Хронікі рэпрэсій за 16 жніўня: Арышты ў Нацыянальным гістарычным архіве і 12 новых палітвязняў
У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. НЧ сабрала факты палітычнага пераследу беларусаў за 16 жніўня.
У Беларусі праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 12 чалавек
Гэта Дзмітрый Празецкі, Таццяна Бізюк, Вадзім Храсько, Анастасія Пакаташкіна, Наталля Жлоба, Ірына Скроб, Уладзімір Якімец, Аляксандр Ігнацюк, Алег Дабрыднеў, Кірыл Балахонаў, Аляксандр Рукойць, Уладзіслаў Ефімовіч.
У лесе пад Наваградкам сілавікі разагналі каталіцкі скаўцкі летнік
Як піша «Хрысціянская візія», у мясцовым прапагандысцкім тэлеграм-канале выклікалі пытанні шэўроны ўдзельнікаў летніка. Пасля скаргі прапагандыстаў, улады правялі са скаўтамі «прафілактычную гутарку» і тыя вымушаныя былі пакінуць месца правядзення летніка.
Міністэрства юстыцыі пазбавіла ліцэнзіі яшчэ дзвюх адвакатак
Кваліфікацыйная камісія Мінюста пазбавіла ліцэнзіі адвакатак Марыну Вараб’ёву і Святлану Пятроўскую — яны не прайшла атэстацыю 14 ліпеня.
Па выніках Кваліфікацыйнай камісіі 10 жніўня адвакатаў Сяргея Мядзведзева, Ларысу Суслікаву і Міхаіла Тарасюка прызналі «недастаткова кваліфікаванымі» — ім нельга выконваць прафесійныя абавязкі.
Затрыманні з Жлобіне
Учора ў Жлобіне затрымалі прынамсі некалькі чалавек, пра гэта стала вядома праваабаронцам
Сярод затрыманых — завадчанін БМЗ Аляксей Аўдзееў і яго дзяўчына. Яны жывуць у вёсцы Пірэвічы. Дома ў пары, а таксама ў іх бацькоў, адбыліся вобшукі.
На дзяўчыну склалі пратакол паводле адміністрацыйнага артыкулу. Падрабязнасці затрымання Аляксея пакуль невядомыя.
Масавыя затрыманні ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі
Супрацоўнікі КДБ затрымалі ў НГАБ сама меней 7 чалавек, сярод якіх намеснік дырэктара па навуцы і загадчыкі аддзелаў, паведамляе «Радыё Свабода».
Пазаўчора, 14 жніўня, на пасаду дырэктара Нацыянальнага гістарычнага архіва быў прызначаны Міхаіл Глушакоў, які працаваў да гэтага кансультантам аднаго з дэпартамэнтаў Міністэрства юстыцыі, а да таго працяглы час служыў у КДБ. Да таго ж у мінулым годзе з палітычных матываў з НГАБ звольнілі звыш 15 чалавек.
У Полацку будуць судзіць па рэдкім артыкуле Мікалая Машарскага
Мужчыну абвінавачваюць у абразе Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК) і неаднаразовым парушэнні парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў (арт. 342-2 КК). Варта адзначыць, што па апошнім артыкуле судзілі толькі трох чалавек.
Артыкул 342-2 Крымінальнага кодэкса — адносна новы, ён дзейнічае з 18 чэрвеня 2021 года. Аляксандр Кутас, бяздомны і былы палітзняволены — першы асуджаны па ім. Таксама па ім судзілі палітзняволенага культурнага менеджара Уладзіміра Булаўскага і Андрэя Кунцэвіча.
Мікалай Машарскі родам з Расонаў. Яго неаднаразова судзілі за “несанкцыянаваны пікет», а ў сакавіку 2022 года мужчыну арыштавалі на 20 сутак за заклікі да ўдзелу ў акцыі пратэсту 27 лютага. Яго затрымлівалі дома пяцёра сілавікоў у бронікамізэльках.
У Гомелі пачаўся суд аб наёмніцтве, фінансаванні і садзейнічанні «экстрэмісцкай» дзейнасці
Сёння ў Гомельскім абласным судзе пачаўся разгляд крымінальнай справы аб наёмніцтве, фінансаванні і садзейнічанні «экстрэмісцкай» дзейнасці. Судзяць мясцовага прадпрымальніка Дзмітрыя Макеева, які апошнія гады працаваў таксістам.
Судовы працэс вядзе суддзя Яўген Шаршнёў.
Дзмітрыя Макеева абвінавачваюць па шасці частках артыкула 361 Крымінальнага кодэкса: удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні або ўзброеным канфлікце, альбо падрыхтоўка асоб да такога ўдзелу, фінансаванне і садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці.
68-гадовую палітзняволеную асудзілі да шасці гадоў калоніі за каментары
11 жніўня 2023 году да шасці гадоў калоніі агульнага рэжыму асудзілі палітзняволеную 68-гадовую пенсіянерку Наталлю Пятровіч. Яна была затрыманая 19 снежня 2022 году ў сваёй кватэры за каментары.
Бацьку траіх непаўнагадовых дзяцей з Брэста асудзілі за абразы Лукашэнкі і чыноўнікаў
У судзе Маскоўскага раёна Брэста 22 чэрвеня вынеслі прысуд бацьку траіх непаўнагадовых дзяцей Алегу Пракапчуку, якога абвінавацілі ў абразе Аляксандра Лукашэнкі (ч. 1 арт 368 КК) і прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК). Судовы працэс вёў суддзя Яўген Брэган.
Па двух артыкулах Пракапчуку прысудзілі адзін год пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, а таксама штраф у памеры 100 базавых велічынь (3700 рублёў).