«Наша мэта — падтрымка палітвязняў». Як прайшоў футбольны Кубак Івуліна ў Варшаве

У сёлетнім турніры Annual Ivulin’s Cup пасля выхаду на волю і пераезду ў Польшчу бярэ ўдзел спартовы відэаблогер, у гонар якога летась назвалі імпрэзу на знак падтрымкі беларускіх палітвязняў. На пытанне «Белсата», як яму – у кашулі з ягоным імем у складзе каманды ягонага імя на турніры ягонага імя, Саша Івулін прызнаецца, што «прыемна, але некамфортна».

Тут і далей фота "Белсата"

Тут і далей фота "Белсата"

«Жартую, што гэта Калядны турнір, а хлопцы адказваюць, што гэта Калядны турнір правільнага чалавека. Калі б яшчэ было крыху менш горача, то было наагул вельмі класна», – смяецца відэаблогер.  На сённяшніх спаборніцтвах грае пяць або шэсць камандаў, у назвах якіх ёсць слова Ivulin, дадае ён.

«Я вельмі ўдзячны хлопцам, якія зладзілі гэта ўсё дзеля салідарнасці са мной. Гэта неверагодна прыемна, але яшчэ больш прыемна, што столькі людзей аб’ядноўваюцца і гуляюць у футбол, не забываючыся, што адбываецца ў Беларусі і ва Украіне, – паказвае ён на два банэры на плоце стадыёну – са словамі «Свабоду палітвязням» і імёнамі беларускіх добраахвотнікаў, якія загінулі за свабоду Украіны. – Мая каманда называецца Team Ivulin TUT – на знак салідарнасці з журналістамі «Tut.by».

«Мне вельмі падабаецца, як у гэтым сезоне наш калектыў прагрэсуе ў сэнсе вайба і яднання», — кажа абаронца каманды Івуліна (ды вядоўца «Жыцця-маліна») Мікіта Мелказёраў.

«Нашая каманда – не толькі пра спорт, але і пра падтрыманне палітзняволеных. Івулін выйшаў – гэта, бадай, адзіная добрая навіна з моманту дэбютнага турніру. Але хапае іншых палітзняволеных, колькасць якіх за апошні год толькі вырасла. Добра, калі б яны былі на волі ды маглі гуляць у футбол або займацца іншымі відамі спорту», – кажа Мелказёраў.


20230819_lisicki_ivulin_cup_0027.jpg

Побач з Team Ivulin TUT размінаецца каманда Fair Play, якой на адмысловых картках са схемай поля нешта тлумачыць былы трэнер БАТЭ, мінскага «Дынама» і юніёрскай зборнай Беларусі Алег Дулуб.

«Мне пазванілі, я тут недалёка жыву. Прыйшоў, каб добра правесці час. Тут цудоўная атмасфера. Слова «топ» заезджанае, таму скажу: шыкоўна», – кажа Алег Дулуб.

У складзе Fair Play гуляе, між іншым, дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях дыпламатыі Дзяніс Кучынскі, які адмыслова прыляцеў на турнір з Вільні.

«Я ведаў пра гэты турнір у мінулым годзе, мне вельмі спадабалася, і як гэта было зарганізавана, і сама ідэя: падтрыманне палітвязняў, – тлумачыць Кучынскі. – У Вільні я гуляю ў аматарскай футзальнай лізе, але пасля таго, як пачаліся шчыльныя замежныя візіты, стаў часта прапускаць трэніроўкі. Далучаюся толькі калі атрымліваецца. Цяпер лета, ёсць больш часу».

Хто яшчэ ў Офісе займаецца спортам? «Анатоль Лябедзька бегае. Ён яшчэ ў 90-я ладзіў парламенцкія турніры. Бегае Франак Вячорка. Мы аднойчы ў Вільні гралі Офісам супраць літоўскага Сейму. З нашага боку Валер Кавалеўскі, напрыклад. З іхнага – парламентарыі і міністр абароны, якія стаяў у абароне», – прыгадвае Кучынскі.


20230819_lisicki_ivulin_cup_0031.jpg

У турніры другі год запар удзельнічае каманда «Белсату». Яе капітан, журналіст Алесь Ляўчук распавядае, што сабраў дружыну за тыдзень.

«У нас гуляюць беларусы, украінцы, таджык і паляк. Гульцы прыехалі з Беластоку, Уроцлава, Гданьску і Варшавы. За нас гуляе Аляксей Іўчанка, колішні найлепшы бамбардзір Беларусі па міні-футболе. У нашай камандзе грае таксама адзіная дзяўчына на турніры».

Лізе – 22, яна з Крыму, пачала займацца футболам у школе.

«Я брала ўдзел у крымскіх чэмпіянатах – выключна пад крымскімі сцягамі, не было нічога, што б раздражняла», – кажа футбалістка.

У сямнаццаць Ліза пераехала ў Польшчу, дзе распачала вучобу ва ўніверсітэце і скончыла прыгоду з прафесійным спортам. На Кубак Івуліна патрапіла дзякуючы вялікай колькасці сяброў з Беларусі, якія скінулі ёй інфармацыю пра турнір. Запыталася ў арганізатараў, дзе ёсць месцы, і ёй далі кантакт «Белсату».

«Я хвалявалася, што на мужчынскім турніры сустрэну агрэсію, але ўсё вельмі спакойна, сяброўская атмасфера. Калі з дзяўчынамі гуляеш – там усё больш жорстка, а тут наадварот – хлопчыкі цябе аберагаюць», – кажа яна.


Глядзіце таксама

Напрыканцы пытанне пра прозвішча дзяўчыны. Ліза момант вагаецца, а потым просіць падпісаць без прозвішча: «Можа яшчэ зубы паеду ў Беларусь лячыць». І бяжыць на поле.

Што да вынікаў турніра, то пераможцам стала каманда Free SPOrT United, у склад якой ўвайшлі вядомыя беларускія футбалісты-прафесіяналы – легендарны Аляксандр Хацкевіч, Віталь Гайдучык, брамнік сяргей Міхайлаў, Яўген Вяроўка і іншыя.