Былы спартыўны чыноўнік Вадзім Крывашэеў: Міністэрства спорту трэба пакінуць

Экс-дырэктар РЦАП па фрыстайле Вадзім Крывашэеў у вялікім інтэрв'ю ТГ-каналу «О спорт! Ты — мир!» тлумачыць, як функцыянуе сістэма, што такое Мінспорту і чаму яно павінна застацца.

Вадзім Крывашэеў. Фота: mst.gov.by

Вадзім Крывашэеў. Фота: mst.gov.by


— Для чаго наогул павінна існаваць такая структура, як Міністэрства спорту?
— Калі па-простаму, то гэта орган дзяржаўнага кіравання ў сферы фізічнай культуры і спорту. Іншае пытанне — якімі паўнамоцтвамі міністэрства надзеленае, наколькі моцны ўплыў можа аказваць на дзейнасць федэрацый, клубаў і каманд. Якраз у ступені ўплыву і крыюцца адрозненні таго, як наладжана праца ў Беларусі і за мяжой.
Пасля падзей жніўня-2020 любое ведамства, любое міністэрства ў Беларусі накіравана на ідэалагічную працу, на рэпрэсіі. Цяперашнія функцыі Мінспорту — гэта гісторыя не пра спорт, на яго застаецца вельмі мала прасторы. Калі не ўдаецца выканаць пастаўленыя задачы па ідэалогіі, то пра спорт ніхто думаць наогул не будзе. У такім выпадку гаварыць пра нейкі прагрэс проста немагчыма.
— Наколькі моцным павінен быць уплыў дзяржавы на спорт?
— Спорт сёння з'яўляецца адной з візітных картак абсалютна любой дзяржавы. Мы бачым узровень канкурэнцыі на сусветнай спартыўнай арэне, стаўленне лідараў урадаў усіх краін да Алімпійскіх гульняў, важнасць паспяховага выступлення атлетаў. Безумоўна, любая дзяржава зацікаўленая ў паспяховым развіцці спорту.
Пры гэтым абсалютна ўсе паспяховыя мадэлі прадугледжваюць, што канкрэтным відам спорту альбо асобнай галіной займаюцца прафесіяналы. Яны ведаюць, што рабіць і як той ці іншы від спорту павінен развівацца. На жаль, у Беларусі мы бачым вельмі негатыўны варыянт, калі спартыўная сфера штучна напаўняецца людзьмі, якія «любяць спорт», не маючы да яго ніякага дачынення. У Беларусі ўпэўненыя, што можна ўзяць любога кіраўніка з іншай нібыта паспяховай сферы (апошнім часам — афіцэра) — і ён навядзе парадак, арганізуе працу ў спартыўнай школе альбо ў цэлай федэрацыі. Да чаго гэта прыводзіць? Вынік, па-мойму, відавочны.
Вядома, уплыў дзяржавы на спорт павінен быць, як і на ўсе сферы. Але ў людзей, якім давераныя абавязкі, павінна быць больш магчымасцей для рэалізацыі сваіх ідэй. Прычым гэтыя людзі, паўтаруся, павінны быць не проста прызначэнцамі ўладаў, а прафесіяналамі сваёй справы, якія працай даказалі, што разумеюць, як павінны развівацца іх віды спорту. І прапанаваныя імі ідэі павінны інтэгравацца ў працу высокіх структур, як, напрыклад, Мінспорту або НАК.
— Калі вы былі кіраўніком РЦАП па фрыстайле, што больш за ўсё напружвала ў спартыўнай сістэме Беларусі?
— Сама сістэма напружвала мяне. Матрыца, па якой яна сфармаваная і працягвае жыць цяпер, выклікала абурэнне. Любыя пытанні ў духу: «Чаму трэба рабіць так, калі магчыма па-іншаму, больш рацыянальна?» — выклікалі з боку чыноўнікаў адзін адказ: «Мы заўсёды так працавалі, вось і працягнем». Чыноўнікі баяцца інавацый. Мяне гэта максімальна раздражняла, але я працягваў рабіць што мог, каб палепшыць сваю сферу.
Раскажу адну паказальную гісторыю. У Беларусі любяць гаварыць, што асноўная задача ўсіх спартыўных аб'ектаў, якія будуюцца ў краіне, — гэта самаакупнасць. У 2019 годзе атрымалася так, што РЦАП змог павялічыць камерцыйны даход у параўнанні з лепшым з папярэдніх гадоў больш чым на 700 тысяч рублёў — амаль на 20%. Прагрэс працы ўсёй каманды быў відавочны. Але мы не збіраліся спыняцца, у нас ужо былі планы далейшага развіцця, з якімі можна было павялічыць лічбы яшчэ больш.
Я, натхнёны, пайшоў да Сяргея Кавальчука (міністра спорту). Расказаў пра дасягненні, пра планы. Пра тое, што, пры наяўнасці ўмоў і разумнай працы, можна зрабіць так, што камерцыйны прыбытак цэнтра дасць магчымасць не толькі выйсці на самаакупнасць аб'екта, але і забяспечваць падрыхтоўку спартыўнага рэзерву, прычым хапаць будзе не толькі на спартшколу фрыстайла, але нават і на юніёрскую зборную. Я ўпэўнены, што ў Беларусі няма спартыўнага аб'екта, які дзякуючы сваёй гаспадарчай дзейнасці змог бы на 100% забяспечыць аплату камунальных плацяжоў, заработную плату работнікаў і яшчэ фінансаваць спортрэзерв.
Кавальчук паслухаў мяне і сказаў: «Тут яшчэ трэба падумаць, а ці трэба нам гэта». Гэты момант, напэўна, стаў пераломным для маёй матывацыі. Я тады канчаткова зразумеў, што мае высілкі, высілкі каманды нікому не патрэбныя. Людзі жывуць нейкімі іншымі мэтамі, ідэямі. У мяне наступіла глыбокае расчараванне ў тым, што мы робім і да чаго ідзем.
Хочацца адзначыць, што не ўсе такія. Былі некалькі чалавек, з якімі можна было сапраўды вырашаць пытанні і знаходзіць нестандартныя рашэнні праблем, напрыклад, [старшыня назіральнага савета Федэрацыі фрыстайла] Мікалай Снапкоў. Шмат добрых спецыялістаў даводзілася сустракаць у Мінфіне — напэўна, таму што людзі былі на сваіх месцах.
— Ці трэба ствараць інстытут па падрыхтоўцы спартыўных менеджараў, якія будуць адказваць за развіццё спорту ў краіне?
— Такая структура, на мой погляд, ёсць — БДУФК. Падрыхтоўчы этап — вучылішча алімпійскага рэзерву. Але сістэма павінна быць пабудавана такім чынам, каб людзі, якія валодаюць лідарскімі якасцямі і патэнцыйна гатовыя ўзяць на сябе менеджарскую адказнасць, траплялі ў асяроддзе добрай, здаровай, спартыўнай канкурэнцыі на рынку працы. Людзі павінны разумець, для чаго яны хочуць расці і развівацца, а не проста заняць нейкае месца і ціхенька пасядзець, выконваючы загады. У людзей павінна быць магчымасць ўвасабляць свае ідэі ў жыццё.
Адукаванае пакаленне менеджараў, упэўнены, павінна быць зацікаўлена ў эфектыўнасці кіруемых імі аб'ектаў, структур. Калі будзе эканамічнае стымуляванне працы гэтых спецыялістаў, тады і людзі будуць зацікаўленыя ў тым, каб добра яе выконваць. Плюс яны павінны мець магчымасць абменьвацца вопытам з замежнымі калегамі. Я сутыкаўся з многімі маладымі паспяховымі кіраўнікамі, але ім патрэбна спрыяльнае асяроддзе, якое будзе дапамагаць ім расці.
— Некаторыя спартсмены лічаць, што ў будучыні ў Беларусі наогул не павінна быць Мінспорту. Згодны?
— Паўтаруся, у маім разуменні такое міністэрства павінна быць. Сёння ва ўсіх еўрапейскіх краінах ёсць такая структура. Для эфектыўнай дзейнасці неабходны рэгулятар, які будзе акумуляваць нейкія навіны, змены ў спартыўнай сферы, ўкараняць прапановы. Мінспорту і павінна быць рэгулятарам. Асноўная функцыя — на заканадаўчым узроўні ўкараняць усё тое, што запытваюць для развіцця віды спорту, федэрацыі. Мінспорту павінна стварыць умовы, якія дазволяць людзям у белспорце рэалізоўваць свой патэнцыял.
Нават цяперашняя мадэль, вертыкаль у спартыўнай сістэме Беларусі, цалкам працаздольная і шмат у чым сапраўды адпавядае сусветным узорам. Як структура Мінспорту, упэўнены, можа працаваць якасна. Але людзі наверсе сістэмы не даюць спорту ісці далей і развівацца, яны не хочуць рабіць усё як мага лепш у сваёй сферы.
Можна было б і зараз узяць эфектыўныя замежныя схемы развіцця спорту і паспрабаваць ўкараніць іх у Беларусі. Але пытанне ў выканаўцах. А ці гатовыя на месцах паўнавартасна выконваць усе функцыі? Ці будзе вынік ад дзейнасці гэтых чыноўнікаў? Пры цяперашняй сістэме ў Беларусі няма не толькі эканамічнага патэнцыялу, каб усё рэалізаваць, але і чалавечага рэсурсу. Выканаўцы — галоўная праблема, якая ўплывае на канчатковы вынік. З гэтым у РБ вельмі дрэнна.
Парадокс нашай сістэмы ў тым, што ўсе прывыклі чакаць, што скажа міністэрства, які кірунак у развіцці яно задасць федэрацыям, спартыўным клубам і гэтак далей. Упэўнены, што, наадварот, менавіта спецыялісты павінны ісці ў Мінспорту з прапановамі, ідэямі, як зрабіць спорт лепшым і больш эфектыўным, а Мінспорту — аналізаваць усе прапановы, рацыянальныя і цікавыя рэалізоўваць у заканадаўчых актах і на практыцы.
— Ці трэба ўводзіць у нашу спартыўную сістэму замежных спецыялістаў?
— Вядома, можна гэта зрабіць, але ўсё роўна патрэбныя кадры на месцах, каб прыцягваць іх да працы з замежнымі калегамі. Існуючая ў Беларусі сістэма не прадугледжвае выхавання такіх спецыялістаў. Ну а тыя, хто ёсць, выніку не даюць.
— Яны — галоўныя віноўнікі дэградацыі беларускага спорту?
— Кіраўнічы блок — так, гэта праблема. Але ў многіх відах спорту можна назіраць адсутнасць жадання прагрэсаваць у атлетаў, трэнераў, іншых спецыялістаў. Людзі згодныя здавольвацца тым, што ёсць.
Ды і як працаваць у той абстаноўцы, якая цяпер пануе ў Беларусі? Працягваецца ціск. Абстрагавацца ад усяго немагчыма. Мне незразумела, як людзі, якія застаюцца ў спартыўнай сістэме Беларусі, знаходзяць матывацыю і натхненне, каб працаваць далей. Збоку мне гэта здаецца дзікім і немагчымым.
— Міністэрствам спорту павінны кіраваць людзі са спорту?
— Цяпер у Беларусі спартыўныя менеджэры любяць паўтараць: «Мы любім спорт». Але каб разумець, як працуе любая сфера, у тым ліку спорт, яе спярша трэба ўбачыць знутры. Так што, на маю думку, Міністэрствам спорту павінен кіраваць прафесіянал, які на сабе даведаўся, што такое спорт. А так у нас менеджары адвучацца два гады ў БДУФК на перападрыхтоўцы кадраў, атрымаюць дыплом і крычаць, што яны спецыялісты.
Не кожны былы атлет можа стаць класным менеджарам. Але калі ён жыве сваёй справай, хоча развівацца, калі ў яго асяроддзі ёсць прафесіяналы ў менеджарскай справе, то ён зможа паспяхова кіраваць Міністэрствам.
— Нездарма ж кажуць, што поспех любога кіраўніка — гэта яго праца плюс правільна падабраная каманда.
— Безумоўна. Скласці сапраўдны калектыў — адна з галоўных задач кіраўніка.
— А калі выказаць здагадку, што Мінспорту ўзначаліць, умоўна кажучы, былы аграном, але пры гэтым збярэ побач з сабой людзей са спорту, былых атлетаў, — сістэма будзе паспяхова працаваць?
— Цалкам магчыма. Але калі мы ўсё-ткі гаворым пра ідэальную мадэль спартыўнай сістэмы, то, як я мяркую, яна будзе паспяхова функцыянаваць, калі на чале яе будзе стаяць паспяховы ў мінулым атлет, які жадае развівацца.
— Хто з айчынных спартсменаў, на вашу думку, мог бы ўзначаліць Мінспорту?
— З тых, з кім мне даводзілася сутыкацца, перш за ўсё — Вадзім Дзевятоўскі, які, на мой погляд, вельмі паспяхова, хай і нядоўга, паспеў папрацаваць у Федэрацыі лёгкай атлетыкі. Лічу, што ім было зроблена нямала, і Дзевятоўскі быў на сваім месцы. Упэўнены, у яго б атрымалася кіраваць Міністэрствам спорту.
Магла б стаць досыць паспяховай міністаркай Аляксандра Герасіменя. Атрымалася паназіраць за тым, як яна прымае рашэнні, як думае. Я ўбачыў, што ў Аляксандры ёсць стрыжань, яна разумее, як і што трэба рабіць. Не буду заяўляць, што яна лёгка ўпісалася б на пасаду міністра, але, думаю, у яе атрымалася б.
— Пры новай уладзе Мінспорту трэба будзе будаваць з нуля?
— Не, з нуля нічога будаваць не давядзецца. У Беларусі ёсць база, інфраструктура. Ёсць людзі, якія працуюць над развіццём спорту цяпер. Куды іх падзець — загрузіць у Ноеў каўчэг і кудысьці адправіць?
Людзі — гэта ключавы момант. У многіх, хто па-ранейшаму ў сістэме, вочы цяпер расплюшчваюцца, прычым шырока. Многія ўжо не хочуць плыць па цячэнні, таму што яны ўбачылі рэальнасць з зусім іншага боку. Я лічу, што трэба правесці пэўную працу над памылкамі, але не прыбіраць усіх спецыялістаў з сістэмы. Проста можна ўкараніць спецыялістаў новага пакалення, якія думаюць сучасна, а не па савецкіх канонах. Тым больш трэба разумець, што савецкая сістэма так ці інакш сыдзе ў нябыт. Цяпер яна дае, магчыма, нейкія вынікі, але з часам гэта ўсё вычарпаецца. Мы гэта на самой справе ўжо назіраем.
— Як вызначаць, хто прынясе карысць у новай спартыўнай сістэме, а каго варта пазбавіцца?
— Мне здаецца, праводзіць селекцыю не давядзецца. Проста трэба памяняць сістэму, адысці ад бюджэтнага фінансавання спорту, у тым ліку клубаў. Калі мы рэальна ўвойдзем ва ўмовы свабоднага рынку, па яго шляху пойдуць, паверце, усе людзі, якія выконваюць функцыю мэблі і цалкам вонкава кіруюцца, уся спартыўная структура, перш за ўсё прафесійная. Кіраўнікі пачнуць варушыцца, каб забяспечыць свае клубы фінансамі. Ва ўсіх месцах, дзе гаворка пойдзе пра фінансавую залежнасць ад вынікаў, людзі будуць падыходзіць да пытанняў камплектавання больш прафесійна і жорстка. Такая сістэма нікому не дазволіць плыць па цячэнні, трэба будзе эфектыўна займацца сваёй працай.
— Экс-генеральны сакратар НАК Анатоль Котаў сказаў, што адна з галоўных прычын неэфектыўнай дзейнасці цяперашняй спартыўнай сістэмы – гэта тое, што чыноўнікі на месцах працуюць толькі для справаздачнасці, каб захаваць свае месцы і пасады. Згодны?
— Безумоўна, ён мае рацыю. Сама сістэма падавіла ў людзях жаданне развівацца, бо ў наяўнасці сітуацыя, калі як бы ты ні стараўся, што б ні рабіў, гэта ні на што не паўплывае. Ёсць яшчэ тыя, хто захаваў запал, імкненне працаваць, рухацца і развівацца, нягледзячы на супраціў сістэмы, але ў большасці выпадкаў мы назіраем дэградацыю.
— Нават у цяперашніх умовах у некаторых відах спорту ў Беларусі ёсць вынікі.
— Гэта выключэнні. Там, дзе ёсць вынікі, сабраныя каманды аднадумцаў, якія могуць абстрагавацца ад усяго, што адбываецца ў Беларусі, хоць зрабіць гэта цяпер вельмі цяжка. Вазьміце той жа фрыстайл — там усё атрымалася, таму што быў сабраны калектыў (цяпер яго руйнуюць), у гэтай сферы працавалі людзі, якія заўсёды імкнуліся знайсці шляхі вырашэння праблем, якія ўзнікалі. А вось у многіх іншых камандах, відах спорту, ды і ў Мінспорту сабраныя людзі, якія толькі шукаюць прычыны няўдач, а выпраўляць нічога не імкнуцца.
Вядома, на спорт Беларусі вельмі моцны ўплыў аказвае палітычная мадэль краіны, якая заключаецца ў жаданні ўсё кантраляваць, загадваць. Свабоды няма, чалавек не можа гаварыць і рабіць тое, што ён хоча, — у такім выпадку пра развіццё спорту, ды і любой іншай сферы жыцця, не варта і марыць.
— Як дамагчыся гэтай свабоды? І ці яна наогул рэальная ў Беларусі?
— Калі мы сыдзем ад таталітарнага рэжыму, Беларусь стане свабоднай дэмакратычнай краінай, гэта і прынясе свабоду дзеянняў.
— Калі раскласці па пунктах, як, на вашу думку, павінна працаваць ідэальная сістэма спорту ў Беларусі?
— У першую чаргу трэба мяняць заканадаўства. Яно павінна быць арыентавана на людзей. Па-другое, у спорце людзям трэба даць магчымасць рэалізоўваць свае ідэі, а не асабліва выконваць тое, чаго ад іх патрабуюць наверсе. Такое асяроддзе дазволіць сфармаваць кола спецыялістаў, якія будуць зараджаныя, максімальна матываваныя на развіццё сваёй сферы дзейнасці. Па-трэцяе, не варта забываць, што сучасны спорт — гэта вялікія грошы. А тое, што круціцца зараз у спартыўнай сістэме Беларусі, гэта наогул мізэр. Трэба мяняць падыход і ў гэтым плане, ствараючы прафесійныя лігі.
Галоўная праблема — у тым, што гэтыя неабходныя змены супярэчаць цяперашняй палітычнай сістэме Беларусі. Пакуль не адбудзецца глабальных змен у палітыцы і эканоміцы краіны, пра спорт можна нават не думаць. Што зменіцца, калі прыбяруць Кавальчука? Прыйдзе іншы чалавек, які будзе выконваць загады зверху. І калі ў такіх «спецыялістаў» потым спытаць, ці разумеюць яны, што робяць на сваім месцы, мяркую, адказ будзе ў стылі: «Мы любім спорт, таму прыходзім на працу». А для чаго? Адказу на гэтае пытанне няма і пры цяперашніх рэаліях у Беларусі не будзе.
— Вы пераехалі ў ЗША і пачалі новае жыццё. Але калі ў будучыні вам прапануюць важкую пасаду ў спартыўнай сістэме Беларусі, вы пагодзіцеся вярнуцца?
— Я гэта дапускаю. Гатовы буду абмяркоўваць канкрэтныя прапановы. Але трэба разумець, дзеля чаго згаджацца.