Паўночная Карэя ў цэнтры Еўропы. Футбалістаў за пройгрышы адправілі ў калгас збіраць камяні

Футбалісты «Тарпеда-БелАЗ» разам з чальцамі трэнерска-адміністрацыйнага штаба клуба збіралі камяні на палях СВК «Першамайскі». Нягледзячы на тое, што збіралі яны камяні, прапагандысты назвалі гэта «ўнёскам у харчовую бяспеку краіны».

torpedo_zhodino_2023_1.jpg

Відэа «палявой трэніроўкі» футбалістаў апублікаваў і набліжаны да ГУБАЗіК тэлеграм-канал, дзе рэгулярна з'яўляюцца «пакаяльныя» відэа затрыманых беларусаў, адзначаюць «Белнавіны».

«Пасля няўдалых гульняў “Тарпеда-БелАЗ” у Лізе канферэнцый і чэмпіянаце краіны трэнерскі штаб знайшоў новую матывацыю для гульцоў на калгасным полі», — падпісаў ролік прапагандысцкі рэсурс. 

Нагадаем, 2 жніўня «Тарпеда-БелАЗ» выбыў з Лігі канферэнцый пасля нічыёй з кіпрскім клубам АЕК. Першы матч жодзінцы прайгралі 2:3.

Гаспадарка, на якой працавалі спартсмены, з'яўляецца філіялам Беларускага аўтазавода.

Глядзіце таксама

«Тарпедаўцы такім чынам вырашылі ўнесці свой сціплы ўклад у харчовую бяспеку краіны, а заадно даведаліся, наколькі нялёгкая праца работнікаў прадпрыемства, які з'яўляецца галоўным спонсарам футбольнага клуба», — патлумачыла «Мінская праўда».

Выданне адзначыла, што на такой спякоце цягаць камяні «было справай няпростай, трапляліся парою і даволі цяжкія».

«Але футбалісты — людзі трэніраваныя, усё вынеслі. У выніку назбіралі чатыры прычэпы камянёў. Хочацца спадзявацца, што працоўная тэрапія дапаможа камандзе перапыніць бязвыйгрышную серыю ў афіцыйных матчах, якая, прызнацца, зацягнулася», — падкрэсліла «Мінская праўда».

Добра, што пакуль не расстралялі, як у Паўночнай Карэі.