З палону ў палон. Факты пра бесчалавечны загад №270

Стаўленне да ваеннапалонных — індыкатар цывілізацыйнай прорвы. Расійскія кіраўнікі заўжды дэманстравалі невытлумачальную жорсткасць нават да сваіх. 16 жніўня 1941 года Сталін падпісаў жудасны загад, паводле якога тых, хто здаецца ў палон, лічылі дэзерцірамі, што падлягалі расстрэлу. Распавядаем пра гэта падрабязней.


Савецкія палонныя, 1941 год

Савецкія палонныя, 1941 год

Чырвонаармейцаў пужалі расстрэлам яшчэ ў 1939-м

Цытата з брашуры 1939 года з тэкстам ваеннай прысягі:

 «… Здача ў палон ворагу  здрада Радзіме, здрада прысязе. Няма нічога больш ганебнага, чым здацца ў палон ворагу, перайсці на яго бок. Бальшавікі ў палон не здаюцца  гэта свяшчэнны закон нашых доблесных воінаў. Усенароднай пагарды варты той, хто зробіць подласць  здасца ў палон. Воін Чырвонай Арміі дасць хутчэй вырваць сэрца, лепш загіне смерцю адважных, чым здасца ў палон і здрадзіць гэтым сваёй Радзіме.

Наш закон  самы справядлівы ў свеце. Ён не ведае літасці да здраднікаў. Прыняты 8 чэрвеня 1934 года і дапоўнены 2 кастрычніка 1937 года, закон Савецкай дзяржавы прадугледжвае ў якасці кары за здраду Радзіме, г. зн. дзеянні, учыненыя грамадзянамі СССР на шкоду ваеннай моцы Савецкага Саюза, яго дзяржаўнай незалежнасці або недатыкальнасці яго тэрыторыі, вышэйшую меру крымінальнага пакарання  расстрэл з канфіскацыяй усёй маёмасці, а пры змякчальных абставінах  пазбаўленне волі на тэрмін ад 10 да 25 гадоў з канфіскацыяй усёй маёмасці. Ваеннаслужачыя, якія ўчынілі здраду, караюцца толькі расстрэлам».

Колькасць савецкіх ваеннапалонных дасягала, па розных даных, ад 4 мільёнаў 599 тысяч да 5 мільёнаў 900 тысяч чалавек

Пры гэтым больш за палову чырвонаармейцаў трапілі ў палон у 1941 годзе. Многія даследчыкі тлумачаць вялізную колькасць палонных «бяздарнасцю вядзення вайны, жорсткасцю і тупасцю забароны адступаць».

Загад №270 параўнаў палонных са «злоснымі дэзерцірамі». Яны маглі быць расстраляны на месцы, а іх сем’і падлягалі арышту

Загад «Аб адказнасці вайскоўцаў за здачу ў палон і пакіданне ворагу зброі» быў выдадзены 16 жніўня 1941 года. Пад ім падпісаліся Сталін, Молатаў, Будзёны, Варашылаў, Цімашэнка, Шапашнікаў, Жукаў. Вось тэкст загада:

«Загадваю:

1. Камандзіраў і палітработнікаў, якія падчас бою зрываюць з сябе знакі адрознення і дэзерціруюць у тыл або здаюцца ў палон ворагу, лічыць злоснымі дэзерцірамі, сем'і якіх падлягаюць арышту як сем'і дэзерціраў, якія парушылі прысягу і аддалі сваю Радзіму.

Абавязаць усіх вышэйстаячых камандзіраў і камісараў расстрэльваць на месцы падобных дэзерціраў з начсаставу.

2. Часцям і падраздзяленням, якія трапілі ў акружэнне ворага, самааддана змагацца да апошняй магчымасці, берагчы матэрыяльную частку як зрэнку вока, прабівацца да сваіх па тылах варожых войскаў, наносячы паражэнне фашысцкім сабакам.

Абавязаць кожнага вайскоўца, незалежна ад яго службовага становішча, запатрабаваць ад вышэйстаячага начальніка, калі часць яго знаходзіцца ў акружэнні, змагацца да апошняй магчымасці, каб прабіцца да сваіх, і калі такі начальнік або часць чырвонаармейцаў замест арганізацыі адпору ворагу ўпадабаюць здацца ў палон,  знішчаць іх усімі сродкамі, як наземнымі, так і паветранымі, а сем'і чырвонаармейцаў, якія здаліся ў палон, пазбаўляць дзяржаўнай дапамогі.

3. Абавязаць камандзіраў і камісараў дывізій неадкладна здымаць з пастоў камандзіраў батальёнаў і палкоў, якія хаваюцца ў шчылінах падчас бою і баяцца кіраваць ходам бою на полі бітвы, зніжаць іх па пасадзе як самазванцаў, пераводзіць у радавыя, а пры неабходнасці расстрэльваць іх на месцы, вылучаючы на іх месца смелых і мужных людзей з малодшага начсаставу або з шэрагаў чырвонаармейцаў, якія праславіліся.

Загад прачытаць ва ўсіх ротах, эскадронах, батарэях, эскадрыллях, камандах і штабах».

Сталіна маглі арыштаваць як чальца сям’і здрадніка радзімы, паводле яго ж загада

Якаў Джугашвілі — старэйшы сын Сталіна, старшы лейтэнант РСЧА — трапіў у нямецкі палон і  загінуў у канцлагеры.

Пашпарт Якава Джугашвілі

Пашпарт Якава Джугашвілі

Пра тое, што сын Сталіна трапіў у палон, берлінскае радыё паведаміла 19 ліпеня 1941 года. У далейшым гітлераўцы распаўсюджвалі над пазіцыямі савецкіх войскаў улёткі з выявай Якава Джугашвілі і заклікамі здавацца.

Улётка гітлераўцаў

Улётка гітлераўцаў

Родным жа іншых палонных пашчасціла менш, чым Сталіну. Камандуючаму 28-й арміяй генерал-лейтэнанту Уладзіміру Качалаву паставілі ў віну тое, што ён, «знаходзячыся разам са штабам групы войскаў у акружэнні, выявіў баязлівасць і здаўся ў палон нямецкім фашыстам… палічыў за лепшае дэзерціраваць да ворага».

Як адзначае расійскі гісторык Барыс Сакалоў, Качалаў у палон не трапляў, хаця 29 верасня 1941 года быў завочна прысуджаны да расстрэлу за здраду Радзіме. Ён яшчэ 4 жніўня загінуў у падпаленым танку ля вёскі Старынка Смаленскай вобласці.

Тым не менш жонка і цешча Качалава былі асуджаны да 8 гадоў пазбаўлення волі. Яго цешча, Алена Іванаўна Ханчын, у 1944 годзе памерла ў лагеры. Жонка генерала, Алена Мікалаеўна Ханчын-Качалава, адбыла тэрмін поўнасцю.

Па яе хадайніцтве была ўзбуджана праверка абставін смерці мужа, і ў 1951 годзе МДБ даклала ў ЦК ВКП(б), што «матэрыялаў, якія пацвярджалі б, што Качалаў здзейсніў здраду Радзіме, у МДБ СССР няма».

23 снежня 1953 года Ваенная калегія Вярхоўнага Суда СССР рэабілітавала Качалава, а праз 6 дзён ён быў адноўлены ў партыі. У 1965 годзе Качалаву пасмяротна далі ордэн Айчыннай вайны 1-й ступені.

Савецкі Саюз не далучыўся да Жэнеўскай канвенцыі аб ваеннапалонных

Гітлер лічыў, што гэта дазваляе яму не рэгламентаваць умовы ўтрымання савецкіх ваеннапалонных у адпаведнасці з Гаагскай і Жэнеўскай канвенцыямі, што яшчэ больш узмацніла жорсткасць абыходжання з імі.

Але ў 82-м артыкуле Канвенцыі адзначаецца: «Калі на выпадак вайны адзін з ваюючых бакоў не акажацца ўдзельнікам канвенцыі, палажэнні яе тым не менш застаюцца абавязковымі для ўсіх ваюючых, якія канвенцыю падпісалі». На што Гітлер, у сваю чаргу, адказваў:

«Бальшавізм — смяротны вораг нацыянал-сацыялістычнай Германіі. Упершыню перад нямецкім салдатам стаіць супернік, навучаны не толькі ў вайсковым, але і палітычным сэнсе ў духу бальшавізму. Барацьба супраць нацыянал-сацыялізму ўвайшла яму ў плоць і кроў. Ён вядзе яе, выкарыстоўваючы любыя сродкі: сабатаж, падрыўную прапаганду, падпал, забойства. Таму бальшавіцкі салдат страціў права на абыходжанне з ім, як з сапраўдным салдатам па Жэнеўскай дамове».

З нямецкага палону на радзіму вярнуліся толькі 1 836 562 чалавекі. У лагеры НКУС з іх трапіў амаль кожны пяты

З 1 836 562 чалавек, якія здолелі выжыць у палоне, каля 1 млн чалавек былі скіраваны для далейшага праходжання ваеннай службы; 600 тысяч чалавек для працы ў прамысловасці ў складзе працоўных батальёнаў, 339 тысяч чалавек (у тым ліку 233,4 тыс. былых вайскоўцаў) — у лагеры НКУС як тыя, хто скампраметаваў сябе ў палоне.

Тых, хто вяртаўся з палону, на радзіме чакала фільтрацыя

Для праверкі былых вайскоўцаў Чырвонай Арміі, якія знаходзіліся ў палоне або асяроддзі суперніка, былі створаны спецлагеры НКУС.

Палонныя павінны былі даказаць, што яны не супрацоўнічалі з гітлераўцамі, і растлумачыць, якім чынам засталіся жывыя. Практычна гэтыя спецлагеры ўяўлялі сабой ваенныя турмы строгага рэжыму, прычым для зняволеных, якія ў пераважнай большасці не здзяйснялі якіх-небудзь злачынстваў.

Рэпрэсавалі толькі за падазрэнне ў «здрадзе Радзіме»

Былы камандуючы 12-й арміі генерал-маёр Павел Панядзелін і камандзір 13-га стралковага корпуса гэтага войска генерал-маёр Мікалай Кірылаў паводле загада №270 былі названы баязліўцамі, дэзерцірамі і здраднікамі. Пасля вяртання з палону 25 жніўня 1950 года Панядзелін і Кірылаў былі расстраляны па абвінавачанні ў здрадзе Радзіме, хаця абодва адмовіліся ўступаць у войска Уласава.

Рэабілітавалі расстраляных генералаў у 1956-м.