ЕС аддасць Украіне і Малдове грошы, што прызначаліся Беларусі і Расіі аж да 2027 года!

Мільёны еўра, што першапачаткова былі прызначаныя на будучыя сумесныя праграмы Еўрасаюза з Расіяй і Беларуссю, перанакіруюць на ўмацаванне супрацоўніцтва з Украінай і Малдовай. Так вырашылі ў Еўракамісіі. А гэта было доўгатэрміновае фінансаванне праграм да 2027 года.

_hroszy___valjuta__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__5__logo.jpg


Еўрапейская камісія прыняла рашэнне перавесці 135 мільёнаў еўра з фонду суседства, развіцця і міжнароднага супрацоўніцтва, якія былі першапачаткова прызначаныя для сумесных праграм з Расіяй і  Беларуссю, на праграмы супрацоўніцтва з Украінай і Малдовай. Пра гэта прэс-служба Еўракамісіі паведаміла ў сераду, 16 жніўня, паведамляе «Нямецкая хваля».

Гэта рашэнне — "вынік жорсткай вайны Расіі супраць Украіны", патлумачыла еўракамісар у пытаннях узгодненасці і рэформаў Эліза Ферэйра

"Я рада, што сродкі, якія мы першапачаткова планавалі накіраваць на гэтае супрацоўніцтва, цяпер пойдуць на карысць праграмам ЕС з Украінай і Малдовай. Гэта дапаможа ўмацаваць супрацоўніцтва рэгіёнаў Еўрасаюза і зацікаўленых бакоў з украінскімі і малдаўскімі партнёрамі", — заявіла яна.

Канкрэтна гаворка ідзе пра сродкі, першапачаткова закладзеныя ў бюджэт праграм Interreg NEXT з Расіяй і Беларуссю на 2021–2027 гады. Цяпер яны будуць накіраваныя на праграмы Interreg з Украінай і Малдовай, напрыклад, на развіццё "ліній салідарнасці" і трансгранічных транспартных сувязяў, прадастаўленне медыцынскіх паслуг, адукацыйныя і даследчыя праекты, схемы сацыяльнай інтэграцыі, а таксама ўмацаванне патэнцыялу ўкраінскіх і малдаўскіх органаў дзяржаўнай улады. 

Глядзіце таксама

Удзел у праграмах Interreg таксама дае Украіне і Малдове перавагі ў плане адміністрацыйнага патэнцыялу і вопыту асваення сродкаў ЕС і кіравання імі, адзначаюць у Еўракамісіі.

Пасля пачатку поўнамаштабнай расійскай агрэсіі супраць Украіны Еўракамісія прыпыніла супрацоўніцтва з РФ і Беларуссю ў рамках праграм Interreg. У выніку 26 мільёнаў еўра былі пераразмеркаваны на падтрымку праграм супрацоўніцтва з Украінай і Малдовай. Цяперашняе рашэнне аналагічным чынам пераразмяркоўвае фінансаванне, якое было прызначанае на перыяд да 2027 года.

Еўракамісія таксама вырашыла, што рэгіёны Фінляндыі, Эстоніі, Латвіі і Польшчы, якія павінны былі ўдзельнічаць у праграмах супрацоўніцтва з Расіяй і Беларуссю, могуць удзельнічаць у іншых існуючых праграмах міжрэгіянальнага супрацоўніцтва Interreg.

Глядзіце таксама