Карамзін, «Чаляднін расцягнуў свае сілы таму, што яны ўтрая перавышалі сілы Астрожскага. Ён хацеў акружыць праціўніка, разбіць яго і скінуць рэшткі разбітых палкоў у Дняпро. Таму маскоўскае войска расцягнулася па лініях, і стварылася магчымасць перарваць іх. Аднак адзіны сапраўдны кіраўнік у расійскім войску адсутнічаў, бо Іван Чаляднін быў толькі фармальным галоўнакамандуючым, а кожны з двух галоўных ваяводаў камандаваў сваімі войскамі асобна. Гэта паўплывала на ход і вынікі бітвы пад Оршай. Адбілася на ходзе бітвы і тое, што яны, заспакоеныя сваёй колькаснай перавагай, былі ўпэўненыя ў перамозе над непрыяцелем. Таму маскоўскія галоўныя ваяводы і ваяводы меншага рангу своечасова, падчас бітвы, не заўважылі небяспекі, а калі яна выявілася, то было ўжо позна».

Атрады Астрожскага занялі свае пазіцыі па абодвух баках яра, які ішоў ад вёскі Пугайлава да пераправы цераз Дняпро. Яны сталі паводле свайго старога баявога звычаю. Наперадзе знаходзіліся два конныя палкі (гуфы) конніцы. Паміж імі стаяла пяхота са стрэльбамі і пішчалямі. На правым і левым крылах гэтага войска стаялі па тры дапаможныя палкі беларускай і польскай конніцы. На краі правага крыла войска паставілі пад аховай лесу ва ўкрыцці ўсе гарматы і частку пяхоты з рушніцамі (пішчалямі, самапаламі). Усё войска Астрожскага было сцягнута ў моцныя і згуртаваныя атрады, гатовыя прабіць расцягнутыя лініі ворага.

Падчас бітвы войска выступала пад дзяржаўным сцягам Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага — чырвоным сцягам з срэбнай выявай Пагоні і на адваротным баку з выявай Багародзіцы з дзіцяткам Ісусам. Гетманскі сцяг быў блакітнага колеру. З аднаго боку на ім была Пагоня ў чырвоным полі, з другога — абраз святога Станіслава. Асобныя паны мелі ў атрадах (дружынах) свае сцягі.

4_b_tva_pad_orshaj.jpg

Бітва пад Оршай

У кожнага з беларускіх вершнікаў можна пабачыць (у карціне "Бітва пад Оршай") у руцэ доўгую дзіду з белым сцяжком-вымпелам, уздоўж якога пасярэдзіне праходзіла адна вузкая чырвоная палоска, якая перакрыжоўваецца бліжэй да дрэўца другой чырвонай палоскай. Гэта прадвеснік нашага бел-чырвона-белага сцяга.

Як заўсёды гэта рабілася перад бітвай, святары з абодвух бакоў адслужылі малебен за перамогу. Пры гэтым трэба нагадаць, што ў беларуска-літоўскім войску, як і ў маскоўскім, за перамогу маліліся праваслаўныя святары. У Беларусі была свая, незалежная ад маскоўскага мітрапаліта, праваслаўная царква. Астрожскі быў праваслаўным. У атрадах ягонага войска маліліся і ксяндзы, бо ў ім было нямала і каталікоў, не кажучы ўжо пра польскія атрады.

Пасля гэтага пачаліся «гарцы» — асобныя паядынкі паміж вершнікамі з абодвух бакоў, каб заахвоціць астатніх ваяроў да бою.

Пасля кароткай нарады з ваяводамі і невялікай прамовы да войска Астрожскі загадаў конным палкам вольна рушыць наперад.

Гэтае прасоўванне наперад маскоўскія ваяводы палічылі сігналам да дзеяння. На левае крыло войска ВКЛ быў накіраваны полк правай рукі на чале з князем Міхаілам Іванавічам Голіцам. Асобныя атрады Чаляднін паслаў на флангі, каб зайсці ў тыл ворагу. Конніцу маскоўскага ваяводы сустрэлі беларускія рыцары на чале з самім Канстанцінам Астрожскім, якія, як сведчыць аўтар хронікі М. Стрыйкоўскі, далі мужны адпор маскоўскім вершнікам. Астрожскі звярнуўся да свайго войска з заклікам ісці наперад.

Адбіўшы атаку непрыяцеля, беларуска-літоўскія ваяры, якія атрымалі падмацаванне, самі пачалі наступаць. Конніца Сампалінскага, праскочыўшы галопам перад фронтам беларуска-літоўскага палка, што стаяў у цэнтры, нанесла ворагу ўдар па флангу. Польскія коннікі з доўгімі дзідамі валілі з коней маскоўскіх ваяроў. Князь Міхаіл Булгакаў-Голіца атрымаў падмацаванне і ўзнавіў шэрагі свайго войска. Маскоўскія сілы пачалі другую атаку. Рыцары ВКЛ устаялі. Але нечакана яны расступіліся. І вораг апынуўся перад пяхотай. Пяхота, страляючы з рушніц (пішчаляў), збіла з коней шмат маскоўцаў. Шэрагі маскоўскага палка памяшаліся. У гэты момант Канстанцін Астрожскі павёў у контратаку свой галоўны полк, перад тым звярнуўшыся да рыцараў: «Гэй! Вось цяпер наперад, дзеці!» Астрожскі заклікаў усіх ісці смела ў бой за ім, бо ён ставіць сваю галаву ў ахвяру і першы ідзе ў атаку на ворага з шабляй у руцэ, каб шаблю акрывавіць. Ён нагадаў рыцарам пра слаўныя бітвы іх продкаў, і каб яны чуліся сынамі сваіх бацькоў. Асаблівасці гэтай прамовы, перададзенай польскім храністам М. Стрыйкоўскім, паказваюць, што яна была сказана па-беларуску. Гэтая прамова славутага палкаводца станоўча ўздзейнічала на воінаў. Яны рушылі ў атаку. Пачалася жорсткая бітва.

Урэшце маскоўская конніца Булгакава-Голіцы была зламаная, разбіта і ў беспарадку кінулася наўцёкі. Беларуска-літоўская кавалерыя ўварвалася ў другую лінію расійскага войска. Разам з ёю дзейнічала і цяжкая польская конніца. Яны гналі рэшткі маскоўскага палка правай рукі і, даганяючы, забівалі ўжо няздольных весці бой.

l_2plan_stan_slava_herbsta_m_ha_la_val_ckaga.jpg

План Станіслава Хербста і Міхаіла Валіцкага

Чаляднін са сваімі асноўнымі сіламі на дапамогу Булгакаву-Голіцы не прыйшоў. Храністы, летапісцы і гісторыкі тлумачаць гэткія дзіўныя паводзіны Чалядніна суперніцтвам паміж маскоўскімі галоўнымі ваяводамі і жаданнем кожнага з іх атрымаць перамогу самастойна.

Яшчэ раней Чаляднін накіраваў свой полк левай рукі ў наступ на супрацьлеглае, правае, крыло войска Канстанціна Астрожскага. Аднак наступ гэты быў не вельмі моцны, што дало магчымасць войску ВКЛ ударыць па палку Голіцы. Тым не менш Чаляднін нават не кінуў на свой правы фланг ні вялікі (галоўны) полк, ні полк тылавой стражы, ні нават атрады перадавога палка, што адышоў у пачатку бітвы на другую лінію. Чаляднін не пераходзіў у рашучы наступ, чакаючы моманту, калі ў бой супраць палка левай рукі ўцягнуцца (пасля перамогі над палком Булгакава-Голіцы) конныя атрады К. Астрожскага, В. Сампалінскага і харугвы лёгкай беларуска-літоўскай кавалерыі. Вось тады з дапамогаю свежых сілаў, лічыў ён, можна будзе адным моцным ударам разбіць непрыяцеля.

У нейкі момант Чалядніну здалося, што ён перамагае ў бітве. Ён убачыў, што беларуска-літоўская і польская конніца спыніла свае контратакі і па загаду Астрожскага пачала адступаць, а потым зусім кінулася ўцякаць. Чаляднін кінуў у бой усе свае сілы. Але ў пэўны момант, недалёка ад лесу і кустоў у тыле беларуска-літоўскай арміі, ужо ля Дняпра, адступаючы, конніца падзялілася на дзве часткі, якія хутка скочылі ўбок. Уся бязладная маса маскоўскіх вершнікаў аказалася перад артылерыяй і пяхотай, што былі ў кустах на ўскраіне лесу і ўжо даўно падрыхтаваліся да аднаго моцнага залпу. Маскоўскія атрады панеслі вялікія страты ў людзях і конях. Гэтая вайсковая хітрасць, якую прымяніў Астрожскі яшчэ ў бітве з крымскімі татарамі 28 красавіка 1512 года каля Вішняўца ва Украіне, і была пераломным момантам бітвы пад Оршай. Пасля расстрэлу гарматамі лавіны маскоўскага войска ў яго шэрагах пачалася паніка, і яно ўсё кінулася наўцёкі. Пачалося іх пераследаванне.

Пасол германскага імператара да маскоўскага вялікага князя Васіля ІІІ барон Сігізмунд Герберштэйн, які наведаў у Вільні на пачатку 1517 года (калі ехаў у Маскву) палонных І.А. Чалядніна і М.І. Булгакава-Голіцу і размаўляў з імі пра бітву пад Оршай, расказваў у сваіх запісах: «Літоўцы, наўмысна адступіўшы да таго месца, дзе ў іх былі схаваныя гарматы, накіравалі іх супраць маскавітаў, якія насядалі, і паразілі іх заднія шэрагі, што выстраіліся ў рэзерве, але занадта скучаныя, унеслі замяшанне ў іх шэрагі і рассеялі. Такі нечаканы баявы прыём прывёў маскавітаў у жах, яны кінуліся наўцёкі. Літоўцы, разгарнуўшыся і накіраваўшы ўсе свае сілы, пераследавалі іх, гналі і забівалі. Толькі ноч і лясы спынілі гэтае вынішчэнне».

Стрыйкоўскі таксама прыводзіў жахлівыя дэталі гэтых уцёкаў: адны ўцякалі ў лясы, другія — у балоты. Але беларуска-літоўскія і польскія вершнікі гналі іх і забівалі. Кроў забітых была не толькі на палях, але і сцякала ў раку Крапіўну, вада ў якой стала крывавай. Шмат маскавітаў падчас уцёкаў патанула. Беларуска-літоўскія коннікі пераследавалі ворага ажно восем літоўскіх міляў (г.зн. 60 кіламетраў). Адны з беларуска-літоўскіх вершнікаў вярнуліся назад апоўначы, другія нават назаўтра. З сабой яны вялі вялікую колькасць палонных.

4_.jpg

Бітва пад Оршай (фрагмент)

М.М. Карамзін у «Истории государства Российского» адзначыў: «Літоўцы ніколі не атрымлівалі такой славутай перамогі над расіянамі: гналі, рэзалі, тапілі іх у Дняпры і Крапіўне, целамі ўсеялі палі паміж Оршай і Дуброўнай… Мы страцілі трыццаць тысяч воінаў: ноч і лясы выратавалі астатніх». Стрыйкоўскі, спасылаючыся на звесткі маскоўскіх палонных, пісаў, што на полі бою і на розных месцах падчас уцёкаў засталося больш за сорак тысяч забітых маскавітаў, акрамя тых, што патанулі ў Крапіўне; таму мала іх выратавалася. Паводле М. Бельскага, сорак тысяч «Масквы» забіта ў гэтай бітве.

Стрыйкоўскі зазначыў, што ў войску Астрожскага загінулі чатыры паны, а простых жаўнераў і шляхты крыху болей за чатырыста. Затое было шмат параненых.

На наступны дзень пасля бітвы быў адслужаны праваслаўны малебен у «гонар святой Тройцы і на хвалу Пану Богу» і каталіцкі малебен. Падчас урачыстага абеду, на які былі прыведзены палонныя ваяводы, Канстанцін Астрожскі павіншаваў сваіх ваяводаў, ротмістраў і рыцараў з перамогай. 3 снежня 1514 года Жыгімонт Казіміравіч наладзіў у Вільні ўрачысты прыём у гонар князя К.І. Астрожскага і рыцараў-пераможцаў.

Пасля перамогі пад Оршай усіх палонных ваяводаў, вайсковых камандзіраў і 380 баярскіх дзяцей адаслалі ў Барысаў да караля і вялікага князя Жыгімонта. Палонных «простага стану» разабралі шляхта і жаўнеры, каб асадзіць іх у сваіх маёнтках.

Дзясяткі гадоў заставаліся палонныя ў Вільні і іншых гарадах, крэпасцях і валасцях Вялікага Княства Літоўскага. Вялікі князь Васіль Іванавіч заявіў, што для яго «той, хто трапіў у палон, — мёртвы».

Іван Андрэевіч Чаляднін памёр у Вільні ў 1516-м, М.І. Булгакаў-Голіца і князь Іван Сямёнавіч Селяхоўскі вярнуліся на радзіму толькі ў 1552-м, дзе Булгакаў-Голіца памёр манахам пад імем Іона праз два гады.

Адразу пасля бітвы Дуброўна, Мсціслаў і Крычаў перайшлі на бок вялікага князя Жыгімонта. Ваенныя дзеянні прынялі зацяжны характар. Урэшце пасля доўгіх перамоваў у Маскве 9 верасня 1522 года было заключана перамір’е.

Калі князь Астрожскі вярнуўся ў Вільню, то зрабіў багатую фундацыю (уклад) царкве Свята-Духаўскага манастыра ў падзяку Богу за дараваную яму пад Оршай перамогу «над непрыяцелем і супастатам праваслаўнай царквы» — вялікім князем маскоўскім. Звонку царквы была прымацавана мармуровая дошка з надпісам па-беларуску пра фундацыю К.І. Астрожскага ў гонар Аршанскай перамогі.

Бітва пад Оршай 8 верасня 1514 года стала вядомай у Еўропе. Жыгімонт Казіміравіч абвясціў пра перамогу рымскаму папе Льву Х і ўсім буйным гаспадарам Еўропы. На стагоддзі захавалася памяць пра гэтую слаўную перамогу і ў Беларусі. І толькі ў ХХ стагоддзі савецкая гістарычная навука зрабіла ўсё, каб людзі пра яе забыліся.

Беларускія адраджэнцы пачалі ў 90-х гадах ХХ стагоддзя святкаваць дзень Аршанскай перамогі. 8 верасня 1992 года на плошчы Незалежнасці ў Мінску афіцэры Беларусі, а таксама афіцэры запасу і ў адстаўцы прынеслі вайсковую прысягу на вернасць свайму народу. З таго часу дзень 8 верасня з’яўляецца Днём беларускай вайсковай славы ў нацыянальным календары.

(Артыкул складзены на аснове артыкулу: Грыцкевіч А. Бітва пад Оршай 8 верасня 1514 г., стар. 574–588, у кнізе: Анатоль Грыцкевіч. Выбранае, Мінск, «Кнігазбор», 2012).